Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
3 дапамогай сваёй тэзы аб псіхічным адзінстве людзей эвалюцыяністы імкнуліся давесці, што нябелыя народы ў асноўным нічым не адрозніваюцца ад белых. Але яны не хацелі прызнаваць, што і культуры гэтых народаў падобныя да культуры белых. Эвалюцыя-
ністам здавалася натуральным, што некаторыя культуры больш развітыя, чым астатнія. Яны бачылі ў гэтым хутчэй прагрэс, а не проста змены, і лічылі яго найбольш характэрнай рысай эвалюцыі. На іх думку, эвалюцыя — гэта рух ад простага да складанага або ад прымітыўнага да больш развітага. Гэтая пазіцыя часам выклікала крайні этнацэнтрызм, у адпаведнасці з якім звычаі і вераванні белых лічыліся вышэйшымі за іншыя.
Тайлар: эвалюцыя розуму
Найвыдатнейшым з эвалюцыяністаў быў Эдвард Б. Тайлар (1832­1917), англійскі вучоны, якога называюць “бацькам этналогіі”. Найбольш важным укладам Тайлара ў антрапалагічную навуку з’явілася стварэнне ім канцэпцыі культуры, якую ён вызначыў як “складанае цэлае”, што ўключае ў сябе сістэму ведаў, а таксама вераванні, мастацтва, мараль, традыцыі, усе ўмельствы і звычаі, выпрацаваныя чалавекам як членам грамадства [Туіог, 1891, 1, с. 1], Менавіта Тайлар прапанаваў адрозніваць біялагічна спадкаемныя характарыстыкі і набытыя сацыяльна — праз навучанне.
Згодна з Тайларам, культурная эвалюцыя заключаецца ў “развіцці розуму”. ‘ Цывілізаванасць” адрозніваецца ад “варварства” найперш тым, што цывілізаваны чалавек у сваім развіцці паступова адмовіўся ад забабонаў на карысць традыцый, заснаваных на больш навуковых ці рацыянальных прынцыпах. Пагадзіўшыся, што ў заходніх культурах існуюць нерацыянальныя традыцыйныя звычаі, Тайлар ахарактарызаваў іх як “перажыткі”. Узнікаючы на ранніх ступенях эвалюцыі, такія традыцыі з часам страцілі свае першасныя значэнні і функцыі, але, тым не менш, пакуль яшчэ захоўваюцца. Канкрэтным прыкладам з’яўляецца звычай гаварыць “Бывай здаровы” пасля таго, як чалавек чхне [Туіог, 1891, I, с. 98], Гэта перажытак старажытнага ўяўлення аб тым, што душа падчас чхання можа пакінуць цела, і прадухіліць ліха можна толькі тады, калі прамовіш гэтую замову. Канцэпцыя перажыткаў была вельмі важным элементам у сістэме поглядаў Тайлара, бо ён лічыў, што яны ўвідавочваюйь факт развіцця культуры і, такім чынам, могуць быць выкарыстаны пры рэканструкцыі эвалюцыі пэўнай культуры.
Морган: эвалюцыя тэхналогіі
Льюіс Генры Морган (1818-1881) быў сярод тых, хто садзейнічаў развіццю эвалюцыянізму. Юрыст паводле адукацыі, Морган пачаў кар’еру антраполага пасля ўступлення ў маладзёжны клуб пад назвай “Вялікі ордэн іракезаў” у штаце Нью-Ёрк, які пазней быў пераўтвораны ім у Лігу іракезаў.
Апрача вывучэння іракезаў і сістэмы сваяцтва Моргану належыць фундаментальная праца “ Старажытнае грамадства” | Mor­gan, 1877], у якой ім дэталёва апісана схема развіцця культурнай эвалюцыі. Ён цадзяліў эвалюцыйны працэс на шэраг этапаў, адпаведных разгортванню тэхналагічнага прагрэсу. Так, напрыклад, да “сярэднедзікунскіх” ён залічыў культуры, прадстаўнікі якіх, каб задаволіць свае жыццёвыя патрэбы, займаліся збіральніцтвам, лоўляй рыбы і паляваннем, а таксама ўмелі здабываць агонь. Прыкметай “познедзікунскага” перыяду было выкарыстанне лука і стрэлаў, ранняга “варварства” — ганчарная справа і г. д. Морган прадбачыў, што гэтыя этапы і тэхналагічныя навацыі будуць асацыіравацца з эвалюцыяй культурных парадыгмаў. У якасці прыкладу ён прыводзіў шэсць ступеняў развіцця сям’і, якія суадносіліся з вылучанымі ім ступенямі тэхналагічнага прагрэсу.
Хоць такія эвалюцыяністы, як Тайлар і Морган, шмат зрабілі для развіцця антрапалагічнай навукі, у іх працах адчуваюцца пэўныя недахопы. Напрыклад, ідэі Моргана аб сувязі тэхналогіі з іншымі аспектамі культуры былі значным крокам наперад, але адначасна сведчылі пра яго празмерны этнацэнтрызм. Усе размаітыя культуры разглядаліся ім з пункту гледжання тэхналогіі і сацыяльнай арганізацыі Захаду. Больш таго, некаторыя катэгорыі эвалюцыяністаў аказаліся нягнуткімі, а іх меркаванні адносна пераходу культур з ніжэйшай прыступкі да вышэйшай не заўсёды былі дастаткова пераканаўчымі.
Значны недахоп у працы эвалюцыяністаў заключаўся і ў недакладнасці звестак. Яны атрымлівалі інфармацыю ад падарожнікаў, гандляроў, салдат, іншых даследчыкаў, місіянераў і г. д. Дакладнымі былі толькі некаторыя звесткі, астатнія патрабавалі ўдакладнення, бо не ўнушалі даверу. Відавочная неабходнасць атрымання больш надзейнага фактычнага матэрыялу абумовіла пачатак новага этапу ў эвалюцыі антрапалогіі.
ПРАФЕСІЯНАЛІЗАЦЫЯ
У канцы 70-х гадоў XIX ст. антрапалогія пачынае афармляцца як прафесійны занятак. Галоўнай прычынай развіцця антрапалогіі была каланіяльная экспансія заходніх дзяржаў і іх жаданне лепш разумець захопленыя імі народы . У ЗША, асабліва на далёкім Захадзе, урад збіраў інфармацыю аб карэнным насельніцтве, каб потым заняволіць яго ў рэзервацыях. Падобная сітуацыя склалася і ў канцы 90-х гадоў XIX ст., калі Злучаныя Штаты перахапілі ў Іспаніі кантроль над Філіпінамі і сутыкнуліся з паўстаннямі мясцовых
плямён. У сувязі з гэтым і ўзнікла неабходнасць у дапамозе антрацолагаў: трэба было выпрацаваць захады для паспяховага кіравання гэтымі плямёнамі. У Брытаніі і ў іншых еўрапейскіх дзяржавах таксама назіралася такая ж цікавасць да народаў, што насялялі іх неабдымныя імперыі.
Аднак антраполагі былі не проста прадстаўнікамі каланіяльных адміністрацый. Шмат хто з іх — як з меркаванняў выключна навуковых, так і з адчування абавязку перад чалавецтвам — паспеў занатаваць мясцовыя звычаі, перш чым яны зніклі назаўсёды.
Музейная антрапалогія
Антрапалогія як асобная галіна навукі ўзнікла дзякуючы заснаванню музеяў. Гісторыя калекцыянавання этнаграфічнага матэрыялу налічвае некалькі стагоддзяў, але сучасныя этнаграфічныя музеі з’явіліся толькі ў XIX ст. Этнаграфічны аддзел Нацыянальнага музея Даніі, адчынены ў 1849 г., быў першым сучасным этнаграфічным музеем — яго калекцыя склалася з экспанатаў, сабраных у Каралеўскай зале мастацтва ў XVII-XVIII стст. Напрыканцы XIX ст. заснаваліся музеі ў Еўропе, Паўночнай Амерыцы і Паўднёвай Афрыцы. Акрамя таго, этнаграфічныя калекцыі пачалі адыгрываць вялікую ролю ў прыродазнаўчых музеях.
Сувязь антрапалогіі з музеямі паўплывала на яе ўласнае развіццё ў канцы XIX — пачатку XX ст. У ЗША і кантынентальнай Еўропе гэтая з’ява існуе і сёння. Музеі паўплывалі на культурную антрапалогію ў двух аспектах. Паколькі ў музеях выстаўляюцца толькі матэрыяльныя экспанаты, роля матэрыяльнай культуры ў развіцці чалавецтва прасочваецца больш выразна. 3 іншага боку, арыентацыя на музеі падштурхоўвала антраполагаў класіфікаваць свае матэрыялы паводле канонаў прыродазнаўчай гісторыі (як камяні ці матылёў) і менш займацца дынамічнымі аспектамі культуры. Падзеі і сістэма ідэй чалавецтва ў музейнай антрапалогіі разглядаліся пераважна як канкрэтныя і статычныя з’явы, а не як тыя, што пастаянна развіваюцца. Больш таго, сама культура такімі даследчыкамі разглядалася не як сістэма ўзаемазвязаных ідэй і формаў актыўнасці, а як збор пэўных рэчаў.
Акадэмічная антрапалогія
Прафесіяналізацыя антрапалогіі апошняй паловы XIX — пачатку XX ст. значна паўплывала на якасць і колькасць этнаграфічных даследаванняў. Узровень навуковых даследаванняў пачаў павышацца пачынаючы ўжо з 70-х гадоў XIX ст. У ЗША, напрыклад, Аме-
рыканскае этналагічнае бюро ў 1879 г. прыняло на працу прафесійнага антраполага, каб правесці даследаванне сярод народаў Паўднёвага Усходу. Франц Боас, які стаў самым прыкметным амерыканскім антраполагам у 80 — 90-я гады XIX ст., вывучаў побыт індзейскіх плямён Канады. У 1898 і 1899 гг. пад эгідай Кембрыджскага універсітэта буйная антрапалагічная экспедыцыя была накіравана да праліва Торэса паміж Аўстраліяй і Новай Гвінеяй.
Па меры ўдасканалення апісальных метадаў у палявых даследаваннях антрапалогію паступова пачалі ўключаць у навучальныя планы універсітэтаў. Спачатку курсы чыталіся антраполагамі-самавукамі, бо прафесійнай падрыхтоўкі антраполагаў усё яшчэ не існавала. Сумяшчэнне працы ў музеях і ва універсітэтах было даволі распаўсюджанай з’явай, што, як і раней, замацоўвала сувязь паміж музеямі і акадэмічнай антрапалогіяй. Пачынаючы з XX ст. колькасць спецыялістаў-антраполагаў у Еўропе і Злучаных Штатах Амерыкі пачала паступова павялічвацца. Напрыклад, да 1940 г. у ЗША было ўсяго некалькі дзесяткаў прафесійных антраполагаў, у Англіі — яшчэ менш. I паколькі большасць з іх была прынята на працу ва універсітэты, дзе яны пачалі ўзаемадзейнічаць з прадстаўнікамі іншых галін навукі, антрапалогія пачала пазбаўляцца музейнага ўхілу.
У 20-я — 30-я гады антрапалагічныя аддзелы былі заснаваны ў такіх краінах, як Аўстралія, Паўднёвая Афрыка і Бразілія. Спецыялісты для названых краін рыхтаваліся ў Злучаных Штатах Амерыкі і ў Заходняй Еўропе. У гэтых краінах намаганні антраполагаў былі сканцэнтраваны на зборы этнаграфічных звестак аб карэнных народах, у той час як тэарэтычныя высновы належалі пераважна антраполагам каланіяльных дзяржаў.
Дыфузіянізм
У працэсе назапашвання больш надзейнай інфармацыі і павышэння прафесійнага ўзроўню антраполагаў у іх узрастала незадаволенасць тэорыямі рацніх эвалюцыяністаў. Пачалі ўзнікаць новыя тэарэтычныя школы. Адной з іх быў дыфузіянізм — канцэпцыя, паводле якой галоўным стымулам развіцця кожнай культуры лічыцца запазычванне. Морган сцвярджаў, што пераход культуры ад аднаго да другога этапу абумоўлены такімі тэхнічнымі адкрыццямі, як вынаходства кола, металургіі, алфавіту. Дыфузіяністы ж сумняваліся ў тым, што гэтыя важныя вынаходкі былі зроблены ў кожнай культуры паасобку. Яны сцвярджалі, што сапраўдныя адкрыцці здараліся рэдка і большасць народаў не вынаходзіла, скажам, кола, а запазычвала яго ідэю ў суседзяў. Паколькі з’ява дыфузіі (ці распаў-
сюджвання) разглядалася як залежная ад “гістарычнай выпадковасці”, прыхільнікі гэтага накірунку ў антрапалогіі не прызнавалі неадольнасці прагрэсу, у што верылі эвалюцыяністы.
Дыфузіянізм з’явіўся і быў распрацаваны спачатку ў Германіі на працягу другой паловы XIX ст. Нямецкія вучоныя даследавалі спецыфічныя “рысы” пэўнай культуры (такія, як міфы ці звычай лавіць рыбу пры дапамозе кручка) і імкнуліся растлумачыць іх пашырэнне. У пачатку XX ст. яны сцвярджалі, што зыходна існавала толькі абмежаваная колькасць культурных асяродкаў (Kreise), і культура чалавецтва развілася менавіта ў выніку дыфузіі пэўных яе набыткаў з гэтых першапачатковых цэнтраў. Нямецкія дыфузіяністы прытрымліваліся таго пункту гледжання, што “найвышэйшыя цывілізацыі”, такія, як старажытныя Месапатамія і Егіпет, узніклі ў геаграфічна спрыяльных месцах. Асноўныя гістарычныя адкрыцці, на іх думку, былі зроблены ў гэтых рэгіёнах, а змены ў грамадствах, абумоўленыя гэтымі вынаходніцтвамі, дзе б яны потым ні выкарыстоўваліся, сталі вынікам іх дыфузіі праз непасрэднае перайманне, міграцыю і заваёвы. Такі погляд на эвалюцыю культуры стаў вядомы як “Kulturkreis”, ці тэорыя “культурнага кола”.