• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

    Сучасная культурная антрапалогія

    Майкл Говард

    Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
    Памер: 478с.
    Мінск 1995
    143.9 МБ
    Безумоўна, існаванне чалавека залежыць не толькі ад ежы. Мы мусім набываць рэчы значна большага дыяпазону, калі хочам жыць “па-людску”, а не як “быдда”. Так званыя патрэбы жыцця — гэта не толькі рэчы, патрэбныя нам для таго, каб выжыць; даволі часта гэта абумоўленыя пэўнай культурай звычкі — таварыскасць, адзенне, прытулак, транспартныя сродкі. Мы таксама вырабляем шмат рэчаў, якія не з’яўляюцца прадметамі першай неабходнасці, — відэа, замарожаны ёгурт ці красоўкі “Nike”. Яны не абавязковыя для падтрымання нашага жыцця, хоць часам мы і думаем, што менавіта іх нам найбольш не хапае. Нават народы, якія знаходзяцца на пачатковай ступені тэхналагічнага прагрэсу і маюць абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы, ствараюць разнастайныя цацкі, забаўкі і іншую драбязу.
    Якія ж спосабы выпрацавала чалавецтва, каб набыць тое, чаго мы хочам і што нам патрэбна? У якой ступені гэтая наша дзейнасць абумоўлена прыродным і сацыяльным асяроддзем? У гэтым раздзеле мы разгледзім асаблівасці галоўных мадэляў жыццезабеспячэння. Мы таксама прасочым змены ў гэтых мадэлях, асабліва тыя, што сталіся вынікам стасункаў паміж народамі на шляху стварэння сусветнай сістэмы.
    ДРОБНЫЯ ГРАМАДСТВЫ ПАЛЯЎНІЧЫХ I ЗБІРАЛЬНІКАЎ
    Эканамічнай асновай чалавечага грамадства на працягу амаль усяго перыяду рассялення Homo sapiens па свеце было збіранне дзікарослых раслін і паляванне на дзікую жывёлу. Адаптацыі, заснаваныя на больш інтэнсіўным выкарыстанні рэсурсаў, земляробстве і гадоўлі свойскай жывёлы, развіліся толькі ў апошнія 10 тысяч гадоў. За гэты час лік збіральніцкіх грамадстваў няспынна змяншаўся, так што цяпер іх засталося зусім няшмат.
    Паляўнічыя і збіральнікі заўсёды саступалі ў спаборніцтве з прадстаўнікамі іншых тыпаў вытворчасці. Так, напрыклад, еўрапейская экспансія апошніх стагоддзяў зменшыла колькасць груп, што займаліся паляваннем і збіральніцтвам. Зараз такія групы можна знайсці толькі ў самых аддаленых і маласпрыяльных для жыцця кутках свету — рэгіёнах, якія ўжо ніхто не хоча засяляць і дзе існуе мінімальны кантакт з іншымі народамі (напрыклад, арктычныя вобласці і пустыні Аўстраліі ці паўднёвай Афрыкі). Сучасныя паляўнічыя і збіральніцкія грамадствы адрозніваюцца ад ранейшых шмат па якіх параметрах, бо яны прайшлі тысячагадовы шлях развіцця — як правіла, у кантакце і пад уплывам больш развітых народаў. Сучасныя паляўнічыя і збіральнікі — гэта не проста рэлікты каменнага веку: на іх лад жыцця ўздзейнічае сучасны свет і яны з’яўляюцца паўнапраўнымі членамі сучаснай сусветнай супольнасці.
    Распаўсюджаны погляд на паляўнічых і збіральнікаў як на людзей, якія жывуць на мяжы фізічнага знікнення. Аднак сучасныя народы, якія паспрыялі замацаванню гэтага вобраза — інуіты, сан, абарыгены цэнтральнай Аўстраліі і інш., — зусім не падобныя на тых, чые продкі жылі яшчэ да кантактаў з еўрапейцамі. Першабытныя людзі жылі ў больш спрыяльных прыродных умовах з дастатковай колькасцю рэсурсаў харчавання, і некалькіх гадзін працы ў дзень хапала для задавальнення іх жыццёвых патрэб. Сапраўдныя голад і нястача здараліся рэдка.
    Апошнім часам археолагі, якія працуюць у Еўропе і на Сярэднім Усходзе, вылучаюць так званую перадземляробчую рэвалюцыю — інтэнсіфікацыю культурнага жыцця, што мела месца перад узнікненнем сельскай гаспадаркі. Гэтая рэвалюцыя азначала пашырэнне магчымасцяў для захавання ежы, развіццё абмену паміж аддаленымі рэгіёнамі, з’яўленне аседлых паселішчаў і іерархіі [Henry, 1988|. У археолагаў, напрыклад, ёсць доказы, што ў Заходняй Еўропе сацыяльная іерархія існавала ўжо 32 тысячы гадоў таму (пра што сведчаць апрацаваныя пацеркі таго часу), а пастаянныя паселішчы
    ўзніклі 26 тысяч гадоў назад. У цэнтральнай Расіі людзі пачалі жыць аседла каля 20 тысяч гадоў таму, яны выкарыстоўвалі косці маманта для пабудовы грувасткіх канструкцый для жылля і захавання ежы.
    У залежнасці ад спосабаў адаптацыі існуюць тры асноўныя тыпы паляўнічых і збіральнікаў: пешыя, конныя і водныя [Martin, 1974], Хоць усе яны належаць да адносна дробных грамадстваў, але ёсць істотныя адрозненні ў пэўных аспектах жыцця гэтых груп.
    Пешыя паляўнічыя і збіральнікі
    Большасць паляўнічых і збіральнікаў займаюцца паляваннем пешшу на дзікую жывёлу і збіраннем прыдатных у ежу раслін. Да ліку сучасных і гістарычна блізкіх нам грамадстваў паляўнічых і збіральнікаў належыць большасць абарыгенаў Аўстраліі, бамбуці і сан у цэнтральнай і паўднёвай Афрыцы, кры і падобныя да іх групы паўночнай Канады, а таксама пунан і іншыя ізаляваныя плямёны Паўднёва-Усходняй Азіі.
    У большасці гэтых грамадстваў паляваннем займаюцца мужчыны, а збіральніцтвам — жанчыны; іншыя варыянты падзелу працы, напэўна, проста немагчымыя. Адносная значнасць палявання і збіральніцтва можа мяняцца, але збіральніцтва, як правіла, дае больш ежы. Гэта азначае, што жанчыны звычайна ўносяць большы ўклад у яе здабыванне, што і забяспечвае тут у параўнанні з іншымі грамадствамі большую роўнасць полаў. Жанчыны адказныя таксама за прыгатаванне ежы, хоць дзічыну могуць гатаваць і мужчыны. Аднак ролі мужчын і жанчын у грамадствах паляўгічых і збіральнікаў могуць лёгка мяняцца месцамі. Так, у народнасці сан, напрыклад, абавязак збору ежы ці назапашвання вады пераходзіць ад тых да іншых [Draper, 1975],
    Большасць пешых паляўнічых і збіральнікаў жывуць невялікай качавой групай, альбо грамадой, і часцей вандруюць з месца на месца, чым застаюцца на пэўнай тэрыторыі. Аптымальная колькасць такой грамады абумоўлена неабходнасцю эфектыўнага выкарыстання рэеурсаў і вагаецца — у залежнасці ад асаблівасцяў асяроддзя — паміж 15 і 25 асобамі. Значную ролю ў фарміраванні калектыву адыгрываюць сваяцкія сувязі. Часта сваяцтва з’яўляецца галоўным сродкам ажыццяўлення сацыяльных і эканамічных стасункаў. Хутчэй за ўсё менавіта сваяптва дае чалавеку правы паляваць ці займацца збіральніцтвам на пэўнай тэрыторыі.
    У залежнасці ад умоў асяроддзя і шчыльнасці насельніцтва плошча вандровак груп паляўнічых і збіральнікаў можа вар’іравацца ў межах ад ста да некалькіх тысяч квадратных міляў. Аднак не ўсе такія
    мабільныя. У некаторых экалагічна спрыяльных рэгіёнах была магчымасць весці аседлы лад жыцця. У пастаянных ласелішчах, напрыклад, жылі групы збіральнікаў каліфарнійскага ўзбярэжжа, якія забяспечвалі сваё існаванне галоўным чынам зборам жалудоў.
    Аднак большасць паляўнічых і збіральнікаў вялі качавы лад жыцця. Нягледзячы на тое, што грамада была структурай пэўнага сацыяльнага ўзаемадзеяння, эканамічнай вытворчасці і абмену, узнікалі і болыл буйныя сацыяльныя адзінкі. Звычайна кожная грамада варожа ставіцца да іншых, хоць яна і звязана з імі агульнымі культурнымі рысамі, блізкімі дыялектамі ці абменам шлюбных партнёраў. Час ад часу, калі дазваляюць прыродныя рэсурсы, асобныя • групы могуць сустракацца ў межах гэтых буйных утварэнняў. Падчас такіх сходаў выконваюцца галоўныя рэлігійныя цырымоніі, ладзяцца шлюбы, адбываецца абмен таварамі і абмяркоўваюцца важныя агульныя пытанні.
    Тэхналогія палявання і збіральніцтва дастаткова простая. У сувязі з тым, што мабільнасць груп залежыць галоўным чынам ад здольнасці іх насіць на сабе ўсе свае прылады, у іх параўнальна мала рэчаў. Гэтая асаблівасць істотна абмяжоўвае маёмаснае размежаванне, папярэджвае развіццё сацыяльнай няроўнасці і ўзнікненне ўласнасці. Збіральнікі бачаць адрозненні паміж індывідуальнымі здольнасцямі, што стварае магчымасць для пэўнай спецыялізацыі ў вытворчасці прылад і выкананні рэлігійных рытуалаў. Але ў такіх дробных грачадствах чалавек рэдка калі можа прысвяціць увесь свой час якому-небудзь асобнаму занятку.
    Конныя паляўнічыя і збіральнікі
    Зараз коннае паляванне амаль невядомае: выключэнне складаюць хіба толькі спартыўныя спаборніцтвы. Але гэтая мадэль жыццезабеапячэння была распаўсюджана з XVII па XIX ст. сярод плямёнаў Вялікіх прэрый ЗША і Канады і ў пампасах Паўднёвай Амерыкі, калі еўрапейцы завезлі ў Новы Свет коней.
    Конныя паляўнічыя і збіральнікі адрозніваюцца ад сваіх продкаў памерамі аб’яднанняў, ступенню сацыяльнай і эканамічнай няроўнасці і, безумоўна, сваёй мабільнасцю. Грамада конных паляўнічых была большай па колькасці; для яе характэрна таксама большая мабільнасць і больш складаная сістэма сацыяльнай і палітычнай градацыі, ці іерархіі.
    Да асваення конегадоўлі ў канцы XVIII ст. патагонцы паўднёвай Аргенціны жылі невялікімі групамі ўздоўж узбярэжжа [Williams, 1979]. Прыручэнне каня значна пашырыла іх мабільнасць і дазволіла перайсці ад берагавога збіральніцтва да палявання на рыа (від
    страуса) і гуанака (від ламы). 3 кожным годам, каб прызвычаіцца да штогадовых міграцый жывёлы, патагонцы рухаліся ўсё далей і далей ад далін узбярэжжа праз Патагонскае плато да перадгор’яў Андаў. Памеры іх груп вар’іраваліся на працягу года. Падчас пераходу праз плато яны налічвалі 10—15 мужчын з сем’ямі — усяго каля 70 чалавек. Такія памеры адпавядалі ўмовам палявання на плато. На іншых участках шляху канцэнтрацыя дзікай жывёлы дазваляла некалькім групам аб’яднацца ў адну вялікую грамаду — да 350 чалавек. Стварэнне буйных груповак з больш складанай структурай прывяло да значных змен у патагонскім грамадстве.
    Водныя паляўнічыя і збіральнікі
    Водныя паляўнічыя і збіральнікі, якія займаюцца ў асноўным рыбнай лоўляй, здольны ствараць яшчэ большыя неэгалітарныя грамадствы з адносна дасканалай матэрыяльнай культурай. Замест таго каб гнаць жывёлу пешшу ці на кані, яны селяцца на ўзбярэжжах, акваторыя якіх багатая на водную жыўнасць, і даганяюць сваю здабычу на лодках. Такі прыём палявання ўжываецца і сёння абарыгенамі паўночна-заходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі — такімі, як квакіютлі і хайда, хоць яны спалучаюць сваю дзейнасць з наёмнай працай і лоўляй рыбы на продаж.
    Гістарычныя звесткі аб хайда дазваляюць рэканструяваць карціну гэтага тыпу адаптацыі і выключнага прыкладу існавання сацыяльнай няроўнасці на такім узроўні развіцця тэхналогіі. Традыцыйна хайда лавілі рыбу (у асноўным ласосевых і палтуса), рабілі пасткі для дзічыны і збіралі ягады ды карэнне. Іх тэхналогія лоўлі рыбы была надзвычай распрацаванай, яны будавалі каноэ даўжынёй больш за 50 футаў. На гэтых лодках яны праплывалі сотні міляў — і не толькі з прамысловымі мэтамі, а яшчэ каб напасці на іншыя супольнасці. Іх грамадства было заснавана на кроўным сваяцтве. Для яго характэрна таксама высокая ступень расслаення — былі правадыры, слугі і нават рабы. Такому ладу жыцця спрыялі багатыя рэсурсы і тэхналогія, што дазваляла адносна вялікай колькасці людзей жыць у вёсках з так званымі доўгімі дамамі, дзе змяшчалася каля 100 і болей чалавек. У 1840 г. блізу 8 тысяч хайда жылі ў некалькіх буйных вёсках.