• Газеты, часопісы і г.д.
  • Шоўк  Мікола Адам

    Шоўк

    Мікола Адам

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 366с.
    Мінск 2013
    71.45 МБ
    яе цыгарэты нейкім сімвалам, прынамсі, мне так падалося. А сама яна знешне нагадала Анжаліку Варум, расейскую спявачку, у лепшыя яе гады, а я на Агуціна не падобны ні кроплі.
    Насця была нікім у гэтым згуртаванні талентаў і амбіцый (апошняга больш), калі не ўлічваць статус малодшай сястры Вікторыі ці проста Торы, як яе называлі сябры і сяброўкі, вядучай актрысы Тэатра кінаактора.
    Я падсеў да дзяўчыны і сказаў, што сёння цудоўнае надвор’е. Яна запярэчыла. Я спытаў: чаму? Яна адказала: таму што ёй холадна і хутка заляскаюць зубы. Тады я прапанаваў сагрэцца «Крыжачком», дзяўчына прамовіла, што чакала ад мяне лепшага. Чаго лепшага? Невядома.
    — 3 вамі цяжка весці размову,— заўважыў я.
    — А я ўвогуле цяжкі чалавек,— не адмаўляла дзяўчына.
    — Можна праверыць, наколькі? — па-блазенску падміргнуў я ёй. Мне было весела, таму што я прыняў колькі градусаў і таму, што трапіў у добрую кампанію. Мне хацелася развесяліць гэтую адзінокую заблукаўшую душу...
    — Якім чынам? — не зразумела Насця.
    Вокамгненна я падхапіў дзяўчыну на рукі і закружыў на месцы. Яна змаўчала, а пасля ўзнагародзіла мяне дзвюма балючымі плюхамі і словамі, што я нявыхаваны, сапсаваны і прапашчы чалавек ды яшчэ і мярзотнік. Я запярэчыў, што гэта не я, што я — беларускі пісьменнік усяго... Яна спытала маё прозвішча, пачуўшы, сказала, што ніколі не тое што не чытала, а і не чула такога.
    — Што ж,— цяжка ўздыхнуў я,— вы многа страцілі. А можа, і нічога.
    Я павярнуўся да яе спінай, закурыў і пайшоў прэч.
    — Стойце! — прагучаў загад, нібы стрэл. Ды толькі мне было ўсё роўна. Яна больш не аклікнула і не дагнала мяне, чаго я, у прынцыпе, і не чакаў, а праз тры дні — такі сюрпрыз.
    .. .Яна сядзела на канапе (на якой зараз ляжаў я), падклаўшы пад локаць падушку, падкурчыўшы пад сябе і схаваўшы пад абарону шоўку ножкі, як золата ад злодзея.
    — Фі, Адам,— прамовіла Насця пасля даволі працяглай паўзы,— як смярдзяць твае вочы!
    — Яны яшчэ не так будуць смярдзець,— сказаў я,— пакуль ты не растлумачыш, што адбываецца?..
    — У жанчын — свае сакрэты! — адзначыла Насця. У наступны момант ейны халацік накрыў маю галаву, нібы покрыва — клетку з папугаем. Калі я сцягнуў яго з сябе, Насці на канапе ўжо не было. Яна ляжала ў ложку за шырмай, па шыю захінутая коўдрай, і чакала мяне. Але паміж намі нічога не адбылося. Я паспрабаваў пацалаваць дзяўчыну ў вусны, але яна так ушчыкнула мяне, што прапала ўсякая ахвота.
    Мы ляжалі побач і проста размаўлялі ні аб чым: пра зоры, якіх амаль не бачна, пра снег і вецер, пра дождж і завіруху, пра сонца і месяц, пра дзень і ноч, пра Кафку і Вулфа... пакуль, стомленыя, не засыналі.
    4
    — Насця! — паклікаў я дзяўчыну, але яна не адгукалася, зачыніўшыся ў ваннай. Верагодна, пакрыўдзілася, але я не адчуваў за сабой ніякай віны.— Насця! — зноў паклікаў я. Аднак дзяўчына маўчала. Я закурыў. Дым прыемна затуманіў мазгі, якія ўжо заплеснелі бескарыснымі думкамі. Дзверы ваннай адчыніліся. Насця грацыёзнай хадою кошкі падалася
    да мяне. Матава-бледны твар яе захоўваў непарушны спакой, нібыта нічога не здарылася, але кава вачэй здалася мне такой халоднай, гатовай выплеснуцца і замарозіць у імгненне ўсё жывое. Яна вырвала з маіх губ цыгарэту і зламала яе сутаргавым рухам пальцаў у попельніцы. Незатушаны цалкам попел разгарэўся зноў і задыміў. Дым падымаўся ўгару, як ад кубачка кавы — пара, толькі вось ад той кавы, якая мне падабалася, сыходзіў далёка не пахучы парочак. Насця, відаць, пачула, як я валэндаўся з запалкамі, таму і вызвалілася дачасна з добраахвотнага пастарунка. У мяне склалася ўражанне, што дзяўчына прыняла блізка да сэрца маю хваробу, бліжэй, чым я сам. Нашы позіркі, што сустрэліся, нібы два мячы ў бойцы, застылі ва ўпартай рашучасці і асабістай праваце, моцна самкнёныя вусны пакуль адмаўляліся ад ролі пасрэднікаў.
    Насця першаю апусціла вочы, якія адразу пацяплелі, і я прыкмеціў ледзь заўважны, як ад цыгарэты, дымок.
    — Табе нельга курыць,— стомлена прамовіла яна і села побач, узяла маю галаву ў свае цёплыя рукі з доўгімі нервовымі пальцамі.
    — Я ведаю,— згадзіўся я, абняўшы Насціны рукі сваімі, з жоўтымі ад цыгарэт пальцамі.
    — Тады навошта?..
    — Зразумей, што хутка, ні з таго ні з сяго, нічога не робіцца,— патлумачыў я.— Як бы я не хацеў, вось так адразу ніколі б не кінуў курыць. Ды й навошта? Як ні банальна гучыць фраза, што Адам без цыгарэты — не Адам,— гэта праўда.
    — Гэта глупства.
    — Магчыма. Толькі іначай не атрымаецца. I хопіць пра гэта. Я не збіраюся пакуль на той свет. Куды ты знікла раніцай ды яшчэ ў маёй кашулі?..
    Насця гладзіла мае валасы і не спяшалася з адказам. Мажліва, яна яго сачыняла, толькі я не хацеў чакаць, пакуль той адказ сфармулюецца ў звязны тэкст. Я вызваліўся з Насціных пяшчотных рук і падняўся з канапы...
    Учорашнія Насціны намаганні разбіліся, бы аб сцяну гарох. Яна хацела ведаць пра мяне ўсё, толькі ўсё пра сябе не ведаў нават я сам.
    — Навошта табе мая біяграфія? — пытаўся ў яе.— Няўжо нешта з гэтага зменіцца ў свеце? Стабілізацыя эканомікі ці ўсе народы раптам спыняць войны, зразумеўшы, што на працягу двух тысяч гадоў займаліся глупствам, і палюбяць адзін аднаго навечна? He.
    — Я пра цябе зусім нічога не ведаю,— цягнула сваё Насця,— акрамя самага горшага.
    — Тым лепш,— падсумаваў я.— У цябе ёсць магчымасць да гэтага горшага лепшае прыдумаць. Мы можам фантазіраваць разам.
    — Баюся, у мяне не атрымаецца,— прызналася Насця.— Калі я пачну фантазіраваць,— не хопіць часу, каб усё некаму выслухаць, калі я буду распавядаць, ні паперы, калі нешта запісваць.
    — Затое ты паб’еш рэкорд Томаса Вулфа.
    — Зараз так ніхто не піша. На тоўстыя кнігі няма ні грошай, ні часу, каб іх купляць і чытаць.
    — А ты запісвай на касету. I ніякіх праблем. На касету ці на дыск можна запісваць бясконца.
    — Мяне палічуць вар’яткай і ўпякуць у Навінкі,— усміхнулася Насця.
    — Я цябе буду наведваць па выхадных.
    — Сумняюся.
    — Чаму? — не зразумеў я.— He такі я ўжо і дрэнны чалавек...
    — He з гэтай прычыны.— Насця таямніча прымружыла вочы.— Месца ў Навінках хопіць і для цябе. Нашы палаты будуць знаходзіцца насупраць.
    — He,— запярэчыў я.— Мяне ў вар’яты ты не запісвай. Я-то пры чым?
    — А пры тым, што людзі, якія праслухаюць хаця б частку майго трызнення, запісанага на касету ці на дыск, зацікавяцца асобай, пра якую я распавядала, і будуць шукаць і пытацца адзін у аднаго, што ж гэта за чалавек такі з нестандартнымі паводзінамі і філасофіяй жыцця? Запросяць дасье з усіх устаноў, дабяруцца да інтэрнэту і вылічаць, што чалавек гэты — Адам, беларускі пісьменнік, якога толькі за адзін род дзейнасці неабходна ізаляваць ад грамадства, пакуль яно не захварэла на тую ж хваробу, што і вышэй названы чалавек. Яны пазвоняць у дзверы тваёй кватэры, ты не адчыніш, таму што будзеш заняты... За адзін толькі твой занятак яны без размоў апрануць на цябе смірыцельную кашулю і як самага буйнага вар’ята павязуць у машыне з закратаванымі вокнамі пад эскортам пяці велізарных медбратоў.
    Я з цікавасцю выслухаў Насціну гіпотэзу, але дазволіў сабе заўважыць, што яны ніколі не дазнаюцца аб тым, што я беларускі пісьменнік, таму што ў мяне няма ніводнай кніжкі, а часопісы такія людзі не чытаюць.
    — Ты забываеш, што я назвала інтэрнэт,— абяззброіла мяне Насця, але я не здаваўся і сказаў: нават калі яны даведаюцца, што я беларускі пісьменнік, каму яны больш павераць? Беларускаму пісьменніку ці голасу на касеце або дыску, што належыць невядома каму? На самай справе, на голасе ж не напісана, хто яго ўладальнік, да таго ж я буду абараняцца...
    — Ты не зможаш і пальцам паварушыць,— зноў «апусціла» мяне Насця,— таму што на табе будзе смірыцельная кашуля.
    — Дык што? — проста, каб штосьці сказаць, бо слоў я ўжо не знаходзіў, нібыта яны закаціліся, як капейкі, пад ложак да самай сценкі, дзе шмат павуціння і павукоў, сказаў я.
    — А тое, што палаты нашыя будуць насупраць,— нібы прысуд, вынесены суддзёю, прамовіла Насця,— будзь упэўнены. А калі сур’ёзна,— прамовіла пасля,— можаш мне нічога не распавядаць, я ўсё адно дазнаюся.
    — Якім чынам? — мне ўсё ж такі было цікава, асабліва тое, як яна здолела трапіць у маю кватэру, не маючы ад яе ключоў і не ведаючы, дзе я жыву? За сябе я не мог адказваць. Раней ці пазней я выбалбатаў бы ўсё пра сябе, толькі слухай, але не зараз, калі ўсё так ненадзейна і туманна, бы ў адкрытым акіяне, а на табе толькі выратавальны круг і колцамі вакол — акулы.
    — Табе скажы! — усміхнулася Насця.— Калі-небудзь сам даведаешся.
    — Калі-небудзь — гэта калі?
    — Калі-небудзь.
    Мы ляжалі ў адным ложку, на адной падушцы, укрытыя адной коўдрай, пры святле вісячай лямпы, толькі займаліся не адным. Насця выводзіла нейкія ўзоры на тварах Ван Дама і Бандэраса (таксама, як і халацік, пакінутых сястрой на сценах) указальным пальчыкам. Магчыма, малявала ім вусы або бароды, або і першае, і другое разам, а магчыма, пацалункі, сляды ад памады мностваў прыхільніц. Я, лежачы на жываце і ўтыркнуўшыся тварам у падушку, нібы ў пясок, глытаў сліну і час ад часу шморгаў носам, дзейнічаючы тым самым на нервы Насці, але нічога змяніць не мог. Прастуда не выбірае час і не пытаецца, калі ёй можна прыйсці ў госці. Як вайна, яна ўрываецца ў жыццё і здароўе чалавека неспадзявана і імгненна.
    — У цябе было шмат жанчын? — раптам спытала Насця.
    — Шмат,— не задумваючыся, адказаў я.
    — Я ведала, што менавіта такім і будзе твой адказ,— задаволена ўсміхнулася Насця.— I з усімі ты спаў? — спыталася.
    — Hi з адной,— зноў не задумваючыся, адказаў я.
    — Гэта як? — відаць, мой адказ здзівіў яе. Насця павярнулася тварам да мяне, і зараз мы дыхалі адно адному ў твар, удыхаючы пах кожнага асабіста, ад чаго кружылася галава і хацелася большага, чым проста ляжаць і займацца абы чым, толькі не тым, чаго абое жадаем з нечуванай прагай, але не можам сабе дазволіць вольнасці. He можам разняволіцца і адпусціць тармазы, бы ў аўтамабілі, адначасова, як у матацыкле, завёўшы матор, выціснуць на счапленні ўсё мажлівае.
    — Мяне з кожнай хапала толькі на некалькі дзён,— тлумачыў я.— Мы не паспявалі дабегчы ці дабрысці да ложка. Я іх выкарыстоўваў як удзячных слухачак, рэкламуючы самога сябе, упіваючыся ўвагай да сябе такіх прыгожых дзяўчат, на якіх заўсёды азіраюцца міма праходзячыя хлопцы і зайздросна думаюць: «Во пашэнціла казлу...» Калі мой запал высыхаў, як крыніца, мне ўжо нецікава было з той, каму я ўсё распавёў, ды й не было аб чым з ёю больш гаварыць, я пераносіў свой позірк на іншую, і паўтаралася тая ж карціна.