Шоўк
Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
аднаго? На сцэне таксама стаяў такі дым, што музыкам, абкураным і п’янаватым ад некалькіх сотняў грамаў для смеласці, здавалася, быццам яны ў тумане, як той айсберг з песні.
Раптам усё сціхла.
Але глядацкая зала зноў зараўла, патрабуючы музыкі.
На сцэну выйшла маладая прыгожая дзяўчына ў джынсах і ў топ-майцы з электрагітарай цераз плячо. Следам за ёй паявіўся нейкі прышчавы юнак, які заняў месца за сінтэзатарам.
Дзяўчына падышла да мікрафона, прыладзіла яго як зручней для сябе. Зала сціхла.
Дзяўчына кранула струны і пераборам зайграла нейкую павольную мелодыю, заспявала прыемным голасам.
Разбіўшыся па парах, моладзь затапталася на месцы, цалуючыся і абдымаючыся.
Раптам пасля першага куплета ўступіў сінтэзатар, а за ім — невядома адкуль на сцэну скочылі бас-гітарыст і рытм-гітарыст разам з барабаншчыкам.
Моладзь зноў заскакала, зараўла, падкідваючы рукі ўгару з выцягнутымі двума пальцамі.
Дзяўчына з гітарай насілася па сцэне, але голас яе ніколькі не змяняўся і не псаваўся, што яшчэ больш надавала кампазіцыі моцы.
Калі прагучалі апошнія акорды, дзяўчына падзякавала за такі добры прыём яе новай песні.
Зала заўлюлюкала, зараўла: «Яшчэ давай!» Ды спявачка адмовілася, па крайняй меры, на першыя паўгадзіны.
Вадзім пазнаваў і не пазнаваў яе. Міргаў вачыма, каб упэўніцца, што не спіць.
Калі дзяўчына проста загаварыла, ён ужо не сумняваўся, што спявала Леся, тая самая Леся, якая
аднойчы начавала ў Корбутаў і якую ён так шукаў, a знайшоў Ілгу.
Зараз жа захацелася паразмаўляць з ёю. Для гэтага трэба было вырвацца ў калідор. Чамусьці Вадзім думаў, што Лесю ён знойдзе толькі там.
Ілга ведала ці здагадвалася пра Вадзімавы думкі, пільна цікуючы за яго вачыма, і злёгку была падрыхтавана да яго просьбы.
— Мне трэба пайсці пакурыць,— прамовіў ён.
— Куры тут,— адказала дзяўчына.
— He. Тут і так няма чым дыхаць,— адмовіўся Вадзім.— Мне на свежае паветра трэба. Нешта блага...
Ілга не ўтрымлівала яго. Хай ідзе. Менавіта Леся, а ў тым, што ён пайшоў шукаць Лесю, можна было не сумнявацца, пасадзейнічала, няхай і ўскосна, знаёмству Ілгі з Вадзімам. Ілга толькі апасалася, каб Вадзім зноў не пераключыўся на Лесю. Яна ніколькі не раўнавала яго да Лесі ці да каго-небудзь яшчэ, ведала, што ў любым выпадку ён вернецца, нягледзячы на яе калецтва. Непакоілі дзяўчыну толькі словы Вадзіма, вымаўленыя дома, якія вельмі пакрыўдзілі яе, ды тыя хвіліны ўласнай безабароннасці перад ім. Ілга вырашыла адпомсціць, хоць і ведала, што яе помста ні да якіх вынікаў не прывядзе. Так, хіба для понту, як казаў Вадзім.
Яна паклікала аднаго з купы нагала паголеных, з фігурай культурыста, з фашыстоўскай свастыкай на шыі і надпісам на ёй «Грэшнік», запытала:
— Бачыў таго бландзіна, які прыйшоў са мной?
— Ну,— жуючы жуйку, кіўнуў той.
— Здолееш яго напалохаць?
— Няма праблем.
— Толькі зрабі гэта прафесійна,— папрасіла Ілга,— пад выглядам нібыта таго, што ён чапляўся да Лесі.
Грэшнік згодна кіўнуў яшчэ раз і ўжо праз колькі секунд зашаптаўся з сябрукамі.
...Леся сапраўды курыла на калідоры, затусаваўшыся ў кампанію да Блюмы, калі яе адшукаў Вадзім.
— Вось дзе мы зноў сустрэліся! — прамовіў ён, паглядаючы на дзяўчыну.
— Вадзім?! — відавочна, Леся здзівілася, пабачыўшы хлопца тут, але ненадоўга. Яна зрабіла нейкі знак, каб Блюма з каляжанкамі «здратавалі» куды-небудзь, пасля спыталася: — Як жывеш?
— Нармальна. Але што я? — усміхнуўся ён.— Каго-каго, а цябе я не чакаў убачыць на сцэне, ды яшчэ рокершай!..
— Ці тое яшчэ бывае,— адзначыла Леся.— А ты з кім тут, з Русланам? — папытала.
— Ды не, з Ілгай,— не задумваючыся, адказаў хлопец.
— Угу,— зразумела хітнула галавой дзяўчына.— Дарэчы, я ўсё хацела спытаць, ды неяк не атрымлівалася,— вымавіла яна,— ці не ведаеш ты, якім чынам сышліся твой брат з Веранікай Берднік?
— А навошта гэта табе?
— Проста. Цікава. Ці, можа, гэта сямейная тайна? — нацягнута засмяялася.
— Ніякай тайны няма. Канчаткова ўсё высветлілася на бале-маскарадзе,— адказаў Вадзім.— Вераніка была ў касцюме пірата і літаральна вісела на Мікітавай шыі.
— Адкуль ты ведаеш, што яна вісела?
— Першы яго раман падрабязна распавядае ў адным з эпізодаў.
— Дзякуй,— усміхнулася Леся.— Буду ведаць,— загадкава падміргнула, выбачылася і зноў, відаць, пабегла на сцэну ці за кулісы рыхтавацца да выхаду на сцэну.
Вядома, Вадзім нічога не паспеў сказаць з таго, што хацеў, дый дзяўчыне, бясспрэчна, было не да яго: такая напружанасць адчувалася ў размове... Нічога, ён дачакаецца заканчэння канцэрта і тады пагаворыць з ёю.
Вадзім зайшоў у прыбіральню, вельмі чыстае і светлае памяшканне з вялікім люстэркам і плітачнымі падлогай і сценкай.
Спаласкваючы рукі, у люстэрка пабачыў, што ззаду яго пасталі, нібы ў кола, шасцёра паголеных нагала, на першы погляд, неслабых хлапцоў, хаваючы рукі ў кішэнях.
— Нешта здарылася, хлопцы? — усё яшчэ спінай да іх запытаў ён, правёў мокрай рукой па шчацэ, па шыі. Зразумеў, што гэтыя паголеныя прыйшлі па яго душу, бо нікога болып у прыбіральні не было, а калі і былі, то паспяшаліся выслізнуць.
— Ён яшчэ пытаецца? — вымавіў адзін, самы высокі з іх, з «Грэшнікам» на шыі.— Навошта да Лесі чапляўся?
«Ах, вось яно што,— здагадаўся Вадзім,— ахова Лесіна, значыцца».
— Вы, мабыць, не так зразумелі,— паспрабаваў вырашыць непаразуменне словамі, але хлопцы трапіліся гарачыя. Ім аж не цярпелася заехаць пару разоў па Вадзімавай фізіі.— Значыць, мірам не разыдземся,— хутчэй, самому сабе, чым ім, сказаў Вадзім. У той жа момант, учапіўшыся аберуч за ракавіну, нагамі ён адштурхнуў да адной з кабінак Грэшніка, які выцягся спінай і галавой аб драўляныя дзверы, аднак не ўпаў. Два ўдары нагамі астатніх па нырках вымусілі Вадзіма адарвацца ад ракавіны, прапусціць яшчэ адзін удар па вуху і адляцець да сцяны. Гэта яму і было патрэбна. Цяпер ніхто з тылу да яго не мог зайсці.
Адным моцным ударам у нос аднаму з скіноў Вадзім паваліў адразу трох: двое стаялі за першым. Бакавым ударам нагі прыпячатаў Грэшніка да сценкі, «вяртушкай» у паветры скрывіў аднаму сківіцу, яшчэ аднаго выгнаў за дзверы прыбіральні, апошняга з такой сілай штурхануў на кабінку, што дзверы кабінкі разляцеліся, а сам пацярпелы задам плюхнуўся на «ачко», дзе, нібы для такога выпадку, была прыгатавана некім «міна».
— Адпачні,— абтрос рукі Вадзім, злучыў дзве часткі дзвярэй і паставіў іх да кабінкі.
У гэты ж час Грэшнік, ачомаўшыся, смачна засандаліў Вадзіму ў спіну нагой. Той праз зламаныя дзверы шмякнуўся было на «замініраванага», але моцным ударам у сківіцу быў адкінуты назад. Ад новага ўдару Грэшніка Вадзім ухіліўся, але быў прыціснуты да сцяны пагрозлівым бляскам «фінкі». Гэта ўжо не жартачкі...
У прыбіральню прасунулася нечая «левая» галава, тут жа знікла. На імгненне Вадзіму падалося, што тая галава была Русланава. Меркаваць, меў ён рацыю ці не, не хапала часу.
Нападаўшыя, відаць, забыліся, што Ілга іх нацкавала на Вадзіма толькі настрашыць. Гэта ім не кітайцаў лупіць шоблай.
Грэшнік з нажом у руцэ рабіў пробныя заходы да Вадзіма.
— Што тут адбываецца?! — перасмыкнуў усіх уладарны голас міліцыянта, за якім у прыбіральню праціснуўся Руслан (галава ўсё ж была ягонай), Леся і безліч цікаўных.
— Усё нармальна, начальнік,— па-блазенску ўсміхнуўся Грэшнік. Ад нажа ўжо і ўспаміну не было.— Проста папалохалі «фраера» і ўсё. Бачыш, як ён нас расфарбаваў, не мы яго, улічы...
— Выходзім з памяшкання! — загадаў міліцыянт.— Па адным!
— Падзякуй сваю аднаногую,— працадзіў Грэшнік на развітанне Вадзіму.
Ніхто з міліцыянтам не спрачаўся. Усе выйшлі, і ўсё на тым.
Руслан сказаў Вадзіму, што брат таго Грэшніка — лепшы сябар гэтага міліцыянта. пагэтаму ўсё тым даравалася. Вадзіму было ўсё роўна. Заяву ў ментоўку ён усё адно б не пісаў.
— Куды ты зараз? — спытаўся ў яго Руслан.
— Дамоў,— адказаў Вадзім. Яму расхацелася размаўляць з Лесяй, а Ілгу, увогуле, бачыць. Хаця апошнюю ўсё ж сустрэў. Яна чакала, што ён падыдзе да яе, але Вадзім толькі плюнуў і выйшаў на вуліцу.
XI
...«Мне Віктар ультыматум аб’явіў: альбо ён, альбо мая тэатральная студыя!»
Цэлы дзень не выходзіла гэтая фраза Веранікі Берднік з галавы Корбута. Іншы б на яго месцы скакаў да столі і кумекаў, як бы так павярнуць справу на сваю карысць...
Корбут жа, як усё роўна нейкі недароблены, моцна задумаўся, зацята схаваўшыся ў сябе, нібы нешта ўкраў і прытаіўся, баючыся, што пакражу вось-вось адшукаюць і ўсыплюць яму па першае чысло...
Вядома, навіна ўзрадавала Корбута, як кожнага суперніка, калі той дазнаецца, што апанент павержаны, але і напалохала нечаканай свабодай, перспектывы якой адкрываліся, як казыры ў картах. Корбут не быў гатовы да такой сітуацыі, не паспеў падрыхтавацца. Хаця ў прагнозах Віконта раз-пораз мільгацелі пробліскі верагоднасці становішча, да якіх Корбут
ніколі не прыслухоўваўся, на жаль, лічыў звычайнай балбатнёй сябра, чый язык рэдка калі стамляўся гаварыць.
Зараз, каб успомніць усё, што казаў Віконт, можна было б нешта прыдумаць, але справа ўскладнялася тым, што Корбут зусім не слухаў сябра. Зрэшты, у яго павінна была быць свая галава на плячах, ды ён рэдка дазваляў працаваць ёй у іншым якім-небудзь накірунку, акрамя напісання сентыментальна-эратычных вершаў і паэм ці доўгага роздуму над вобразам таго ці іншага героя, даверанага Сяргеем Міронавічам Корбуту для выканання на сцэне.
Увогуле, фраза Веранікі Берднік яшчэ нічога не азначала. Ці мала што магло адбыцца ў яе з Віктарам?! Яны маглі памірыцца ў любы час. Дый хто сказаў, што яны пасварыліся ці наогул разышліся?.. Так, проста кінутая пад гарачую руку фразачка без ніякіх падстаў. А на месцы Віктара Корбут наўрад ці адпусціў так проста Вераніку. Дзе ён яшчэ знойдзе такую прыгожую і разумную дзяўчыну, да таго ж будучую кіназорку? Тыдзень таму ў студыю Сяргея Міронавіча завітаў адзін вядомы рэжысёр, каб паглядзець, як той праводзіць рэпетыцыі, галоўным чынам тых сцэн, у якіх былі заняты Вераніка, Корбут і Віконт. Пра Корбута і Віконта кінарэжысёр узгадаў толькі для таго, каб не пакрыўдзіць Сяргея Міронавіча, які ганарыўся сваімі акцёрамі-мужчынамі. Увогуле кінарэжысёру была патрэбна толькі адна Вераніка Берднік. Ён бачыў яе ў «Цыганах», а неабавязковая рэпетыцыя яшчэ сыраватых сцэн, хаця прэм’ера новага спектакля няўмольна набліжалася, не грала ніякай ролі. Ён проста хацеў упэўніцца, што Вераніка Берднік гэтая і ёсць Вераніка Берднік тая, якая бліскуча выканала ролю Земфіры. Быў бы Пушкін жывы, нікога, акрамя Веранікі. сам не прызначыў бы на ролю створанай ім гераіні.