Шоўк  Мікола Адам

Шоўк

Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
71.45 МБ
Корбут так задумаўся, што не заўважыў, як Вераніка падышла да яго і ўзяла за руку. Імгненна ўся нянавісць знікла, як дым.
Мне спадабаўся твой сённяшні настрой,— прамовіла дзяўчына.— Хацелася б, каб ён застаўся ў цябе надоўга.
— Мне таксама,— вымавіў Корбут. Як заварожаны ён пазіраў у яе вочы і адчуваў, што яшчэ крыху і не стрымаецца, моцна, па-дзікунску, прыцягне дзяўчыну да сябе і будзе цалаваць у... шакаладную плямінку над верхняй губкай.
— Тады,— сказала Вераніка,— прыходзь заўтра раней... — памаўчала,— калі зможаш.
У позірку, кінутым на Корбута, было ўсё: і каханне, і жаль, і сум, і расчараванне, і жаданне. Так яму, прынамсі, здалося. Нават руку Вераніка марудзіла пакідаць, яго руку, так таксама яму здавалася, перад тым, як зноў пайсці да свайго Віктара.
— У колькі? — дагнаў яе запознены ўскрык Корбута, усхваляваны і поўны надзеі.
— А пятай гадзіне,— азірнулася дзяўчына і падаравала самую чароўную ўсмешку, на пальцах паказаўшы час.
Корбут з прыемнасцю дакурыў.
Рабіць у тэатры яму больш не было чаго, бо Сяргей Міронавіч працаваў з масоўкай, чый выхад меў даволі значнас месца ў спектаклі, роўнае па значэнні з выхадам Корбутавага героя, а Віконта звялі нейкія дзеўкі.
Корбут вырашыў пайсці дамоў, у інтэрнат.
— Пачакай! — запыніў яго трубны бас рэжысёра.
Корбут павярнуўся да Сяргея Міронавіча, які ў чатыры крокі адолеў адлегласць, што першапачаткова падзяляла іх.
— Я не памылюся,— паклаў рэжысёр сваю мядзведжую лапу на Корбутава плячо так, што той ажно прысеў ад нечаканага цяжару,— калі скажу, што твая іпахондрыя з-за прадстаўніцы жаночага полу?
— Вы пранізлівы, як ніколі,— усміхнуўся Корбут.— Віконт ведаў аб гэтым з самага пачатку.
— He перапыняй, калі з табой старзйшы па ўзросце размаўляе,— не залюбіў Сяргей Міронавіч, але руку прыняў з пляча хлопца.— Я дайшоў да ўсяго сваімі метадамі і спадзяюся, што мая дэдукцыя не падвяла і гэтым разам.
— He старайцеся, Сяргей Міронавіч,— смяяўся з яго Корбут,— Шэрлака Холмса з вас не атрымаецца.
— Што за моладзь пайшла! — абурыўся не на жарт рэжысёр. Голас яго раскатамі пракаціўся па ўсім тэатры, напалохаўшы артыстаў масоўкі, якія пачалі прыслухоўвацца да размовы Сяргея Міронавіча з Корбутам. Устрывожаны маўчаннем на сцэне, рэжысёр павярнуўся да масоўкі: — У чым справа? Працуйце! Ці я за вас павінен працаваць? — I да Корбута: — Ты
яму слова, ён табе — дзесяць у адказ. Ты мне дасі сказаць ці не?
— Калі ласка.
— Я кораценька,— сказаў рэжысёр.— Імя дзяўчыны Вераніка, так? I ты меў нахабнасць закахацца ў яе, так?
Корбут сумна павесіў галаву.
— У чым справа? Гэта ж цудоўна! — усклікнуў Сяргей Міронавіч.— Яна на цябе таксама вока паклала.
— Што? — прыслухаўся Корбут.
— А чаго ты здзіўляешся? Мая дэдукцыя яшчэ ніколі не падводзіла. Толькі шмат не пі.
— He буду.
Седзячы ў аўтобусе ля акна, Корбут усміхнуўся з прыхаваным сумам у вачах, прыгадаўшы апошнія фразы цяпер ужо такога далёкага ўспаміну. Побач з ім села прыгожая дзяўчына з вельмі кідкім макіяжам у белым футрыку. Але вельмі хутка выйшла, праз два прыпынкі.
Загледзеўшыся на яе, прыгадваючы яе правільныя рысы твару, Корбут ледзь не праехаў свой прыпынак. Ён выйшаў ля гасцініцы «Мінск», каб вярнуцца назад да станцыі метро «Кастрычніцкая». Вядома, ён мог паехаць і іншым маршрутам. Напрыклад, сесці на 28-ы ці на 49-ы, альбо 107-ы аўтобусы, выйсці ля станцыі метро «Пушкінская», спусціцца ў метро і спакойна даехаць да плошчы Перамогі, праглядаючы свежы выпуск «Навін», але сеў на 40-ы, нічога не папішаш, падоўжыў шлях. Затое атрымаў узнагароду — Лесін пацалунак, пацалунак дачкі. Хаця ў глыбіні душы хацелася, каб Леся была кімсьці болып за дачку. Але гэта між іншым.
Як у тумане, з-за снежнай каламуці, праплывалі Валадарка, Цэнтральная кнігарня, ГУМ, Цэнтральны
ўнівермаг, пакуль нарэшце не паказаўся спуск у метро. Такім надвор’ем лепш было зусім не выходзіць з дому. Людзі натыркаліся адно на аднаго, як у цемры ўсё роўна, зрэдку лаяліся, часцей прабачаліся. 3 кім, зрэшты, не бывае?
«Што здарылася ў Кастуся Цімашэнкі?» — гадаў Корбут, стоячы на адной назе і ледзь трымаючыся мезінцам за парэнчы ў перапоўненым вагоне. Цягнік крануўся, і на плячах Корбута павісла нейкая дзяўчына.
— Прабачце,— сказала яна яму на вуха,— пхаюцца...
— Нічога,— ледзь сам трымаючыся на нагах, адказаў Корбут.
3 палёгкай уздыхнуў, калі ўжо выйшаў з метро і ўдыхнуў свежага, хоць і сырога паветра. Падзямелляў Корбут не любіў, нават калі тое падзямелле называлася «метро».
Цімашэнка ў сваім кабінеце быў адзін. Сядзеў за пісьмовым сталом, праглядаючы газеты. Жучыныя яго вусы варушыліся пад вострым, цікаўным. амаль жаночым носам.
— Здароў, Косця! — яшчэ ў дзвярах павітаўся Корбут.
— Заходзь, Мікіта! — зняў акуляры і папрасіў Цімашэнка, падымаючыся насустрач госцю.— Што гэта ў цябе на твары? — парукаўшыся, заўважыў шэрахаватасць скуры над і пад вачыма з белымі парушынкамі, падобнымі на перхаць.— Алергія нейкая?
— Угадаў,— прамовіў Корбут і падышоў да шафы з люстэркам.
— Здаецца, учора ж яе не было,— успомніў Цімашэнка.
— Надвор’е вінаватае,— сказаў Корбут, разгладжваючы пальцамі скуру пад вачыма.
— Ад гэтага скура не шалушыцца,— смяяўся Цімашэнка.
— Ды ідзі ты,— незалюбіў Корбут.— У мяне яшчэ з дзяцінства алергія на сырасць.
— Добра, добра, я жартую,— супакоіўся Цімашэнка.
— Чым парадуеш? — сеў у крэсла насупраць стала Цімашэнкі Корбут, расшпіліўшы куртку.
— Мне ўчора тэлефанаваў нейкі рэжысёр Дзмітры Зуеў,— прамовіў той, пільна ўзіраючыся ў вочы Корбута, скура пад якімі пачырванела і пайшла плямамі. Добра, што хоць барада больш-менш хавае гэтую чортаву алергію. Аднак Корбут ніяк не адрэагаваў.— Ён пытаўся пра цябе,— працягваў Цімашэнка,— і прасіў перадаць, што ў студзені наступнага года будзе ў Мінску.
— I што? — пасля непрацяглай паўзы прамовіў Корбут.— Гэта твая нетэлефонная размова? Толькі дзеля гэтага ты вымусіў мяне па такім надвор’і матацца па горадзе? Прабач, але ты ідыёт, Косця, і я разам з табой! — Корбут падняўся.— Бывай!
— Пачакай! — схапіў яго за руку Цімашэнка.— Няўжо табе незразумелы падтэкст паведамлення?
— Ніякага падтэксту я тут не бачу,— адвёў руку сябра Корбут, пачаў зашпільвацца.— А з гэтым рэжысёрам апошні раз я бачыўся пятнаццаць гадоў таму, і тады ён быў пасрэдным акцёрам.
— Ён быў тваім сябрам, наколькі я ведаю,— асцярожна прамовіў Цімашэнка.
— Быў,— пагадзіўся Корбут.— Толькі чамусьці,— ён павярнуўся тварам да твару Цімашэнкі, яго драпежны нос дрыжэў ад злосці, а шэрыя, хвіліну назад спакойныя, як мора ў час брызу, вочы і абыякава-цёплыя, як дрыгва, раптам займелі халоднасць сталі і бляск выцягнутага з похваў мяча.— Толькі чамусьці,— паўтарыў Корбут,— я ніводнага разу не бачыў яго, калі валяўся па медсанбатах і наноў вучыўся хадзіць. Мог
бы ён прыйсці проста даведацца, як мае справы, ці не падох яшчэ, як прыходзіў ты, ці не, калі ён сябар? Дык не, яму даражэй былі авацыі, слава, фестывалі і прыгожыя статысткі, што без размоў клаліся з ім у пасцель, разлічваючы такім чынам трапіць у кіно! Віконт запанеў да такой ступені, што забыўся аб сваім байстручным паходжанні і аб нашых адносінах разам! I ўсё з-за таго, што поспех яму прынесла Вераніка Берднік! Вераніка Берднік, разумееш ты мяне, Косця! Вераніка, якую я кахаў і кахаю ўсё жыццё!
Корбут змоўк, усё роўна, як абарваў песню на паўслове. Ён выйшаў у фае, падышоў да сметніцы, нервова чыркаючы запалкамі. Тры з іх зламаліся, пакуль падкурыў цыгарэту.
— Я не здзіўлюся,— ужо спакайней вымавіў ён,— калі Зуеў і з Веранікай пераспаў. Як казаў герой Баярскага, не памятаю, у якім фільме: «Шустрый да быстрый выйдет в мнннстры. С честью, с отвагой станет бродягой». Вось так, Косця.— Памаўчаў.— Тое, што Віконт збіраецца зрабіць зараз, ён павінен быў зрабіць даўно, калі я... хаця... не будзем аб гэтым.
Корбут шпурнуў недакурак у сметніцу, кінуў Цімашэнку «бывай» і хутка збег уніз па лесвіцы.
Цімашэнка некалькі разоў аклікаў Корбута, але той, напэўна, ужо быў за дзвярыма Дома літаратара.
Корбут тым часам прымусіў сябе супакоіцца. Урэшце, чаго расхваляваўся, ажно ціск падскочыў? Урачы забаранілі яму хвалявацца з-за раны ў галаве, але ж як тут застанешся спакойным, калі Віконт надумаў наведаць родны горад і старога сябра Корбута, ды яшчэ тэлефануе не асабіста сябру, а шукае пасрэднікаў? Хай прыязджае, яму што да гэтага? Ніводнага фільма Віконта ён не бачыў і не будзе глядзець прынцыпова. Хай хоць застрэляць і хай у кожным з іх выконвае галоўную ролю Вераніка!
Напамін пра Вераніку абудзіў застарэлы боль у сэрцы, нібы наноў адкрылася даўно загоеная рана. Корбуту стала так дрэнна. што захацелася плакаць. Ён і заплакаў ціха, па-мужчынску, аднымі вачыма.
V
Надвор’е сапсавалася, як і настрой.
Чым больш аддалялася Леся ад прыпынку, на якім Корбут пасадзіў яе на аўтобус, тым больш сэрца сціскалася ў нейкай невытлумачальнай самоце, быццам Леся страціла нешта каштоўнае, сваё, побач з Корбутам, самым загадкавым чалавекам з тых, каго яна ведала, з бязгучным яго смехам, калі смяюцца толькі вочы, а твар застаецца сур’ёзным.
Яна хацела вярнуцца назад і адначасова разумела. што зараз гэта немагчыма, як немагчыма проста так, знянацку, як стоп-кранам цягнік, спыніць гэты аўтобус, які вёз яе невядома куды. Леся не ведала, куды едзе. Па ідэі, яна магла на ім даехаць да свайго дома, але дамоў не хацелася.
Леся выйшла ля першай станцыі метро, што была па дарозе, даехала да «Аўтазаводскай», прайшлася колькі сот метраў пешшу да будынка, у якім меў уласную кватэру Арцём Кухарчык, той самы мастак, які вінен ёй дваццаць баксаў.
Непрыветлівы, абшарпаны, трохпавярховы дом на Катоўскага сустрэў Лесю абыякавасцю і халоднасцю, як і заўсёды. У невялікім дворыку з жалезнай горкі каталіся блізняты, хлопчык і дзяўчынка, непадалёк на лавачцы сядзела не старая яшчэ кабета, напэўна, маці, бо некалькі разоў запар прыкрыкнула на хлопчыка.
Яе Леся бачыла ўпершыню, у адрозненні ад дзяцей, але вітацца не стала ні з дзецьмі, з якімі заўсёды і пагаворыць, і пагуляе, ні з іх маці, якая, мабыць, і не заўважыла дзяўчыну, занятая сваім.
Голая алыча, як і звычайна, уявілася Лесі кінутай заплаканай жанчынай. У кожнага сваё бачанне, як кажуць.