Шоўк
Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
Чаго прыехала да Кухарчыка, Леся і сама не разумела, да таго ж яго магло і не быць дома. Чалавек жа творчы, не жанаты, адзін у кватэры, хоць і аднапакаёвай, мог сабе дазволіць любую вольнасць і крайнасць, калі захоча.
На яе шчасце (не дарэмна ўсё ж згубіла час), Арцём нікуды не «зліняў». 3 ускудлачанай галавой, з недагледжанай, даўно не голенай барадой, у спартовых штанах, босы, ён адчыніў дзверы.
— Ты? — Арцём зусім не здзвівіўся яе прыходу, і слова, вымаўленае ім, гучала проста як «ты купіла хлеба?»
— Ты не рады? — спыталася Леся, праходзячы ў калідор, намагаючыся праз шырокія плечы Кухарчыка зазірнуць у адзіны пакой кватэры ў надзеі ўбачыць там якую-небудзь наіўную лахудрыцу, зацікаўленую Кухарчыкавымі байкамі і аповедамі. Што, што, а распавядаць ён быў мастак. Па такіх, як ён, тэатральны плача, толькі чамусьці сам Арцём гэтага не разумее. На вялікі жаль, Лесі не ўдалося паскандаліць, на што яна вельмі спадзявалася, бо адзінай госцяй Кухарчыка была яна сама.
— Ты мяне здзівіў, Арцём,— прамовіла Леся, сядаючы на падваконне, улюбёнае месца, да якога прывучыў Кухарчык, калі яна пазіравала.
— Чым? — не зразумеў той. Ён прыхіліўся плячом да вушака, склаўшы на грудзях рукі.
— Ну, сваім адзінокім выглядам,— сказала Леся.— Ці яшчэ рана да прыходу новай пасіі? — цікаўна ўтаропіла на яго вочы. Кухарчык пачухаў свой востры нос, адказаў:
— Калі ты маеш на ўвазе секс, то я магу ім займацца ў любы час дня і ночы.
Ён паволі набліжаўся да Лесі. Зрэшты, не так далёка да яе было і ісці, усяго два крокі. Але Кухарчык любіў усё ўскладняць. Ён падкрадваўся, як драпежнік да ахвяры, паволі перастаўляючы ногі. Раней гэта ўзбудзіла б Лесю, але не зараз:
— Паспрабуй толькі дакрануцца да мяне. Лепей дваццаць баксаў гані.
Кухарчык расчаравана адвярнуўся ад дзяўчыны.
— Ты толькі за гэтым і прыехала? — спытаўся ён.
— А што ты мне яшчэ можаш прапанаваць? — абурылася Леся.— Mae партрэты па частках цела, адасобленых адзін ад аднаго, ці кансервы, ад аднаго выгляду якіх цягне на ваніты? Дзе мае дваццаць баксаў?
Кухарчык сеў на канапу, яшчэ не прыбраную, што стаяла далёка ад акна, у самым куце пакоя, але насупраць акна. Рука яго палезла пад падушку, выцягнула не тоўсты, але і не тонкі пачак «зялёных» дзесяцідоларавых купюр, перацягнутых гумкаю. Леся на імгненне страціла дар мовы, ва ўсе вочы пазіраючы на грошы, не ў сілах адвесці ад іх позірк. Кухарчык працягнуў ёй дзве дзясяткі:
— Трымай.
Дзяўчына саскочыла з падваконня. Вочы яе гарэлі:
— Дзе ты ўзяў столькі грошай? Толькі не кажы, што знайшліся ідыёты купіць твае карціны.
— Менавіта знайшліся,— з выглядам пераможцы Арцём расцягнуўся на канапе, закінуўшы рукі за галаву,— і менавіта з часткамі твайго цела.
— Я заўсёды гаварыла, што твае вушы — вушы генія,— ласцілася, як кошка, дзяўчына.
— Пры чым тут мае вушы? — не зразумеў Арцём, пачынаючы злаваць.
— Пры тым, што мая настаўніца, калі я вучылася ў школе, казала: усе геніяльныя людзі лапавухія.
— Гэта я і без цябе ведаю,— прыкрыў валасамі сапраўды вялікія свае вушы Кухарчык.
— Дурань ты, Арцём,— прамовіла Леся, падняўшыся з канапы, на якую плюхнулася неспадзявана для сябе, ачмураная на некаторы час грашыма.— У твае гады людзі сабе шыкоўныя кар’еры робяць. А ты так і спруцянееш у гэтай клетцы.
— Ды калі ты хочаш ведаць,— ускрыкнуў Кухарчык,— мяне ўзялі на работу! Выдавецкая фірма! Зразумела?
— Я рада за цябе,— сказала Леся.— Але па інтэр’еры тваёй кватэры не скажаш, што ты багата жывеш.
— А навошта? — рассмяяўся Арцём.— Мне хапае маёй канапы, майго тэлевізара, майго магнітафона і маіх кансерваў. Больш мне нічога не трэба, ну, акрамя яшчэ фарбаў і паперы.
— Шкада, што табе больш нічога не трэба,— паволі вымавіла Леся.
— Ды што з табой? — захваляваўся Арцём.— Я цябе не пазнаю. Ты часам не захварэла?
— Сам ты... хворы,— незалюбіла Леся.— I ўсе вы хворыя! Усе!
Яна хутка выбегла з кватэры, бразнуўшы цяжкімі дзвярыма, якія Кухарчык сам з цяжкасцю зачыняў і якія, вядома, не зачыніліся, моцна бахнуўшы аб вушак.
Лесіны крокі ўжо чутны былі на вуліцы, калі Арцём выбег следам за ёй на лесвічную пляцоўку, але хутка вярнуўся, бо холад бетону працінаў босыя ногі, як іголкі. На паліцы ў калідоры, ля тэлефона, ён заўважыў дзве кнігі. У яго кніг не было. Значыць, кнігі Лесіны. Ён палез з імі ў фортку, намагаючыся спыніць дзяўчыну, вярнуць яе хаця б за кнігамі, не разумеючы, чаму яна пакрыўдзілася. Здаецца, нічога такога і не сказаў. Аднак на яго позвы Леся не звяртала ніякай увагі. «Крычы, хоць закрычыся!»
Снег аблепліваў яе з ног да галавы. і Леся пашкадавала, што не апранула свайго футра. У байцы хоць
і цёпла, але з футрам не параўнаеш. Холад быў адчувальны, але ў гэтым, хутчэй, вінаваты вецер, чым мароз. Леся здзівілася, як могуць у такое надвор’е гуляць дзеці, якія працягвалі катацца з горкі, апранутыя ў аднолькавыя спартовыя касцюмы з балоні, але ў розных шапках і паўбоціках. Якая маці пусціць сваіх дзяцей на вуліцу ў такі час? Леся не разумела. Але ж і тая жанчына працягвала сядзець на лаўцы. Яна сцялася ўся, угнула плечы і схавала твар у каўнер. Чорт іх усіх разбярэ ў гэтым праклятым доме, дзе кожны сам па сабе, дзе чалавек чалавеку вораг, дзе кожны падазрае другога ва ўсіх злачынствах свету!
I Арцём туды ж!
Хаця, наконт Арцёма... Леся проста пазайздросціла. Ён падабаўся ёй, пакуль быў няўдачнікам, пакуль яму патрабавалася другая маці, якой ён быў пазбаўлены, бо выхоўваўся ў дзіцячым доме. Нарэшце Арцём нечага дамогся сам. Тымі самымі, відаць, часткамі цела, якія маляваў з яе. Каму былі патрэбны тыя часткі, Леся не разумела. Няўжо можна павесіць на сценку руку ці нагу, альбо грудзі асобна і любавацца цэлы дзень? Гэта ж... брыдота нейкая. Цьфу і ўсё!
Магчыма, у дачыненні да такога віду мастацтва Леся праяўляла проста свае жаночыя амбіцыі. He згодная з ім, Леся ведала, што больш не вернецца ў той дом з паўпустой кватэрай Кухарчыка, у якога нават шпалераў звычайных не было. На сценах віселі голыя дзеўкі, выдраныя з «Плэйбоя», а ванны пакой і прыбіральня абклеены наклейкамі з жуяк таксама з адлюстраваннем аголеных жанчын. Што ён з імі робіць, чорт яго разбярэ! Безумоўна, калі яму гэта падабаецца, калі ласка! Але так можна з глузду з’ехаць...
Пра кнігі Леся ўспомніла, ужо стоячы на парозе сваёй кватэры. Дакладна, яна забыла іх у Кухарчыка, аднак не вяртацца ж да яго зараз зноў. Яна і так адчувала сябе дрэнна. А тут яшчэ дзверы ў кватэру
адчыненыя. Піхні рукой і забірай, што будзе душы заўгодна. Значыць, бацька зноў п’яны, і ніякага спакою ў хаце не будзе.
Леся ціха разулася, скінула байку і на дыбачках прайшла ў свой пакой. Праходзіць трэба было, мінуючы кухню, і Леся не памылілася ў сваіх меркаваннях наконт бацькі. Той сядзеў за сталом, апусціўшы галаву, і нешта бубніў, ледзь варушачы губамі, не расплюшчваючы вачэй. Перад ім стаяла пустая пляшка з-пад гарэлкі і круглая міска з салатай. Кавалкі хлеба валяліся па ўсім стале, як і салата. «Што ён, кідаўся ёю, ці што?» — падумала Леся. Заўважыла дзяўчына і тое, што шклянак было дзве, і другі зэдлік стаяў паблізу. Ен піў не адзін. Ну, нічога. Сёння ён ужо не вып’е.
Леся зачынілася, на выпадак, калі сабутэльнік бацькі пабег за дагонкай. Цэны павышаюцца, ды для п’яніц, відаць, ніякая трасца не перашкодзіць напіцца. Толькі дзе бяруць грошы? Складваюцца хіба, бо звычайна бацька піў адзін.
Леся села на краёк ложка. Хацелася есці, але кухня занята бацькам. Ісці ў кавярню халодна, дый грошай пакуль не было, акрамя дваццаці баксаў, што вярнуў Кухарчык. Ды ў кавярні не было чаго і браць. Кава падаражэла ў тры разы, піражкі з павідлам, якія Леся вельмі любіла, таксама. Можа, бабуля заўтра чаго смачнага прынясе? Сама Леся рэдка наведвала яе, спасылаючыся на занятасць. У некаторым сэнсе занятай Леся была сапраўды. Палову дня яна праводзіла ў «Рэзервацыі», пасля некалькі гадзін прадавала білеты на спектаклі ў Маладзёжны тэатр, потым зноў «Рэзервацыя» ці «Труба» на станцыі метро «Кастрычніцкая». Продаж білетаў хоць неяк паляпшаў грашовае сямейнае становішча, дакладней, выручка ад яго. Калі не лічыць, што Леся падпрацоўвала ў тым самым Маладзёжным тэатры прыбіральшчыцай ці зрэдку падмяняла прыхварэўшых актрыс, іншага заробку ў яе не
было. He, яшчэ ў «Рэзервацыі» плацілі падчас, калі яна выходзіла на сцэну праспяваць адну-дзве ўласныя песні. Яны шмат каму падабаліся, але дапамагчы прабіцца Лесі далей ніхто не меў ахвоты. Леся не вельмі і перажывала. Раз у месяц на яе імя старэйшы і адзіны брат з Масквы пералічаў энную суму. Тых грошай хапала б, калі б бацька палову не забіраў. А што яна зробіць яму? Даводзілася падпарадкоўвацца. Іначай ён шалеў і кідаўся з кулакамі ці здымаў рэмень, звязваў ёй рукі і лупцаваў па азадку, пакуль дзяўчына не згаджалася адцаць палову.
— Лёха,— казаў ён,— не толькі твой брат, але і мой сын. Значыць, у грошах, што ён прысылае, ёсць і мая доля.
— Ты ж іх усе прап'еш! — размазвала слёзы па твары Леся.
— А гэта ўжо цябе не тычыцца! — прамаўляў бацька і, пералічыўшы атрыманае, сыходзіў, каб прыпаўзці позна ўначы на карачках.
...У кватэру настойліва і нецярпліва пазванілі, мабыць, пасля марнай спробы адчыніць іх лёгкім штуршком пляча.
Леся не зварухнулася з месца.
Затое бацька быццам бы ажыў. Бубненне яго стала больш разборлівым.
За дзвярыма жаночы голас папярэдзіў, што, калі ёй не адчыняць, яна пакрыўдзіцца і больш ніколі не прыйдзе да яго.
«Ах, ты ж п'янь паршывая!» — зазлавала на жанчыну пад дзвярыма Леся і рашуча кінулася ў прыхожую, насцеж адчыніла дзверы.
П’яна-салодкая ўсмешка жанчыны змянілася незразумелай насцярожанасцю. Яна гучна прысвіснула па-мужчынску.
— Чаго трэба? — запытала Леся ў паставе рукі ў бакі. «Ну і апусціўся татуля,— падумала,— яе ж і жанчынай нельга назваць. Тоўстая, тлустая, скура вісіць.
як сала, вачэй зусім не відаць, горла схавалася пад трэцім ці чацвёртым падбародкам. Затое вусны намаляваны, як у апошняй шлёндры, і валасы пафарбаваныя ў ледзяны колер».
— Прабачце,— відаць, жанчына разгубілася, але вымусіла вывесіць на твары, як сцяг дружбы, ліслівую ўсмешку,— Віктара Пятровіча можна?
— Ён спіць,— адказала Леся.— Што яшчэ? — акінула грэблівым позіркам жанчыну.