Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Многія антраполагі-археолагі вывучаюць чалавечыя супольнасці, якія не пакінулі пасля сябе пісьмовых помнікаў. Абсяг іх дзейнасці называецца дагістарычнай археалогіяй. Каб узнавіць дагістарычны лад жыцця, археолагі, апрача матэрыяльных помнікаў, вывучаюць і лад жыцця сучасных народаў, які можна параўнаць з ладам жыцця даўніх чалавечых супольнасцяў. Нашы продкі жылі з палявання і збору таго, што давала сама прырода, — гэта значыць, займаліся збіральніцтвам. Такім чынам, праз вывучэнне ладу жыцця сучасных збіральнікаў археолагі вывучаюць і лад жыцця іх продкаў, а менавіта паляўнічыя прыёмы, рассяленне па зямлі, рэлігійныя вераванні.
У супрацьлегласць гэтаму гістарычная археалогія, як і класічная, вывучае пераважна тыя чалавечыя супольнасці, ад якіх засталіся пісьмовыя помнікі, хоць гісторыкі-археолагі шмат працуюць і ў межах агульнай антрапалогіі. Шматлікія чалавечыя супольнасці мінуўшчыны пакінулі пісьмовыя сведчанні свайго існавання, але іх заўсёды будзе мала для поўнага адлюстравання жыцця тагачасных людзей.
Гісторыкі-археолагі імкнуцца знаходзіць у тых фрагментарных звестках, якія засталіся ад старажытных чалавечых супольнасцяў, сведчанні штодзённага жыцця людзей. Археалагічныя раскопкі ў Каліфорніі, напрыклад, далі багатую інфармацыю аб побыце даўнейшых іспанскіх місіянераў. Матэрыялы, знойдзеныя пры гэтых раскопках, дапамаглі ўдакладніць карціну кантактаў паміж абарыгенамі і еўрапейцамі таго часу.
Лінгвістычная антрапалогія
Нормы і правілы паводзін, якія ўтвараюць культуру, перадаюцца пераважна праз складаную сістэму сімвалаў, у якую ўваходзіць і мова. Усе арганізмы валодаюць пэўнымі спосабамі камунікацыі. Некаторыя з жывёл, напрыклад, дэльфіны і шымпанзэ, валодаюць высокаразвітымі сродкамі камунікацыі. Унікальная і надзвычай складаная камунікацыйная сістэма створана людзьмі. Без яе чалавечая
культура была б немагчымай. Гэтымі аспектамі жыцця чалавека займаецца лінгвістычная антрапалогія. Яна ў сваю чаргу падзяляецца на шэраг паддысцыплін.
Дэскрыптыўная лінгвістыка займаецца пытаннямі структуры мовы і ўзаемадзеяння асобных яе частак (фанетыкі і граматыкі) у межах складанай сістэмы камунікацыі. Прадмет вывучэння гістарычнай лінгвістыкі — эвалюцыя мовы, г.зн. тое, як яна развіваецца і змяняецца. Сацыяльная лінгвістыка вывучае адносіны паміж мовай і такімі фактарамі сацыяльнага асяроддзя, як клас, нацыянальнасць, узрост і пол. Прадметам вывучэння сацыяльнай лінгвістыкі з’яўляецца, напрыклад, залежнасць манеры вымаўлення ад полу. Урэшце, многіх антраполагаў-лінгвістаў цікавіць тэма “мова і культура”, г.зн. тое, як мова ўздзейнічае на наша мысленне, а таксама як нашы вераванні і ўяўленні аб каштоўнасцях уплываюць на мадэлі моўных паводзін.
Соцыякультурная антрапалогія
Соцыякультурная антрапалогія вывучае сацыяльны, сімвалічны і матэрыяльны аспекты жыцця сучасных і гістарычна блізкіх да нас грамадстваў. Тым часам як біялагічная антрапалогія засяроджвае сваю ўвагу на вывучэнні біялагічных асноў чалавека, соцыякультурная антрапалогія займаецца вывучэннем сацыяльнай і культурнай спадчыны чалавецтва. I хоць соцыякультурная антрапалогія і археалогія маюць шмат агульнага, асабліва ў дачыненні да культуры і гісторыі чалавецтва, — у іх ёсць і шмат істотных адрозненняў. Асноўнае з іх у тым, што соцыякультурная антрапалогія займаецца тымі грамадствамі, якія можна вывучаць непасрэдна, а археалогія мае справу з чалавечымі супольнасцямі, якія адышлі ў нябыт.
Паняцце “культура” вельмі важнае як для ўсёй антрапалогіі, так і для соцыякультурнай яе галіны. Магчыма, гэта найбольш вызначальная характарыстыка чалавека. Культура ў тым сэнсе, у якім гэтае азначэнне ўжываецца ў антрапалогіі, — з’ява больш шырокая, чым опера, паэзія, жывапіс, балет і іншыя здабыткі мастацтва. Культура — гэта традыцыйныя спосабы арганізацыі паводзін і мыслення групы людзей у межах іх асяроддзя. Вызначаная такім чынам культура падзяляецца на тры асноўныя віды: культура паводзінная, пазнавальная і матэрыяльная. Паводзіны — гэта тое, як людзі дзейнічаюць і — на што робіцца асаблівы націск — узаемадзейнічаюць. У працэсе выхавання, напрыклад, бацькі і дзеці ўзаемадзейнічаюць у адпаведнасці з даволі акрэсленай мадэллю. Псізнавальны кампанент складаецца з уяўленняў людзей аб свеце. На-
прыклад, бацькі маюць абмежаванае кола ведаў пра тое, як трэба дзейнічаць ім або іх дзецям і ўвогуле якое месца займае бацькоўства на шкале каштоўнасцяў. Урэшце, матэрыяльны кампанент культуры складаецца з тых фізічных рэчаў, якія мы вырабляем або скарыстоўваем.
Культура ў асноўным ёсць вынік навучання, г.зн. мадэлявання паводзін у адпаведнасці з асяроддзем. Практычна ўсім арганізмам уласціва навучанне. Тым не менш ніякая з жывых істот не валодае большымі здольнасцямі да навучання, як чалавек. і ніхто не залежыць ад набытага досведу самазахавання ў такой ступені, як ён. Тым часам як у працэсе самазахавання большасці арганізмаў галоўную ролю выконваюць інстынкты, выжыванне чалавека галоўным чынам залежыць ад набытага ім досведу культуры. Людзі навучаюцца таму, як ім жыць у канкрэтных сацыяльных і прыродных умовах; інстынкты пры гэтым выконваюць нязначную ролю. Уявіце, якія шанцы на выжыванне ў гарадскога жыхара Захаду, калі яго аднаго раптоўна пакінуць без сродкаў на існаванне ў трапічным лесе або ў бясплоднай пустыні. Без усялякай дапамогі, без парады таго, хто валодае жыццёвым досведам, ён хутчэй за ўсё загіне.
Як вынікае з самой назвы, апрача культуры, соцыякультурная антрапалогія займаецца вывучэннем чалавечай супольнасці. Культура не паўстае ў вакууме і не ствараецца асобнымі індывідамі. Гэта найхутчэй вынік групавога ўзаемадзеяння людзей. Праз сацыяльныя ўзаемаадносіны асобныя індывіды навучаюцца такім паводзінам і такім кагнітыўным мадэлям, якія падзяляюцца ўсім грамадствам. Мы, людзі, з’яўляемся сацыяльнымі істотамі з біялагічнай будовай, якая абумоўлівае наша аб’яднанне ў групы. 3 самага пачатку эвалюцыі працэс выжывання чалавека адбываўся дзякуючы супольным намаганням. Такім чынам, культура — гэта здабытак усяго грамадства. Тыя, хто маюць аднолькавыя культурныя інтэнцыі і валодаюць аднолькавымі мадэлямі паводзін, належаць да грамадства — групы людзей, якая вылучаецца асаблівым характарам узаемаадносін паміж сабою. Менавіта дзякуючы супольнаму досведу членаў грамадства людзі ствараюць супольныя культурныя каштоўнасці. Гэта двухбаковы працэс, бо развіццё чалавечага грамадства таксама залежыць ад культуры. Няма нічога абсалютна незалежнага.
Для соцыякультурнай антрапалогіі характэрна як неаднароднасць метадалагічных установак, так і большая акрэсленасць формаў спецыялізацыі, якія засяроджаны пераважна на палітыцы, эканоміцы і сістэме сваяцтва. Найбуйнейшай галіной соцыякуль-
турнай антрапалогіі з’яўляецца этналогія — сістэмнае параўнальнае вывучэнне мадэляў і працэсаў у сучасных і зніклых культурах.
Соцыякультурная антрапалогія ўзнікла на аснове дэскрыптыўных матэрыялаў, апісанняў разнастайных вераванняў, заняткаў і здабыткаў людзей. Апісанне культуры асобных супольнасцяў, заснаванае галоўнам чынам на непасрэдных кантактах з носьбітамі гэтай культуры або на археалагічных дадзеных, называецца этнаграфіяй. Аб’ём назапашанай этнаграфічнай інфармацыі настолькі вялікі, што яе вывучэнне ў поўным аб’ёме проста немагчымае. Таму большасць даследчыкаў у галіне соцыякультурнай антрапалогіі вывучае этнаграфію аднаго або двух геаграфічных рэгіёнаў, такіх, напрыклад, як Афрыка на поўдзень ад Сахары або басейн Амазонкі. Як правіла, спецыяліст у соцыякультурнай антрапалогіі паглыблена даследуе толькі некаторыя групы людзей дадзенага рэгіёна, назіраючы за імі і далучаючыся да іх жыцця. 3 мэтай параўнання і лепшага разумення сутнасці праблемы антраполагі вывучаюць таксама і лад жыцця іншых груп людзей дадзенага рэгіёна. Такое паглыбленне ў матэрыял — адна з прыкмет соцыякультурнай антрапалогіі.
АНТРАПАЛОГІЯ I СУЧАСНЫ СВЕТ
Зараз мы жывем у свеце, які змяняецца як ніколі хутка. Нягледзячы на вялікі прагрэс у развіцці чалавецтва, у нас існуе яшчэ шмат сур’ёзных праблем. Антрапалогія і займаецца праблемамі імклівых сацыяльных зменаў, пераваротаў, несправядлівасці ў размеркаванні набыткаў, знішчэння навакольнага асяроддзя. Адданасць антрапалогіі прынцыпу халізму спрыяе разуменню спецыфікі становішча чалавека. Асабліва важнае ў гэтым сэнсе захаванне прынцыпу інтэграцыі. У сітуацыі крызісу і няпэўнасці нам надзвычай патрэбна ўсведамленне таго, адкуль мы, хто мы такія, які ў нас патэнцыял і ў якой ступені мы залежым ад сусветнай супольнасці. Вывучаючы эвалюцыю чалавека і параўноўваючы спосабы яго адаптацыі да разнастайнага асяроддзя, антрапалогія ў вялікай ступені спрыяе ўсведамленню гэтага. Урэшце, даследаванне рэчаіснасці паводле прынцыпаў універсалізму і культурнага рэлятывізму набывае асаблівую каштоўнасць у свеце, перапоўненым сацыяльнай і расавай нецярпімасцю, нянавісцю і жорсткасцю.
У наступных раздзелах чытач убачыць, якім чынам антрапалогія даследуе факты сучаснага жыцця. Асаблівая ўвага надаецца, напрыклад, пытанням знікнення малых супольнасцяў, цяжкасцям сучаснага гарадскога жыцця, праблемам народаў “трэцяга свету”.
Крытычнага разгляду не пазбягае і тое, як гэтыя праблемы ўзаемазвязаны са светам як адзіным цэлым. He засталася без сур’ёзнага аналізу і праблема знішчэння навакольнага асяроддзя, з якой сутыкнуліся ўсе краіны. Мы пабачым, як антрапалогія садзейнічае разуменню таго агульнага, што ўсіх нас робіць людзьмі, і адначасова дапамагае ўсведаміць каштоўнасць адрозненняў паміж намі.
КАРОТКІ ЗМЕСТ
Антрапалогія — навука аб чалавеку — імкнецца стварыць цэласную і поўную карціну чалавецтва. Вывучаючы ўсе аспекты яго існавання, антрапалогія даследуе, як і чаму людзі сталі такімі рознымі і адначасова такімі падобнымі. 3 прычыны даследавання надзвычай шырокага абсягу рэчаіснасці антрапалогія падзяляецца на шэраг паддысцыплін, аб’яднаных агульнымі прынцыпамі. Найбольш фундаментальны з іх — універсалізм, ён азначае, што ўсе людзі ёсць людзьмі ў поўнай і аднолькавай ступені. Халізм патрабуе, каб усе аспекты існавання чалавека былі асэнсаваны ўсебакова, праз вывучэнне інтэграцыі грамадстваў. Антраполагі ўсведамляюць, што розныя аспекты бытавання культуры ўзаемазвязаны. Яшчэ адным прадметам даследавання антрапалогіі з’яўляецца адаптацыя чалавецтва — тое, як у выніку супрацьстаяння неспрыяльным умовам навакольнага асяроддзя ў людзей развіліся біялагічныя і культурныя спосабы прыстасавання да гэтых умоў. Яшчэ адзін прынцып, супрацьлеглы этнацэнтрызму, — культурны рэлятывізм, інтэрпрэтацыя паведзін і вераванняў груп людзей згодна з іх уласнымі традыцыямі і каштоўнасцямі.