Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Атрыманне дазволу
Часам бывае, што антраполаг проста прыязджае на месца і пачынае сваю працу. У шэрагу краін патрабуецца адпаведная форма дазволу ад органаў дзяржаўнага кіравання на правядзенне даследаванняў. У адных выпадках атрыманне дазволу — не больш чым фармальнасць, а ў іншых — гэта вельмі складаная і працяглая працэдура. Такая практыка папярэдняга ўзгаднення мае і свой станоўчы бок — дапамагае кантраляваць дзейнасць прыезджых вучоных, каб іх праца была карыснай не толькі для іх саміх, але і для краіны, для тых людзей, якіх яны вывучаюць.
Атрыманне дазволу на працу падчас уяўляе сабой форму цэнзуры, каб прадухіліць даследаванні, якія могуць быць скіраваны супраць інтарэсаў асобных колаў грамадства. Напрыклад, на Фіджы доўгі час дамінавала эліта правадыроў з усходняй часткі краіны [Howard, 1991 -a]. Каб падтрымліваць свой статус, гэтая эліта стварыла такія ўмовы, пры якіх публікацыі і навуковыя даследаванні па Фіджы адлюстроўвалі галоўным чынам яе ролю ў гісторыі вострава і жыцці яго насельнікаў. I менавіта праз выбарачны дазвол яны ўплывалі на замежных даследчыкаў. Дазвол ахвотна выдаваўся толькі тым, хто меў намер праводзіць даследаванні на ўсходнім Фіджы па тэмах, якія датычыліся парадку, усталяванага мясцовымі лідэрамі. Атрымаць дазвол на пр'авядзенне іншых даследаванняў было вельмі цяжка ці зусім немагчыма. Напрыклад, усяляк перашкаджалася працаваць у заходняй частцы краіны, сярод тутэйшага насельніцтва, якое здаўна супрацьстаяла ўладзе ўсходніх правадыроў. У выніку такога кантролю этнаграфія Фіджы адлюстроўвала погляды адно тых, хто быў найбольш лаяльным да кіраўнічай эліты краіны.
Нават калі антраполагі атрымлівалі афіцыйны дазвол ад уладаў, іх планы не заўсёды ажыццяўляліся. Паколькі іх праца патрабуе паглыблення ў досыць далікатныя сферы, антраполагу неабходна найперш адкрыта паведаміць аб сваіх мэтах і пераканаць людзей, што гэтае даследаванне ніяк не пагражае іх дабрабыту. Каб людзі не адчувалі сябе ашуканымі, трэба даць ім магчымасць самім прыняць рашэнне і даць згоду на тое, каб іх вывучалі. Сумленнасць у такіх выпадках — не апошняя рэч для даследчыкаў.
Пераканаць людзей у тым, што даследчык не ўяўляе для іх ніякай пагрозы, часам даволі цяжка. Так, Геральд Бэрэман заўважыў, што пахары, якія жылі на ўзвышшы паўночнай Індыі, вельмі падазрона сіавіліся да чужынцаў. Большасць незнаёмых асоб, з якімі яны мелі кантакты, былі дзяржаўнымі агентамі. Пахары ненавідзелі іх за вымаганні і ўмяшанні ва ўнутраныя справы племені. Бэрэман адзначаў: “Паколькі афіцыйных асоб станавілася ўсё больш
і больш, кожны чужынец мог быць дзяржаўным агентам, а значыць варожым і нават небяспечным” [Berreman, 1972, с. XX]. Звычайна ўсе пабочныя асобы падзяляліся там на добрых і кепскіх. Гэта часта ўскладняла ўзаемаадносіны і прыводзіла да напружанасці.
Каб пазбегнуць негатыўнай рэакцыі, даследчыку неабходна адмовіцца ад ролі пабочнай асобы, каб быць бліжэй да мясцовага насельніцтва. Але, з другога боку, поўнае паглыбленне даследчыка ў жыццё людзей звычайна немагчымае і нават — з пункту гледжання аб’ектыўнасці — непажаданае. Антраполагу лепш заняць нейтральную пазіцыю, недзе паміж пабочнай асобай і карэнным жыхаром. Бэрэман заўважыў, што пасля таго як ён пражыў у вёсцы пахараў чатыры месяцы і неаднойчы выказваўся пра неабходнасць амерыканцам і індыйцам лепей ведаць і лепей ставіцца адзін да аднаго, адносіны да яго ў вёсцы палепшыліся: “Хоць я застаўся чужым і ніколі не адчуваў, што мая прысутнасць у вёсцы была пажаданай для большасці яе жыхароў, да мяне, тым не менш, пачалі ставіцца больш прыхільна і памяркоўна” [Berreman, 1972, с. XXVII], Па меры таго як к даследчыку прывыкалі і пачыналі разумець, што ад яго прысутнасці няма ніякай шкоды, многія з праблем вырашыліся самі сабой.
Выжыванне
Калі палявыя даследаванні праводзяйца ў дзікай і ізаляванай мясцовасці, то можа стаць праблемай само фізічнае выжыванне. Нават калі ўмовы жыцця не такія складаныя, усё ж клопаты аб тым, што есці і дзе жыць, могуць негатыўна ўплываць на работу.
Алдаленасць ад рынкаў ускладняе дастаўку прадуктаў харчавання. Так, Дэвід Мэйбары-Льюіс апісвае, як іх з жонкай частаваў садавіной і рысам вясковец племені шарэнтэ ў Бразіліі: “Мы абодва прагна елі, не зважаючы на дзяцей, якія сабраліся паглядзець на гэтае відовішча. Я адчуваў, як мой жывот надзімаўся па меры таго, як я напіхваў яго ежай. Гэта стала звычкай з таго часу, як мы прыехалі сюды. Калі ёсць ежа, ясі як мага болей, бо невядома, калі давядзецца пад’есці зноў. Пасля некалькіх галодных дзён мы пераканаліся ў правільнасці гэтых высноў. Мы зразумелі пачуцці абарыгенаў, што часта выказваюцца ў іх аповядах: радасць ад таго, што твой жывот становіцца вялікім ад ежы” [Maybury-Lewis, 1968, с.52].
Часам да месца даследаванняў дастаўляюцца значныя запасы ежы, але гэта выклікае іншыя праблемы. Адносны дабрабыт антраполага ў параўнанні з астатнім насельніцтвам перашкаджае ўзаемаразуменню з людзьмі. Лічыцца: той, хто мае лішкі, павінен дзяліцца з іншымі. Хто гэтага не робіць, таго лічаць благім чалавекам. Такім
чынам, запасы, якія разлічаныя на цэлыя месяцы, вельмі хутка знікаюць. У некаторых выпадках дзяльба ежы перашкаджае працы. Напрыклад, Рычард Лі падчас вывучэння групы сан у пустыні Калахары меў намер даследаваць іх спосабы збіральніцтва і размеркавання ежы. Каб атрымаць неабходныя звесткі, ён не дзяліўся ежай, інакш яе не хапіла б яму самому, каб закончыць працу. Тады яго прызналі за скнару і парушальніка звычаяў племені [Lee, 1969|. Напружанасць ва ўзаемаадносінах паміж Рычардам Лі і мясцовым насельніцтвам паўплывала, у сваю чаргу, на ўвесь ход даследавання.
Ёсць іншы варыянт — самому здабываць ежу, як гэта робяць абарыгены. Але тады ёсць небяспека стаць “лішнім ротам” у гэтай мясцовасці. Аднак такія праблемы ўзнікаюць толькі ў экстрэмальных абставінах. Шмат даследчыкаў здабываюць сабе харчаванне без асаблівых клопатаў.
Дзе і як жыць падчас палявых даследаванняў, залежыць ад многіх фактараў — напрыклад, ад тыпу грамадства, якое вывучаюць даследчыкі. Большасць расселеных у пустыні аўстралійскіх абарыгенаў зараз жывуць у адносна стабільных паселішчах. Таму антраполагі, якія жывуць разам з імі, часта карыстаюцца жылымі аўтапрычэпамі. У іншым выпадку, як, напрыклад, у басейне Амазонкі ў Паўднёвай Амерыцы, дзе людзі перасяляюцца з месца на месца і жывуць у часовых збудаваннях, антраполагі вымушаны, як і абарыгены, карыстацца мінімумам выгод.
Калі антраполаг вывучае жыхароў вёскі або горада, яму неабходна вырашыць, жыць яму ў чыёй-небудзь сям’і ці асобна. Калі даследчык жыве ў сям’і, у яго больш магчымасцяў назіраць за штодзённай дзейнасцю людзей, але блізкія ўзаемаадносіны з гэтай сям’ёй могуць ускладніць сітуацыю. У тым выпадку, калі жыхары жывуць у лесе — у адным доўгім будынку ці ў агульным ледзяным іглу, як інуіты,— у антраполага не будзе ніякага выбару. Нават у вёсцы, дзе шмат прыватных будынкаў, можа не знайсціся ахвотніка ўзяць у сваю хату чужынца, і свабоднай хаты таксама можа не быць. Бэрэман апісваў сваё прыніжэнне, калі яму нічога не заставалася, як жыць у хляве разам з буйваламі [Berreman, 1972], Здараецца і так, што даследчыку самому даводзіцца будаваць сабе жыллё.
Часам у антраполагаў узнікаюць праблемы са здароўем. Каб прыстасавацца да радыкальных зменаў у клімаце ці харчаванні, гатрэбен адпаведны перыяд адаптацыі, падчас якога часта ўзнікаюць розныя кішэчныя расстройствы. У некаторых рэгіёнах сустракаюцца такія цяжкія захворванні, як малярыя ці гепатыт. Нічога добрага, акрамя міжвольнага досведу аб спосабах лячэння мясцовых жыхароў або іх шчырага спачування, яны не прыносяць. Больш
таго, хваробу антраполага могуць успрымаць як пагрозу для сябе. Чарльз Ваглей адзначыў гэта, знаходзячыся сярод народа тапірапэ ў Бразіліі: “Тапірапэ не спачуваюць хвораму чужынцу. Яны нервуюцца і баяцца пакарання ў выпадку, калі ён памрэ, ці пашырэння хваробы, што і сапраўды можа здарыцца” [Wagley, 1977, с. 16]. Антраполаг павінен уяўляць, што яго чакае, і падрыхтаваць неабходныя сродкі медыцынскай прафілактыкі.
Даследчыкі часта пакутуюць ад празмернага псіхічнага напружання. Асабліва складаны і неспакойны пачатковы перыяд адаптацыі да новага асяроддзя. Звычайна антраполагам не хапае ўпэўненасці ў сабе, часам яны няздольныя знайсці паразуменне з насельніцтвам. Здараецца, што даследчык не ведае правілаў паводзін у пэўным грамадстве ці не разумее, як насельніцтва рэагуе на яго ўласныя паводзіны і выказванні. Пачынаючы працу, даследчык бывае падобным на малое недасведчанае дзіця, з чым вельмі цяжка прымірыцца дарослым людзям з універсітэцкай адукацыяй.
Псіхалагічны дыстрэс, выкліканы цяжкасцю прыстасавання да інакшай культуры, называецца культурным шокам. Ён узнікае пры раптоўным паглыбленні ў культуру, якая паводле мадэляў паводзін і светапогляду значна адрозніваецца ад роднай культуры даследчыка [Meintel, 1973; Nash,1963],
Пачатковая няўпэўненасць паступова знікае, калі даследчык пачынае лепей разумець людзей і іх культуру, але псіхалагічны стрэс часта застаецца. Чалавек, які выхоўваўся ў буйнамаштабным грамадстве, дзе болыпая ступень адасаблення, цяжка прыстасоўваецца да інтэнсіўных сацыяльных кантактаў пры вывучэнні невялікай абшчыны. Каб пазбегнуць празмернага напружання ад пастаяннага адчування сябе “быццам на сцэне”, антраполагі час ад часу пакідаюць месца палявых даследаванняў.
He ўсе антраполагі зведваюць такія праблемы. Некаторыя з іх пераадольваюць стрэсавыя сітуацыі адносна лёгка. Да таго ж і ўмовы палявых даследаванняў неаднолькавыя. Але кожная, нават самая цяжкая экспедыцыя не абыходзіцца без асабістых і навуковых поспехаў. Паступова антраполагі знаходзяць паразуменне з тымі, каго яны вывучаюць, і нават становяцца іх сябрамі. У такіх абставінах стрэсы паслабляюцца. Працэс даследавання іншай культуры заўсёды варты ўвагі і дапамагае лепш зразумець разнастайнасць чалавечага свету.
Пашырэнне светапогляду
У першай палове гэтага стагоддзя пад уплывам Франца Боаса і Браніслава Маліноўскага палявыя даследаванні сталі лічыцца не-
абходным этапам у станаўленні антраполага. Менавіта яны ператваралі неафіта ў кваліфікаванага спецыяліста. Веды, набытыя студэнтамі з кніг і лекцый, правяраліся на практыцы і закладвалі грунт для ўспрымання свету па-за межамі універсітэцкіх муроў. Сучасныя антраполагі сцвярджаюць, што іх праца “побач з музыкай і матэматыкай адна з нешматлікіх сапраўды вартых прафесій”[ Levi -Stra­uss, 1961, с.58]. I менавіта палявыя даследаванні дазваляюць увайсці ў гэтую прафесію.