Шоўк
Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
— Зноў жа, і ў гэтым ты вінаваты сам,— сказаў Пятро.— Мы на першым курсе працавалі на залікоўку, зараз яна працуе на нас. А ты, як пачаў, так і працягваеш. Зноў жа, хто табе перашкаджаў, хаця б на першым курсе, вучыцца? Дзеўкі цябе звялі, ім і выказвай свае прэтэнзіі.
— Добра,— незразумела, згадзіўся з прапановай сябра ці не, адказаў Тарас і зноў лёг.
— Дарэчы, у каструлі,— паказаў Пятро на імправізаваную кухню (невялічкі столік з палічкамі, дзе мясціўся ўвесь посуд),— мы табе пакінулі крыху супу, а ў лядоўні — каўбаса, калі хочаш, сала, вараныя яйкі, халоднае...
— А варэнне ёсць? — міралюбіва спытаўся Тарас.
— Пашукай там, можа, знойдзецца.
Тарас больш не стаў непакоіць сябра, бо той і так зашмат ужо ўдзяліў увагі ў той час, калі вучыў білеты на іспыт па замежнай літаратуры. Хоць экзамены яшчэ не пачаліся, Пятро рыхтаваўся да іх папярэдне, каб раней здаць сесію і паехаць куды-небудзь на час канікул, напрыклад, у Піцер, у якім пабыў ужо разам з аднакласнікам Геркам гэтым летам, ці ў Варшаву (польскай мовай ён ужо валодаў нядрэнна), дзе таксама быў з тым жа Геркам, дабіраўся да сталіцы Польшчы аўтастопам.
Тарас моўчкі пад’еў, памыў за сабой посуд (у хлопцаў увайшло ў правіла — пасля сябе прыбіраць),
зноў расцягнуўся на ложку. косячы зірк на Талькова, чыімі фотаздымкамі і плакатамі была абвешана ўся сцяна над Тарасавым ложкам. Над Андрэевым вісеў плакат гурта «Крама» з аўтографамі Варашкевіча, Касі Камоцкай, Лявона Вольскага і гітара; Пятрова сцяна ўяўляла сабой аўтамабільны музей, абклеены плакатамі і выразкамі з часопісаў, што адлюстроўвалі самыя розныя мадэлі машын. Над лядоўняй, на дзверцы якой Пятро напісаў маркерам «Калі хочаш застацца са мной, у час аплаці мой пракат», і над сталом ля дзвярэй, які лічыўся Тарасавым і які заўсёды быў завалены паперамі і кнігамі, хлопцы прыстасавалі кніжныя паліцы, а над імі вялікі партрэт Джыма Керы ў касцюме-тройцы, але з закасанымі штанамі і босага.
Пад столлю ў адзін рад, як салдаты па стойцы «смірна», з правага боку пасталі пустыя пачакі ад цыгарэт самага рознага гатунку. А пасярэдзіне пакоя, таксама пад столлю, ля плафонаў, Пятро павесіў пустыя бляшанкі ад піва ў гонар надыходзячага Новага года.
Тарас усё глядзеў і глядзеў у задумлівыя сумныя вочы Талькова. думаў пра яго заўчасную смерць, выношваючы блакітную мару калі-небудзь напісаць пра яго раман, сустрэцца папярэдне з сям’ёй спевака, з братам, з сябрамі, з музыкантамі «Выратавальнага круга», з рэжысёрамі і акцёрамі дзвюх кінастужак, у якіх зняўся Талькоў. Але пра гэта можна толькі марыць. Як ён паедзе ў Расію, калі ў яго няма грошай нават на цыгарэты, даводзіцца пазычаць у Пятра ці ў Андрэя, пасля стыпендыі аддаваць пазыку і зноў пазычаць... Дый каму ён патрэбны там, у Расіі, ёй і сваіх хапае, такіх як ён, маладых непрызнаных геніяў.
Некалі Еўтушэнка, здаецца, сказаў, што паэт у Расіі — болей, чым паэт, а Тарас працягнуў яго думку на свой капыл, неяк ляпнуў на нейкай літаратурнай імпрэзе: а ў Беларусі — меней, чым калгаснік.
— Я кладуся спаць,— сказаў Тарас. Ён выйшаў на калідор пакурыць, пасля ціхутка распрануўся і схаваўся пад коўдру.
— Табе святло замінаць не будзе? — папытаў Пятро.
— Ты ж даўно ведаеш, што я адкажу,— пачуўся прыглушаны коўдрай голас Тараса.
Пятро, хоць і ведаў, што Тарас можа спаць нават з расплюшчанымі вачыма і дзе заўгодна, усё ж у рамках выхаванасці лічыў мэтазгодным заўжды пытацца ў хлопцаў, калі тыя клаліся спаць раней за яго. Усякае ж бывае.
Тарас праз сон ужо чуў, як прыйшоў Андрэй, асцярожна, каб не пабудзіць сябра, зачыніў дзверы; чуў, як Андрэй спытаўся ў Пятра пра яго, Тараса, ці не п’яны зноў сусед; як здзівіўся адказу Пятра, што Тарас крыху разладжаны з-за незаліку па эканоміцы; як Андрэй спачувальна пахітаў галавой, як узяў гітару і пачаў ціхутка штосьці на ёй сачыняць, адрываючыся на некаторы час, нешта запісваў у сшытак...
Пра што Андрэй з Пятром пасля гаманілі, хрумстаючы цыбулінамі, ён ужо не памятаў, а мо і не чуў.
X
Вадзім Корбут злосна адшпурнуў ад сябе кніжку, якая заляцела, пазагінаўшы старонкі, пад канапу, і зірнуў на гадзіннік. Было ўжо тры гадзіны дня, а старэйшы брат не сыходзіў з дому, нават з-за пісьмовага стала яшчэ не выходзіў. Відаць, натхненне ўхапіў, як дзеда Мароза за бараду. Лепш гэтай з’явы ўвогуле б не існавала, на думку Вадзіма, бо інакш Мікіта Міхайлавіч ужо даўно сядзеў бы ў сваёй рэдакцыі, а ён, Вадзім, спакойна патэлефанаваў бы Ілзе, без сведкаў.
Дык не, старэйшы брат, мабыць, сёння зусім нікуды не збіраўся і вельмі Здзівіўся, чаму Вадзім дома. А Вадзім ніяк не асмельваўся сказаць брату, што больш на працуе. Ды не ў працы справа, а ў Ілзе. Вадзім не хацеў, каб Мікіта Міхайлавіч ведаў пра яе. Тым больш каб чуў, як Вадзім размаўляе з дзяўчынай, хаця б і па тэлефоне, які знаходзіўся ў кабінеце Мікіты Міхайлавіча, на стале. У ціхім шпіёнстве брата Вадзім упэўніўся даўно. Варта было Вадзіму падняць слухаўку ці самому некуды патэлефанаваць, натхненне пісьменніка пасылалася на хутар матылёў лавіць, якое б натхненне не было і які б не быў хутар, а слых братаў, як лакатар, наладжваўся на адну хвалю, і мала калі яму не шанцавала. Мікіта Міхайлавіч чуў усе тэлефонныя размовы Вадзіма, якія, калі вярталася з хутара натхненне, няважна ў якім пакрыўджаным стане, уціскваў у свае жудасныя раманы, адзін з якіх ужо валяўся пад канапай. Hi ў якім разе Вадзім не палезе за ім, хай абрастае, як барадой, павуціннем і пылам. Вадзім асіліў толькі пяць першых старонак, але іх хапіла, каб пачаў ехаць «дах». Дастаеўскі хрэнаў! Гэта любімы братаў пісьменнік. Пад яго ён і косіць. А яшчэ хоча, каб яго брацік чытаў падобную галімацью. Ды нізавошта на свеце! Першы і апошні раз у жыцці ён разгарнуў кніжку Мікіты Корбута. Хай прусакі яе чытаюць, можа, паразумнеюць крыху. Вялікія, рыжыя, як фрыцы, а розуму і на міліметр няма.
Вадзім яшчэ раз зазірнуў да брата, але той — нуль увагі. Толькі шарыкавая асадка ды правая рука, як маятнік, хісталіся ўправа-ўлева, управа-ўлева. He вельмі вясёлае відовішча.
Вадзім дэманстратыўна пазяхнуў і вярнуўся да сябе.
Плюхнуўся на ложак тварам у падушку, але ўсё ж карцела патэлефанаваць. Ён не знаходзіў сабе месца, ламаючы галаву, як патэлефанаваць, каб брат нічога не пачуў. Гэта ён зараз такі далёкі ад рэчаіснасці, а паспрабуй Вадзім толькі дакрануцца да тэлефоннага anapara, рука з асадкай спыніцца сама сабой і гэтаксама, як і вушы, прыслухаецца, што ж там шчабеча Вадзім?..
Ілга не выходзіла з галавы Вадзіма, як з ліфта, які сапсаваўся і застыў паміж паверхамі. 3-за яе ён забыўся пра Лесю і пра ўсіх разам. Нічога так не хацелася, як пачуць ейны голас, а яшчэ лепш, пабачыць уладальніцу яго. Hi якую іншую ён так не жадаў, толькі Ілгу. Яго не бянтэжыла нават калецтва дзяўчыны. Вядома, да першага спаткання. Ён неаднойчы думаў пра гэта. Уяўляў, як яны будуць глядзецца на фоне іншых закаханых дзе-небудзь у парку Горкага. Спачувальныя пагляды хлапцоў, поўныя жалю да Ілгі вочы дзяўчат, Ілгіна ганарлівая ўсмешка, маўляў, глядзіце, якая я і якога хлопца ўтрымала...
Ад такіх уяў Вадзіму рабілася не па сабе, але ён супакойваў сябе тым, што гэта толькі думкі, плод яго фантазіі, на самай справе ўсё выглядае іначай. I хто сказаў, што ён калі-небудзь будзе гуляць з Ілгай па парку Горкага, хто ўвогуле прыдумаў такое глупства? Можа, наогул нічога не будзе, можа, Ілга проста пажартавала, даючы яму свой нумар тэлефона. У любым выпадку гэта трэба праверыць.
Вадзім болей не вагаўся. He маленькі ж ён, на самай справе, каб баяцца ўласнага брата. Ну, падслухае, трагедыя якая, падумаеш... Быццам бы сам ніколі не быў маладым?..
Аднак, нягледзячы на такую рашучасць, Вадзім усё ж забраў тэлефон і зачыніўся ў ванным пакоі, папярэдне адкрыўшы ўсе краны. Хай брат панервуецца: яму карысна для прафілактыкі.
Доўга ніхто не адказваў.
Вадзіму ўжо надакучыла слухаць абыякавыя ідыёцкія гудкі ў слухаўцы, калі на другім канцы дроту нешта шчоўкнула. Вадзім шчыльней прыклаў слухаўку да вуха, пачуў стомленае:
— Алё.
— Э, добры дзень,— прамовіў Вадзім, хвалюючыся, як на школьным іспыце.— А Ілгу можна паклікаць да тэлефона9
— Ілга слухае,— аказваецца, гэта яна падняла слухаўку. Але Вадзіму ад гэтага не палегчала. Ён, у душы, разлічваў, што да тэлефона падыдзе хто-небудзь з сям’і і ён проста выбачыцца за турбаванне. Што ні кажы, а размовы з Ілгай Вадзім баяўся.
— Ілга... — Вадзім пракашляўся і тут жа з жахам падумаў, як яна ўспрыняла яго кашлянне? — Гэта Вадзім,— адчуваючы, як чырванее, быццам памідор, прамовіў ён.
— А, Вадзім,— відавочна, што Ілгу парадаваў яго званок. Адразу зніклі некуды санлівасць і стомленыя ноткі з голасу,— прывітанне. Чаму так доўга не тэлефанаваў?
— Няўжо доўга? Усяго два дні,— запярэчыў Вадзім, паціху асмельваючыся. Ен адчуў раптоўную перамену да сваёй асобы.
— Для мяне і два дні — цэлая вечнасць,— незразумела адказала дзяўчына.— Што ты зараз робіш? — пацікавілася раптам.
— Нічога,— паціснуў плячыма Вадзім.— Пачынаў чытаць братаў раман, але, відаць, не для майго розуму яго пісаніна...
— He прыбядняйся...
— Сур’ёзна. Мне хапіла пяці старонак, каб адкласці раман да лепшых часоў. He таму, што такі дрэнны, а таму што я не ўязджаю з першага разу.
— Паспрабаваў бы з другога. Мне асабіста падабаюцца рэчы Мікіты Корбута.
— Гэта, відаць, на аматара,— адзначыў Вадзім.
— Магчыма, і так,— згадзілася Ілга. Раптам прапанавала: — Калі табе сумна дома, прыязджай да мяне.
— Як? — не зразумеў Вадзім.
— He палохайся,— засмяялася Ілга,— нічога дрэннага я з табой рабіць не буду. Проста пагаворым, як сябры. Вечарам, калі ты не супраць, можна пайсці ў «Рэзервацыю» — там сёння нешта цікавае, кажуць, плануецца.— Яна памаўчала, відаць, даючы хлопцу некаторы час падумаць. Затым таямнічым шэптам спыталася: — Прыедзеш?
— Калі? — толькі і здолеў выціснуць Вадзім.
— Можаш і зараз. Я буду чакаць.
Яна не дала яму магчымасці яшчэ нешта дадаць, паклаўшы трубку. Вадзім выйшаў з ваннага пакоя і вярнуў тэлефон на радзіму.
Брат, не адрываючыся, пісаў.
«Во запісаўся,— падумаў Вадзім.— Ніколі яшчэ такога не было. Відаць, з часам, такі шэдэўр выверне на стол свайго выдаўца, што толькі трымайся...»