Шоўк
Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
— А, можа, паспрабуем, Сяргей Міронавіч? — не адводзячы позірку з ейнага твару, прамовіў Корбут.
— Ты ўяўляеш, у што мне гэта абыдзецца? — чамусьці выбухнуў рэжысёр.— Толькі на Ларысу колькі мы забамбілі часу, памятаеш?
— Я ведаю цалкам увесь тэкст,— паведаміла дзяўчына.
— Ды ведай ты хоць дзесяць тэкстаў! — не сціхаў рэжысёр.— Ты разумееш, што такое сцэна? Што такое пот? Калі пад пахамі толькі ў выніку аднаго выхаду смярдзіць, як...
— Сяргей Міронавіч!..— абарваў яго Корбут.
— I на самай справе, чаго гэта я? — нібыта апамятаўся рэжысёр.— Назавіце сябе! — звярнуўся раптам да дзяўчыны.
— Вераніка,— усміхнулася пераможна тая.— Вераніка Берднік.
— Берднік? — пераглянуліся рэжысёр з Корбутам. — Я малодшая сястра Ларысы,— дадала Вераніка. — М-да,— вымавіў рэжысёр.— А дзе вучышся? — Першы курс тэатральнага.
Рэжысёр зірнуў на Корбута, нібыта пытаючыся парады ў яго.
— Добра,— прамовіў ён пасля непрацяглай паўзы.— Паспрабуем. Для больш глыбейшага ўспрымання парэпетуем у касцюмах. Даю дзесяць хвілін на пераапрананне. Мікіта, час пайшоў!
.. .Вераніка паказала сябе даволі падрыхтаванай для той ролі актрысай. Корбут адчуваў сябе на сцэне з ёю не вядучым, а вядомым, хаця лічыўся ўжо даволі вопытным, маючы за спінай тры кінаролі ў партнёрстве з яшчэ невядомым тады Харацьянам, Корбутавым аднагодкам, дарэчы, Карачанцавым і Алісай Фрэйндліх.
Яму прарочылі шумны поспех і ўдалую кар’еру, як у Савецкім Саюзе, так і за яго межамі. Але ўжо тады, калі толькі-толькі Корбут пазнаёміўся з Веранікай, ён падумваў пра Афганістан, пра свой удзел у той вайне. Корбут кінуў Купалаўскі тэатр і пайшоў да Сяргея Міронавіча, паціху збіраючы рэчы ў далёкую дарогу. Але гэта потым. Спачатку была рапсодыя кахання...
Да Дома літаратара Корбут прыйшоў без пяці хвілін на шостую. Пакурыў ля ўвахода, пасля зайшоў у памяшканне, дзе каля лесвіцы яго сустрэў Цімашэнка — каранасты, сівавусы, з невялікім жывоцікам мужчынка.
Яньі парукаліся, і Цімашэнка павёў сябра за сабою ўверх па лесвіцы на трэці паверх.
Моладзі ў пакоі было багата, што вельмі ўзрадавала Корбута; радавала яго і тое, што большасць з прысутных — дзяўчаты, хоць яго раманы даволі жорсткія для ўспрыняцця. Пільны і назіральны позірк майстра адзначыў для сябе і вельмі прыгожага маладога чалавека, што сядзеў ля акна, бадай, адзінага сярод дзяўчат.
— Бачыш, Корбут,— ляпнуў па плячы Цімашэнка,— хлопцы вершы пішуць...
— Прыгожыя хлопцы павінны пісаць і прыгожыя вершы,— усё яшчэ пазіраючы на таго юнака, прамовіў Корбут.
— Так,— пагадзіўся Цімашэнка.— Тарас наш Кутняк сёння прыйшоў узрадаваны, вершы новыя Hani-
саліся,— кінуў позірк на прыгожага хлопца.— Аднак сядай, Мікіта,— прапанаваў Корбуту крэсла побач з сабой за рэдактарскім сталом.
Моладзь чамусьці падзялілася як бы на два лагеры. Дзяўчаты — з аднаго боку, хлопцы — з другога, калі не ўлічваць маладога паэта Кутняка, які знаходзіўся паміж.
Корбут не ведаў, што ім казаць, маладым, прыгожым, таленавітым, мабыць, многія з прысутных друкаваліся joko і неаднойчы, некаторыя займелі ўласныя зборнікі вершаў. Пачынаць з банальнага «як трэба пісаць», Корбут саромеўся, таму што сам не ведаў, як трэба. А пачні, гэтыя маладыя геніі абвергнуць яго з маланкавай хуткасцю, прыводзячы ў доказ свае творы.
На шчасце, пачаў гаворку Цімашэнка. Ён распавёў моладзі Корбутаву біяграфію і пра свае стасункі з ім, пакуль сам Корбут абмацваў сваім вострым прымружаным позіркам, нібыта пальцамі, кожны твар, кожныя вочы прысутных. Ён часта спыняўся на бездакорным, з правільнымі рысамі, твары Кутняка. Корбут ніколі не чуў і не чытаў яго вершаў, але па ўсёй яго паставе, па сумнай засяроджанасці вачэй адчувалася, што перад ім асоба, хай не паэт, але асоба. А гэта значней, чым...
Цімашэнка штурхануў яго плячом, вачыма загадваючы казаць што-небудзь. He для таго ж яго паклікалі, каб сядзеў, як слуп, а ім любаваліся б, быццам статуяй Свабоды, хаця гэта было б нядрэнна.
Аднак не паспеў Корбут вымавіць і слова, як узнікла першае пытанне, затым другое, трэцяе...
Пытанні задаваліся самыя розныя, нават пра інтымнае жыццё. Відаць, каму што баліць, пра тое і пытаецца.
Але сустрэча адбылася. Сустрэча спадабалася. Спадабаліся твары творчай моладзі, што нагадвалі лішні раз аб неўміручасці беларускай літаратуры.
— Ну як, ты задаволены? — спытаўся Цімашэнка Корбута, калі той падпісваў апошняй жадаючай сваю кніжку.
— Вельмі,— усміхнуўся Корбут, хаваючы асадку ў кішэню пінжака.
Яны засталіся ўдвух. Цімашэнка прапанаваў прыняць па маленькай, Корбут не адмовіўся.
— Яшчэ б,— смяяўся Цімашэнка, адкаркоўваючы бутэльку.— Калі такое было, каб Корбут адмовіўся выпіць!
— Я нават не ўяўляю, калі такое будзе,— у тон яму адказаў Корбут.— За што п’ем?
— Давай,— Цімашэнка задумліва падняў чарку,— за нашу моладзь. Усё-ткі гэта наша змена, Мікіта. А ведаеш, колькі мне псуе нерваў розная свалата з-за таго, што я моладдзю займаюся? Я не буду называць табе імёнаў, ты сам іх добра ведаеш... Ды і хрэн з імі...
— He забывай,— кульнуўшы чарку і вымаючы цыгарэты, прамовіў Корбут,— што літаратура — тая самая вайна, толькі на іншым узроўні.
— Так, гэта сумна,— хітнуў галавой Цімашэнка.— Але, Мікіта, я хачу сказаць табе па сакрэце,— разліваючы яшчэ па адной, працягваў ён,— самае болей праз месяц маладым будзе дзе друкавацца, акрамя «Маладосці». Хаця, што такое, па сутнасці, «Маладосць», калі пад рубрыкай «Упершыню» — друкуецца сарака—пяцідзесяцігадовы дзядзька.
— Цікава-цікава,— прыслухаўся Корбут.
— Мы адкрываем часопіс менавіта маладых, даючы магчымасць усім, каго ты сёння бачыў, сказаць сваё слова ў літаратуры. I яшчэ,— дадаў Цімашэнка,— ад цябе я б хацеў якое-небудзь апавяданне ці ўрывак з рамана на першы нумар. Я мяркую ў кожным нумары даваць аднаго-двух сталых аўтараў.
— He пытанне, Косця,— падняў чарку Корбут.— Патэлефануй, калі спатрэбіцца. Дарэчы,— задумліва
прамовіў ён, прымружыўшы па звычцы вочы,— што ты можаш сказаць пра Тараса Кутняка?
— Харошы хлопец, а што? — зацікавіўся Цімашэнка.
— Нічога,— усміхнуўся Корбут,— проста цікавая ў яго знешнасць.
— Прыгожы, нічога не скажаш,— згадзіўся Цімашэнка,— дзеўкі ў чаргу выстрайваюцца. Вершы таксама прыгожыя, калі хочаш ведаць, але вельмі адрозныя ад знешнасці аўтара. Змрочныя нейкія, закручастыя, цынічныя... у такія-то гады.
— I колькі яму?
— Чацвёрты курс філфака, значыць, гадоў дваццаць. Яго падборка будзе адкрываць першы нумар часопіса.
— Як ён будзе называцца хоць?
— Як выйдзе, пабачыш,— засмяяўся Цімашэнка.
— Добра, калі ты такі прымхлівы, змаўкаю...
...3 Дома літаратара выйшлі таксама ўдвух. Цімашэнку было ў іншы бок, дый жонка раўнівая чакала, не дазваляючы доўга дзе-небудзь бавіцца. Таму ён хутка развітаўся.
Корбут спыніўся на ганку, зашпільваючы куртку і падымаючы каўнер ад моцнага ветру і мокрага снегу. Павярнуўшыся спінай да ветру, запаліў цыгарэту.
Нацягваючы пальчаткі, ён заўважыў постаць непадалёк ад сябе, што, хаваючыся, цікавала за ім. Корбут прыкмеціў яе яшчэ, як развітваўся з Цімашэнкам, і чамусьці быў упэўнены, што постаць дзявочая.
— Што ж вы хаваецеся? — застаючыся на месцы, спытаўся Корбут.— Я не кусаюся. Выходзьце, пабалакаем, калі што.
Нетаропка, сумняваючыся, дзяўчына ў белым футры наблізілася да Корбута, не даходзячы, аднак, крокаў двух.
— 3 кім маю гонар? — ветліва спытаўся Корбут.
— Саша,— не адразу адказала дзяўчына, ці то баючыся Корбута, ці то саромеючыся.
— Алеся, значыць,— нібыта для сябе, адзначыў Корбут.— Прыгожае імя.
He,— запярэчыла дзяўчына.— Проста Саша.
— Ой,— весела ўсміхнуўся Корбут,— лісанька кіпцюрыкі выпусціла.
— I зусім не лісанька,— нібыта пакрыўдзілася Саша.— Хутчэй, кошачка.
— Шкада, што я не кот, адзначыў Корбут.— Але,— зірнуў на бяззорнае сіняе, як Сашыны вочы, неба,— стоячы на адным месцы, нядоўга замерзнуць. Хадземце куды-небудзь. Я так разумею, што вы дзеля гэтага чакалі мяне?
Саша не адказала, але прасунула сваю руку ў чырвоных пальчатках пад яго руку.
Дзяўчына падалася Корбуту сімпатычнай. Асабліва ўразілі доўгія бялявыя валасы, што падалі суцэльнымі хвалямі на плечы і вочы, сінія, як ноч, прычым разумныя.
He пытаючыся адно ў аднаго, яны павярнулі налева, перайшлі дарогу і накіраваліся ў парк Горкага.
Лянівыя сняжынкі, як парашутысты, спускаліся з неба, каб услаць сваімі крохкімі цельцамі магутнае цела зямлі. Шкілеты дрэваў у цёмных кутах здаваліся персанажамі фільмаў жахаў.
— Вы мяне зусім не помніце? — раптам спыталася Саша.
— Чаму, помню,— прамовіў Корбут.— Ты сядзела побач з прыгожым маладым паэтам, здаецца, Тарасам Кутняком.
— He,— засмяялася дзяўчына,— не ў гэтым сэнсе.
— А ў якім?
— He, гэта не важна.— На секунду Саша задумалася, затым спытала, нібы спахапіўшыся: — Я, мабыць, вас затрымліваю?
— Ды не, не вельмі,— здзівіўся Корбут.— Але, калі вы мяне выкралі, гэта можна і так назваць,— то ў чым прычына?
— Я... я прачытала нядаўна ваш раман,— раптам прамовіла Саша.
— Я ведаў, што зараз вы гэта скажаце! — рассмяяўся ад душы Корбут.— 1 як вам?
Цудоўна! — захоплена адказала дзяўчына.— Праўда! Толькі фінал мне не спадабаўся. Навошта вы ў кожным сваім рамане забіваеце галоўных герояў?
— Затым, што такая рэчаіснасць. Іншага выйсця няма.
— Гаворыце вы нейкімі штампамі,— заўважыла Саша.— Я таксама магла б так сказаць пра вашы раманы, але вы аўтар, а карыстаецеся тэрмінамі крытыкаў, чый слоўны запас не вызначаецца багаццем.
— Гэта цікава,— усміхнуўся Корбут.— Дзе вы вучыцеся, спадарыня?
— На філфаку, чацвёрты курс,— адказала дзяўчына.— А што?
— Нічога. Проста хацелася ведаць, з кім маю справу.
— I вы задаволены?
— На пяцьдзясят працэнтаў.
Белая сцяжына ў ранах ад абцасаў крута заварочвала да дзвюх лавак, пастаўленых адна насупраць другой, на якіх сядзелі, асядлаўшы, і стаялі побач, хаваючы за спіну аднаразовыя стаканчыкі з «Міражом» ці «Вермутам» маладыя літаратары, што паўгадзіны назад, з цікавасцю ці без, слухалі Корбута. Быў сярод іх і Тарас Кутняк. Ён адзін не засаромеўся набліжэння пісьменніка, выпіў, паставіў пустую тару на «дыпламат», на якім ужо месціліся батон і мінералка.
— Мікіта Міхайлавіч,— падышоў да Корбута Тарас,— не пагрэбуеце з намі выпіць?