Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Скот Нінд, адзін з першых еўрапейскіх насельнікаў у паўднёвазаходняй Аўстраліі, сцвярджаў, што няведанне мовы аздаблення цела ў іншай культуры можа перашкаджаць ўзаемаразуменню людзей. У сваім аналізе першых кантактаў паміж еўрапейцамі і абарыгенамі Нінд адзначыў, што прадузятае стаўленне еўрапейцаў да мясцовай традыцыі аздаблення цела і сацыяльнай арганізацыі прывяло да няправільных высноў: “Мы імкнуліся высветліць, ці ёсць у іх правадыры, лідэры, і доўгі час верылі, што ёсць. Сапраўды, мы спыніліся на дзвюх ці трох асобах, якія, на нашу думку, маглі імі быць. Абарыгены, якіх мы выбралі, былі гожыя, высокія і актыўныя мужчыны з густым нацельным малюнкам і ўпрыгожаннямі... Потым высветлілася, што гэта іх звычайны штодзённы ўбор “[Nind, 1831, с.40-41|.
МОВА I КУЛЬТУРА
Культуру немагчыма зразумець паасобна ад мовы — адзінага ў сваім родзе, найбольш важнага элемента яе структуры. Цалкам жа зразумець мову, не зважаючы на культурны кантэкст, таксама, здаецца, немагчыма. Як адзначаў антраполаг Джон Біяці, “катэгорыі мыслення народа і мадэлі яго мовы вельмі своеасабліва суіснуюць у свеце” [Beattie, 1964, с.31]. Але якімі б шматстайнымі ні былі ўзаемаўплывы культуры і мовы, іх інтэграцыя не ўяўляецца абсалютнай. Як у мове, так і ў культуры шмат уласцівых толькі ім аспектаў, якія непасрэдна ці ўскосна ўздзейнічаюць. Народы, вельмі блізкія паводле сваёй культуры, могуць гаварыць на розных мовах, між тым як на падобных мовах часам гавораць народы з вельмі адрознай культурай.
Уплыў культуры на мову
Даследаванняў адносна таго, як культура ўплывае на граматычны лад мовы, няшмат, але не цяжка прасачыць, як сацыяльныя і культурныя фактары ўздзейнічаюць на слоўнікавы склад. Інуіты (эскімосы), саамы (лапары) і розныя іншыя супольнасці, што жы-
вуць на Крайняй Поўначы і чые сродкі існавання і нават само існаванне залежаць ад снегу, здольны адрозніваць шмат розных яго станаў. Наадварот, у абарыгенаў Фіджы ўвогуле не існавала слова для абазначэння снегу, пакуль яно не было створана ў XIX ст. пасля наезду еўрапейцаў. Затое ў фіджыйцаў ёсць “асобныя словы для кожнага віду какосавага арэха і для кожнай фазы яго росту” [CLammer, 1976. c.31J.
У любой мове развіццё пэўнай катэгорыі слоў звязана з яе важнасцю для грамадства, багаццем навакольнага свету і з тым, як яна павінна ўжывацца. Напрыклад, у народа самал з паўднёвай часткі Філіпінаў існуюць назвы больш як для 250 відаў рыбы. Часткова гэта тлумачыцца тым, што рыба з’яўляецца асноўнай крыніцай харчавання і грашовых паступленняў для самалаў. Але асноўная прычына ўсё ж у тым, што ў водах ля ўзбярэжжа, дзе жывуць самалы, плавае шмат самых розных яе відаў.
Ва ўсіх мовах існуюць як вельмі абстрактныя, так і вельмі спецыфічныя паняцці. Аднак у гэтых адносінах паміж мовамі заўважаюцца значныя адрозненні. У такіх мовах, як кітайская і англійская, якія абслутоўваюць грамадствы з шырокім падзелам працы і на якіх размаўляе вялікая колькасць насельніцтва, надзвычай распрацаваны агульны слоўнікавы склад. Такія англійскія словы, як administra­tor, mammal, society і rights нельга знайсці ў слоўніках шмат якіх невялікіх і малацывілізаваных грамадстваў, але ў кітайскай мове адпаведнікі для іх існуюць.
Такім чынам, як паказваюць даследаванні, культурны, прыродны і нават фізіялагічны фактары моцна ўплываюць на слоўнікавы склад мовы. Такая выснова сгтравядлівая, напрыклад, у адносінах да вызначэння розных колераў. У той час як у некаторых мовах існуюць досыць спецыфічныя словы для абазначэння колераў (скажам, англійскае peach — колер персіка), не ва ўсіх мовах ёсць словы, якія адрозніваюць адзін колер ад другога. Адпаведна і колькасць слоў для абазначэння галоўных колераў у гэтых мовах неаднолькавая. Так, хмонг — племя, якое жыве ў Паўднёва-Усходняй Азіі, — ужывае адно і тое ж слова для абазначэння блакітнага і зялёнага колераў. Калі ў некаторых мовах толькі два галоўныя словы для абазначэння колеру —’’цёплы-светлы” і “халодны-цёмны”, то ў іншых — такіх, як венгерская ці англійская — іх налічваецца адзінаццаць ці дванаццаць. Бёрлін і Кэй выявілі, што колькасць слоў для абазначэння колераў у мове ўзрастае адпаведна таму, як ускладняецца эканамічнае і тэхналагічнае жыццё грамадства [Berlin and Kay, 1991]. Кэй і Мак Дэніел паказалі, што пры развіцці грамадства парадак з’яўлення новых слоў для абазначэння колераў адлюстроў-
вае фізіялогію і неўралогію вока [Kay and McDaniel, 1978]. Як прыклад залежнасці ад неўралагічных характарыстык чалавечага вока можна прывесці той факт, што не існуе такой мовы, у якой быў бы прыметнік “аранжавы” і не было б двух прыметнікаў — “чырвоны” ці “жоўты”. Аднак з’яўленне слова “аранжавы” — гэта не проста праява неўралогіі, бо гэтае слова сустракаецца ў грамадствах, для якіх характэрна ўжыванне тыповых фарбаў і іх адценняў і дзе існуе грамадская сістэма адукацыі. Слоўнік колераў адлюстроўвае не толькі нашу залежнасць ад расшчаплення колеру ў асяроддзі і ўвогуле глыбіннае ўспрыманне колеру чалавекам, але таксама і розныя патрэбы грамадстваў адносна колераў.
Моўнае ўздзеянне на культуру
Супазіцыя мова/культура нагадвае, шго і мова можа вызначаць асобныя аспекты культуры ці ўздзейнічаць на іх. Прынамсі ў адным: яна, безумоўна, дазваляе нам афармляць нашу культурную дзейнасць, бо менавіта мова дапамагае фармаваць наша ўспрыманне свету. Мова ўсталёўвае катэгорыі, пры дапамозе якіх рэчы, што разглядаюцца як аднолькавыя ці падобныя, можна адрозніваць ад тых, што лічацца непадобнымі. Катэгорыі адной мовы ніколі не будуць дакладна адпавядаць катэгорыям другой мовы. У англійскаамерыканскай традыцыі маці называюць адным тэрмінам сваяцтва — mother (маці, мама), а сястру маці — іншым: aunt (цётка). Іракезы ж і маці, і яе сястру называюць адным і тым жа словам. Такія лінгвістычныя адрозненні ўплываюць на паводзіны людзей. Англаамерыканцы ставяцца да цётак не так, як да матуль; стаўленне ж іракеза да абедзвюх жанчын мусіць быць аднолькавым.
Некаторыя антраполагі пайшлі значна далей і сцвярджаюць, што мы фактычна знаходзімся ў палоне ў мовы. Класічнае ўвасабленне такога меркавання вядомае як гіпотэза Сэпіра—Уорфа, названая імёнамі антраполагаў-лінгвістаў Эдварда Сэпіра (1884—1939) і Бенджаміна Уорфа (1897—1941). Згодна з гэтай гіпотэзай, структуры мыслення і мовы цесна звязаны паміж сабой: “Людзі жывуць не толькі ў фізічным свеце і не толькі ў свеце сацыяльнай дзейнасці, як гэта звычайна разумеюць; у значнай ступені яны знаходзяцца пад уладай той канкрэтнай мовы, якая становіцца для іх сродкам іх грамадскага выяўлення /.../ Справа ў тым, што карціна рэальнага свету ў вялікай ступені грунтуецца на моўных звычках калектыву. Ніколі нельга лічыць, што дзве мовы, якімі б блізкімі яны ні былі, выяўляюць адну і тую ж сацыяльную рэчаіснасць. Прасторы, у якіх існуюнь розныя грамадствы, — гэта асобныя грамадствы, а не
проста адзін і той жа свет з рознымі этыкеткамі” [Sapir, 1929, с. 209-214].
Гіпотэза Сэпіра—Уорфа сцвярджае, што панаванне мовы не абмежавана простым афармленнем жыццёвага вопыту людзей: яно прымушае іх успрымаць свет праз катэгорыі іх уласнай мовы. Калі гэта так, то ў носьбітаў розных моваў існуюць адпаведна розныя канцэпцыі наконт таго, як пабудаваны гэты свет.
Бясспрэчна, мова пэўным чынам абмяжоўвае імкненне чалавека выказаць свае думкі. Так, паколькі катэгорыя часу дзеяслова з’яўляецца асноўнай структурнай рысай англійскай мовы, то амаль кожны вымаўлены носьбітамі гэтай мовы сказ мусіць давесці, ці менавіта зараз адбываецца падзея, ці яна толькі што адбылася, ці яшчэ адбудзецца. Але чалавеку, які размаўляе на інданезійскай мове, у якой дзеяслоў не змяняецца па ліку, асобах ці часе, няма патрэбы спецыяльна ўдакладняць час, як гэта робіцца ў англійскай мове. Паінданезійску нельга сказаць: “Я хадзіў у краму” — замест гэтага скажуць: “Я іду ў краму” — незалежна ад таго, адбываецца падзея зараз ці адбылася ў мінулым. Згодна з гіпотэзай Сэпіра—Уорфа, структурныя адрозненні паміж дзвюма мовамі фарміруюць у носьбітаў англійскай і інданезійскай моваў розныя ўяўленні адносна часу. Англійская мова, падзяляючы час на асобныя катэгорыі мінулага, цяперашняга і будучага, падкрэслівае яго перыядычнасць; у інданезійскай жа час разглядаецца як цякучы і непарыўны. Тым не менш, нават калі ў адной мове сказы ў параўнанні з другой і лягчэй складаць, бясспрэчна, што не існуе такіх думак ці ідэй, якіх нельга было б выказаць на абедзвюх мовах. Інданезійцы могуць дадаваць да сваіх бясчасавых сказаў азначальнік тыпу “ўчора” ці “гэтай раніцай”.
Хоць узаемаўздзеянне мовы і культуры і прымае разнастайныя формы, але відавочным з’яўляецца тое, што спробы высветліць, хто з іх “галоўны”, поспеху мець не будуць. Гіпотэза Сэпіра—Уорфа не толькі абумовіла цікавасць да пытання сувязяў мовы і культуры, але і спарадзіла таксама шмат дыскусій. На сённяшні момант, аднак, гіпотэза застаецца недаказанай.
ЛІНГВІСТЫЧНАЯ ВАРЫЯТЫЎНАСЦЬ
Усялякаму параўнанню з мэтай выяўлення кроскультурных фактараў уздзеяння замінае адсутнасць відавочна акрэсленых межаў паміж мовамі. Акрамя таго, у асобных мовах існуе шмат розных дыялектаў, а некаторыя моўныя варыянты з’яўляюцца вынікам спалучэння з іншымі мовамі. Эксперты-лінгвісты адзначаюць, што
дакладны лік асобных моваў, якія ўжываюцца зараз у свеце, вызначыць вельмі цяжка.
Асобныя мовы
Колькі моваў існуе ў свеце? Як адказ прыводзіцца лічба блізу 5-6 тысяч, але ніводны з падлікаў не можа быць дастаткова дакладным (гл.табліцу). У Паўднёвай Амерыцы гавораць не менш як на 3 тысячах мовах — такая лічба сустракаецца ў літаратуры, але яна,
Галоўныя мовы свету (1992)*
ІІазва
Колькасць носьбітаў гэтай мовы як першай мовы, MLIH
Кітайская
885
Англійская
450
Хіндзі
367
Іспанская
352
Руская
294
Арабская
202
Бенгальская
187
Партугальская
175
Малайска-інданезійская
145
Японская
126
Французская
122
Нямецкая
118
Урду (Пакістан, Індыя)
94
Панджабі (Пакістан, Індыя)
87
Карэйская
72
Тэлугу (Івдыя)
69
Тамільская (Індыя, Шры Ланка)
66
Маратхі (Індыя)
65
Кантонская (Кітай)
64
Італьянская
63
* Паводле Сіднея С.Кульберта [Culbert, 1991, с. 573-574].
...безумоўна, прыблізная. Вызначэнне ліку асобных моваў выклікае шмат праблем. Пры даследаваннях у Паўднёвай Амерыцы, напрыклад, адна мова атрымала некалькі назваў. Акрамя таго, часам вельмі цяжка сказаць, ці з’яўляецца адной і той жа мова, апісаная двума лінгвістамі. Некаторыя з гэтых 3 тысяч моваў ужо не існуюць; некаторыя крытэрыі, якія ўжываліся пры вызначэнні асобных моваў, часткова супалі ці сталіся непатрэбнымі. I калі выключынь гэтыя фактары, то застаецца 300—400 індзейскіх моваў, на якіх зараз размаўляюць у Паўднёвай Амерыцы. I ўсё ж, як падагульняе Сорэнсен [Sorensen, 1973, с.312], “лінгвістычная мапа Паўднёвай Амерыкі застаецца класічным імпрэсіянісцкім творам”. Такія праблемы існуюць паўсюль. I найпершая з іх, што паўстае перад кожным жадаючым скласці спіс асноўных моваў свету, — вызначэнне своеасаблівасці кожнай мовы як асобнай, адрознай ад іншых [Ruhler, 1987; Voegelin and Voegelin, 1977]. Асноўным паказчыкам пры гэтым з’яўляецца яе агульная зразумеласць. У межах любога народа індывідуальны моўны досвед і індывідуальныя моўныя здольнасці розныя, але пераважная большасць носьбітаў адной і той жа мовы павінны разумець адзін аднаго. Існуе і агульны спосаб вызначэння ступені падобнасці і непадобнасці дзвюх моўных традыцый шляхам параўнання іх слоўнікавага складу. Сама па сабе лексіка не дае поўнага ўяўлення пра ўзаемадзеянне моваў, але параўнальны аналіз слоўнікавага складу — галоўны фактар у высвятленні дэгаляў гэтага працэсу. Часта для такога аналізу дастаткова параўнання рупліва складзеных спісаў асноўных тэрмінаў, якія можна знайсці ў кожнай мове — такіх слоў, як “жанчына”, “галава”, “дождж”.