Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Культура і асабовасць
Структурны функцыяналізм развіваўся пераважна ў Англіі, хоць прыхільнікі яго былі і ў Паўночнай Амерыцы. У Злучаных Штатах з’ява культурнай інтэграванасці стала аб’ектам хутчэй псіхалагічных, чым сацыялагічных пошукаў. Новая антрапалагічная школа атрымала назву “культура і асабовасць”. Сцвярджалася, што людзі набываюць пэўныя асабістыя рысы праз дамінаванне пэўных ма-
ральных прынцыпаў сваёй культуры. Важным для фарміравання гэтага падыходу стала вывучэнне ролі прыроды і выхавання ў развіцці чалавека, а менавіта — дзе знаходзіцца мяжа, што падзяляе нашы біялагічна спадкаемныя паводзіны і набытыя ў працэсе навучання.
Франц Боас асноўнае значэнне ў фарміраванні індывіда надаваў культуры (выхаванню). Даследаванні ў гэтым напрамку належалі групе яго паслядоўнікаў, сярод якіх была і Маргарэт Мід — найбольш вядомы антраполаг сярод непрафесіяналаў. Маргарэт Мід (1901-1978) імкнулася спалучыць псіхалогію з даследаваннем культуры, звяртаючы асноўную ўвагу'на тыя спосабы, праз якія дзеці “навучаюцца” і далучаюцца да роднай культуры. У сваёй класічнай працы “Надыход даросласці на Самоа ” [Mead, 1928] яна паспрабавала паказаць, як пэўныя метады выхавання дзяцей стваралі адпаведныя тыпы характараў сярод дарослых. Даследчыца сцвярджала, што агульнавядомыя цяжкасці пераходнага ўзросту зусім неабавязкова маюць месца ў такіх грамадствах, як Самоа, дзе, як яна лічыла, за вялікую каштоўнасць уважаецца такая рыса характару, як імкненне да згоды, і падтрымліваецца талерантнае стаўленне да пытанняў сексу.
Другая вучаніца Боаса, Рут Бенедыкт (1887-1948), — таксама прыхільніца падыходу “культура і асабовасць”— прынесла ў антрапалогію досвед сваёй працы ў іншых гуманітарных дысцыплінах. Яна сцвярджала, што культура набывае свой непаўторны стыль, выбіраючы з мноства патэнцыяльных варыянтаў, падобна таму як асоба фарміруе сваю індывідуальнасць. На думку даследчыцы, усе культуры могуць быць ахарактарызаваны адпаведна таму, якія з гэтых варыянтаў былі імі ўспрыняты. Пазней Рут Бенедыкт даводзіла, што тыя аспекты ў культуры, якія супярэчылі генеральнаму накірунку, не развіваліся да таго часу, пакуль да іх не прыстасоўвалася ўся сістэма.
Найбольш вядомае даследаванне Рут Бенедыкт “Мадэлі культуры” [Benedict, 1934] развівае некаторыя з гэтых тэзаў. У якасці прыкладу апалонаўскага тыпу культуры яна прыводзіла племя зунья амерыканскага Паўднёвага Захаду, якое дэманстравала схільнасць да кампрамісаў і пазбягала псіхалагічных і эмацыянальных эксцэсаў. Да другога тыпу культуры, дыянісійскага, яна залічвала племя квакіютль на паўночна-заходнім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі. Для людзей дыянісійскага тыпу характэрны ўзбуджанасць, пачуццё страху і небяспекі.
Даследаванне нацыянальнага характару стала арганічнай часткай накірунку “культура і асоба”. Яно ўключала выяўленне асаблівасцяў
азначаных Рут Бенедыкт тыпаў культуры, якія ў сваю чаргу характарызавалі псіхічны склад розных народаў. Набыткі ў гэтай галіне сталі асабліва важнымі падчас другой сусветнай вайны, калі ўрад Злучаных Шгатаў выкарыстоўваў іх вынікі, каб улічыць псіхалагічныя асаблівасці народаў, якія прымалі ўдзел у гэтай вайне. A найбольш уплывовай стала кніга даследчыцы “Хрызантэма і меч” (1946), якая адыграла сваю ролю ў апраўданні рэстаўрацыі імператарскай улады ў Японіі, да чаго спрычынілася амерыканская адміністрацыя.
Антрапалагічны падыход “культура і асабовасць” не парываў канчаткова з прыродазнаўча-гістарычнай музейнай традыцыяй. Ён уяўляў сабой спалучэнне тыпалагічных акцэнтаў натуральна-гістарычнай школы і ідэй сучаснай псіхалогіі. Характэрная для натуральна-гістарычнай школы тэндэнцыя пошуку тыпалогіі была перанесена з матэрыяльнага аспекту культуры на галіну псіхалогіі.
Крытыка азначанага падыходу стала асабліва адчувальнай к пачатку 50-х гадоў. Прапанаваныя Рут Бенедыкт і іншымі прыхільнікамі гэтага накірунку катэгорыі былі празмерна спрошчанымі і разглядалі культуры ў адрыве і ад рэальнай гісторыі, і ад усяго астатняга. Напрыклад. Дуглас Хейрын сцвярджаў: каб зразумець такую рысу японца, як паслухмянасць, дастаткова прызнаць, што рыса гэтая ёсць вынік стагоддзяў існавання ў паліцэйскай дзяржаве,' а не даследаваць пры гэтым такія спецыфічныя рэчы, як японская культура гігіены [Haring, 1949). Апроч таго, не варта катэгарычна сцвярджаць пра існаванне адзінага псіхалагічнага тыпу для ўсяго грамадства.
СПЕЦЫЯЛІЗАЦЫЯ: АД ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ ДА НАШЫХ ДЗЁН
К канцу другой сусветнай вайны ў 1945 г. ужо былі распрацаваны асноўныя метады, што характарызуюць антрапалогію. Нееўрапейскія народы перасталі быць загадкай для антраполагаў, а іх культуры вызнаваліся як цэласныя і абгрунтаваныя. У гэты час пачалі ўзнікаць новыя накірункі ў антрапалагічнай тэорыі і новыя галіны спецыялізацыі, што было абумоўлена значным павелічэннем ліку прафесійных антраполагаў. У першай палове XX ст. іх было так мала, што большасць з іх добра ведалі адзін аднаго: амаль усе выйшлі з падобнага культурнага і класавага асяроддзя. Пасля другой сусветнай вайны колькасць антраполагаў значна павялічылася, і яны пачалі прадстаўляць куды больш шырокія соныяэканамічныя і культурныя пласты грамадства.
Сёння ў свеце тысячы антраполагаў, і ў кожнага з іх свой шлях у прафесію, свае інтарэсы. Супольнымі намаганнямі яны ствараюць навуку шматлікіх і разнастайных поглядаў, падыходаў і спецыяльнасцяў. Эра піянераў этнаграфіі, што адкрывалі невядомыя народы, ужо ў мінулым. У наш час найбольш сенсацыйныя адкрыцці чакаюць антраполага на шляху перагляду старых тэорый, іх прыстасавання да новых рэалій жыцця і паглыблення ў невычэрпныя глыбіні пазнання.
На сучасную антрапалогію ўплывае і тое, што адбываецца за яе межамі. Пасля другой сусветнай вайны значна пашырыліся культурныя кантакты. Народы, дагэтуль вельмі слаба звязаныя з індустрыяльным светам, неўзабаве былі далучаны да сусветнай эканомікі і інтэграваны ў новаствораныя нацыянальныя супольнасці. Для многіх нееўрапейскіх народаў апошнія дзесяцігоддзі сталі гадамі велізарных сацыяльных зменаў і пераўтварэнняў. Гэтыя гады сталі напружанымі і для заходняга свету. Энергетычны крызіс, забруджванне навакольнага асяроддзя, перабудова камуністычнага лагера — усе гэтыя фактары вымушаюць перагледзець нашы каштоўнасці і звычаі. Невыпадкова сучасная соцыякультурная антрапалогія шмат увагі надае даследаванню культурных зменаў.
Неаэвалюцыянізм
На пачатку XX ст. цікавасць да праблем культурнай эвалюцыі значна зменшылася, і ў міжваенны перыяд ёй займалася толькі некалькі чалавек. Амерыканскі антраполаг Леслі Уайт (1900-1975) тым не менш адыграў значную ролю ў аднаўленні цікавасці да твораў эвалюцыяністаў XIX ст. і ўвогуле пытанняў культурнай эвалюцыі. Яго варыянт эвалюцыянізму атрымаў назву неаэвалюцыянізму.
Як і папярэднікаў-эвалюцыяністаў, Уайта цікавіла агульная эвалюцыя чалавечага грамадства, а не эвалюцыя асобных супольнасцяў. Згодна з Уайтам, прагрэс у тэхналогіі — асноўны рухавік сацыяльнай эвалюцыі. Ён лічыў, што “сучаснае” грамадства адрозніваецца ад “прымітыўнага” менавіта спажываннем энергіі. У тэхналагічна прымітыўным грамадстве крыніцай энергіі ў людзей была толькі моц іх уласных мускулаў. Грамддства развіваецца праз адкрыццё людзьмі новых крыніц энергіі — ад прыручэння цяглавай жывёлы да скарыстання энергіі ветру, вады, выкапняў і да т. п. Пры пашырэнні спажывання энергіі ўсялякі тэхналагічны поспех спрыяў удасканаленню сацыяльнай і культурнай арганізацыі грамадства і развіццю ўсёй соцыякультурнай сістэмы.
У 1959 г., праз 100 гадоў пасля публікацыі тэорыі паходжання відаў Дарвіна, было надрукавана важнае даследаванне Уайта “Эвалюцыя кулыпуры У ім Уайт яшчэ раз падкрэсліў значнасць вывучэння культурнай эвалюцыі і, акрамя таго, спыніўся на пытанні, як антраполагі ўспрымаюць культуру. Для Боаса і яго паслядоўнікаў культура была вынікам адвольнага назапашвання элементаў, што набываюцца ў працэсе навучання. Уайта ж такі падыход не задавальняў. Ён прапанаваў разглядаць культуру як феномен, які абапіраецца на ўласцівую толькі чалавеку здольнасць — здольнасць выкарыстоўваць сімвалы [White, 1949, с. 15]. Без сімвалаў, паводле Уайта, не існавала б культуры. Ён спадзяваўся распрацаваць больш навуковую сістэму даследавання культуры — шляхам вызначэння апошняй як чалавечага феномена.
Культурная экалогія
Яшчэ адной важнай асобай у антрапалогіі першых пасляваенных гадоў быў амерыканец Джуліян Сцюард (1902-1972). Даследаванні Сцюарда заклалі падмурак культурнай экалогіі. Гэтая галіна разглядае культуру як дзейсны сродак адаптацыі да навакольнага асяроддзя. У адрозненне ад культурнага рэлятывізму Франца Боаса, які вызнаваў прынцыповую роўнасць усіх культурных феноменаў, Сцюард настойваў на тым, што пэўныя з іх абумоўліваюць узнікненне іншых. Ён пісаў пра такія “асноўныя” элементы культуры, як праца ці ўлада, і такія “другасныя”, як магія і рэлігія. Яго ўвага была сканцэнтравана на працэсе, сродках існавання, самім існаванні, забеспячэнні ежай, занятках як на самых істотных элементах жыццядзейнасці. Ён у асноўным вылучаў тое, што робяць людзі, а не тое, у што яны вераць.
Добра вядомы “трыумвірат” Сцюарда складалі рэсурсы, тэхналогія і праца. Тэхналогію і рэсурсы ён разглядаў як падмурак грамадства. Яны злучаюцца паміж сабой праз чалавечую працу. Такое разуменне працы адпавядала шырока распаўсюджанаму погляду на свет як на месца жыхарства людзей, якія, нягледзячы на цяжкія ўмовы існавання, імкнуцца найлепш уладкаваць сваё жыццё. Сцюард сцвярджаў, што ўсе грамадствы сутыкаюцца з прымусам унутраным (сацыяльным) і знешнім (прыродным). Гэта добра паказана ў яго ранняй манаграфіі “Мясцовыя соцыяпалітычныя групы басейна / плато” [Steward, 1938], у якой ён апісаў абшчыны індзейцаў шашонаў і іх галоўныя заняткі. Яго аналіз улічваў адначасова як уціск навакольнага асяроддзя, так і формы адаптацыі людзей да яго. Ён ахарактарызаваў грамадства шашонаў як надзвычай простую грамадскую структуру, прымітывізм якой вынікаў з неспрыяльных
жыццёвых умоў і слабаразвітай тэхналогіі. Гэтае даследаванне ўвяло ў навуковы ўжытак шмат новых тэарэтычных і метадалагічных тэрмінаў.
Сцюард лічыў, што сам па сабе ўціск асяроддзя не выклікае аўтаматычна адпаведных культурных патэрнаў, а з’яўляецца хутчэй за ўсё толькі часткай кантэксту, які фарміруе культуру. Большасць высілкаў, накіраваных на задавальненне жыццёвых патрэб, мае некалькі ступеняў свабоды і адпаведныя ім магчымасці выбару адаптацыйнай стратэгіі. Для антраполага вельмі істотна вызначыць дыяпазон выбару. Так, у параўнанні з больш складанай, простая тэхналогія забяспечвае менш магчымасцяў у адаптацыі да асяроддзя.