Шоўк
Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
Адначасова і Вадзім, і міліцыянт з жудасцю заўважылі бліскучыя, крытыя лакам драўляныя мыліцы і адну левую нагу ў джынсавай у абліпку калашыне і паўбоцік на высокай платформе. што сарамліва, як правінцыялка ў штопанай-пераштопанай спадніцы, трапіў-
шая ў свецкае асяроддзе, аслепленая шыкам убораў і разумеючы сваю шэрасць, тулілася падалей у цёмны куток. Правай нагі па калена не было.
Міліцыянт з цяжкасцю адвёў позірк ад страшнага відовішча. Hi ён, ні Вадзім не заўважылі, акрамя Блюмы і дзяўчат, назіраўшых за нямой сцэнай, што іх вымушаны поціск рук, які дрыжэў ад напружання, працягваўся больш за хвіліну.
Міліцыянт першы выйшаў з ступара. Ён быў на службе і запатрабаваў у Вадзіма дакументы. Працягваючы міліцыянту ваеннік (пашпарт ніколі не насіў з сабой), Вадзім усё яшчэ пазіраў на адзіную левую жаночую ножку.
Міліцыянт не стаў прабачацца, хоць і прачытаў у ваенніку Вадзіма, што той меў званне старэйшага сяржанта запасу, у самога ж міліцыянта былі лычкі сяржанта, але нічога і не сказаў. Моўчкі вярнуў ваеннік, казырнуў і хутка рушыў некуды з напарнікам. Чапляцца да людзей сённяшняе відовішча надоўга адаб’е ахвоту.
— Дзякуй вам, што заступіліся,— сказала дзяўчына, крануўшыся Вадзімавай рукі.— Каб не вы, не ведаю, што б ён вытварыў. Хаця я і сама вінаватая.
— Нічога,— губляўся побач з ёю Вадзім, баючыся глядзець уніз, каб не ўбачыць яе адной сіратлівай ножкі, і саромеючыся глядзець ёй у вочы. Але ўсё ж прымусіў і сустрэўся з ейным позіркам, аж сэрца ёкнула. Якая яна прыгожая! Ды як супрацьпастаўленне паўставала яе інваліднасць, і Вадзім стрымліваўся, каб не расплакацца, хоць ніколі не быў сентыментальным. Выратавала яго Блюма.
— Мабыць, не проста так ты схаваўся за маёй спінай? — спытала яна.
— Так, гэта праўда,— пагадзіўся Вадзім.
— I ў чым прычына?
— Адзін харошы чалавек параіў звярнуцца да цябе па адной справе.
— Так,— зацікавілася Блюма.
— Я расшукваю Лесю ці Пуму, не ведаю, як правільна,— сказаў Вадзім, хаваючыся ад позірку бландзінкі, якая пасля яго пытання дасадліва прыкусіла вусны.— Я адразу растлумачу, каб па сто разоў ты не перапытвала, справа ў тым, што... — па ходу пачаў сачыняць,— учора яна забылася адну рэч у адным доме. Што за рэч, называць не буду, але мне б хацелася вярнуць тую рэч ёй з рук у рукі.
— Ты што, і з сабой носіш тую таямнічую рэч? — засмяялася Блюма.
— Гэта не тое, пра што ты падумала.
— А што іншае можа Леся забыцца, цікава, у чужым доме? — працягвала смяяцца Блюма.
— Ну, ці мала што,— паціснуў Вадзім плячыма.— Ва ўсялякім разе, я магу спадзявацца на дапамогу?
— Давай тую рэч мне і ўсё, я а ёй перадам,— прапанавала Блюма.
— У мяне няма яе з сабой,— адказаў Вадзім.— Я разлічваў даведацца адрас Лесі і проста выслаць па пошце невялікай бандэроллю.
— Ліфон у бандэролі? Арыгінальна,— пахваліла Блюма.— Толькі ты ж колькі секунд назад казаў, што хочаш з рук у рукі перадаць?
— А што, яна іх так часта губляе? — прапусціў заўвагу Блюмы Вадзім.
— He так ужо і часта,— няўпэўнена адказала дзяўчына,— але здараецца. Толькі звычайна за сваімі рэчамі яна вяртаецца сама, бо яны не змяняюць месца свайго знаходжання.
— Зразумела,— пачухаў патыліцу Вадзім.— Але ўсё адно тая рэч, якую забылася Леся, не ліфчык.
— Пума ведае цябе? — ужо сур’ёзна запытала Блюма.
— Так. Нас Руслан пазнаёміў
— Тады запісвай.— Блюма назвала хатні адрас і месцы, дзе Леся часцей за ўсё бывала.— Толькі глядзі,— папярэдзіла,— па другім адрасе жыве былы «афганец». Дарэчы, Леся нярэдка бывае і тут, але цяпер для яе надта рана. Калі што, падыходзь сюды недзе каля дзесяці вечара. Калі ёсць што ў «Рэзервацыі» — Пума абавязкова будзе там.
— Дзякуй за інфармацыю,— прамовіў Вадзім.— Ну, што ж. Я тады пайшоў.— Ён развітаўся з дзяўчатамі, прымусіў сябе ўсміхнуцца беднай бландзінцы, якая таксама ў адказ ветліва ўсміхнулася, і паспяшаўся наверх. Зараз яму не хапала паветра.
Мокры халодны снег, нібы скотч, залепліваў твар. Вадзім схаваўся ад снегу пад дах прыбудоўкі да спуску ў пераход, закурыў. Ён усё яшчэ знаходзіўся пад уражаннем страшнага відовішча. Бедная дзяўчына! Колькі ёй гадоў? Дзевятнаццаць? Дваццаць максімум!
Непадалёк ад сябе Вадзім заўважыў знаёмых міліцыянтаў, суседства з якімі ніколькі не радавала. Ён хутка дакурыў і выйшаў пад снег. Прайшоў колькі метраў, забег у Цэнтральны гастраном. Вельмі захацелася кефіру. Наконт Лесі Вадзім яшчэ не вырашыў, мяркуючы ўсё абдумаць за кефірам.
Даверліва прыхіліўшыся да стойкі, якая трымала на сабе шклянкі, аднаразовыя пластмасавыя талеркі, сурвэткі, скамечаныя абы-як, і локці людзей, зусім як цуда-юда-рыба-кіт з нейкага мульціка, Вадзім даверыў ёй хот-дог і дзве шклянкі кефіру разам з нецікавымі думкамі, што трэсліся ў галаве, як сівая казліная бародка ў стогадовага старога.
Ён невідушча глядзеў праз акно, за якім усё адно нічога не было відаць з-за снегу і электрычнага святла
ў памяшканні, а перад вачыма стаяла дзяўчынабландзінка без... Нават у думках Вадзім баяўся прамаўляць апошняе слова. Ён забыўся пра Лесю і ўвогуле пра тое, дзе знаходзіўся, машынальна, як робат, падносіў да рота шклянку з кефірам і ставіў яе на стойку. Пра хот-дог ужо і не памятаў.
Ніколі не думаў Вадзім, што яго можна нечым шакіраваць. Аказваецца, можна.
— О, так і ведала, што сустрэну цябе тут,— пачуў Вадзім знаёмы голас. Павярнуўся на яго і ўтаропіўся ў глыбокія выразныя вочы той самай бландзінкі, пра якую толькі што думаў. Цяпер яна абапіралася на мыліцы, але так лоўка і непрыкметна, што здавалася ў парадку рэчаў яе інваліднасць.— Я — Ілга,— прамовіла дзяўчына.— He здзіўляйся, што такое імя, я латышка, хоць у Рызе ніколі не была.
Вадзім назваў сваё імя, змоўк. Ён не ведаў, што гаварыць, аб чым, баючыся параніць Ілгу выпадковым словам. Ёй чаго-небудзь папіць, як яна сама?
Дзяўчьша згадзілася на прапанову, дастала грошы, папрасіла, каб ён купіў ёй вінатраднага соку. Вадзім адмовіўся ад працягнутых грошай і хутка апынуўся ў чарзе: спачатку — да касы, пасля — да аддзела, пакінуўшы Ілгу вартаваць занятае месца і яго хот-дог.
Пакуль стаяў у чарзе, колькі разоў аглядаўся назад, да Ілгі. Дзяўчына пазірала ў акно, пальцам выводзіла нешта на шкле. Нават са спіны яна была прыгожай. Белакурыя локаны, хоць і фарбаваныя, a мо проста асветленыя, нагадвалі прычоску Анжалікі з французскага фільма, і іх хацелася кранаць і кранаць.
Вадзіму карцела спытаць у Ілгі, як атрымалася так, што... якое няшчасце з ёй адбылося, якім чынам... Але баяўся здацца бестактоўным. Дый увогуле, якое ён меў права ўлазіць, як трубачыст у трубу, у чужую душу!
Вярнуўшыся да стойкі, Вадзім падаў Ілзе сок, тая ўдзячна ўсміхнулася, прымаючы шклянку. Тут жа Вадзім заўважыў, якія ў дзяўчыны вельмі прыгожыя пальцы, пальцы піяністкі, доўгія, тонкія, з доўгімі дагледжанымі пазногцямі.
Гаворкі не атрымлівалася.
Яны моўчкі папівалі: яна свой — сок, ён — кефір.
Калі б не яе калецтва, хто ведае, Вадзім, мажліва, закахаўся б у яе. Аднак, калі б Ілга была паўнавартасным чалавекам, ці б сустрэў ён яе ўвогуле? Дзяўчына прыгожая, хто ведае, кім яна магла б стаць? Пытанне гэта вельмі складанае.
— Прабач,— прагучаў голас Ілгі,— ты вучышся дзе-небудзь?
— На шчасце, ужо не,— адказаў ён.
— Чаму, на шчасце?
— Пасля школы нікуды не цягне.
— Няўжо... — дзяўчына з цяжкасцю падбірала патрэбныя словы, хоць і размаўляла без усякага прыбалтыйскага акцэнту, мажліва, яна проста хвалявалася.— Няўжо табе не цікава даведвацца аб тым, чаго яшчэ не ведаў раней і нават не ўяўляў, што такое ўвогуле можа быць?
— Навошта? — паціснуў плячыма Вадзім.— У мяне ёсць сумны прыклад — мой старэйшы брат. Толку з таго, што ён вучыўся? Добраахвотна пайшоў у войска, трапіў у Афган, ледзь не загінуў. А вучыўся ж і на філфаку ў БДУ, і ў тэатральным і, нават смешна сказаць, у кіно здымаўся па маладосці. Зараз піша раманы, якія ніхто не чытае на радзіме, толькі за мяжой.
— Але ж ён вучыўся,— заўважыла Ілга,— як-ніяк. Я магу толькі марыць пра БДУ,— сумна ўздыхнула.— Мне б вельмі хацелася адчуць на сабе водар лекцый і хваляванне перад іспытам. На жаль, гэта ніколі не спраўдзіцца.
— Ты так хочаш вучыцца? — спытаўся Вадзім і сам сабе адказаў: а што ёй яшчэ застаецца ў яе становішчы.
— Я вучуся,— прамовіла Ілга,— але не так, як мне хацелася б,— дзяўчына засаромелася, але ў вачах Вадзіма прачытала ледзь не жаночую цікаўнасць.— Справа ў тым, што мае бацькі наймаюць для мяне рэпетытараў, якія прыходзяць кожны дзень да нас і выкладаюць мне кожны сваю дысцыпліну.
— Сур’ёзна? — шчыра здзівіўся Вадзім. Пра такі від навучання ён ведаў, але не думаў, што ён магчымы ў нас.— I што ты вывучаеш?
— У асноўным, літаратуру і мовы,— сарамліва адказала Ілга,— крыху гісторыі і юрыспрудэнцыі.
— I якія мовы? — Вадзім пачынаў забываць пра калецтва дзяўчыны.
— Англійская, французская, нямецкая, іспанская, італьянская, польская, ідзіш, хіндзі, кітайская, крыху японскай. Ну і, безумоўна, абавязкова латышская, беларуская, украінская і руская.
— I ўсімі гэтымі мовамі ты валодаеш? — усё больш дзівіўся Вадзім.
— На хіндзі яшчэ не магу размаўляць, але разумею, калі чытаю.
— Ну, ты даеш! — захоплена ўсклікнуў Вадзім.— Дык ты ж вундэркінд нейкі! А яшчэ плачаш па ўніверсітэцкіх сценах. Табе самой выкладаць трэба!
— 3 задавальненнем, але...
Нібы з нябёсаў на зямлю спусціўся Вадзім, як успомніў калецтва дзяўчыны. Якая ж несправядлівасць творыцца ў свеце! Разумныя таленавітыя людзі часта пакутуюць ад свайго калецтва. А якімнебудзь прайдзісветам, якія прагуляюць-прап’юць стыпендыю, паздаюць іспыты на тройкі, удала ажэняцца — усе шляхі адкрыты.
— Эй... — паматляла рукой перад вачыма Вадзіма Ілга.— Ты дзе? — засмяялася.
— Прабач,— замаргаў ён,— задумаўся.
— Я так і зразумела. Дзякуй табе, што склаў мне кампанію.
— Гэта табе дзякуй.
— За што? — спыталася дзяўчына, але адказаць Вадзіму не дазволіла.— Калі будзе час, патэлефануй мне.
Ілга ўзяла яго далонь і надрапала на ёй шарыкавай асадкай нумар свайго тэлефона.
Вадзім хацеў правесці яе, але дзяўчына адмовілася, падаравала на развітанне чароўную ўсмешку.
Хутка, нібы ўсё жыццё яна хадзіла на мыліцах, Ілга накіравалася да дзвярэй. Перад ёй усе расступаліся, даючы дарогу, нехта з хлопцаў адчыніў дзверы.