• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

    Сучасная культурная антрапалогія

    Майкл Говард

    Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
    Памер: 478с.
    Мінск 1995
    143.9 МБ
    ВІДЫ ЖЫЦЦЕЗАБЕСПЯЧЭННЯ. Асноўная рыса пастаральнага качэўніцтва — няспынны рух. У сувязі з сезоннымі зменамі ці непрадказальнасцю надвор’я качэўнікі вымушаны пераганяць статкі, каб з максімальнай выгадай выкарыстаць пашы. Шмат якія з качавых народаў Сярэдняга Усходу выкарыстоўваюць адзін і той жа традыцыйны “племянны” шлях з досыць разнастайным ландшафтам. Звычайнай міграцыйнай мадэллю пастаральных качэўнікаў з’яўляецца паступовы рух з раўніннай вобласці, дзе яны суіснуюць разам з аседлымі народамі, да ізаляваных горных пашаў.
    Як віды жывёлы, якую пасвяць гэтыя народы, так і ступені іх дачынення да сельскагаспадарчай вытворчасці істотна вар’іруюцца. Яны адрозніваюцца таксама і ўзроўнем самазабеспячэння: так, афрыканскія жывёлаводы намагаюцца задаволіць адно свае штодзённыя патрэбы, у той час як на Сярэднім Усходзе людзі імкнуцца вырабляць яшчэ і лішак прадуктаў, каб абмяняць іх на іншыя тавары. Але ўсе качэўнікі ў пэўнай ступені залежаць ад вытворчасці такіх прадуктаў земляробства, як вінаград і іншая садавіна.
    ГРАМАДСКАЯ АРГАШЗАЦЫЯ. Уласнікамі жывёлы ў грамадствах качэўнікаў выступаюць старэйшыны сем’яў; сям’я ж з’яўляецца галоўнай адзінкай вытворчасці і спажывання. Асобныя сем’і,
    тым не менш, мусяць аб’ядноўвацца ў большыя групы, каб абараніць сябе ад ворагаў і лепш выкарыстаць прыродныя рэсурсы. Памеры качавых груповак — стойбішчаў — залежаць ад фактараў, што вызначаюць аптымальныя памеры і склад статка, і ад полаўзроставых асаблівасцяў самой групы. Склад такой групы ўвесь час мяняецца. Гэта абумоўлена як спецыфікай занятку (сезоннасць, рост маладняка і да т.п.), так і грамадскімі фактарамі, напрыклад, стварэннем новых сем’яў. Качэўнікі ўваходзяць у склад і буйнейшых, чым стойбішча, супольнасцяў, заснаваных звычайна на сваяцкіх сувязях. Асноўным іх відам з’яўляецца племя, якое ўтвараецца праз аб’яднанне нашчадкаў агульнага продка ці саюз звязаных паміж сабой сваяцкіх груп.
    Плямёны ўключаюць ад некалькіх сотняў да сотняў тысяч асоб. У мінулым у працэсе паступовай цэнтралізацыі ўлады і з меркаванняў бяспекі плямёны часам аб’ядноўваліся ў канфедэрацыі. Аднак у большасці сваёй гэтыя канфедэрацыі былі нетрывалымі.
    Падзел працы ў пастаральных грамадствах залежыць у асноўным ад узросту і полу. Мужчыны звычайна выконваюць асноўную частку працы, звязанай з жывёлагадоўляй, але роля жанчыны таксама даволі істотная. Даследаванні некаторых усходнеафрыканскіх качавых плямён паказалі, што жанчыны іншым разам пасвяць нават большыя статкі, чым мужчыны, ды робяць пры гэтым шмат чаго іншага — носяць ваду і ежу для жывёлы, даглядаюць хворых і маладняк, дояць скаціну, перапрацоўваюць малако і іншыя жывёльныя прадукты [Wienpahl, 1984; Dahl,1987], Акрамя дзейнасці, звязанай з жывёлай, жанчыны адказныя за гатаванне ежы, мыццё бялізны і выраб такіх рэчаў хатняга ўжытку, як саматканыя дываны. У межах групы рэдка вылучаецца спецыялізацыя, яе існаванне залежыць ад тавараў і паслуг, што прапануюць суседнія народы, у тым ліку гандляры-вандроўнікі, рамеснікі і купцы.
    Нягледзячы на мабільны лад жыцця, пастаральныя качэўнікі часам набываюць шмат маёмасці, бо ў іх ёсць уючная жывёла. Больш таго, калі качэўнікі далучыліся да больш шырокіх эканамічных зносін у межах нацыянальных рынкаў, у іх узнікла магчымасць назапашваць багацце ў такой універсальнай і зручнай форме, як грошы. Наяўнасць маёмасці, неабходнасць у каардынацыі руху вялікай колькасрі людзей і жывёлы, а таксама абмежаванасць доступу к даволі мізэрным рэсурсам абумовілі значную сацыяльную дыферэнцыяцыю качэўнікаў у параўнанні з іншымі дробнымі грамадствамі. Акрамя таго, гэта сталася вынікам узаемадзеяння іх з цэнтралізаванай уладай.
    Пачынаючы з XIX ст. у сувязі з пашырэннем інтэнсіўных сістэм землекарыстання і прымусам да аседласці з боку ўлад колькасць
    качавых народаў пачала змяншацца. Але і зараз некалькі мільёнаў чалавек займаюцца жывёлаводствам у найменш урадлівых рэгіёнах Паўночнай Амерыкі і Бліжняга Усходу. Пры неспрыяльных прыродных умовах намадызм застаецца аптымальнай формай адаптацыі для гэтых народаў.
    БУЙНЫЯ ГРАМАДСТВЫ, СУСВЕТНАЯ СІСТЭМА I ШДУСТРЫЯЛІЗАЦЫЯ
    Спосабы жыццезабеспячэння, якія мы разгледзелі вышэй, датычыліся адносна невялікіх груп людзей. Узнікненне ж буйных грамадстваў часцей за ўсё абумоўлена пашырэннем інтэнсіўнага земляробства. Фарміраванню супольнасцяў з адносна высокай шчыльнасцю насельніцтва папярэднічала заснаванне земляробчых абшчынных паселішчаў паміж 8 і 6 тысячагоддзямі да н.э., калі ў асобных частках свету разгарнулася інтэнсіўная сельскагаспадарчая вытворчасць. Існавала некалькі цэнтраў, дзе ўзніклі грамадствы раннедзяржаўнага тыпу. У першую чаргу гэта так званыя калыскі цывілізацыі на Блізкім і Далёкім Усходзе і ў Новым Свеце. У іх межах раней аўтаномныя абшчыны былі далучаны да буйнейшых палітычных адзінак, уздымаліся гарады, высокага ўзроўню развіцця дасягнуў гандаль паміж паселішчамі. На працягу першага тысячагоддзя н.э. інтэнсіўнае земляробства пашырылася на поўнач ад Міжземнага мора ў Еўропе, на поўдзень ад ракі Янцзы ў Кітаі і на тэрыторыі Паўднёвай Афрыкі. На суседнія народы паўплывалі цывілізацыі Мексікі і Паўднёвай Амерыкі ў Новым Свеце. Поспех гэтай экспансіі быў забяспечаны лепш арганізаванай інтэнсіўнай сельскагаспадарчай вытворчасцю, якая спрыяла павелічэнню колькасці насельніцтва.
    Важным крокам да стварэння інтэграванай сусветнай сістэмы стала эпоха еўрапейскіх геаграфічных адкрыццяў і каланіяльнай экспансіі, шго пачалася ў XV ст. Міжнародныя стасункі набылі нябачныя дагэтуль памеры. На вялікіх абшарах распаўсюдзіліся новыя сельскагаспадарчыя культуры, значна павялічылася гарадское насельніцтва і ўзраслі памеры гандлю.
    Далейшаму фарміраванню буйных грамадстваў садзейнічала развіццё індустрыяльнай вытворчасці. На працягу другой паловы XVIII ст. у выніку такіх тэхнічных адкрыццяў, як вынаходніцтва паравога рухавіка, і пераабсталявання тэкстыльнай прамысловасці, адбылася значная трансфармацыя эканомікі ў Вялікабрытаніі, і гэтая індустрыяльная рэвалюцыя, ці пераход ад маруднай ручной працы да механізаванай
    фабрычнай, выклікала важныя сацыяльныя змены, якія ў рэшце рэшт паўплывалі на сітуацыю ва ўсім свеце.
    У працэсе засваення машынных тэхналогій грамадствы пачалі адмаўляцца ад традыцыйных відаў жыццезабеспячэння на карысць новых метадаў, якія дазволілі значна павялічыць колькасць прадуктаў харчавання і іншых неабходных тавараў. Людзі, незапатрабаваныя вытворчасцю харчовай прадукцыі, мусілі заняцца іншымі відамі дзейнасці: яны рухаліся з сельскай мясцовасці ў гарады, дзе для іх ствараліся новыя працоўныя месцы. Усё неабходнае для свайго існавання яны набывалі на рынку за грошы.
    Сучасныя вялікія грамадствы, якія арыентуюцца ў асноўным на гэтую адаптацыйную стратэгію, шмат у чым адрозніваюцца ад дробных супольнасцяў. Буйныя грамадствы характарызуюцца перш за ўсё выкарыстаннем розных тэхналогій замест мускульнай сілы людзей ці жывёлы, інтэнсіўным спажываннем прыродных рэсурсаў, большым па колькасці і шчыльнасці насельніцтвам, спецыялізаванасцю працы, вялікай роляй гандлю, узаемазалежнасцю і няроўнасцю людзей адносна іх матэрыяльнага і сацыяльнага становішча.
    Жанчыны ў індустрыяльным свеце спачатку выкарыстоўваліся як некваліфікаваная рабочая сіла ці ўвогуле не працавалі. Гэта тлумачылася тым, што яны біялагічна непрыдатныя да фізічнай ці машыннай працы. Аднак у другой палове XX ст. у сувязі з узнікненнем інфармацыйных тэхналогій і развіццём сферы паслуг, дзе фактар мускульнай энергіі страціў сваё значэнне, роля жанчыны ў эканамічных: жыцці грамадства пачала ўзрастайь, хэць у параўнанні з мужчынамі яны і сёння часам атрымліваюць меншы заробак.
    Пры тым, што большасць прадукцыі вырабляецца машынамі і высокаспецыялізаванымі рабочымі, некаторыя адаптацыйныя стратэгіі сучасных буйных грамадстваў — гэта варыянты адаптацыі грамадстваў дробных: прагрэсу садзейнічала неабходнасць прыстасавання да новых сацыяльных і эканамічных умоў.
    Паляванне і збіральніцтва ў сучасных грамадствах
    Збіранне дзікарослых раслін і паляванне на дзікую жывёлу сустракаюцца і ў сучасных грамадствах, але спосабы здабычы і размеркавання істотна адрозніваюцца ад тых, якія ўжываліся даўней. Гэта справядліва нават у адносінах да тых народаў, якія не зусім развіталіся са сваім паляўнічым ці рыбалоўным мінулым. Кры, напрыклад, і сёння збіраюць дзікі рыс і ставяць пасткі на баброў, каб прадаць некаторую частку здабытага і набыць прамысловыя тавары — такія, як бензапілы і стрэльбы.
    Адзіны від традыцыйнай дзейнасці, які захоўвае сваё значэнне ў сучасных грамадствах, — гэта лоўля рыбы. У той час як некаторыя народы ўжываюць параўнальна простыя сродкі для лоўлі рыбы (як хайда і іншыя індзейцы паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі), сучасная прамысловая лоўля рыбы спалучае ў сабе адметныя тэхналогіі і значную механізацыю гэтага працэсу. Лоўля тунца ў Ціхім акіяне праводзіцца з дапамогай суднаў, што каштуюць мільёны даляраў. абсталяваны складанымі электроннымі прыладамі і нават верталётамі.
    Іншыя віды збіральніцтва — унікальныя для сучасных грамадстваў: гэта спосабы адаптацыі тых, хто апынуўся на перыферыі грамадскага і эканамічнага жыцця. Да іх можна аднесці і жабракоў — жанчын з кошыкамі і іншых, хто падбірае розныя адкіды і смецце.
    Сяляне і сялянская гаспадарка
    Сотні мільёнаў людзей, якія працуюць на зямлі ў буйных грамадствах Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі і ў асобных частках Еўропы, класіфікуюцца як сялянства. Асноўнай адзінкай сялянскай вытворчасці і сацыяльнай арганізацыі з’яўляецца сямейная гаспадарка. Хоць асобныя сем’і і наймаюць часам платных рабочых, большая частка працы, для якой характэрны параўнальна простыя тэхналогіі і мінімальная механізацыя, выконваецца самімі сялянамі. Акрамя забеспячэння асноўных патрэб сям’і гаспадарка стварае таксама пэўны лішак прадуктаў, які праз сістэму падаткаў, гандаль або іншымі шляхамі забяспечвае існаванне астатняй часткі насельніцтва.
    Сялянства — гэта адна з частак стратыфікаванага грамадства. Характэрная асаблівасць жыцця сялян — іх падпарадкаванне ўсім астатнім класам. Яны служаць адно пастаўшчыкамі ежы для горада і вясковай эліты, але самі амаль не маюць дачынення да размеркавання прадуктаў і пазбаўлены ўсялякай улады. Натуральны вынік гэтага — іх заўсёдная беднасць. Але не ўсе сяляне аднолькава бедныя: размежаванне адбываецца і ў самім сялянскім асяроддзі — праз розныя магчымасці пры карыстанні зямлёй, рынкамі і іншымі крыніцамі дабрабыту.