Шоўк  Мікола Адам

Шоўк

Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
71.45 МБ
Так, так, так. Брата ў хаце няма. Дзяўчыны таксама. Адсюль зноў пытанне. Хаця, не. Мікіта, пэўна, пайшоў у якую-небудзь рэдакцыю, Леся вярнулася дамоў ці гуляе дзе-небудзь, у «Трубе» ці на плошчы Якуба Коласа, альбо ў парку Горкага. Ці мала куды яна магла пайсці!
Аднак Вадзіму было не да лямпачкі месцазнаходжанне Лесі. Ён япічэ не забыў, дакладней, успомніў ейныя гарачыя вусны, што сквапна кусалі і шчыпалі яго губы, і яе кававыя вочы.
Да вар’яцтва карцела яе пабачыць.
Вадзім набраў нумар тэлефона Руслана, каб распытаць, каб даведацца хаця б яе нумар тэлефона, але таго не было дома.
Значыцца, трэба выходзіць на вуліцу і аббегаць усе кропкі тусовак.
Вадзім уціснуўся ў джынсы. Часу не бракавала. Дзякуй богу, з учарашняга дня ён вольны, як вецер.
Абмацаў кішэні, знайшоў скураны партманет з каляндарыкам Сіндзі Кроўфард, з напалову спісаным нататнікам і з вельмі танюткім пачачкам, падобным на сялёдку пад гальштукам, грошай,— усё, што засталося пасля ўчарашняга. Вадзім пералічыў. Дзесяць дваццатак і адзінаццаць пяцёрак. Малавата. Амаль усё прапіў. Але нічога. Брацельнік у яго — міравы мужык, зразумее. Ды нават калі на тое пойдзе, ён, Вадзім, здаровы ж бугай, знойдзе, дзе ўзяць грошы! Абы было цікава працаваць. Роля рэкламнага агента хутка надакучыла. Штодзённа — аднолькавыя вузкія касцюмы шэрага колеру з гальштукам-«бабачкай». У такім убранні Вадзім адчуваў сябе пацуком. А ад туфель з вузкімі мыскамі пальцы пасля здаваліся раструшчанымі, як у таго Ла Моля з «Каралевы Марго». Кожны дзень прыходзіць на працу чыста паголеным, надзяваць, як маску, усмешку — і наперад па розных фірмах і прадпрыемствах: клянчыць, прасіць, маліць, прычым не прыніжаючы гонару кампаніі, у якой працуеш. Надакучыла. Можа, Вадзіму хацелася адгадаваць бараду, як у Мікіты, ці пэйсы, як у Руслана. Нельга. Падарвеш прэстыж. Можа, яму хацелася апрануць свабодную скуранку і байку пад ніз. He, ты павінен выглядаць салідна і рэспектабельна. Словы якія!.. Няўжо ў скуранцы нельга салідна выглядаць? У яго ж плечы — амаль як у Арнольда, грудак — як у Дольфа, а біцэпсы — ад Ван Дама. Летам у майцы выйдзеш на вуліцу — паўгорада дзяўчат вачэй не зводзяць. Праўда, у войску прапаршчык неяк заўважыў: «Табе, Корбут, хутка ліфчык прыйдзецца насіць. Ніводная кашуля не сыходзіцца на тваіх «банках».
Але гэта між іншым. Цяпер галоўнае — знайсці Лесю.
Вадзім на хуткую руку падсілкаваўся хлебам з гарбатай. Кефір вырашыў папіць у Цэнтральным гастраноме, дый усё адно ў лядоўні яго не было. I хоць не
быў упэўнены, што зарана рушыў на «кропкі», але, хто ведае, можа пашанцуе. Такім надвор’ем толькі ў пераходах і акалачвацца.
Спачатку паехаў на плошчу Якуба Коласа, але там нікога не было, на плошчы Перамогі — таксама. Заставалася надзея на «Трубу».
...Моладзь купкамі тоўпілася ў пераходзе на Кастрычніцкай. Ля самага ўваходу ў метро гандлявалі кніжкамі і часопісамі, крыху правей — аўдыа і відэакасетамі. Там, падняўшыся на тры прыступкі, мясціліся кнігарня і абутковая крама «Агдам». Насупраць — яшчэ адзін шапік — з газетамі і поліэтыленавымі пакетамі з выявамі суперзорак блакітнага экрана. Асартымент пераважна складалі ў розных іпастасях Ды Капрыа і Філіп Кіркораў. Чаму не?
Перавальваючыся з нагі на нагу, як качкі, ледзь не наперагонкі дзве старэнькія бабулькі кароткімі перабежкамі, як пад абстрэлам, мітусіліся з аднаго кута ў другі за пустымі пляшкамі з-пад піва.
Моладзь жыла, моладзь піла, моладзь курыла і ўсміхалася. Моладзь травіла анекдоты і нейкія страшныя гісторыі. Моладзь плакала і цалавалася, апранутая то ў байку з Кабэйнам ці з «Металікай» або з Цоем на грудзях і на спіне, то ў скуранку-касуху з разнастайнымі заклёпкамі і прыбамбасамі, то ў пікантнае футра ці паўфутра; абутая ў боты, паўботы «казакі», красоўкі, чаравікі, батфорты на высокай платформе; патлатая, няголеная, лысая, аж бліскучая, як мыла на святле, барадатая, чыста паголеная і з бакенбардамі, з завушніцамі і без; мілая, сімпотная, прыгожая, як Мадонна, раскошная, як Мэрылін Манро, руглівая, цвярозая, як школьніца, і п’яная, як Дзепардзье; разборлівая і пераборлівая, таленавітая і бяздарная, багатая і не; бландзіністая, чарнявая, зялёная, чырвоная, шэра-бура-малінавая; рознаўзроставая і святая, як гадавалае дзіця.
Моладзь паўсюль моладзь.
...Русланаву шавялюру Вадзім заўважыў адразу, у цэнтры нешматлікай, але галасістай хлапечай купкі, што знаходзілася насупраць увахода ў метро, за кніжнымі шапікамі ля рашотчатага акна нейкай крамачкі.
Руслан нешта смешнае распавядаў сябрам, бо хлопцы ажно заходзіліся ад смеху і пралівалі на падлогу піва, што ўздрыгвала ў руках.
— Обана, кораш, здароў! — прыкмеціў Вадзіма, што ўжо падыходзіў, і Руслан, працягваючы руку для вітання.— Якім ветрам да нас?
— Па справе,— адказаў Вадзім. Пажадана было б паразмаўляць з Русланам без сведак, але як яму сказаць пра гэта?
— Піва хочаш? — прапанаваў Руслан, але Вадзім адмовіўся і паморшчыўся.
— А, зразумела! — рассмяяўся Руслан, абціраючы мокры ад піва рот.
— Слухай, ты не ведаеш, дзе я магу знайсці Лесю? — плюнуў на ўсю сакрэтнасць пытання, але пачырванеў Вадзім.
— Гэта якая Леся? — хітрыў той.
— Ці не Пума? — здагадаўся адзін з Русланавых сябрукоў.
— Яна,— згодна кіўнуў Вадзім.
— Пума, стары,— ляпнуў яго па плячы Руслан,— стварэнне каштоўнае і непрадказальнае. Ніколі не ўведаеш дакладна, дзе яна можа быць сёння, а дзе заўтра. А навошта, калі не сакрэт, яна табе спатрэбілася? На колькі я памятаю, ты нават уяўлення не меў да ўчарашняга, што такая ўвогуле ёсць.
— Затое зараз маю,— прамовіў Вадзім. Яму не падабаўся тон колішняга аднакласніка, але ён трываў.
— Ды ты не кіпяшуй,— папярэдзіў той самы Русланаў сябрук, што здагадаўся пра Лесю, такі ж самы
патлаты, як і Руслан, з мушкецёрскай бародкай.— Пума ў нас — на вагу золата. Таму без прычыны мы незнаёмым маладым людзям нічога не падказваем і не раім.
— Калі ты маеш віды на яе за тое, што яна пераспала з табой,— сказаў Руслан,— раю забыць аб тым, што ўвогуле ведаў такую дзяўчыну. Уяўляеш, колькі было ў Пумы такіх як ты?
— Яна не пераспала са мной,— адказаў Вадзім.— Я не ўпэўнены... He помню ўвогуле нічога.
— Ну, ты, стары, даеш! — зарагаталі хлопцы, а Руслан яшчэ і пажартаваў: — Дык ты хочаш яе знайсці, каб спытацца, зрабіла яна цябе мужчынам ці не? — ізноў рогат.
Нядоўга думаючы, Вадзім схапіў Руслана загрудкі і штурхануў да сцяны. Яму ўсё больш не падабаўся тон размовы. Руслан своечасова адхіліў галаву, грукнуўшыся глуха спінаю аб сценку, іначай ад Вадзімавага ўдара выцеклі б мазгі, як смятана.
— Ты можаш жартаваць,— працадзіў Вадзім,— над кім заўгодна, але толькі не нада мной. Засячы гэта сабе на носе, чувак!
— Добра, алес! — спалохана хутка-хутка заміргаў вачыма Руслан, як сапсаваны святлафор, трымаючыся рукамі за шыю, каб Вадзім выпадкова не схапіўся і за яе.— Я яшчэ не забыўся, што ты толькі дэмбельнуўся з дэсантуры.
— I не забывайся,— адзначыў Вадзім. Ён акінуў позіркам Русланавых сябрукоў. Тыя на ўсялякі выпадак адышлі ад яго на крок. Відаць, звязвацца з Вадзімам ніхто не збіраўся. Каму патрэбны лішнія непрыемнасці кшталту пары выбітых зубоў, зламанага носа ці ліхтароў пад вачыма.
— Я не ведаю, дзе Пума,— прамовіў Руслан.— Пакуль яна нідзе не з’яўлялася. Спытайся, можа, у Блюмы. Яны з Пумай сяброўкі, як-ніяк.
— Дзе яе шукаць? — папытаў Вадзім.
— Вунь, бачыш, будку, дзе рамонт гадзіннікаў? — паказаў Руслан пальцам.
— Ну.
— Ля слупа два хлопцы з півам стаяць...
-Ну.
— Побач купка дзевак. Блюма з фарбаванымі чорнымі валасамі, у берэце і ў паліто. Глядзі, тая, што зараз прыкурвае цыгарэту.
— Зразумела,— прамовіў Вадзім і накіраваўся да дзяўчат, вымаючы з кішэні «астрыну». He «Мальбара», як у Блюмы, але таксама нічога.
Блюма, відавочна, распавядала ўдзячным слухачкам пра свайго новага кавалера. Дзяўчаты ва ўсе вочы пазіралі на аратарку і ўсміхаліся.
— Прабачаюся, агеньчыку не знойдзецца? — з цыгарэтай у губах Вадзім спыніўся побач з Блюмай. У вочы адразу кінуўся яе востры доўгі нос і вялікія, ледзь не на ўвесь твар, зялёныя вядзьмарскія вочы. Здавалася, такой і павінна быць прыгажосць.
Блюма не звярнула ніякай увагі на Вадзіма, не гледзячы, каму, працягнула запальніцу, працягваючы распавядаць пра нейкага Славіка. Астатнія дзяўчаты адным вокам зіркалі на Вадзіма, другія працягвалі ўважліва слухаць Блюму.
Вадзім падзякаваў і, падкурыўшы, вярнуў запальніцу, але не сыходзіў, стаў спінай да спіны Блюмы, разважаючы і ламаючы галаву, як распачаць размову з дзяўчынай. He выпаліш жа вось так адразу, з бухтыбарахты, прывітанне, маўляў, я новы Лесін знаёмец, не падкажаш часам, дзе яна можа зараз быць? Зрэшты, можна і так. Але неяк непрыгожа.
На шчасце Вадзіма, да дзяўчат падышлі міліцыянты, вядома, не для таго, каб спытаць, як праехаць на вуліцу Энгельса, ці колькі цяпер часу? Некалькі хвілін
таму яны нешта хацелі ад Русланавай хеўры, паказвалі на піва. Урэшце Руслан з сябрукамі змянілі дыслакацыю. Дзяўчаты таксама частаваліся півам. Ва ўсялякім разе, Блюма запівала ім кожную цыгарэтную зацяжку.
Адзін з міліцыянтаў, белабрысы, з квадратнай сківіцай, высакаваты, злёгку пастукваючы дубінкай па сваёй назе, звярнуўся ні да кога і да ўсіх адначасова:
— Тут што для вас, бар?
— А вы што, нам піва праставіце ці, можа, чаго мацнейшага? — задзірліва, з выклікам вымавіла адна з слухачак Блюмы — фарбаваная бландзінка.
Позірк міліцыянта перамясціўся з Блюмы, якая, скарыстаўшы момант, адсунула пляшку за спіну пад руку Вадзіма, які, таксама, скарыстаўшы момант, змачыў перасохлае горла, на маленькую, яму да плячэй, бландзінку. Дзяўчына далікатна адставіла ў бок руку і страсла попел з цыгарэты, які трапіў на наваксаваны бот міліцыянта.
— Ты куды попел страсаеш?! — зароў пакрыўджаны міліцыянт. Сківіцы яго хадзілі, як жорны.
— Няўжо я не туды трапіла? — паціснула плечукамі дзяўчына, наіўна лыпаючы сінімі вочкамі, і страсла попел у кішэню міліцыянтавай курткі.
Hi яе сяброўкі, ні міліцыянты, ні Вадзім не чакалі такога павароту сюжэта. Вадзім, праўда, разумеў, чым можа скончыцца гэты інцыдэнт.
Міліцыянт занёс руку над дзяўчынай. Што ён хацеў зрабіць: даць аплявуху, выцягнуць з кутка за куртку ці за каршэнь,— ніхто не ведаў, аднак Вадзімава рука перахапіла руку міліцыянта.