Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Майкл Говард
тЫУРМАЯ
Серыя Беларускага Фонду Сораса. Заснавана ў 1995 г.
MICHAEL C. HOWARD
CONTEMPORARY CULTURAL
ANTHROPOLOGY
FOURTH EDITION
HarperCollins College Publishers 1993
МАЙКЛ ГОВАРД
СУЧАСНАЯ КУЛЬТУРНАЯ АНТРАПАЛОГІЯ
Мінск
Незалежная выдавецкая кампанія «Тэхналогія»
Беларускі Фонд Сораса 1995 '
ББК 63.5
Г 57
УДК 397
Каардынатар с е р ы і Алесь Анціпенка
Кніга выдадзена паводле дамовы з HarperCollins College Publishers, 10 East 53rd Street, New York, NY 10022 U.S.A.
Навуковы рэдактар
Павел Церашковіч
Пераклалі з англійскай мовы
Ігар Карпікаў, Мікола Раманоўскі, Андрэй Шыманскі
Рэдактар перакладу
Мікола Раманоўскі
Пераклад зроблены з выдання:
Howard, Michael С.
Contemporary Cultural Anthropology. — 4th ed. — New York:
HarperCollins College Publishers, 1993. — 416 pp.
ISBN 985-6022-16-9
© HarperCollins College Publishers, 1993
© Пераклад. Беларускі Фонд Copaca, 1995
© Знак серыі. Ю. ГерасіменкаЖызнеўскі, 1995
© Вокладка. М. Анемпадзістаў, 1995
“Сучасная культурная антрапалогія” прапануе студэнтам змястоўныя і даступныя для ўспрыняцця ўводзіны ў соцыякультурную антрапалогію са сваёй канцэпцыяй разумення сучаснай цывілізацыі ў яе развіцці. Каб не адстаць ад зменаў у свеце і ў самой антрапалогіі і лепш азнаёміць студэнтаў з гэтай дысцыплінай, чацвёртае выданне істотна перапрацавана. Практычна кожны раздзел і кожная частка кнігі змяшчаюць новую інфармацыю, шмат што з астатняга матэрыялу перапісана нанава.
“Сучасная культурная антрапалогія” даследуе жыццё людзей ва ўсім яго багацці і складанасці, факусуючы ўвагу на паасобных пытаннях, што дапамагае ахапіць прадмет ва ўсёй яго шырыні. Чалавечыя культуры разглядаюцца ў гэтай кнізе ў экалагічным кантэксце. Такі падыход азначае разуменне чалавека як творчай істоты, што імкнецца адаптавацца да разнастайных умоў асяроддзя. У кнізе паказваецца, як людзі вырашаюць праблемы прыроднага асяроддзя, у тым ліку супярэчнасць паміж ростам насельніцтва і абмежаванасцю рэсурсаў.
Дзеля ілюстрацыі закранутых пытанняў я падабраў этнаграфічныя прыклады з самых розных культур. Асобныя народы разглядаюцца больш падрабязна, каб стварыць у студэнтаў цэласнае ўяўленне пра феномен культуры.
Каб зразумець культуру кожнага народа, трэба браць пад увагу і яго месца ў сучаснай сусветнай сістэме. Я падкрэсліваю, што ўсе грамадст-
вы свету складаюць адзіны сусветны арганізм, які ўвесь час развіваецца, і разглядаю розныя спосабы і ступені іх інкарпараванасці ў гэты арганізм. Далей я спрабую паказаць, як гэты працэс уплывае на розныя аспекты жыцця людзей.
Паколькі культуры розных народаў разглядаюцца ў няспынным развіцці, пытанні зменаў і акультурацыі не выдзелены ў асобны раздзел, a закранаюцца па ўсім тэксце. Гэтаксама (у адрозненне ад некаторых падручнікаў) і з пытаннямі полу; у “Сучаснай культурнай антрапалогіі” яны ўздымаюцца па меры неабходнасці, каб паказаць узаемасувязь названага аспекту культуры з іншымі.
Майкл Говард
Майкл Говард атрымаў ступень магістра мастацтваў у Мемарыяльным універсітэце ў Ньюфаўндлендзе ў 1973 г., калі завяршыў палявыя даследаванні сярод народа майя ў паўднёвым Белізе. Далей пад кіраўніцтвам антраполага Рональда Бэрндта ён пачаў даследаваць звычаі аўстралійскіх абарыгенаў, якія жывуць у гарадах, a таксама палітыку ўрадаў адносна абарыгенаў і ў 1977 г. атрымаў ва універсітэце Заходняй Аўстраліі ступень доктара філасофіі.
У 1976 г. д-р Говард вярнуўся ў ЗША на выкладчыцкую пасаду ў Дзяржаўным політэхнічным універсітэце Каліфорніі і распачаў працу над першым выданнем “Сучаснай культурнай антрапалогіі”. У 1978 г. у Х’юстанскім універсітэце, не адмаўляючыся ад вывучэння аўстралійцаў, д-р Говард зноў звярнуўся да цэнтральнаамерыканскай праблематыкі. Ён вывучаў змены, якія адбываюцца ў Белізе, і ўдзельнічаўудыскусіі вакол цэнтральнаамерыканскай палітыкі ЗША.
У 1981 г. д-р Говард перабраўся на Фіджы і пачаў працаваць у Школе сацыяльнага і эканамічнага развіцця пры Паўднёваціхаакіянскім універсітэце. Тут ён далучыўся да праекта адукацыі рабочых поўдня Ціхага акіяна, распачатага Міжнароднай арганізацыяй працы, быў кансультантам міжнароднага аэрапорта ў Фіджы па пытаннях супрацоўніцтва і распрацоўваў шэраг палітычных, эканамічных і працоўных тэм па Фіджы, Вануату, Саламонавых астравах, Науру і Кірыбаці. Апрача таго, ён падтрымліваў цесныя сувязі з даследчыцкім Праектам Універсітэта Сіднея, вывучаў праблемы рабочай сілы і транснацыянальных карпарацый у Індыі і зацікавіўся філіпінскай праблематыкай, якой потым займаўся доўга і грунтоўна.
Сувязь Говарда з рабочым рухам Фіджы абумовіла на пачатку 1987 г. раптоўны паварот у яго лёсе. Лідэр Рабочай партыі Фіджы, у якога Говард быў за асабістага дарадцу, атрымаў пасаду прэм’ерміністра. Праз чатыры тыдні адбыўся ваенны пераварот, і яго ўрад быў скінуты. Неўзабаве Говард з меркаванняў асабістай бяспекі вымушаны быў выехаць у Аўстралію. Там ён заняў пасаду выкладчыка ва Універсітэце Новага Паўднёвага Уэльса і заняўся лабісцкай дзейнасцю на карысць скінутага ўрада Фіджы.
3 1988 г. д-р Говард выкладаў ва Універсітэце Брытанскай К.алумбіі, а пазней ва Універсітэце Саймана Фрэзера, у якім ён і па
сёння прафесар факультэта сацыялогіі і антрапалогіі. У Канадзе ён таксама цікавіўся Фіджы і поўднем Ціхага акіяна і працаваў з вялікай супольнасцю мігрантаў і ўцекачоў з Фіджы. Але цэнтр яго даследаванняў з цягам часу перамяшчаецца ў Паўднёва-Усходнюю Азію: гэта і здабыча карысных выкапняў, і пытанні навакольнага асяроддзя, і этнічныя ўзаемаадносіны на Філіпінах, на яго рахунку таксама “сумесна з іншымі антраполагамі” шэраг праектаў у Тайландзе і Інданезіі.
Сярод іншых кніг Майкла Говарда — “Палітычныя змены ў вёсцы майя ў паўднёвым Белізе” (Універсітэт Паўночнага Каларада), “Абарыгены ў палітыцы Паўднёва-Заходняй Аўстраліі” (Выдавецтва Аўстралійскага універсітэта), “Палітычная эканомія на поўдні Ціхага акіяна. Уводзіны”, разам з Н.Плэнджам, С.Дуруталам, Р.Уітанам (Універсітэт Джэймса Кука), “Палітычная эканомія на поўдні Ціхага акіяна да 1945 г.”, разам з С.Дуруталам (Універсітэт Джэймса Кука), “Уплыў міжнароднай горнай прамысловасці на карэнныя народы” (Універсітэт Сіднея), “Фіджы. Раса і палітыка ў астраўной дзяржаве” (Выдавецтва Універсітэта Брытанскай Калумбіі), ‘Торная прамысловасць, палітыка і развіццё на поўдні Ціхага акіяна” (выдавецтва “Westview”). Пад ягонай рэдакцыяй выйшлі: “Справа Уайтфэла. Абарыгены ў аўстралійскай палітыцы” (Інстытут чалавека), “Абарыгены ў аўстралійскім грамадстве” (Выдавецтва Куінслэндскага універсітэта; Выдавецтва Гавайскага універсітэта), “Этнічнасць і нацыянальнае будаўніцтва на Ціхім акіяне” (Універсітэт Аб’яднаных Нацый), “Зробім гэта самі? Перспектывы аўтаноміі аўстралійскіх абарыгенаў. Зборнік у гонар Рональда і Катарыны Бэрндтаў” — разам з Р.Тонкінсанам (Аўстралійскі інстытут даследавання абарыгенаў), “Змаганне за развіццё. Зборнік памяні Эрнста Утрэхта” — разам з I. Уілрайтам (Універсітэт Саймана Фрэзера), “Другая мексіканская рэвалюцыя?” — разам з Д.Росам (Універсітэт Саймана Фрэзера).
Апошняя па часе кніга д-ра Говарда, напісаная ў суаўтарстве з Джанэт Д’юнэйф-Гатыс, — “Антрапалогія. Разуменне адаптацыі чалавека”.
Раздзел 1
УВОДЗІНЫ Ў АНТРАПАЛОГІЮ
Людзі — істоты надзвычай разнастайныя. Мы — рознага колеру, маем рознае аблічча, розныя манеры і гаворым на розных мовах, прытрымліваемся настолькі розных поглядаў, што часам нават цяжка даць веры, што ўсе мы — прадстаўнікі аднаго і таго ж біялагічнага віду. Але тым не менш мы аб’яднаныя супольнай біялагічнай спадчынай і шмат у чым падобныя адзін да аднаго.
Праз вывучэнне нашай біялагічнай і культурнай мінуўшчыны і параўнальнае вывучэнне існуючых грамадстваў антрапалогія як навука аб чалавеку імкнецца вытлумачыць, чаму і як людзі сталі такімі падобнымі і адначасова такімі рознымі. Галоўная мэта антрапалогіі — даць цэласную карціну чалавечага развіцця.
Гэтая мэта ахоплівае практычна безліч пытанняў па ўсіх аспектах нашага існавання. Што, напрыклад, робіць нас, людзей, людзьмі? Чаму адны людзі высокія, цыбатыя, тым часам як іншыя прысадзістыя, каржакаватыя? Чаму адны займаюцца земляробствам, а іншыя — збіральніцтвам? Усе гэтыя пытанні цікавяць антраполагаў.
ПРЫНЦЫПЫ АНТРАПАЛОГІІ
3 прычыны надзвычайнай шырыні прадмета даследавання антрапалогія падзяляецца на паддысцыпліны, кожная з якіх мае асобнае кола спецыялістаў. У гэтай кнізе мы ў першую чаргу звернем увагу на паддысцыпліны, у якіх вывучаюцца культурныя і сацыяльныя аспекты існавання чалавека. Такім чынам, усё ў антрапалогіі аб’яднана такімі агульнымі прынцыпамі, як універсалізм, халізм, інтэграцыя, адаптацыя і культурны рэлятывізм. Яны адрозніваюць антрапалогію ад іншых навук — напрыклад, ад гісторыі, псіхалогіі і сацыялогіі, якія таксама вывучаюць жыццё чалавека.
Універсалізм
Падставовым прынцыпам сучаснай антрапалогіі з’яўляецца прынцып чалавечага універсалізму: усе народы ў аднолькавай ступені
людзі. Незалежна ад таго, ідзе гаворка аб прадстаўніку народа сан, наваха або кельтаў, — усе яны належаць да аднаго віду. Ніводную з груп людзей нельга назваць “малпападобнай“ або больш развітай за іншыя. Паколькі ўсе людзі роўныя, антраполагам аднолькава цікавыя як бамбуці (пігмеі) разам з аўстралійскімі абарыгенамі, так і народы, якія жывуць у індустрыяльных дзяржавах Паўночнай Амерыкі і Заходняй Еўропы. Ніводная з груп людзей не з’яўляецца занадта малой або вялікай, закінутай або нецывілізаванай, ці занадта шэрай, каб іх абышлі ўвагай антраполагі. Усе чалавечыя істоты, якія існавалі раней і існуюць цяпер, з’яўляюцца аб’ектам іх навуковых даследаванняў. Кожны народ — каштоўная крыніца ведаў пра чалавека: пра тое, што азначае выжыванне з пункту гледжання культуры, пра яго сацыяльную і біялагічную спадкаемнасць. Кожны народ можа даць цікавы матэрыял аб патэнцыяльных магчымасцях чалавечага роду і аб межах гэтых магчымасцяў.
Халізм
Эканамісты вывучаюць сістэмы вытворчасці, абмену і спажывання. Палітолагі даследуюць асновы сацыяльнага парадку і супярэчнасці сацыяльных узаемаадносін, падзел і станаўленне заканадаўчай і выканаўчай улад. Другія навукоўцы абіраюць для паглыбленага вывучэння іншыя аспекты чалавечага існавання. Яны не толькі пранікаюць у сутнасць эканомікі і палітычнай арганізацыі грамадства, але імкнуцца таксама спасцігнуць яго рэлігію, правілы ўступлення ў шлюб, этыкет, мову, тэхніку, мастацтва, асаблівасці выхавання дзяцей, спецыфіку навакольнага асяроддзя. Яны таксама цікавяцца як мінуўшчынай грамадства, так і яго сучасным становішчам. Канцэпцыя халізму, у межах якой існаванне чалавека разглядаецца як цэласная і складаная з’ява, улічвае таксама біялагічныя і культурныя аспекты гэтага існавання. Такім чынам, антраполагі цікавяцца фізічнымі характарыстыкамі народаў мінулага і сучаснасці з тым, каб усебакова разгледзець умовы існавання чалавека.