Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Сцюард паспяхова вывучаў і складаныя грамадскія структуры, але яго падыход быў адметным. Замест таго каб разглядаць асобныя часткі грамадства ці абагульняць нацыянальны характар, Сцюард засяродзіў увагу на “субкультурах” як на частках буйных рэгіёнаў ці нацыянальных супольнасцяў [Steward, 1956], На пачатку 50-х гадоў ён выступіў ініцыятарам калектыўнага даследавання Пуэрта-Рыка, пры якім кожны з яго ўдзельнікаў вывучаў адзін з аспектаў пуэртарыканскага грамадства — вырошчванне кавы ці прыватныя і дзяржаўныя цукровыя плантацыі — у якасці складовых частак аднаго вялікага цэлага.
Шмат увагі надаваў Сцюард тэорыі зменаў. Ён шукаў падобныя тэндэнцыі культурнага развіцця ў грамадствах розных часоў і народаў. Такі падыход вядомы як шматлінейная эвалюцыя. Так, напрыклад, развіццё сельскай гаспадаркі як на Блізкім Усходзе, так і ў меза-Амерыцы абумовіла ўзнікненне аднолькавых сацыяльных і палітычных праяў. Ён імкнуўся не так да адкрыцця “універсальных” стадый, што характэрна для адналінейных эвалюцыяністаў, як да вызначэння “тых нешматлікіх паралеляў у форме, функцыі ці праявах, якія маюць эмпірычную аснову” [Steward, 1955, с. 19]. Ён даводзіў, што для асобных культур характэрны толькі ім уласцівыя рысы, але сам, тым не менш, імкнуўся вызначыць кроскультурныя заканамернасці, якія б адпавядалі культурным парадыгмам адаптацыі людзей як на ўзроўні існавання плямёнаў, так і пры дзяржаўным ладзе жыцця. Аднак Сцюард, як функцыяналісты і іншыя даследчыкі таго часу, усё ж разглядаў культуру як катэгорыю нязменную і ідэальную. А гэта азначала, што зрухі, калі яны і адбываліся, былі вынікам такіх знешніх фактараў, як культурны кантакт, тэхналагічнае перайманне, рост насельніцтва ці змены ў прыродным асяроддзі.
Тэорыі канфлікту
Асноўны недахоп усіх разгледжаных вышэй тэорый у тым, што яны не здолелі растлумачыць прыроду канфлікту. Да другой сусветнай вайны антраполагі арыентаваліся на больш упарадкаваную мадэль грамадства і адмаўляліся ўключаць у яе такія з’явы, як канкурэнцыя і канфлікты. Магчыма, гэта тлумачылася жаданнем прадставіць стваральнікаў культуры не як агрэсіўных дзікуноў, а як людзей з разумным і ўпарадкаваным існаваннем. Часцей за ўсё антраполагі з’яўляліся ў краіне пасля таго, як яна трапляла пад каланіяльны ўціск, так што ім даводзілася даследаваць народы пры грамадскім парадку, створаным для іх прымусова. Тое, што антраполагаў запрашала на працу каланіяльная адміністрацыя, вымагала ад іх ігнаравання тых бакоў жыцця каланізаваных народаў, якія маглі б у неспрыяльным святле выставіць дзеянні ўрадаў гэтых калоній. Друтая сусветная вайна і пасляваенная барацьба за незалежнасць каланіяльных народаў у Афрыцы, Азіі і на іншых кантынентах радыкальна змянілі сітуацыю. Канфлікты былі паўсюль, і антраполагі ўжо не маглі болып закрываць на іх вочы. Адны з іх прытрымліваліся думкі, што канкурэнцыя і канфлікты, сведкамі якіх яны з’яўляліся, ёсць вынік унікальных пасляваенных умоў, a значыць, перыяду нераўнавагі або цалкам новай сітуацыі, іншыя лічылі, што канфлікт — непазбежная частка чалавечай культуры.
НЕАФУНКЦЫЯНАЛІЗМ. Адным з першых антраполагаў, які паспрабаваў перагледзець ідэі функцыяналізму ў святле пасляваенных умоў, быў Макс Глюкман (1911-1975), ураджэнец Паўднёвай Афрыкі (пазней эміграваў у Англію). Яго падыход вядомы пад назвай неафункцыяналізму. Глюкман крытыкаваў Маліноўскага за тое, што апошні не здолеў разгледзець канфлікт як “складовы кампанент структуры грамадства” [Glucknian, 1949, с.8]. На яго думку, варожасць, адчужанасць у сем’ях, абвінавачванні ў вядзьмарстве, супрацьурадавыя выступы і іншыя негатыўныя з’явы былі нармальнымі праявамі сацыяльнага жыцця. Ён сцвярджаў, што сацыяльная раўнавага захоўваецца насуперак канфлікту, а часам і дзякуючы яму.
У сваім даследаванні “Звычаі і канфлікты ў Афрыцы’’ Глюкман [Glucknian, 1956] паказаў, што сацыяльны парадак падтрымліваецца праз баланс узаемазалежнасці. У кантэксце аднагс віду залежнасці людзі могуць сварыцца, але яны абмежаваны іншымі формамі залежнасці. Ворагі ў адной сітуацыі, яны могуць стаць саюзнікамі пры іншых абставінах. Так, скажам, варожыя ў адносінах адзін да аднаго стрыечныя браты могуць аб’яднаць свае сілы ў барацьбе з іншай
сваяцкай групай. Менавіта дзякуючы такой сістэме сувязяў і функцыяніруе грамадскі лад. Глюкман не бачыў пагрозы гэтаму ладу нават з боку паўстанцаў. Паўстанцы, паколькі яны дзейнічаюць у рэчышчы агульнапрынятых нормаў і паводзінаў, здольныя хутчэй замацаваць, а не пахіснуць традыцыйны парадак. Таму іх дзеянні можна было б назваць “рытуалам паўстання”. Заслуга Глюкмана ў далучэнні канфлікту да ліку нармальных праяў жыцця, але ён не пераставаў падкрэсліваць прынцыповую нязменнасць сацыяльнага парадку. У гэтым плане ён не здолеў аб’ектыўна разгледзець пытанне структурных зменаў: якім жа чынам трансфармуецца ці бурыцца той ці іншы грамадскі лад? Акрамя таго, сам грамадскі лад разглядаўся ім як нешта нязменнае, статычнае, а не як з’ява, што мусіць быць вытлумачана.
МАРКСІСЦКАЯ АНТРАПАЛОПЯ. Яшчэ адна група антраполагаў, якую натхнялі ідэі Карла Маркса (1818-1883), таксама бачыла ў канфлікце натуральную з’яву чалавечай культуры. Аднаку адрозненне ад Глюкмана антраполагі-марксісты маюць справу пераважна з трансфармацыяй грамадскага ладу і сувяззю канфлікту і культурнай эвалюцыі | Bloch, 1983; Leacock, 1982; Wessman, 19811. Сам Маркс у сваіх ранніх працах і шэраг іншых навукоўцаў-марксістаў выпрацавалі адналінейную мадэль сацыяльнай эвалюцыі — ад “прымітыўнага” да “буржуазнага” грамадства. Аднак у больш позніх працах Маркс адзначаў, што змены ў грамадстве — куды больш складаная з’ява.
Апошнім часам некаторыя марксісты прызнаюць існаванне некалькіх, а не адзінага універсальнага шляху эвалюцыі [Melotti, 1977], Асноўны метад марксістаў-антраполагаў — даследаванне такіх зменаў у структуры грамадства, якія вядуць да росту напружанасці і канфліктнасці ў працэсе ўсталявання новых формаў сацыяльнай і эканамічнай арганізацыі. Тлумачачы перадумовы грамадскіх зменаў, Маркс акцэнтаваў увагу на сістэмах эксплуатацыі, у той час як функцыяналісты — на гарманічнай прыродзе сацыяльных сувязяў.
Марксісты сцвярджалі, што пераважная большасць грамадстваў характарызуецца неаднолькавым размеркаваннем рэсурсаў і ўлады. Такі дысбаланс заўсёды выклікае канфлікт паміж багатымі і беднымі. Культурная эвалюцыя, згодна з марксістамі, характарызуецца пераразмеркаваннем сродкаў вытворчасці і спажывання. Рэдка калі такая трансфармацыя грамадства адбываецца бяскроўна, пра што сведчаць Французская рэвалюцыя канца XVIII ст., а таксама Расійская на пачатку XX ст., бо заўсёды існуюць тыя, хто меў добрае жыццё пры старым ладзе і не хоча яго губляць, і тыя, хто імкнецца
ўсталяваць новы лад.
Марксісцкая думка прыйшла ў сучасную антрапалогію з Францыі напрыканцы 60-х гадоў XX ст., калі такія навукоўцы, як Марыс Гадэлье [Godelier, 1977] і Клод Мейясу [Meillassoux, 1981], паспрабавалі прааналізаваць структуру племянных і сялянскіх супольнасцяў перш за ўсё праз эканамічны базіс сацыяльнай арганізацыі гэтых грамадстваў. У хуткім часе антраполагі англамоўнага свету таксама пачалі выкарыстоўваць марксісцкія канцэпцыі, больш увагі надаючы гістарычнаму развіццю і ўсведамляючы неабходнасць даследавання ўсёй сусветнай сістэмы — з тым, каб лепш разумець умовы існавання дробных сацыяльных адзінак.
Даследаванні структуры пазнання
У той час як марксісты і функцыяналісты імкнуліся растлумачыць ролю канфлікту ў грамадстве, іншыя антрапалагічныя школы, якія ўзніклі ў 50-х і на пачатку 60-х гадоў, засяродзілі сваю ўвагу на тым, што забяспечвае цэласнасць культуры, — на структурах пазнання і мыслення. У сувязі з гэтым узніклі два розныя падыходы да праблем культуры — структуралізм і кагнітыўная антрапалогія. Нягледзячы на адрозненні, абодва яны адчулі моцны ўплыў структурнай лінгвістыкі, найперш спробаў адкрыць структурныя прынцыпы, якія вызначаюць мадэлі моўных паводзін.
СТРУКТУРАЛІЗМ. Галоўным прадстаўніком структурнага падыходу ў даследаванні культуры з’явіўся французскі антраполаг Клод Леві-Строс (нар.1908). На яго думку, універсальныя прынцыпы, якія фарміруюць нашы паводзіны і светапогляд, закладзены ў структуры чалавечага мыслення. Хоць самі па сабе ідэі Леві-Строса ўплывалі на даследаванні ў галіне сваяцтва і міфалогіі, практычнае іх значэнне сталася абмежаваным, бо яны ў значнай меры не паддаюцца праверцы. Больш таго, ён разглядаў грамадства як статычную пабудову і не здолеў растлумачынь з’яву варыятыўнасці ў культуры [Levi-Strauss, 1969].
Іншыя структуралісты ставілі перад сабой больш простую задачу — вылучыць асноўныя структурныя прынцыпы асобных сістэм культуры. Сярод іх найбольш вядомы французскі антраполаг Луі Дзюмон (нар.1911). Дзюмон [Dumont, 1970] тлумачыў феномен каставай сістэмы Індыі праз тры структурныя прынцыпы ў гэтым грамадстве, а менавіта праз размежаванне, іерархію і ўзаемадзеянне. Першы прынцып адлюстраваны дакладным рытуальным статусам кожнай касты, другі — узроўнем іх сацыяльнага становішча і трэці — іх узаемазалежнасцю пры выкананні разнастайных задач. 1 хоць такі падыход карысны пры вызначэнні некаторых пазнавальных перад-
умоў сацыяльных паводзін, аднак ён не дазваляе растлумачыць ні прычын іх існавання, ні іх сэнсу. Больш таго, пры гэтым амаль што ігнаруецца роля адаптацыі, бо даследчык не здолеў спалучыць асноўныя структурныя прынцыпы культуры з навакольным і сацыяльным асяроддзем. У даследаванні Дзюмона, прынамсі, недастаткова ўвагі надаецца ўздзеянню палітычнай і эканамічнай канкурэнцыі на розныя бакі жыцця індыйскага грамадства, таксама як і ролі брытанскага каланіялізму ў трансфармацыі каставай сістэмы Індыі.
КАГНІТЫЎНАЯ АНТРАПАЛОГІЯ. Пошук структурных прынцыпаў пабудовы канкрэтных грамадстваў паспяхова працягвала амерыканская школа кагнітыўнай, або пазнавальнай, антрапалогіі (іншая назва — ethnoscience). Кагнітыўныя антраполагі зыходзілі ў сваёй працы з дэталёвага аналізу этнаграфічнага матэрыялу. Як людзі ўспрымаюць свет, якім чынам члены грамадства асэнсоўваюць наваколле праз моўныя катэгорыі, якіх правілаў і прынцыпаў прытрымліваюцца яны, вырашаючы пэўныя праблемы,— вось што ў першую чаргу цікавіць гэтых даследчыкаў.