Шоўк  Мікола Адам

Шоўк

Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
71.45 МБ
Вераніка гучна засмяялася, Корбут вінавата ўсміхнуўся.
— Спадар Корбут,— прамовіў выкладчык,— вы не дапушчаны да здачы іспыту.
— He вельмі і хацелася,— сказаў Корбут. Ён апусціў вочы, выкалупваючы дзірку ў падлозе мыском батфорта, паклаўшы руку на эфес шпагі.
Выкладчык шпурляе яму ў твар скураную пальчатку, Корбут перахоплівае яе і сціскае ў руцэ, Вераніка кідаецца паміж імі, зазірае то аднаму, то другому ў вочы, фалды яе спадніцы пераліваюцца вясёлкавым колерам, а ў валасах — асляпляльна-белая ружа.
— Мікіта! He рабі гэтага! — перахоплівае яго руку са шпагай Віконт. Пад гэтай мянушкай хаваецца лепшы сябар Корбута Дзіма Зуеў.— Гэта твой бацька!
— Бацька?! — губляецца Корбут і прапускае ўдар выкладчыка. Лязо прабівае лёгкае і выходзіць са спіны, слізгануўшы па рабрыне. Корбут падае на рукі Віконта, які, у сваю чаргу, на падлогу, ледзь утрымліваючы сябра.
Над ім схіляецца Вераніка. У позірку яе — закаханасць і жаль.
— Я кахаю цябе, Мікіта! — шэпча яна праз слёзы, абціраючы яго слёзы вышыванай сваёй насовачкай.— Толькі не памірай! He трэба...
Позірк Корбута затуманьваецца, вочы заплюшчваюцца...
...«Д’ябальшчына! — правёў Корбут рукой па ўспацелым ілбе, прагна хапаючы паветра.— Гэта ўсяго толькі сон»,— супакоіў сябе.
— Як вам мой новы ліфон? — раптоўна з’явілася перад пасцеллю Корбута Леся. 3 задраным пад горла швэдарам, на сон зусім не падобная. He чакаючы адказу, задаволеная сваімі дзеяннямі, яна скінула швэдар і юркнула да Корбута пад коўдру. Ад нечаканасці, здзіўлення і непаразумення Корбут інстынктыўна адсунуўся да сценкі, ці то спалохаўшыся, ці то даючы месца побач дзяўчыне.
— Чаго вы спалохаліся? — прашаптала дзяўчына, намацаўшы яго нагу, але не падсоўваючыся бліжэй.
— Па-мойму,— хрыпла, не валодаючы голасам, прамовіў Корбут,— вы перабольшваеце меру паводзін у гасцях, спадарыня.
— Прызнайцеся, што вы не гэта хацелі сказаць.— Падымалася яна рукой уверх па назе Корбута.
— Калі ты зараз не пакінеш гэтага памяшкання, я цябе выстаўлю голай за дзверы, у пад’езд,— паволі, але пагрозліва вымавіў Корбут.
Леся адкінула коўдру, села, звесіўшы ногі.
— Добра, добра. Нават пажартаваць нельга,— прамовіла яна.
Хутка дзяўчына зашлёпала па падлозе да ваннага пакоя.
— Між іншым,— пачуўся адтуль ейны голас,— ужо шэсць гадзін раніцы.
Корбут не паверыў, бо было яшчэ цёмна, але праз колькі хвілін зайграла радыё.
Уставаць не хацелася, хаця звычайна Корбут падымаўся разам з радыё, каб пачытаць і напісаць нешта на свежую галаву. Якраз учора ён, лічы, нічога і не напісаў. Але ўчора і дзень прайшоў недарэмна, з гэтым трэба пагадзіцца. Знаёмства з Сашай і з Тарасам Кутняком, які, па словах шмат каго з літаратараў, выклікаў вялікія надзеі ў паэзіі, не пашкодзяць у будучым.
Кутняк аказаўся добрым суразмоўцам, хоць і не пазбаўлены некаторай вульгарнасці і правінцыйнасці.
— Я і не саромеюся гэтага,— заявіў Кутняк Корбуту.— Мая радзіма — Мікуцічы, у якой няма ні сваёй бібліятэкі, ні клуба, ні лазні. Хлеб, які прывозяць у вясковую краму, прадаюць па большым у два разы кошце, а мая маці, працуючы за траіх на кароўніку, не зарабляе нават на хлеб па сабекошце. I гэта ў Мікуцічах! — абураўся Кутняк.— Якія далі беларускай літаратуры такога волата як Колас. Дык чаго мне саромецца, калі я выхоўваўся старэйшымі хлопцамі на аўтобусным прыпынку пад брыньканне гітары і бульканне сэма, бо нам больш не было куды падзецца, і старэйшымі дзяўчатамі за прыпынкам, у кустах, якія вельмі калолі голыя азадкі. Між іншым, зараз сучасная моладзь Мікуцічаў нічым не адрозніваецца ад майго пакалення. Іх нічога не цікавіць, акрамя выпіўкі, цыгарэт і думак аб тым, якую б дзеўку дзе прыціснуць...
— Тарас, перастань,— зморшчылася Саша, абхапіўшы яго руку. Відаць, дзяўчына наўмысна заманіла Корбута да маладых літаратараў, якія не ведалі, як ім прабівацца ў літаратуру са сваімі мадэрновымі і авангарднымі творамі, не з’яўляючыся членамі «БумБам-Літа» і не маючы надзейнага даху ў выдавецтвах, пазбаўленыя нават часопіса «Першацвет» — адзінай магчымасці сказаць сваё слова.— He будзь хоць ты такім, як твае аднакласнікі.
— Я і так не такі,— ціха прамовіў Тарас.— Але кахаць проста таму, што можна кахаць і трэба кахаць, нават не спадзеючыся на ўзаемнасць, на адлегласці, нічога не патрабуючы ўзамен, прабачце, не магу. Ужо не магу.
— Прытрымліваючыся слоў і паводзін бальзакаўскага Расціньяка? — уголас падумаў Корбут.
— Я кахаю па іншых прычынах,— адказаў Тарас. I было незразумела, ці ён згодны з думкай Корбута, ці абверг яе.
Яшчэ выпілі пакрыху, і Корбут заўважыў у дачыненні да Тараса:
— Вашы амбіцыі, малады чалавек, наколькі я зразумеў, жыццёвыя, ні ў якім разе не праяўляюцца ў творчасці. Паэзія вас залічыла ў апошнія рамантыкі байранаўскіх часін. Як вам удаецца спалучаць у адной асобе двух вельмі розных людзей?
— А як вам, спадар Корбут, удаецца рабіць тое самае? — падлавіў малады літаратар сталага.— Я прачытаў усе вашы раманы і, не ведаючы вас, уяўляў аўтара гэтакім грамілам-шафай, накшталт Шварцэнегера, з квадратнай сківіцай і гідлівым паглядам. Вы разумееце, чаму. Усе вашы галоўныя героі жорсткія, раскачаныя, у асноўным, колішнія «афганцы», і ўсе не могуць знайсці сабе месца ў мірным жыцці, з-за чаго і гінуць. Я прыемна расчараваны, што вы не такі, як я спачатку думаў.
— Дзякуй,— усміхнуўся Корбут.
— Дарэчы,— Тарас палез у сваю сумку і выцягнуў стос папер, спісаных дробным нечытэльным, на першы позірк, почыркам, скрэплены дзвюма скрэпкамі,— вось мая паэма ў поўным варыянце. Першую частку друкаваў «Першацвет», пакуль выходзіў. Калі вы не супраць, вазьміце пачытаць.
— 3 задавальненнем,— узрадаваўся Корбут. Тарас усім выклікаў прыязнасць да сябе, нават сваёй мужыцкай вуглаватасцю, якая яшчэ не сцерлася, не
раструшчылася пад прэсам сталічнага жыцця. — Тады, можа, пяройдзем і на «ты»? — прапанаваў.
— Хоць мы і пілі на брудэршафт, але звяртацца да вас, як да свайго равесніка, не змагу да таго часу, пакуль мае вершы не пераўзыдуць вашы раманы,— адмовіўся малады паэт, і тут праявіўшы свой хворы гонар, які прывядзе яго да заўчаснага канца.
Корбут нічога не адказаў на гэта, толькі паляпаў па Тарасавым плячы.
Паціху пачалі разыходзіцца. Корбуту і Тарасу было па дарозе: Тарас праводзіў Сашу. Яны спусціліся ў метро, ды тут малады паэт прапанаваў раптам яшчэ выпіць. Дамоў у інтэрнат яму не хацелася, а Сашу не вельмі чакалі дома. Дый не было каму чакаць: маці працавала ў начную змену на хлебазаводзе.
Корбут застаўся задаволены праведзеным вечарам. Напрыканцы ён пакінуў Тарасу свой хатні тэлефон, а Сашы — адрас, бо тая збіралася ўзяць інтэрв’ю з ім для радыё.
«Прыгожыя хлопцы — прыгожыя вершы»,— так ён сказаў Цімашэнку наконт Тараса. А прыгожыя дзяўчаты? Леся прымусіла зашчымець яго даўно адвыклае ад эмацыйных усплёскаў сэрца сваім неверагодным падабенствам з Веранікай. У пад’ездзе, пры цьмяным міргаючым святле, гэта было не так заўважна, але на кухні, калі яны ўдваіх пілі гарбату, Корбут адчуваў Вераніку, а не Лесю. Хаця, можа, ён сябе заводзіць дарэмна, як гадзіннік, перабольшваючы нрысутнасць Лесі і яе падабенства. Што толькі не ўявіцца на п’яную галаву!
Але аб чым можна думаць у дачыненні да Лесі, калі ён, Корбут, годны ёй у бацькі? Аб чым можна думаць?
Мабыць, ён застаўся такім самым наіўным і рамантычным, якім быў і пятнаццаць гадоў таму, толькі на паперы пераўтвараючыся ў жорсткага, дужага мужчыну з непрабіваемым чэрапам. Ён жа такі, па сутнасці, як і яго малодшы калега Тарас Кутняк! Што не можа
ці не ўмее здзейсніць у рэальным жыцці, робіць на старонках раманаў і апавяданняў.
Корбуту прыгадаўся гатовы саскочыць з губ пацалунак там, на кухні, уначы, які так і не саскочыў па асабістай віне Лесі. Цікава, што б здарылася, калі яны ўсё ж пацалаваліся? Напэўна, у такім разе, Корбут не пасаромеўся б блізкасці дзяўчыны ў сваёй пасцелі, a раніцай баяўся б зірнуць ёй у вочы, зрэшты, як і Вадзіму, бо, па сутнасці, Лесю прывёў брат, значыць, ён нешта меў да яе, а Корбут толькі перашкодзіў.
I ўсё ж Леся прыцягвала яго, як магнітам. Так бывае; так было некалі і з Веранікай. Толькі тады Корбут не даразумеў, не дапяў цалкам сваіх пачуццяў, а калі апамятаўся — было позна.
...Прэм’ера «Цыганоў» адбылася на самым бліскучым узроўні. Выканаўцаў галоўных роляў Вераніку Берднік і Корбута выклікалі на біс тройчы. Вераніка ў вобразе Земфіры, адчуваючы непадробны трыумф, заслужаную перамогу, як актрыса, і гэта ў дэбютнай ролі, нагадвала казачную фею з «Тысячы і адной ночы». Да яе ног кідалі кветкі і нават грошы. Такога яшчэ Сяргей Міронавіч, рэжысёр, не бачыў. Калі апусцілася заслона і Корбут пацягнуў Вераніку за сабой у касцюмерную, глядацкая зала быццам звар'яцела. Маладыя «львы» сталіцы, як на амбразуру, рынуліся за кулісы, патрабуючы ўсмешкі чароўнай Земфіры. Хлопцы з трупы ледзь стрымлівалі натоўп, даходзіла ўжо да бойкі.
Сяргей Міронавіч нават сваім грамавым басам не мог супыніць скораны прыгажосцю і талентам актрысы мужчынскі кагал.
Спусціўся Корбут.
— Корбут! — пачуў ён тут жа знізу рэжысёра.— Цягні сюды Вераніку, пакуль яе фанаты ўвесь тэатр не разнеслі!
Корбут не прымусіў сябе чакаць. Ён пагрукаў у дзверы касцюмеркі са словамі:
— Ты пераапранулася ўжо?
— Пачакай, дай джынсы нацягну! — данеслася па той бок дзвярэй.— А што здарылася? — запытала дзяўчына, калі выйшла з займаемага памяшкання, зачыняючы за сабой дзверы. Джынсы і чорная навыпуск кашуля ніколькі не псавалі вобраз цыганкі Земфіры ў шыкоўнай спадніцы і валасамі, шоўкам раскіданых па спіне.
— Ідзі зірні сама,— позіркам паказаў Корбут уніз.— Цябе патрабуе сталічная залатая моладзь і іншыя ў гэтым родзе.
— Табе гэта не падабаецца? — задаволена ўсміхнулася Вераніка і нямоцна ўшчыкнула Корбута за шчаку.— Ці ты не задаволены, што за табой няма такога ж, толькі дзявочага, ажыятажу, га?
— He параўноўвай сябе са мной,— вырвалася ў Корбута, але ён ні кроплі не пашкадаваў.
Вераніка прамаўчала. Яна спусцілася да натоўпу, які ўжо адольваў лесвічны пралёт, што вёў у касцюмерную, ламаючы і падмінаючы пад сябе супраціўленне. Убачыўшы Вераніку, мужчыны супакоіліся. Ветліва, сквапна, пажадна, захоплена, раўніва, закахана пазіралі на яе, лавілі кожны позірк актрысы. Але вочы дзяўчыны глядзелі паўзверх. Побач з рэжысёрам ля ўвахода на сцэну з вялікім букетам белых ружаў (любімых кветак Веранікі) чакаў яе малады імпазантны светлавалосы і высокі чалавек. Проста стаяў і чакаў, не мітусіўся, не нерваваўся, хаця, можа, і нерваваўся, бо дзяўчына заўважыла, як ён кусаў вусны, пакуль яна спусціцца.