Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Антрапалогія як навука займаецца сістэматычным назіраннем і класіфікацыяй фактаў, а таксама інтэрпрэтацыяй разнастайных працэсаў у грамадстве. Навуковы метад складаецца з трох асноўных момантаў: вылучэння гіпотэзаў, высвятлення спосабаў пацвярджэння гэтых гіпотэзаў і, урэшце, іх праверкі. Другі аспект антрапалогіі як навукі — усведамленне таго, што пошукі навуковай інтэрпрэтацыі — вельмі працяглы і цяжкі працэс, які складаецца з цэлага шэрагу дробных этапаў. У сувязі з гэтым для антрапалогіі характэрна наяўнасць розных поглядаў і меркаванняў. Да гэтага трэба дадаць, што працэс навуковага пазнання ўяўляе сабой працэс эвалюцыі ідэй. Па меры таго як вучонымі ствараюцца новыя метады і назапашваецца большая колькасць інфармацыі, узнікаюць новыя ідэі і ўдасканальваюцца або адхіляюцца папярэднія.
Антрапалогія падзяляецца на чатыры паддысцыпліны. Біялагіч-
ная антрапалогія засяроджвае ўвагу на біялагічных аспектах чалавека. Усе яе падраздзелы скіраваны на два асноўныя аспекты даследавання: эвалюныю чалавека і біялагічную разнастайнасць чалавецтва. Археалогія — гэта даследаванне культуры і быту старажытных народаў праз матэрыяльныя каштоўнасці, якія рознымі шляхамі ўсё ж дайшлі да нас. Лінгвістычная антрапалогія аналізуе ўзаемадзеянне і перадачу фактараў культуры людзей пры дапамозе мовы. Яе паддысцыпліны — дэскрыптыўная лінгвістыка, гістарычная лінгвістыка і навука аб мове і культуры.
Соцыякультурная антрапалогія аналізуе сацыяльныя, сімвалічныя і матэрыяльныя аспекты жыцця сучасных і параўнальна блізкіх да нас у гістарычных адносінах грамадстваў. Паколькі прадметам даследавання соцыякультурнай антрапалогіі з’яўляецца чалавечая супольнасць. цэнтральнае месца ў ёй займае азначэнне культуры як традыцыйных спосабаў арганізацыі паводзін і мыслення груп людзей ва ўмовах пэўнага навакольнага асяроддзя. Найбуйнейшая галіна соцыякультурнай антрапалогіі з яе разнастайнымі тэарэтычнымі пасылкамі і шматлікімі формамі спецыялізацыі — гэта этналогія, для якой характэрна сістэмнае і параўнальнае вывучэнне розных тыпаў існуючых і гістарычна блізкіх да нас культур, а таксама працэсаў, якія адбываюцца або адбываліся ў грамадствах.
ЛІТАРАТУРА ПА ТЭМЕ
Bowen, Elenore Smith. Return to Laughter. New York: Doubleday/ Anchor, 1964 (Africa).
Ehlers, Tracy Bachrach. Silent Looms. Boulder, CO: Westview, 1990 (Guatemala).
Fernea, Elizabeth. Guests of the Sheik. New York: Doubleday/Anchor, 1969 (Middle East).
Goldstein, Melvyn C., and Cynthia M. Beall. Nomads of Western Tibet. Berkeley: University of California Press, 1990.
Liebow, Elliot. Tally’s Cornet. Boston: Little, Brown, 1967 (United States).
Read, Kenneth. The High Valley. New York: Columbia University Press, 1980 (Papua New Guinea).
Ruesch, Hans. Top of the World. New York: Harper & Row, 1950 (Arctic North America).
Siskind, Janet. To Hunt in the Morning. New York: Oxford University Press, 1973 (South America).
Thomas, Elizabeth Marshall. The Harmless People. New York: Vintage, 1959 (Southern Africa).
Tonkinson, Robert. The Mardudjara Aborigines. New York: Holt, Rine­hart and Winston, 1978 (Australia).
Turnbull, Colin. The Forest People. New York: Doubleday/Anchor, 1962 (Central Africa).
Wikan, Unni. Life Among the Poor in Cairo. London: Tavistock, 1980 (Egypt).
Wilson, Carter. Crazy February. Berkeley: University of California Press, 1974 (Southern Mexico).
Раздзел 2	
РАЗВІЦЦЁ
СОЦЫЯКУЛЬТУРНАЙ
АНТРАПАЛОГІІ
Антрапалогія — гэта не статычная дысцыпліна з нязменнымі ўяўленнямі аб тым, хто такія людзі і чаму яны думаюць і паводзяць сябе так, а не інакш. Яна, як і ўсе іншыя акадэмічныя дысцыпліны, увесь час развіваецца і ўдасканальваецца. Антрапалагічныя ідэі звычайна адлюстроўвалі грамадскі клімат: калі адбываюцца змены ў грамадстве, мяняюцца і погляды антраполагаў. Напрыклад, да нядаўняга часу шмат антраполагаў ігнаравала ці прыніжала ролю жанчыны ў грамадстве. Аднак паступовае зніжэнне актыўнасці мужчын на Захадзе ў апошнія дзесяцігоддзі выклікала пераацэнку антраполагамі месца жанчыны і ў іншых грамадствах і вымусіла іх перагледзець ранейшае стаўленне да гэтай праблемы. Цяпер антраполагі спрабуюць больш аб’ектыўна акрэсліць становішча жанчыны і, такім чынам, даць больш аб’ектыўную і цэласную карціну свету.
Але антрапалогія ўзнікла не толькі як дзівацтва пэўнай эпохі: яе фарміраванню як навукі садзейнічала паступовае назапашванне і праверка ведаў і ўяўленняў аб чалавецтве. Менавіта дзякуючы назапашванню аб’ектыўнай інфармацыі аб побыце і вераваннях народаў, а таксама ў выніку няспынных даследаванняў і дэталёвай распрацоўкі канцэпцыі чалавечай культуры антрапалогія развілася да ўзроўню акадэмічнай дысцыпліны і прафесійнага занятку.
Якім жа чынам соцыякультурная антрапалогія ператварылася ў прафесію і сістэму ідэй? У гэтым раздзеле мы ўбачым, як развівалася гэтая навука: ад формы баўлення вольнага часу еўрацэнтрычна арыентаваных аматараў, якія збіралі звесткі аб экзатычных звычаях абарыгенаў, да прафесіі высокакваліфікаваных спецыялістаў міжнароднага класа, сфера інтарэсаў якіх — усё чалавецтва. Мы таксама прасочым, як ідэі соцыякультурнай антрапалогіі з дастаткова наіўных меркаванняў аб эвалюцыі чалавека развіліся да непараўнальна больш складаных спроб вытлумачыць тое, як мы ставімся да жыцця ў свеце вакол нас. Гісторыя развіцця гэтых ідэй, вядома ж, яшчэ не скончана. Навука аб чалавецтве па-ранейшаму ідзе шляхам пошукаў і адкрыццяў.
ПАЧАТАК АНТРАПАЛОГІІ
I ЭВАЛЮЦЫЯНІЗМ
Хоць карані соцыякультурнай антрапалогіі заглыблены ў гісторыю і інтэлектуальную традыцыю заходняй культуры з часоў Старажытнай Грэцыі, сама яна як самастойная галіна ведаў пачала афармляцца толькі ў сярэдзіне XIX ст. У той час яшчэ не было прафесійных антраполагаў, але колькасць даследчыкаў, якія цікавіліся ўзаемаадносінамі паміж рознымі “расамі” і параўнаннем звычаяў экзатычных народаў, няўхільна павялічвалася.
Бадай што хрэстаматыйным прыкладам этнографа-аматара XIX ст. з’яўляецца англійскі даследчык Рычард Бартан (1821-1890), які зрабіў, пераапрануўшыся арабам, падарожжа ў Мекку і браў удзел у абмеркаванні пытання аб вытоках Ніла. У 1863 г. Бартан разам з Джэймсам Хантам арганізаваў Лонданскае антрапалагічнае таварыства, якое было папярэднікам Каралеўскага антрапалагічнага інстытута Вялікабрытаніі і Ірландыі. Для Бартана яго асацыяцыя была ў нейкай меры альтэрнатывай такім навуковым суполкам, як Каралеўскае геаграфічнае таварыства. Яны з Хантам заснавалі таксама «Канібальскі клуб», які ладзіў абеды пасля пасяджэнняў іхняга таварыства і прыцягваў да сябе самых розных нонканфармістаў. Пішучы пра місію Бартана ў Каралеўстве Дагамея (1863-1864), яго бібліёграф Байран Фарвэл [Farwell, 1990, с. 226] адзначае, што з усіх магчымых у той час дыпламатычных пастоў ніводны яму не адпавядаў. У сапраўднасці Бартан быў “вандроўным паслом у краіны варвараў”. He без жадання шакіраваць надзьмутых віктарыянцаў Бартан часта выступаў абаронцам “варварскіх” звычаяў іншых народаў — напрыклад, абараняў ісламскую практыку палігаміі. Ён даводзіў, што «манагамія, палігамія і паліандрыя — гэта справа геаграфіі» і што палігамія — гэта натуральная рэакцыя на «гарачы і засушлівы клімат» [Farwell, 1990, с. 101], Аднак калі этнаграфічныя назіранні Бартана былі вельмі дакладнымі, то яго тэарэтычныя абагульненні часам далекаватыя ад навукі.
Апрача Лонданскага, у сярэдзіне XIX ст. антрапалагічныя таварыствы былі заснаваны і ў шэрагу іншых заходнееўрапейскіх сталіц. Сябры гэтых асацыяцый падзялялі думку аб тым, што нееўрапейскія народы — каштоўны аб’ект вывучэння, але разыходзіліся ў пытанні, ці ўсе народы павінны разглядацца як “сапраўды людскія” (ці не лепш лічыць іх формай вышэйшых прыматаў) і чаму людзі выглядаюць і паводзяць сябе па-рознаму. Згодна з папулярнай у той час тэорыяй крэацыянізму, людзі былі створаны як узор дасканаласці, але пасля выгнання з Эдэма яны дэградавалі. Прыхільнікі
гэтай тэорыі сцвярджалі, што некаторыя народы (гэта значыць — нябелыя) заняпалі ў значна большай ступені, чым астатнія. Паводле другой тэорыі, хрысціянскі Бог ствараў розныя расы паасобку. A гэта азначае, што не існуе ніякай праблемы ў тым, што афрыканцы адрозніваюцца ад еўрапейцаў, як не ўзнікае пытання, чаму тыгры такія непадобныя да малпаў. Галоўны недахоп абедзвюх тэорый у тым, што яны абапіраліся на тэалогію, а не на навуку, на заходнія рэлігійныя традыцыі, а не на сістэматычныя даследаванні.
Больш навуковы і гуманістычны падыкодда вывучэння чалавека быў прапанаваны школай, вядомай як эвалюцыянізм, Прыхільнікаў гэтай школы натхнялі эвалюцыйныя тэорыі, што добра зарэкамендавалі сябе ў геалогіі (напрыклад, у працах Чарльза Лаела) і ў біялогіі (у Жана-Батыста Ламарка) на самым пачатку XIX ст. Эвалюцыяністы — даследчыкі культуры сцвярджалі, што ў чалавечым грамадстве, як і ў жывёльным свеце, на працягу доўгага часу адбываюцца трансфармацыі, калі “прымітыўныя” стадыі развіцця культуры пераходзяць у больш “развітыя”. Гэтых першых антраполагаў называюць адналінейнымі эвалюцыяністамі за іх сцвярджэнне, што ўсе культуры абавязкова праходзяць адны і тыя ж ступені адзінай генеральнай лініі развіцця — ад “дзікунства” да “цывілізацыі”. Сучасныя дзікуны разглядаліся імі як жывыя выкапні культуры. Гэтая тэорыя была надзвычай важнай для свайго часу, паколькі яна абгрунтоўвала неабходнасць вывучэння нееўрапейскіх народаў. Такія даследаванні ўспрымаліся як сродак здабывання новых ведаў аб мінулым сваёй уласнай культуры.
Канцэпцыя эвалюцыі ў культуры, не зважаючы на тэалагічную догму, стварыла магчымасць для сістэматычнага вывучэння прыроды чалавека. Акрамя таго, эвалюцыяністы дакладна вызначылі розніцу паміж біялагічна спадкаемнымі характарыстыкамі і набытымі сацыяльна — праз навучанне. Дакладнае размежаванне біялагічнай і культурнай сфераў дапамагала вырашыць фундаментальнае пытанне пры даследаванні развіцця чалавека: чаму мы ўсе такія падобныя і ў той жа час такія розныя? Эвалюцыяністы прызнавалі існаванне біялагічных адрозненняў па колеру скуры, форме вока ці будове валасоў. Але яны цвёрда прытрымліваліся прынцыпу псіхічнага адзінства, згодна з якім ва ўсіх людзей аднолькавыя разумовыя здольнасці. Яны сцвярджалі, што найбольш істотныя адрозненні паміж людзьмі абумоўлены сацыяльным асяроддзем, а не біялогіяй.