Шоўк  Мікола Адам

Шоўк

Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
71.45 МБ
Мікіта Міхайлавіч нават не пачуў, як брат выйшаў з дому.
Вадзім вырашыў ехаць адразу да Ілгі, нідзе не затрымліваючыся. Спачатку хацеў купіць ёй кветак, але перадумаў. Можа не дагадзіць, ды, зрэшты, навошта тыя кветкі патрэбны, толькі пыл збіраць?..
Ілга жыла ў гмаху побач з гандлёвым домам на «Нямізе», з круглымі вокнамі ў кватэры і з круглым балконам.
Чым болып Вадзім набліжаўся да ейнага дома, тым больш непакоіўся і хваляваўся: як яго сустрэнуць бацькі дзяўчыны. Хоць Ілга і дарослая, але ж бездапаможная, як дзіця, на першы погляд. Ды неяк і няёмка
нават уявіць сябе побач з акадэмікам Акадэміі навук Беларусі Рыгорам Нэйландам — Ілзіным бацькам. Вядома, Вадзім меў уяўленне аб інтэлігенцкім коле, дзякуючы брату, аднак звычайныя пісьменнікі — адна справа, іншая зусім — акадэмік. Адно толькі слова «акадэмік» чаго каштуе!..
Якіх навук акадэмік Рыгор Нэйланд, Вадзім не ведаў, ды і не цікавіўся. Адно званне казала само за сябе. Ён уяўляў Ілгінага бацьку з шыкоўнай белай барадой і такой жа грывай валасоў, як у Мендзялеева, з суровымі строгімі вачыма. Інакшым акадэмік, на Вадзімаву думку, не мог быць. Ды бог з ім, з акадэмікам, не да акадэміка ж ён ідзе, у рэшце рэшт, і не акадэмік яго запрашаў, а дачка. Няўжо Ілга паклікала хлопца толькі затым, каб пазнаёміць з бацькам?..
...Вадзім пазваніў у абабітыя чорнай скурай дзверы і стаў чакаць, пакуль адчыняць, папярэдне прыгатаваўшы галівудскую ўсмешку, як ён лічыў. Так прынята, калі ідзеш да кагосьці ў госці, у кіно амерыканскім так паказваюць. Усю дарогу ён толькі і рабіў, што практыкаваўся ў вымаўленні слова «чыз», да якога адразу чамусьці прыляпіўся «бургер» і вельмі захацелася есці.
— Вы да каго? — Што ні кажы, але дзверы адчыніліся раптоўна. Вадзім не паспеў падрыхтавацца. Ва ўсе вочы ён вылупіўся на даволі маладую жанчыну ў строгіх шэрых спадніцы і жакеце, з чорнымі валасамі, што былі заколаты на патыліцы разам з шэрай пілоткай. Апошні атрыбут тут жа нараджаў асацыяцыі падабенства са сцюардэсай і ваенкамам. Можа, яно так і трэба, а Вадзім не надаў апратцы жанчыны належнай увагі, гадаючы, маці яна ці старэйшая сястра Ілгі.
Мне... — словы застралі ў горле, але неяк выціснуў,— да Ілгі...
Жанчына акінула яго ацэньваючым позіркам і працадзіла:
— Хадземце за мной.
3 вялікага параднага жанчына правяла Вадзіма праз нейкі калідор з некалькімі дзвярыма па баках, ля астатняй спынілася і штурханула яе.
— Праходзьце,— сказала і дадала: — Спадарыня Ілга хутка будзе.
Вадзім нерашуча прайшоў у памяшканне, спыніўся на парозе. Дзверы за ім зачыніліся.
Вадзім зірнуў на столь, дзе вісела ў форме вялікага кандэлябра люстра, агледзеўся.
Тут стаялі стол, чатыры крэслы — узбоч стала і некалькі па вуглах, невялікая тахта з пяццю маленькімі падушачкамі і вялікім плюшавым ільвом з соннымі баваўнянымі вачыма; круглай формы шафа-сервант, за шклянымі дзверцамі якой — хрусталь, фарфор і шкло (посуд розных набораў); тэлевізар, ля якога — тумбачка з відэамагнітафонам і касетамі, крыху далей — тумбачка з кнігамі — перакладамі на паперу вядомых кінасерыялаў. Вокны хавалі шторы з чырвонага штофу, а на фоташпалерах з адлюстраваннем паўночнай прыроды віселі карціны мастакоў-візажыстаў. Нічым не засланая паркетная падлога жоўтага колеру — лакіраваная да бляску.
Вадзім не рашыўся сесці ні ў адно з крэслаў, але падышоў да тумбачкі з відэакасетамі, сеў побач з ёй на кукішкі, пачаў уважліва разглядаць, вымаючы кожную касету, якія фільмы тумбачка хавала.
Захоплены сваім заняткам, Вадзім не пачуў з’яўлення Ілгі. А пачуўшы яе голас, здранцвеў, як захоплены на месцы злачынства рабаўнік.
— У гэтай тумбачцы няма нічога цікавага,— прамовіла дзяўчына.— Фільмы такой якасці і такога жанру
глядзіць тата, каб скінуць напружанне. Пасля сямігадзіннай працы за пісьмовым сталом.
Вадзім падняўся з кукішак, трымаючы адну касету ў руцэ, павярнуўся да Ілгі.
Яна сядзела ў крэсле-каталцы, і доўгая спадніца хавала ногі (сустрэўшы яе такой раней, не ведаючы пра няшчасце, Вадзім наўрад ці б паверыў у яе калецтва). Пад вязанай лёгкай кофтачкай без рукавоў пукаціліся пругкія паўшар'і грудзей, шаўковыя белыя пальчаткі крыху не даходзілі да локцяў.
— Прабач, Вадзім,— хітравата ўсміхнулася Ілга,— я, відаць, збянтэжыла цябе. Болей не буду так знянацку заяўляць пра сябе. Я рада, што ты прыйшоў. Ты нават уявіць сабе не можаш, як мне бывае сумна тут адной! He здзіўляйся, бо на самай справе так яно і ёсць. Выкладчыкі прыходзяць праз дзень, бацькі заняты сваімі навуковымі справамі, і ім не да мяне. Безумоўна, я не абвінавачваю іх у няўвазе... Тата, якога я вельмі люблю, кожны вечар заходзіць у мой пакой, і мы падоўгу гутарым пра рознае, але толькі вечарам.
ГІраз тыдзень ён зноў паедзе з групай навукоўцаў у Японію, і я застануся адна. Гэта не скарга, не хвалюйся,— заўважыла Ілга нявольны разлёт брывей на Вадзімавым твары,— проста хочацца з незнаёмым чалавекам падзяліцца набалелым. Ды ты не саромся. Стаіш, нібы скаваны ці зачараваны, слупом. Пачувайся, як дома...
Угу,— незразумела буркнуў Вадзім. Ён сам разумеў сваю недарэчную, нібы каменную паставу, ды яшчэ з касетай у руках. Наконт фільмаў калі б Ілга сама не растлумачыла іх паходжанне, абавязкова спытаўся б, бо, акрамя так званых стужак жахаў, у тумбачцы нічога больш не было. Больш чым за сто «страшылак» умяшчала ў сваім чэраве тумбачка.
Вадзім паставіў касету на месца, але не ведаў, куды цяпер падзець рукі. Раней яны хоць трымаліся за касету, зараз жа не будзеш хапацца за гузік, яшчэ адарвеш ад хвалявання. А хваляваўся Вадзім страшэнна. Як толькі трапіў у вітальню, што нагадвала каралеўскія пакоі, якія бачыў на малюнках у кніжках па гісторыі. Вадзім баяўся падумаць, што сабой уяўляюць астатнія пакоі кватэры...
— Ты так і будзеш стаяць? — усміхнулася Ілга.— Мне нават неяк няёмка. Сядай куды-небудзь.
Вадзім кіўнуў, згаджаючыся. Ілга прапанавала яму крэсла побач з часопісным столікам ля тумбачкі з кнігамі.
Вадзім болей без ваганняў апусціўся ў мяккае крэсла, пакрытае барвовым аксамітам. Рукі яго адразу пацягнуліся да часопісаў, што неахайна ляжалі на століку. Але разгарнуўшы адзін часопіс, ён адразу ж яго загарнуў і паклаў на месца. Часопіс быў на незразумелай яму мове і без малюнкаў, астатнія былі такімі ж. Тады ён склаў рукі на грудзях.
Ілга наблізілася да Вадзіма і спынілася насупраць яго, з цікавасцю разглядаючы твар хлопца.
3 падносам у руках увайшла жанчына, якая адчыніла Вадзіму дзверы і прывяла сюды. Яна прыбрала часопісы і паставіла паднос са слівамі, вінаградам і бананамі на столік.
— Рыта, прынясі яшчэ кавы і пачак «Мальбара»,— загадала Ілга.
Жанчына згодна кіўнула і выйшла.
«Нічога сабе,— падумаў Вадзім,— нават персанальная прыслуга маецца. Ну вы, блін, даяце, спадарства!»
— Частуйся,— прапанавала Ілга, але сама нічога не брала.
Вадзім вырашыў не саромецца. Ведаючы на прыкладзе брата, што цюхцяйства з дзяўчынай мала да чаго даводзіць, ён палічыў неабходным паводзіць сябе больш нахабна, вядома, у разумнай колькасці.
He задумваючыся, Вадзім узяў банан. Рукі адразу сталі сваімі.
Ілга ўсміхнулася.
— Я штосьці не так зрабіў? — спытаўся Вадзім.
— He, усё так,— адказала дзяўчына.— Проста я была ўпэўнена, што акрамя банана ты нічога больш не возьмеш.
— Чаму? — паклаў ён бананавую скурку на паднос пад талерку.— Я і вінаград люблю.
— Гэта мне ўжо падабаецца,— усклікнула Ілга.
Калі Вадзім даядаў вялікую галінку «дамскіх пальчыкаў», Рыта прынесла каву і цыгарэты.
— Якую ты любіш музыку? — спытала Ілга, падсоўваючы бліжэй да яго кубак з кавай.
— А гэта навошта?
— Ну, проста я люблю піць каву пад якую-небудзь добрую кампазіцыю, таму што яшчэ ў дадатак куру, і гэта надае задавальненню густам вышэйшы клас,— растлумачыла Ілга.
— Я куру пад любую музыку і нават без музыкі таксама куру,— не задумваючыся, адказаў Вадзім.
— Ты нічога не зразумеў,— засмяялася Ілга.— Але, мабыць, гэта да лепшага.
Яна працягнула яму цыгарэту, выцягнула руку ў накірунку да тумбачкі з кнігамі, на якой, Вадзім і не заўважыў раней, стаяў прайгравальнік СД-дыскаў, націснула кнопку, і... палілася чароўная мелодыя.
Моўчкі, смакуючы каву, яны слухалі музыку і курылі. Хаця ў музыцы гэтай ніякага задавальнення для сябе Вадзім не знайшоў, аднак пра гэта дзяўчыне не сказаў, баючыся пакрыўдзіць.
— Табе спадабалася? — запытала Ілга пасля.
— Вельмі,— не міргнуўшы вокам, схлусіў Вадзім.
— Я ведала, што табе спадабаецца,— задаволена, як кошка, прымружыла вочы Ілга. Яна крыху памаўчала, пасля пацікавілася: — Кажуць, ты служыў у дэсантных войсках, што не дзіўна, і я ніколькі не сумняваюся ў гэтым. Але справа ў іншым. Руслан мне неяк прагаварыўся, што ў цябе выдатная мускулатура, якой мог пазайздросціць бы і Ван Дам, гэта праўда?
— He такая там ужо і мускулатура,— засаромеўся Вадзім, але быў рады, што яго мышцы зацікавілі Ілгу.
— Ты не супраць прадэманстраваць мне? — не зводзіла пільных вачэй з твару Вадзіма дзяўчына.
— Як прадэманстраваць?
— Вельмі проста,— адказала Ілга,— як усе нармальныя культурысты.
— Я не культурыст,— адмовіўся Вадзім. Ён не любіў, калі яго вымушалі распранацца.
— Ну, добра, калі ты такі баязлівы,— асцярожна вымавіла Ілга,— то...
— Я не баязлівы! — дзяўчына ведала, на што націснуць, каб разварушыць любога хлопца.
— Дык дакажы мне гэта,— няўмольна сказала яна.
— Ты гэтага так прагнеш? — прымружыў вочы Вадзім, капіруючы брата, які ў сваю чаргу касіў пад артыста Баярскага.
— Ужо не вельмі,— павольна вымавіла Ілга.
— Ну, добра.
Вадзім скінуў швэдар, кашулю і майку, агаліў торс з дужай грудзінай, запэцканай рэдзенькім рудымі валаскамі, і магутны прэс з рэльефнымі васьмю квадратамі. Як сапраўдны культурыст, ён прадэманстраваў Ілзе свае біцэпсы, якая ў захапленні аж запляскала ў ладкі, так яе ўразіла фігура хлопца. Ёй хацелася
кранаць і кранаць сталь мускулаў, прагульвацца пальцамі па квадратах прэса, прыхінуцца тварам да грудзіны і ўзнагародзіць яе пацалункамі, як медалямі. Але дзяўчына стрымлівала сябе, толькі не ў стане была ўтаймаваць сэрца, што шалёна калацілася, вырываючыся вонкі.
— Можа, яшчэ правесці бой з ценем? — хітра падміргнуў Вадзім.
Ілга радасна-ўзбуджана кіўнула.