Сучасная культурная антрапалогія
Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
Гнуткасці чалавечай камунікацыі спрыяе такая асаблівасць сімвалаў, як шматзначнасць; гэта азначае, што для іх характэрны шматлікія ўзроўні значэння. Так, для хрысціян, напрыклад, распянце з’яўляецца высокім, шматзначным сімвалам. Яно можа азначаць спадзяванне на жыццё пасля смерці, вызваленне ад пакут у гэтым жыцці ці памкненне да маральных учынкаў. Сімвал, такім чынам, дапамагае злучэнню розных ідэй у адно цэлае, ён як быццам тая кропка, у якой факусуецца ўся шматграннасць чалавечага досведу.
Сімвалічная сістэма камунікацыі з’яўляецца таксама адкрытай. У адрозненне ад іншых знакаў сімвалы можна аб’ядноўваць з мэтай утварэння цалкам новых значэнняў. Людзі не абмежаваны пэўным наборам знакаў, яны могуць свабодна вынаходзіць новыя тэрміны і паняцці, як у прыкладзе з англійскімі словамі smoke (дым) і fog (туман), з якіх утварыўся smog — новы сімвал з новым значэннем.
Сімвалам уласціва абстрактнасць. Слова “кніга” справядлівае ў адносінах не толькі да кнігі, якую вы зараз чытаеце, але да цэлага класа прадметаў. Гэты аспект ужывання сімвалаў спрыяе абагульненню з’яў і падзей у ступені, якая значна пераўзыходзіць магчымасці іншых біялагічных папуляцый.
Паколькі структура чалавечага грамадства ўключае ў сябе надзвычай складаныя сувязі і паколькі задача адаптацыі патрабуе калектыўнага рэагавання на зменлівыя ўмовы, падаецца важным, каб сістэма камунікацыі сумяшчала складанасць са своечасовым рэагаваннем. Сярод усіх вядомых сродкаў камунікацыі сімвалы з’яўляюцца найбольш складанымі і ў той жа час найбольш гнуткімі ў плане рэагавання, што дазваляе людзям паспяхова адаптавацца да розных умоў.
Мова і маўленне
Тэрміны мова (language) і маўленне (speech) часта ўжываюцца адзін замест другога, але розніца паміж імі ёсць. Маўленне — гэта аформленая слоўная дзейнасць, якую можна назіраць. Мова ж як сістэма камунікацыі, дзе ў якасці сродку інфармацыйнага абмену ўжываюцца сімвалы, — паняцце абстрактнае. Мова існуе толькі ў чалавечым мысленні, яе нельга назіраць. Гэтак жа, як сістэма каштоўнасцяў, поглядаў і маральных прынцыпаў накіроўвае і абумоўлівае культурную дзейнасць, так і законы мовы дэтэрмінуюць маўленчую дзейнасць.
Здольнасць да мовы і маўлення ўласціва людзям ад прыроды. I сапраўды, усе фізічна нармальныя людзі запраграмаваныя да моўнага ўзаемадзеяння. Бацькам не трэба прымушаць дзяцей вучыцца размаўляць, як, скажам, яны вучаць іх карыстацца туалетам ці паводзіць сябе за сталом. Лінгвістычныя навыкі — гэта тое, што дзеці набываюць падсвядома. Мозг чалавека арганізаваны такім чынам, што людзі быццам запраграмаваны на “сімвалічную дзейнасць” — на камунікацыю, якая грунтуецца на знаках з іх адвольнымі значэннямі. Акрамя таго, ва ўсіх фізічна здаровых людзей існуе спецыфічны галасавы апарат для вымаўлення такой колькасці гукаў, каб размаўляць на любой мове.
Толькі людзям уласцівы пэўны парадак размяшчэння анатамічных органаў (губы, зубы, паднябенне, язык і гартань), адказны за моўную дзейнасць. Але, здаецца, людзі не адзіны від, які мае здольнасці да мовы. Некаторыя іншыя прыматы, асабліва шымпанзэ, ужо прадэманстравалі валоданне рудыментарнымі моўнымі навыкамі [Fouts and Budd, 1979; Patterson and Zinden,1981; Premack and Premack, 1983|.
Структура мовы
У структуры кожнай мовы вылучаюцца два асноўныя ўзроўні: гук і граматыка. Фаналогія займаецца вывучэннем гукаў. Граматыка падзяляецца на марфалогію і сінтаксіс. Марфалогія даследуе пытанне арганізацыі простых гукаў у адзінкі значэння; сінтаксіс жа адказвае за сувязь слоў у сказах.
ФАНАЛОГІЯ. Каб ахарактарызаваць мову, лінгвісты найперш павінны вызначыць, якія ў ёй выкарыстоўваюцца гукі. Людзі здольны прадуцыраваць галосныя гукі шырокага спектра, але не існуе такой мовы, дзе б яны ўжываліся ўсе адразу. Некаторыя мовы заснаваны на большай колькасці гукаў, чым астатнія. Так, прыкладам, у англійскай мове існуе 45 асобных гукаў, у той час як у большасці палінезійскіх моваў іх каля 15.
Найменшымі лінгвістычна значнымі гукавымі адзінкамі — адзінкамі, якія мяняюць значэнні слоў, з’яўляюцца фанемы. У англійскай мове [p] і [b] разглядаюцца як асобныя фанемы, бо яны не могуць замяніць адна адну без таго, каб не змянілася значэнне: словы pat (плясканне, ляпанне) і bat (кажан ці біта, моцны удар) маюць відавочна розныя значэнні.
Фанема можа складацца з аднаго ці некалькі гукаў, цесна звязаных паміж сабой. Так, гук |ph], напрыклад, у слове pike (дзіда) вымаўляецца з моцным выдыхам, а гук [р] у слове spike (тэхн. цвіккастыль) — без аспірацыі. Але ў англійскай мове гэтая розніца не адбіваецца на значэнні, і таму яе і не заўважаюць носьбіты мовы. Такія варыянты адной фанемы, якія не мяняюць значэнняў слова ў мове, называюцца алафонамі.*
МАРФАЛОПЯ. Асобныя гукі могуць быць лінгвістычна значнымі, але самі па сабе ў большасці выпадкаў яны не нясуць сэнсавай нагрузкі. Для таго каб атрымаць значэнне, гукі мусяць аб’яд-
* Дужкі вакол літар, як у прыкладзе з [ph], ужываюцца, каб адзначыць мінімальныя гукавыя адзінкі. Малое паднятае [h] азначае аспіраваны гук.
нацца ў марфемы. Марфемы — гэта найменшыя гукавыя спалучэнні, якія перадаюць асобнае значэнне.
Мы ўжо пабачылі, што не ўсе гукавыя апазіцыі ў асобна ўзятай мове разглядаюцца як лінгвістычна значныя. Некаторыя з апазіцый з’яўляюцца асобнымі фанемамі, у той час як іншыя — алафонамі адной фанемы. Падобна гэтаму на марфалагічным узроўні варыянты з адным значэннем будуць разглядацца як аламорфы адной марфемы. Напрыклад, у англійскай мове прэфіксы in-, unі nonусе азначаюць адмаўленне таго, што ідзе пасля іх; таму яны разглядаюцца як аламорфы, а не як асобныя марфемы.
СІНТАКСІС. Ва ўсіх мовах існуюць стандартызаваныя правілы для злучэння слоў у сказы такім чынам, каб яны былі зразумелыя ўсім. Гэтыя правілы і складаюць сінтаксіс. Англійскі сказ “Калі вы будзеце правільна карыстацца экспанометрам*, то атрымаеце добры здымак” можна перакласці на нямецкую мову, замяніўшы англійскія словы нямецкімі. Але для таго каб сказ стаў зразумелым для цемца, трэба яшчэ і пераставіць словы. На нямецкай мове сказ будзе гучаць наступным чынам: “Wenn sie den Belichtimgsmessen richtig gebrauchen, dann muss es ein gutes Bild geben”. Калі гэты сказ зноў перакласці на англійскую мову, але ўжо прытрымліваючыся нямецкага сінтаксісу, ён будзе гучаць так:”Калі вы экспанометр правільна выкарыстаеце, тады павінен ён добры здымак даць”.
Правілы сінтаксісу засвойваюцца не толькі шляхам навучання. Усе тыя, для каго англійская мова родная, “ведаюць” гэтыя правілы, але толькі некаторыя сказалі б дакладна, што гэта за правілы. Калі сямігадовае дзіця можа гаварыць і яго разумеюць, то гэта доказ таго, што дзіця, у пэўнай ступені падсвядома, ужо набыло асноўныя веды па сінтаксісу.
Іншыя сістэмы камунікацыі
Мова — гэта не адзіны сродак, пры дапамозе якога людзі абменьваюцца інфармацыяй. Так, пры размове людзі перадаюць інфармацыю не толькі словамі, але і праз выраз твару, тонавыя адценні ў голасе, жэсты. Стыль у адзенні і знешні выгляд таксама могуць інтэрпрэтавацца як нейкае паведамленне іншым людзям. Нават тое, як людзі выкарыстоўваюць прастору вакол сябе, таксама набывае камунікацыйнае значэнне.
Даследаваннем камунікацыі жэстамі, ці “мовай цела”, займаецца KiHe3iKa[Birdwhistell, I960], Паколькі паміж людЗьмі няма прынцы-
*Прылада для вымярэння інтэнсіўнасці святла. (Заўв. пер.)
повай фізічнай розніцы, большасць элементаў гэтай “мовы цела” мае агульнае значэнне. Так, напрыклад, усмешка ў кожнай частцы свету азначае прыблізна адно і тое ж. Але на кінезічную камунікацыю ўплывае культура, і таму некаторыя значэнні ў розных краінах могуць адрознівацца [Morris et al., 1979]. У заходніх культурах не існуе розніцы ў тым, якой рукой, левай ці правай, чалавек дае камунебудзь цукерку. Аднак шмат у якіх азіяцкіх культурах прапанаваць што-небудзь левай рукой — гэта знявага ці, сама меней, прыкмета дрэннага выхавання. Такім жа чынам розныя жэсты ў розных культурах могуць мець адно значэнне. У паўночнай Італіі, як і ў ЗША, чалавек ківае галавой з боку ў бок, калі хоча сказаць “не”, але ў паўднёвай Італіі і Грэцыі тое ж самае значэнне перадаецца тым, што падбародак падымаюць угору.
Большасць з нас у асноўным ведае, як мова цела ўплывае на нашы ўзаемадачыненні з іншымі людзьмі, але значна менш мы знаёмы з тым, як перадаецца інфармацыя пры дапамозе прасторавых мадэляў. Пракземіка, ці даследаванне культурнага выкарыстання прасторы, засяроджвае сваю ўвагу на “геаметрыі ўзаемаадносін” [Hall, 1966], Каб лягчэй вызначыць, напрыклад, ступень фармальнасці або інтымнасці таго ці іншага ўзаемадачынення, трэба паглядзець на яго прасторавае вырашэнне. Пры адных відах узаемадачынення, такіх, як інтэрв’ю, людзі захоўваюць паміж сабой даволі значную дыстанцыю. I наадварот, пры абмеркаванні асабістай справы двума добрымі сябрамі аддаленасць паміж імі падчас размовы хутчэй за ўсё будзе зусім нязначнай.
“Адпаведнае” выкарыстанне прасторы і сэнс прасторавых рашэнняў у розных культурах вызначаюцца па-рознаму. Так, напрыклад, пакупнікі марак на пошце Лондана стаяць у чарзе так, каб не мець паміж сабой фізічнага кантакту, і цярпліва чакаюць каля акенца. Аднак у Іспаніі само паняцце чаргі фактычнд невядомае. Там людзі збіраюцца каля акна натоўпам; пры гэтым не выключаны і фізічны кантакт, і нават штурханне.
Яшчэ адным відам невербальнай камунікацыі з’яўляецца ў nayHaft ступені і знешні выгляд чалавека. Адзенне, прычоска, каштоўнасці, касметыка — усё гэта ўплывае на яго асабістыя і грамадскія сувязі. Умоўнасці адзення і знешняга выгляду дакладна адлюстроўваюць грамадскае становішча чалавека; больш таго, яны ўплываюць на яго паводзіны, асабліва на ўзаемаадносіны паміж незнаёмымі людзьмі. Чалавек, апрануты ў паліцэйскую форму, будзе паводзіць сябе не так, як чалавек ва ўбранні клоуна. Такім чынам, упрыгожванне цела дапамагае зразумець асобныя сітуацыі ў межах пэўнай культурнай традьшыі.
Адрозненні ў адзенні і знешнім выглядзе вельмі важныя для міжкультурных кантактаў. Так, у горнай Гватэмале ў кожным індзейскім паселішчы традыцыйна існуюць спецыфічныя звычаі ўпрыгожвання цела. Але ўсе віды адзення адпавядаюць аднаму тыпу, вядомаму у міжкультурных зносінах як “індзейскі”. Тым самым падкрэсліваецца асаблівасць культуры ўсіх індзейцаў у параўнанні з неіндзейцамі.