• Газеты, часопісы і г.д.
  • Шоўк  Мікола Адам

    Шоўк

    Мікола Адам

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 366с.
    Мінск 2013
    71.45 МБ
    Брылёў кіўнуў, перахапіўшы цыгарэту другой рукой, што была бліжэй да медзведзяватага Віктара Жыбуля, у бейсболцы, з чыста паголеным тварам. Ен хістаў галавой, згаджаючыся з Брылёвым, і раз-пораз усміхаўся, калі ўсміхаўся і Брылёў.
    Калі маладыя літаратары пабачылі Корбута, які набліжаўся да іх разам з Сашай, адразу ж забыліся на свае справы, спяшаючыся павітацца з ім. Некаторыя памяталі, як разам пілі «чарнільца» ў парку Горкага. Міласлаўскі быў знаёмы з Корбутам асабіста: яны ў адзін дзень заносілі свае творы ў выдавецтва, сутыкнуліся разгаварыліся і пазнаёміліся. Увогуле, менавіта Міласлаўскага можна было лічыць ужо склаўшымся творцам. Ён не толькі выдаў некалькі зборнікаў сваіх вершаў, а зняў дзве дакументальныя стужкі і працаваў над спектаклем у аматарскім тэатры на філфаку БДУ.
    — Як маецеся, спадар Корбут? — запытаў ён з ходу.
    — Ды паціху,— адказаў той, шукаючы вачыма Тараса Кутняка, але той ужо недзе знік. Карцела спытацца і пра Тараса, ды нешта стрымлівала. На шча-
    сце, яго апярэдзіла Саша. Яна пабыла ўжо ў пакойчыку Кастуся Цімашэнкі, які сядзеў за нязменным сталом, як цар, а вакол, нібы пчолы, круціліся маладыя дзяўчаты.
    Саша падышла да Брылёва, папытала пра Кутняка, бо Сяргей лічыўся сябрам Тараса і іх часта бачылі ўдваіх. Але Брылёў паціснуў плячыма, сказаў, што яшчэ не бачыў яго.
    — Што ты мне маніш? — абурылася дзяўчына,— я ж цудоўна бачыла, як ён сядзеў на падваконні, а на вешалцы вісіць яго куртка!
    — He хвалюйся, Саша,— крануўся яе пляча Міласлаўскі.— Кутняк пабег за гарэлкай...
    — Без курткі?
    — А што тут бегчы? — здзівіўся Міласлаўскі.— Тым больш праз другі ўваход, дзе злева, пад бокам, крама? He хвалюйся, не прастудзіцца. Ты ж ведаеш, што на швэдар з горлам Кутняк заўсёды апранае пінжак...
    Здавалася, што Саша паверыла і на некаторы час за яе можна было не перажываць, але Корбут не сумняваўся, што хлопцы схлусілі дзяўчыне, бо прыкмеціў ледзь заўважныя позіркі, скіраваныя ў бок цёмнага калідора. Вядома, варыянт, прыдуманы хлопцамі, пра гарэлку,— верагодны, бо Саша ведала схільнасць Тараса да алкаголя, аднак, ці надоўга хопіць гэтай верагоднасці Сашы, якая бачыла Кутнякову куртку, а час ідзе, ды Тараса няма.
    Зрэшты, не яго гэта справа. I хоць цягнула Корбута да моладзі, ён не адчуваў сябе сваім сярод іх, настолькі яны розніліся. Толькі з Тарасам Кутняком Корбут адчуваў сябе больш-менш вольна, але куды той падзеўся — невядома, і калі аб’явіцца — таксама. Адчуваючы сябе лішнім, Корбут прайшоў да Цімашэнкі ў кабінет.
    Кастусь распавядаў чарговую байку з жыцця знакамітых пісьменнікаў, калі Корбут зайшоў. Дзяўчаты, якія слухалі балабольства Цімашэнкі, быццам лекцыю, і што-нішто занатоўвалі для будучых мемуараў, усе, як адна, павярнулі галовы паглядзець на новага наведвальніка. Задаволіўшы цікаўнасць, зноў павярнулі свае разумныя галоўкі да Цімашэнкі, які падняўся з крэсла і працягваў Корбуту руку.
    — Ведаеце гэтага пісьменніка? — хітра падміргнуў дзяўчатам, усаджваючы Корбута побач з сабой, але так, каб усе дзяўчаты бачылі рэдкага госця.
    На запыт Цімашэнкі дзяўчаты адказвалі няўпэўненымі поціскамі плячэй і як бы вінавата апускалі вочы, калі Цімашэнка глядзеў у іх, але вельмі хацелі ўведаць, што за пісьменнік — Корбут, калі так проста вітаецца з Кастусём Герасімавічам. Ім можна было дараваць няведанне, бо тут яны былі ўпершыню. Іх прывёў выкладчык курса Міхась Кенька пазнаёміцца, так мовіць, з сапраўднай творчай атмасферай, а самі яны былі першакурсніцамі з філфака, як растлумачыў Корбуту Кастусь.
    Ды яго мала закранала мілая недасведчанасць гэтых дзяцей, якія замілавана кідалі на яго цікаўныя позіркі. Няшмат, нават з самых патрабавальных чытачоў, не тое, што чытачоў, нават пісьменнікаў, ведалі яго ў твар. Раней такое інкогніта імпанавала Корбуту і дапамагала ў распаўсюджванні ўласных раманаў. Але час ішоў, інкогніта пачало раздражняць не толькі чытачоў, а і самога аўтара, у выніку чаго адбылося сенсацыйнае інтэрв’ю па тэлебачанні, а пасля разышлося і ў CM1.
    Цімашэнка назваў колькі раманаў Корбута, пытаючы ў дзяўчат, ці чыталі яны хоць адзін з узгаданых ім. Аказалася, дзяўчаты, хоць і не ўсе, але мелі ўяўленне пра творчасць Корбута і вельмі ўзрадаваліся знаёмству з цікавым пісьменнікам.
    — Шкада, што вас не было ў мінулы панядзелак,— сказаў Цімашэнка дзяўчатам, якія ўжо прыгатаваліся ўзяць у Корбута аўтограф.— Мікіта Міхайлавіч цэлыя тры гадзіны спілкаваўся з вашымі аднагодкамі і каляжанамі.
    — А пра асабістае жыццё спадар Корбут распавядаў? — страляючы маленькімі гарэзлівымі вочкамі, пацікавілася бялявая дзяўчына з выступаючым уперад падбароддзем і шырокімі скуламі, што сядзела прама насупраць яго і вярцела ў руках з на дзіва маленькімі пальчыкамі асадку.
    Корбут жартоўна адказаў:
    — Калі вас вельмі цікавіць маё асабістае жыццё, прыязджайце да мяне дахаты, і я вам падрабязна ўсё раскажу, нават у малюнках.
    — Вы так высока сябе ставіце? — дзяўчына, відаць, не падтрымала яго гульні, застаючыся сур’ёзнай, альбо прытваралася сур’ёзнай.
    — Што вы маеце на ўвазе? — Корбут усміхаўся. Яго забаўляла гэтая дзяўчына.
    — Я маю на ўвазе вашы інтымныя прыхільнасці,— прамовіла дзяўчына.
    — Ведаеце,— тут Корбут вырашыў падыграць ёй,— адзін добрьі чалавек некалі сказаў, што, калі засаромеешся таго, што любіш — заб’еш самога сябе. Але мне цікава сама цікаўнасць ваша менавіта да гэтай тэмы. Працягнем?..
    Прысутныя на чале з Цімашэнкам не ўмешваліся ў слоўную дуэль апанентаў, але з заміраннем сэрца сачылі за ёй, баючыся нешта прапусціць. Зрэшты, Корбуту і самому не хацелася, каб нехта зараз уклініўся ў гаворку, нават Кастусь.
    — Вы ведаеце Тараса Кутняка? — раптам спыталася дзяўчына.
    — Няўжо ён і вас паспеў нечым пакрыўдзіць? — усміхнуўся Корбут. Тарас падабаўся яму з кожным днём.
    — Дзякуй богу, не,— тэатральна ўзняла дзяўчына вочы ўтару,— ён не ў маім гусце. (Дружны смех.) Але ён паводзіць сябе, як вы ў сваёй маладосці, беручы вас за прыклад. Аднак, наколькі мне вядома, вы пасля закахаліся няўдала ў адну асобу і зацыкліліся на ёй. Цыкл гэты працягваецца і па сённяшні час. Я нават магу сказаць, колькі гадоў...
    Корбут моцна рассмяяўся. He ўтрымаўся і Цімашэнка. Абодва чакалі нейкага скандальнага выбуху...
    — Я-та ўжо падумаў,— яшчэ праз смех вымавіў Корбут,— што вы будзеце абвінавачваць мяне ў гомасексуалізме ці садамаза... Але не трэба называць лічбу,— прамовіў ён ужо сур’ёзна,— паколькі я ведаю яе цудоўна і без вашых падлікаў. А наконт Тараса Кутняка... вы шмат згубілі, калі ён не ў вашым гусце,— дадаў адразу ж і, не даючы часу дзяўчыне апамятацца, пацікавіўся, адкуль у яе такія звесткі аб ім.
    — Святлана Міхайлаўна Кірык — наш куратар,— загадкава прамовіла дзяўчына.— I яна часта распавядае на сваіх лекцыях пра вас, пра яе сяброўку Вераніку Берднік і пра вашага сябра Віконта...
    Цімашэнка чакаў Корбутавага выбуху. Але Корбут утрымаўся. Звычайна пры ўпаміне пра Віконта ён шалеў і скакаў ледзь не да столі. Відаць, тут пасаромеўся, толькі збляднеў і сціснуў вусны ды прымружыў вочы, як ад болю. Вось прыціснула дык прыціснула дзяўчына.
    — Што яшчэ яна распавядала пра мяне? — даволі спакойна папытаў Корбут.
    — Шмат чаго,— адказала дзяўчына.— Усяго не прыпомніш. Але хутка з друку выйдуць яе мемуары, у якіх аўтарка падрабязна распавядае пра інтымныя
    адносіны сяброўкі з палюбоўнікамі. Думаю, кнігу хутка раскупяць. Усё-ткі галоўная гераіня — Вераніка Берднік. Дый ваша імя ўпамінаецца вельмі часта...
    — Скажыце, вам падабаюцца фільмы з удзелам Веранікі Берднік? — супыніў яе Корбут.
    — He ўсе,— адказала тая,— але так. У яе ёсць талент, які вельмі яскрава праяўляецца, калі актрыса выконвае ролі разбэшчаных жанчын. Асабліва ж мне спадабалася стужка пра Жорж Санд, тыя сцэны, у якіх вялікая пісьменніца займаецца любоўю з жанчынамі.
    — У вас вельмі небяспечны густ,— заўважыў Корбут.— Гэта самыя танныя сцэны фільма, для якіх не патрэбен вялікі талент. Аднак, як бы там не было,— закругляўся Корбут,— я ўдзячны вам за так званы дыспут, вы абудзілі даўно забытыя ўспаміны ўва мне. Цяпер жа я прабачаюся, трэба пакурыць...
    — Вы шмат курыце,— адзначыла дзяўчына.
    — Шмат,— пагадзіўся Корбут.
    Ён выйшаў за дзверы.
    Сашу Корбут пабачыў у кампаніі Брылёва і Жыбуля, да якіх памкнуўся было, але заўважыў выходзячага з цёмнага калідора Тараса Кутняка, паперадзе якога хутка перабірала ножкамі знаёмая яму Оля. Корбут адразу здагадаўся, адкуль яны ідуць і чым займаліся.
    Саша пазірала на Олю, пакуль тая не знікла за дзвярыма кабінета, дзе праходзіла літаб’яднанне. Тарас, мажліва, таксама схаваўся б за плячыма Кастуся Цімашэнкі, але пабачыў Корбута і забыўся на ўсё, узрадаваны нечаканай сустрэчы. Яны паціснулі адзін аднаму рукі. Корбут сказаў некалькі слоў пра яго паэму, пахваліў, але дзе-нідзе папакідаў заўвагі. Тарас цярпліва выслухаў старэйшага калегу па цэху і прапанаваў пайсці куды-небудзь падалей адсюль.
    Але Саша не дазволіла так проста Кутняку сысці. Яна яшчэ толькі падазравала, не жадаючы верыць
    пабачанаму. Ці мала што магло звязваць Тараса з Оляй? Можа, яны аб нечым спрачаліся ці дамаўляліся, але тут жа супярэчыла сабе, разумеючы адваротнае.
    — Ты ўжо не заўважаеш мяне? — затрымала дзяўчына таго за плячо.
    — О, Саша! — нібыта ўзрадаваўся Тарас, павярнуўшыся да яе.— Здароў, дзе прападала?
    — Гэта ты дзе прапаў?! — рэзка заўважыла дзяўчына.— Я цябе чакаю ўжо больш за гадзіну!
    — Разумееш,— паціскваў плячыма Тарас, вымушана ўсміхаючыся і ў думках пасылаючы куды падалей і Сашу і Олю.— Тут... такое адбылося...
    — Я бачу, што адбылося! — зняла некалькі закручаных валаскоў з плячэй яго пінжака Саша і вельмі смачна, з размаху, заляпіла яму аплявуху па абедзвюх шчаках. Заплакала, схаваўшы вочы ў кулачкі, адпіхнула ўсіх, хто перапыняў, кінулася ўніз па лесвіцы з гэтага дома.
    Рука ў яе аказалася цяжкая. Шчокі Тараса Кутняка смылелі, але ён стаяў, як слуп, не разумеючы, што адбылося, і абціраў іх рукамі.
    — Бяжы за ёй, Кутняк! — параіў яму Міласлаўскі.— Чаго стаіш? Ці я за ёй пабягу?..
    Тарас кінуўся наўздагон за Сашай. На вуліцы азірнуўся вакол, але Сашы нідзе паблізу не ўбачыў, прабег да «Жако», вярнуўся, яшчэ раз агледзеўся. Няма. Але не магла ж яна знікнуць, растаць, як Снягурка! Тым больш такім марозам. Прыгадаўшы пра мароз, Тараса перасмыкнула. Курткі на ім не было, а швэдар, хоць і цёплы, ды мог і не засцерагчы ад ангіны.