Шоўк  Мікола Адам

Шоўк

Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
71.45 МБ
Хлопцы вылучаліся аднолькавым ростам і ўзростам. Яны павіталіся і паселі за столік. Тарас назваў Корбуту іх як Антона Блакіта і Алеся Хворага.
— Антон,— пасля непрацяглай паўзы сказаў Тарас,— я тут пачаў распавядаць спадару Корбуту пра «Вулей», але ў мяне нічога не атрымліваецца, як і заўсёды. Я не майстар на расповеды.
— Так,— прамовіў Блакіт і паглядзеў на Корбута, які дапіваў апошнія кроплі сваёй кавы.
— Я слухаю вас, малады чалавек,— сказаў той.
— А дазвольце спытацца, чаму вас зацікавіла Ha­ma генерацыя? — гаварыў Блакіт, злёгку каргавячы.
— Нават генерацыя? — перапытаў Корбут.— Яна мяне не цікавіць ніколькі,— адказаў,— таму што я пра яе нічога не ведаю.— 3 першага позірку малады чалавек не спадабаўся Корбуту. Можа, з-за таго, што быў не ў меру самаўпэўненым ці лічыў сябе самым разумным з усіх прысутных. Блакіт яшчэ нічога, лічы, не сказаў важкага, толькі па паводзінах Корбут прыйшоў да такой высновы. Магчыма, ён і памыляўся, але першае пачуццё рэдка бывае памылковым. Гэтаму навучыў яго Афган.
Блакіт ні кроплі не разгубіўся, толькі ноздры яго шырока раздзьмуліся, але тут жа набылі свой звычайны выгляд.
— «Вулей» — паняцце ёмістае,— прамовіў ён.— Гэта не арганізацыя і не месца для збораў, гэта — проста сацыяльная і, можна сказаць, культурная сфера. Па-першае — гэта новая галіна ў мастацтве, якой яшчэ не было дагэтуль. А па-другое — гэта людзі, аб’яднаныя аднолькавым пачуццём безвыходнасці, нечым незадаволеныя, нонканфармісты. I яны не згодныя з жыццём не менавіта ў нашай краіне, а з жыццём увогуле. I гэтае пачуццё — не песімізм, а менавіта безвыходнасць. I кожны, хто кантактуе з намі,— ужо частка «Вулля» незалежна ад таго, якіх ён прытрымліваецца
прынцыпаў. Ён можа быць чалавекам вясёлым і наогул — усім задаволеным. Проста кожны, хто адчувае на сабе наш уплыў,— ужо частка «Вулля». «Вулей» — гэта сфера, а пчолы — тыя людзі, якія працуюць у ёй. Вось іх ужо можна назваць суполкай.
— Зразумела,— хітнуў галавой Корбут.— I ў чым жа праяўляецца вашае пачуццё безвыходнасці, калі так? Вы ж, пэўна, выказваеце яго...
— Па-першае, творчасць,— працягваў Блакіт.— А па-другое, сам лад жыцця. Кожную раніцу, калі дзень пачынаецца з шорсткага камяка ў сэрцы — з гэтым нават немагчыма змагацца,— можна проста рабіць, каб гэта не было чутно, знаходзіць сабе паратунак, як гэта робіць болынасць людзей: скажам, у калекцыяванні марак альбо ў выпіўцы, а можна гэткі стан выкарыстоўваць для творчасці.
— Яшчэ адна секта, літаратурная,— працягнуў Корбут.
— Вы памыляецеся,— урэшце насмелілася загаварыць Оля. Відаць, яе закранулі за жывое словы пісьменніка, які, на яе думку, павінен быў усё зразумець адразу і падтрымаць «Вулей», бо аналагаў на дадзены час няма. Але хто падтрымаў «Першацвет», якому аналагаў таксама не было? — Вы памыляецеся,— паўтарыла Оля.— Мы не секта. He секта і вядомы ўсім «Бум-Бам-Літ». Проста кожны па-свойму хоча самавыявіцца і самавыяўляецца настолькі, наколькі яму хопіць талента...
— А ты ведаеш, што такое талент? — перапыніў яе Корбут.— Талент — вельмі страшная рэч. Ён, як рана, якая можа і загаіцца, а можа загнаіцца ў любы час. Што тады?
Корбут паволі пераводзіў позірк з аднаго маладога паэта на другога і г. д. Кожны з іх лічыў сябе лідарам, кожны з іх марыў горы звярнуць, вядома, на карысць, Беларушчыны. Але ці ў кожнага хопіць таго самага таленту дайсці да задуманай мэты?
Яны маўчалі.
Корбут таксама не спяшаўся адказваць на сваё ж пытанне.
— Вы лічыце сектамі і вашых «Тутэйшых» з «Кварталам»? — паспрабавала Оля вярнуцца да хвалюючай яе тэмы, зіркаючы на Корбута хуценькімі, як вавёркі, загадкавымі вачыма.
— Я не лічу іх сектамі,— адказаў ён.— Таму што яны далі нам вельмі моцных аўтараў. Хаця сам я ні да першай суполкі, ні да другой ніколі не належаў.
— У такім разе чаму вы лічыце «Вулей» сектай і «Бум-Бам-Літ»? — запытаў Блакіт. Тарас сядзеў моўчкі. Ён апусціў галаву і разглядваў мокрыя плямы на скураных паўботах Олі, у размову не ўмешваўся. Зрэшты, ён не меў ніякага дачынення да «Вулля» і прыйшоў упершыню на так званае паседжанне, часткова з-за дзяўчыны Олі, якая належала да суполкі, а часткова з-за рамана Дугласа Коуплэнда «Пакаленне X», які Блакіт абяцаў яму прынесці. Тарасу здавалася нецікавай і бязсэнсавай спрэчка паміж «Пчоламі» і вядомым пісьменнікам. Абодва бакі мелі ў нечым рацыю і ў нечым памыляліся. Астатняе не грала ніякай ролі.
— Дзярмо гэта ўсё,— цяжка ўздыхнуў Корбут, гледзячы на Блакіта,— акрамя таго, што ў цябе асабіста вельмі добрая беларуская мова.
Корбут падняўся, крануўся рукой пляча Тараса: — Хадзем пакурым.
Калі выйшлі на вуліцу і закурылі, Корбут сказаў:
— Чым вы займаецеся, спадар Кутняк? He гэтага чакае ад нас Беларусь дый не толькі Беларусь.
— Я тут толькі з-за дзяўчыны,— адказаў Тарас.
— He лічыш, што іх занадта шмат у цябе? — усміхнуўся Корбут у вусы.
— Пакуль не,— у адказ усміхнуўся Тарас.— Жыццё кароткае, а дзяўчат на зямлі столькі, што баюся не паспець з усімі пазнаёміцца.
— Глядзі, не падчапі чаго-небудзь,— параіў Корбут,— «тарапыга».
Ён паціснуў маладому чалавеку руку на развітанне, спаслаўся на неадкладныя справы, пашыбаваў да метро.
Цямнела.
Цямнелі і думкі Корбута, нібы нехта спіхнуў іх з-пад сонечнага святла ў чорную бездань калодзежа.
Корбут пашкадаваў аб сваіх паводзінах з моладдзю ў кавярні. Чым яны правініліся, што ён на іх справіў сваю злосць, як патрэбу. Разагнаўся б ды галавою — у бэльку! Каб назаўсёды ніякіх праблем. Дык не! Калі яму дрэнна, павінна быць дрэнна і ўсім. Калі ён ужо навучыцца стрымліваць свой эгаізм, як каня за аброць? Напэўна, ніколі. А так нельга. Ну, хай яны робяць свой «Вулей» на здароўе і нонканфармізм (слова-то якое адшукалі падлеткі), што да гэтага табе? Хлеба з-за гэтага заўтра не купіш, ці вайна пачнецца? Чым яны перашкодзілі?..
Так, пагарачыўся, спадар Корбут, слоў няма. Доўгі час хаваў ад усіх і падрабязнасці біяграфіі, і прынцыпы, і вось на табе, раскрыўся. Ешце, пакуль даюць, як хлеб з маслам. Вось і пакаштавалі маладыя геніі, з чым Корбута ўжываць. Ведаюць цяпер, што ён апазіцыянер усіх пачынанняў, як і пенсіянеры ў рэдактарскіх крэслах, якія нікога не хочуць друкаваць, акрамя сябе, што, зрэшты, і робяць, не саромеючыся.
«Зараз прыехаць і адразу спаць! — з асалодай падумаў Корбут.— Да д’ябла ўсе ўспаміны і думкі! Адпачыць трэба».
... Вадзіма дома не было, што Корбута і не здзівіла, значыць, прывалачэцца пад ноч, выспішся! 3 ежы гатовага нічога не мелася,— трэба было гатаваць. Але і пасля таго, як зварыў макароны, перамяшаў іх з падсмажанай яешняй і павячэраў — не да сну.
Зазваніў тэлефон.
— Алло! — злосна падняў слухаўку Корбут. Абурэнне яго не мела межаў, ні хвіліны спакою ж, толькі закімарыў аднак голас апаненгкі аказаўся бальзамам. Ён палагоднеў і радасна ўсміхнуўся.
— Мікіта Міхайлавіч, я вам не перашкодзіла? — ён адразу пазнаў сваю нечаканую начную госцю і быў рады ейнаму тэлефанаванню, хаця прызнаўся не адразу, знаходзячыся яшчэ пад уражаннем змрочных думак, навеяных непрыемным успамінам.
— Леся, вы? — прамовіў ён.— Але як... вы ж не ведаеце майго нумару... — «Вось жа, баран,— тут жа аблаяў сябе.— Як бы яна патэлефанавала, калі б не ведала?»
— Значыць, ведаю,— у трубку было чуваць, што дзяўчына ўсміхнулася задаволена.— Гэта не цяжка было зрабіць, я маю на ўвазе нумар вашага тэлефона, ведаючы адрас. Я набрала даведку, і мне выдалі ўсю інфармацыю на вас. Дарэчы, як там Вадзім? — пацікавілася.
— Вадзім...— разгубіўся Корбут.— Ведаеце, не маю ніякага ўяўлення, дзе ён. Вадзіма дома няма.
— Ён што, вельмі гуллівы ў вас?
— He думаю. Мабыць, затрымаўся на працы.
— Вы ўпэўнены ў гэтым?
— Іншых варыянтаў у мяне няма.
Паўза.
— Ой, што гэта я ўсё пра вашага брата ды пра вашага брата,прамовіла Леся.— Я ж патэлефанавала таму, што хацела пачуць ваш голас і папрасіць прабачэння за свае паводзіны. На самай справе я не такая і дрэнная...
— Я веру вам.
— Дарэчы, хутка Новы Год. Што б вы хацелі, каб я вам падаравала?
	?
Вы не здзіўляйцеся. Я вельмі люблю рабіць падарункі.
— Ну, што ж, тады падарыце мне сваю ўсмешку.
— Я сур’ёзна.
— Я таксама, Леся.
— Добра. Я буду мець гэта на ўвазе. А... што вы зараз робіце?
— Нічога. Хаця, не, не зусім. Размаўляю з вамі.
— Гэта камплімент?
— Ну... можна лічыць і так.
— Беражыцеся, Мікіта Міхайлавіч...
— Гэта чаму?..
Але адказу Корбут не пачуў. Леся, відаць, знарок паклала трубку, каб ён падумаў над яе апошняй фразай. Аднак, што тут думаць? Яе голас прыўзняў Корбутаў дрэнны настрой, дый, трэба прызнацца, узрадаваў. Яму было прыемна, што дзяўчына патэлефанавала менавіта яму.
VII
—...Якія гладкія каленкі,— абдымаў і мацаў рукамі Вадзім сценкі ўнітаза, быццам гэта была дзяўчына.— Толькі чаму такія халодныя, усё адно, як ледзяшы, што кідаюць у шклянку з содавай, і не толькі, каб захаваць смак холаду, як смак першага пацалунка.— Вадзім быў у белай майцы з цьмянымі плямамі і ў сямейных трусах. Памяты твар яго нагадваў футбольны мяч, накачаны паветрам напалову. Ён некалькі разоў сплюнуў і адкінуўся да сцяны, задраўшы галаву. Вочы падрэзала святло лямпачкі, і некаторы час ён лавіў рукамі, нібы муху, фіялетава-сінія колцы.
Здаволіўшыся, Вадзім выпаўз з прыбіральні і накіраваўся да кухні, дзе падсунуў галаву пад рукамыйнік і доўга адфыркваўся пад струменем вады, праціраючы вочы. Пасля адчыніў шафачку ля акна, намацаў пачаты пачак «Астры-люкс» (брат заўжды, як заначку, клаў сюды цыгарэты), закурыў.
Памалу хмель сыходзіў. Відаць, учора Вадзім перабраў, а з кім піў і калі, не памятаў. Толькі адзін тварык мільгаў перад вачыма, як фотаздымак, і ўсміхаўся, і чамусьці спяваў голасам спявачкі Яны пра адзінокага голуба.
Вадзім напружваў памяць так, быццам змагаўся з запорам, які перажыў некалькі гадоў назад.
Чамусьці гэты непрыемны ўспамін (хто такім хваліцца?) здаўся Вадзіму даволі прыемным. Дзякуючы яму малады чалавек прыгадаў, каму належыў той сімпатычны іварык і дзе ён мог яго бачыць.
Паціху, прыступка за прыступкай, нібы да запаветных дзвярэй, як Бураціна з залатым ключыкам, Вадзім дабраўся да таго завулка памяці, у якім Леся засталася начаваць у іх з братам доме. Напрошвалася пытанне: з кім яна спала? 3 ім ці з Мікітам? Хаця з якой нагоды гэта Леся павінна была спаць з Мікітам? I з якой нагоды тады з ім самім, з Вадзімам? Знаёмства з Лесяй адбылося амаль адначасова што ў Вадзіма, што ў Мікіты.