Шоўк  Мікола Адам

Шоўк

Мікола Адам
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 366с.
Мінск 2013
71.45 МБ
— Якую касету? — падышоў я да падаконня, на якім пузаціўся прайгравальнік.
— Там ужо ўсё пастаўлена,— нервова прамовіла Насця.— Націсні «плэй» і выключы святло.
Я націснуў на «плэй», апарат запрацаваў, але дынамікі маўчалі. Разгублены, я павярнуўся да Насці. Яна перавярнулася на жывот, падтрымліваючы галаву рукамі, локці танулі ў вораху шоўка, нібы ў зыбучых пясках.
— Усё нармальна,— усміхнулася яна, аблізнуўшы вусны язычком, нібы ласка.— Хадзі да мяне... Выключы святло... Я хачу сказаць, што даўно не дзяўчынка...
— Можаш не тлумачыць, я даўно гэта зразумеў.
Нечакана мяне аглушыла вельмі моцная і цяжкая музыка, я ажно падскочыў. Гэта быў Курт Кабэйн.
— Ты ведаеш, як гэта робіцца? — намагаючыся перакрычаць музыку, пракрычала мне ў вуха Насця.
— Здагадваюся, у кіно бачыў...— прашаптаў я сам сабе.
...У тую ноч Насця спярша, нібы настаўніца, праверыла на што здатны я, пасля вучыла мяне ўсяму таму, што ведала і ўмела сама. Толькі пад раніцу мы заснулі. Прачнуўся я тады, калі сонца ўдарыла па вачах, нібы пугай. Насці побач не было. Відаць, яна ўжо прымала душ. Мне да млосці захацелася курыць. Я ўціснуўся ў джынсы і зайшоў на кухню. Адкрыў фортку і запаліў «прыміну».
3 клазета пачуўся характэрны гук зліўнога бачка, дзверы адчыніліся. Падцягваючы спартыўнае сіняе трыко з белымі лампасамі, на мяне глядзеў вусаты, што Сталін, дзядзька з голым торсам і татуіроўкай на плячы ў выглядзе змяі і кароны.
— Курыць у хаце нават я не дазваляю сабе,— прамовіў дзядзька.— На лесвічнай пляцоўцы — калі ласка.
Гэта быў Насцін бацька, не іначай. Яна гаварыла, што ён у камандзіроўцы, і я, як той дурань, спытаўся:
— Вы толькі што вярнуліся?
— Адкуль? — не зразумеў Насцін бацька.
— 3 камандзіроўкі...
— Я толькі што вярнуўся з прыбіральні, а гэта не адно і тое ж,— сказаў Насцін бацька і рэзка змяніў тэму. Ен паведаміў, што Насця пакінула мне цыдулку і дадаў ад сябе, што я доўга сплю. На маё пытанне, дзе сама Насця, яе бацька рассмяяўся мне ў твар і адказаў, што я, калі яшчэ буду так доўга спаць, прасплю ўсё на свеце.
5
— Я буду жыць доўга-доўга! Бачыш, якая ў мяне лінія жыцця на далоні? Пад дзевяноста, калі не болей. Прыгожай бабулькай, у коле шматлікіх унукаў і праўнукаў, я буду сядзець у крэсле і вязаць ім швэдары, шалікі і рукавічкі. Ану пакажы сваю далонь!.. Ведаеш, тваё жыццё кароткае будзе...
— Як перадсмяротны хрып?
— He, як песня цыгарэты.
6
Насця вучылася на трэцім курсе ва ўніверсітэце замежных моў на італьянскім аддзяленні. 3 цыдулкі, пакінутай ёю, я даведаўся, што пасля заняткаў яна, бліжэй да вечара, адразу прыедзе да мяне. Гэта радавала, але і засмучала адначасова, бо паміж днём і вечарам я не ведаў, куды сябе падзець. Ды нядоўга думаючы, рушыў на Захарава, па дарозе мяркуючы завітаць да выдатнага празаіка Андрэя Федарэнкі, які працаваў у часопісе «Полымя». На жаль, паразмаўляць з ім не ўдалося, бо, як мне паведамілі, Андрэй узяў адпачынак і з’ехаў разам з жонкай на Гомельшчыну. Нічога іншага не заставалася, як ісці ва ўніверсітэт замежных моў, які насупраць рэдакцыі, не таму, што ён быў побач, а таму, што захацелася есці, а, як вядома, любая навучальная ўстанова мела свой буфет.
Я ўзяў кавы і нейкія незразумелыя булачкі чырвонага колеру. У прынцыпе, кава таксама не была кавай, але гэта ўжо дэталі. I я піў каву, не адчуваючы ні смаку, ні задавальнення, нібы жуйку жаваў, з якой даўно ўцёк сок. Я ні аб чым не думаў, але не заўважыў, як да мяне падсеў Андрэй Шакель — мой даўні сябра, ён працаваў тут. Андрэй паклаў свой берэт на столік, расшпіліў скуранку і пазіраў на мяне глыбока пасаджанымі блакітнымі вачыма з-пад навесу броваў.
— Ты што, муху праглынуў? — спытаў ён толькі таму, што не любіў маўчаць. Увогуле, Андрэй называў сябе «артыстам гутарковага жанру» і падпрацоўваў ды-джэем на «Радыё-стыль».
— Што? — нібы з таго свету, незразумела зірнуў я на яго.
— Па-першае, спачатку павітацца трэба,— упікнуў Андрэй,— а пасля ўсё астатняе...
— У цябе ёсць нейкія прапановы? — абыякава спытаў я, таму што ўсе прапановы Шакеля я ведаў, як свае пяць пальцаў. Зараз ён пакліча мяне ў бар, што на другім паверсе ГУМа, за мой кошт. Я не памыліўся і адразу папярэдзіў, што грошай у мяне няма.
— Я частую,— ляпнуў ён мяне па плячах.
— Ты разбагацеў? — не паверыў я.
— Амаль. Дзядзька даслаў з Тамбова грошы.
Зразумела! Калі дзядзька насамрэч даслаў грошы, значыць, Шакель і сапраўды багаты. Пытанне, наколькі?..
— Ідзеш? — зірнуў ён скоса на мяне.
— А куды я падзенуся?..
He паспеў я вылезці з-за століка, як позірк зачапіўся за мае ж джынсы, апранутыя на Насці, што стаяла метрах у дзесяці ад нас і міла размаўляла з яшчэ адным маім сябрам, які праз некаторы час ахрысціць мяне «сябрам у двукоссі»,— Сержам Мінічам. У адрозненне ад Шакеля, які літаратурай не займаўся ніколі, толькі чытаў, Серж спрабаваў сябе і ў паэзіі, і ў драматургіі, зараз паспяхова аб’язджаў прозу малой формы. Маючы несумненны талент літаратара, Мініч усё адно пісаў дрэнна. Ен не разумеў, ці не хацеў разумець, што піша дрэнна, і працягваў у тым жа духу. Можа, ён і добра пісаў, я не ведаю, толькі мой пункт погляду на яго творчасць быў адмоўны. Колькі я не раіў яму паболей чытаць, ён ніколі не слухаў і казаў, што я ад зайздрасці так кажу. Добра, хай пацешыцца, можа, я і сапраўды зайздрошчу яму?..
Усміхаючыся ў свае кашачыя вусы, паядаючы Насцю крумкачынымі вачыма, Серж перамінаўся з адной крывой нагі на другую, слухаў, відаць, з вялікім задавальненнем Насцін голас. Менавіта голас, а не тое, што
тым самым голасам прамаўляла дзяўчына. Я ведаю, што Насцю немагчыма зразумець, затое голас ейны так заварожвае і замаражвае, што адмарозіць здатны толькі ейны ж смех, вельмі падобны на д’ябальскі.
— Ты чаго застыў? — спытаўся ў мяне Шакель.
— Ды так... — махнуў я рукой.— Пачапалі.
Я яшчэ паспеў угледзець, як Серж пацалаваў Насцю. Дзякуй богу, я яшчэ быў не п’яны, іначай наламаў бы дроў. Я проста прайшоў міма, прыкусіўшы губу. Яна мяне не заўважыла, таму што пасля пацалунку я пачуў той самы незабыўны ейны смех. Ёй было весела з Мінічам? А яму... часу не хапае на занятках гутарыць са студэнткамі, знаёмячы іх з гісторыяй айчыннай літаратуры, што ён клеіцца да іх у вольны час?.. Я не раўнівы, але да такой ступені захацелася напіцца, каб пасля даць волю рукам, каб крышыць і ламаць усё на сваім шляху.
Кропелька крыві скочыла, нібы ваверчаня, на падлогу, затым — другая, трэцяя... Я быў падобны на вампіра з пакусанай губой, з якой цякла кроў.
— Мікола, ты б гэта... — павярнуўся Андрэй да мяне,— памыў бы як-небудзь свой фэйс, a то ўвесь народ напалохаеш.
— Сумняюся,— злосна сплюнуў я кроў на падлогу,— наш народ ужо нічога не баіцца.
— Ну, усё адно непрыгожа ў такім выглядзе з’яўляцца ў грамадскім месцы...
— А хто сказаў, што я менавіта ў такім выглядзе з’яўлюся ў тваім паршывым, непрытульным бары, дзе нават курыць нельга!..
Я не ведаў, што са мной адбывалася. Дакладней, я разумеў, што злую і злосць утаймоўваю на ні ў чым не вінаватым Андрэі, ды нічога не мог з сабою зрабіць...
Кроў я не змыў. Размазаў рукою па твары, як індзеец, затым абсліненымі пальцамі абціраў. Андрэй
толькі паціснуў плячыма. Гэта самае меншае, што ён мог зрабіць, і бяскрыўднае, таму што яму хапіла розуму і пакруціць пальцам ля скроні, прынамсі, маёй.
На метро мы хутка даехалі да «Кастрычніцкай». He люблю метро. За тое, што дыхаць няма чым. Такое адчуванне, што жывым замураваны пад зямлёй, дый таўкатня гэтая... штурханіна... На злом галавы людзі пруцца ў вагоны, не даючы іншым выйсці, а пасля сварацца. Дарэчы, у такой цясноце вельмі зручна забіць чалавека пры дапамозе ўкола. Ніхто не заўважыць, а мёртвы чалавек яшчэ будзе стаяць. Ён грукнецца пазней, як манекен, і па ім пройдзе натоўп і нават не абернецца, каб паглядзець, на што наступіў. Падумаеш, адзін чалавек «капыты адкінуў». Адным меней, адным болей... Нехта спажыве болын паветра заміж яго...
А ў бары было душна. Што ў метро, што ў бары — усё адно. Да таго ж, і месцаў, як заўсёды, вольных не назіралася. Хаця не, Андрэй заўважыў, як з вуглавога століка ля самай сценкі прабіраліся да выхаду дзве парачкі, і ён ламануўся, пакуль не занялі, да аслабоненага месца, кінуў на крэсла сумку, куртку павесіў на спінку. Я не стаў распранацца, хоць было душна. Мяне калаціла, як у ліхаманцы, а перад вачыма стаяла Насця з запракінутай назад галавой і залівіста смяялася з мяне, трымаючы пад руку Мініча, які таксама пасміхаўся. Я моцна бразнуў кулаком па століку. Цудам не разбіліся пустыя пляшкі з-пад піва, пакінутыя нашымі папярэднікамі. Яны падскочылі, як салдаты на плацу, і скаціліся, пхаючы адна адну, нібы наперагонкі, баючыся некуды спазніцца, на падлогу, пад ногі мне гранатамі. Пластыкавыя сподкі са скамечанымі трохвугольнікамі сурвэтак не зварухнуліся з месца, нібы былі прылепленыя, а шклянку з нявыкарыстанымі сурвэткамі я паспеў утрымаць і паставіў на месца.
Шуму я нарабіў.
Абслугоўваючы персанал прыгразіў выклікаць ахову. Андрэй супакоіў усіх сваім языком, аб нечым «грузячы», а пасля пытаючы, ці ёсць халодная гарэлка? У рэшце рэшт, якая розніца, халодная яна ці цёплая, усё адно — гадасць, якую чамусьці з задавальненнем п’юць. He ведаю, як Андрэю, а мне без розніцы...
— Ты чаго буяніш? — паставіў Андрэй дзве шклянкі па сто грамаў гарэлкі на стол.
— Прабач, я не хацеў,— выціснуў з сябе.
— Ты не ў мяне прабачэння прасі, а ў тэхнічак, што тут прыбіраюць.
Андрэй зноў адышоў. Відаць, за рэштай. Я падняў пляшкі і аддаў іх прыбіральшчыцы, якая нават стол выцерла вільготнай анучкай, хоць ён і быў чысты. Яна не крычала і не сварылася на мяне. У ейным позірку я заўважыў толькі спагаду і разуменне, маўляў, з кім не бывае.
Андрэй вярнуўся з двума пластыкавымі стаканчыкамі, у якіх была празрыстая вадкасць з бурбалкамі.
— Гэта што, мінералка? — спытаўся я.
— Джын-тонік,— адгукнуўся Андрэй.— Ты б хаця дапамог мне ці што,— прамовіў пасля. Я падняўся, каб дапамагчы, але ён пасадзіў мяне назад: — Сядзі ўжо, гора!..
Андрэй яшчэ прынёс два гарачыя бутэрброды з каўбасой на пластыкавым сподку, тады ўжо сеў.
— За што п’ем? — падняў я шклянку, разглядаючы праз яе адным вокам свой палец, які набыў нечуваныя памеры і нагадваў удава. Калі я перастаў разглядваць яго праз шклянку, ён быў ужо звычайным пальцам, тым, якім паказваюць «фак», а затым за гэты паказ атрымоўваюць у лыч, праўда, вельмі рэдка, гледзячы на каго нарвешся...