Сучасная культурная антрапалогія
Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
Формы абмену
Размеркаванне багацця ў межах грамадства ёсць вынік абмену рэсурсамі, таварамі, ідэямі і паслугамі. Эканамічны абмен з’яўляецца універсальнай прыкметай жыцця чалавечага грамадства. Пры любым сацыяльным ладзе задавальненне некаторых чалавечых патрэб ці жаданняў залежыць ад іншых людзей: ад нараджэння да смерці жыццё вымагае ад нас, каб нашьі магчымасці і ўяўленні ўвесь час адпавядалі зменлівым навакольным умовам. Працэс абмену грунтуецца на прынцыпе ўзаемнасці (узаемнага абмену таварамі і паслугамі) і выступае ў формах пераразмеркавання і рынкавага абмену.
УЗАЕМААБМЕН. Антраполаг Маршал Салінз выдзяляе тры віды ўзаемаабмену: звычайны, збалансаваны і негатыўны [Sahlins, 1965], Звычайны ўзаемаабмен характарызуецца дарэннем, што не прадугледжвае тэрміновай аддачы; гэта, напрыклад, абмен прадуктамі ў межах сямейнай групы. Пры збалансаваным абмене, калі, скажам, сан абменьвае ў цвана шкуры жывёл на пэўную колькасць тытуню | Marshall, 1961] ці калі земляробы майя дапамагаюць адзін аднаму ў працы на полі, мае месца ўжо відавочнае спадзяванне на хуткі зварот. Негатыўны ўзаемаабмен ёсць спроба выкарыстаць іншага ў сваіх мэтах — прымусіць абменьваць тое, што ён ці яна лічаць за лепшае захаваць, альбо пераканаць чалавека, што атрыманае ім больш вартае за тое, што ён даў узамен.
ПЕРАРАЗМЕРКАВАННЕ. У пераразмеркавальных сістэмах абмену маёмасць спачатку назапашваецца, а потым пераразмяркоўваецца. Пераразмеркаванне можа прымаць розныя формы — такія, напрыклад, як падаткаабкладанне і дабрачыннасць. 3 мэтай забеспячэння нармальнага функцыяніравання і наладжвання сваёй інфраструктуры (будаўніцтва дарог, портаў і г.д.і усе дастаткова развітыя грамадствы распрацавалі пэўныя механізмы збору сродкаў ад сваіх грамадзян. У нашым грамадстве, як і ў многіх іншых, гэтай мэце служыць падаткаабкладанне. Гэта значыць, што, згодна з прынятымі законамі, грамадзяне аддаюць ураду пэўную частку свайго даходу; урад, у сваю чаргу, абавязваецца бараніць сваіх грамадзян ад знешняй пагрозы, забяспечваць законнасць і парадак, развіваць інфраструктуру і ўтрымліваць іншыя неабходныя для жыцця людзей службы.
У індзейцаў паўночна-заходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі ў якасці сродку пераразмеркавання выступае звычай, які называецца потлач. Асобныя людзі ці групы людзей выкарыстоўваюць тэатралізаваныя святы і дабрачынныя акцыі дзеля ўмацавання свайго статуса. Падобныя формы святкавання і дабрачыннасці распаўсюджаны ў дробных земляробчых і рыбалавецкіх супольнасцях і служаць галоўным сродкам эканамічнага абмену сярод членаў розных сацыяльных груп.
У квакіютляў Брытанскай Калумбіі ў якасці падарункаў пры цырымоніі дарэння былі рабы, каноэ, шарсцяныя коўдры, розныя прамысловыя вырабы і пласціны медзі, якія цаніліся вельмі высока. Коўдры амерыканскай вытворчасці былі найбольш распаўсюджанымі падарункамі ў канцы XIX — пачатку XX ст. (у адной цырымоніі дарэння магло быць некалькі тысяч такіх коўдраў), і яны служылі галоўнай адзінкай разліку. Само свята ладзілася на прыватныя
сродкі асобы-арганізатара з нагоды нараджэння першага дзіцяці, вяселля ці ініцыяцыі — уступлення пляменніка ў таемнае брацтва. Масавае баляванне забяспечвала арганізатару высокі сацыяльны статус.
Рыхтуючыся да свята потлач, чалавек набываў патрэбныя рэчы ў сваіх сваякоў (галоўным чынам пазычаў на выгадных для апошніх умовах). Падчас цырымоніі рэчы размяркоўваліся паміж членамі сваяцкай групы і проста знаёмымі, а таксама сярод людзей з іншых абшчын. Такім чынам, пераразмеркаванне тавараў адбывалася як сярод прадстаўнікоў пэўнай сваяцкай суполкі, так і па-за яе межамі. Потлач як сродак міжабшчыннага пераразмеркавання дазваляў таксама рэалізоўваць харчовыя прадукты, якія хутка псаваліся. Эліта заўзята спаборнічала ў выяўленні шчодрасці: потлач давала магчымасць узняцца вышэй па грамадскай лесвіцы. Больш таго, запрошаныя не проста атрымлівалі рэчы, але і бралі актыўны ўдзел у арганізацыі свята.
РЫНКАВЫ АБМЕН. Складовымі часткамі рынкавага абмену з’яўляюцца продаж і набыццё тавараў. Галоўнае тут — вызначэнне цаны, што залежыць перш-наперш ад такіх аб’ектыўных эканамічных фактараў, як попыт і прапанова, а не ад суб’ектыўных — сваяцкіх сувязяў ці грамадскага становішча. Асабліва важную ролю рынкавы абмен адыгрывае ў сітуацыі, калі ўзаемадзейнічаюць незнаёмыя людзі. Менавіта як галоўная сістэма абмену рынкавы абмен трывала замацаваўся ў сучасным свеце.
Сродкі абмену
Грошы выкарыстоўваюцца ў якасці сродку абмену там, дзе мае месца дэперсаналізацыя эканамічных адносін. Тэрмін грошы адносіцца не так да самога фізічнага аб’екта, як — што больш важна — да звязаных з ім уласцівасцяў — даўгавечнасці, абарачальнасці і прыдатнасці для самых розных функцый. Як адзначае Бэлшоу, усе гэтыя функцыі залежаць ад паняцця ліквіднасці, альбо “адноснай лёгкасці, з якой тавар... можа быць абменены” [Belshaw, 1965, с.9].
Існуюць два асноўныя тыпы грошай: спецыяльныя і універсальныя. Тэрмін спецыяльныя грошы адносіцца да аб’ектаў, што служаць сродкам абмену толькі пры пэўных абставінах; на іх можна абмяняць абмежаваныя віды тавараў і паслуг. Каровы, свінні, каштоўнасці і адзенне з’яўляюцца распаўсюджанымі відамі спецыяльнага разліку. Насельніцтва аднаго з рэгіёнаў Ірыян-Джаі, напрыклад, выкарыстоўвае з мэтай абмену адзенне [Elmberg, 1968]. Такое адзенне не носяць, яно служыць выключна для абмену, у пры-
ватнасці, падчас шлюбнага рытуалу. Чалавек, які павінен аддаваць адзенне, набывае яго задоўга да шлюбу. Адзенне выкарыстоўваюць таксама для выплаты штрафаў. Так, уцёкі з чужой жонкай у племені карандоры ацэньваюць у 150 адзінак адзення і дзве свінні, якімі трэба “заплаціць” пакрыўджанаму боку. Адзенне з’яўляецца і сімвалам заможнасці, з-за чаго багатыя супляменнікі часам наўмысна парушаюць шлюбныя законы, паколькі выплата штрафу дае “выдатную магчымасць прадэманстраваць сваё багацце” [Sanggenafa, 1990, с.96|.
Універсальныя грошы адрозніваюцца ад іншых іх відаў сваёй прыдатнасцю для любых аперацый. Імі можна заплаціць за большасць матэрыяльных рэчаў і паслуг. Такая грашовая форма абмену спрашчае правядзенне эканамічных аперацый з незнаёмымі людзьмі. У гэтай агульнапрынятай грашовай сістэме можна ацаніць багацце чалавека, вартасць ягонай працы і нават інтэлект.
Увядзенне універсальных грошай у грамадствах, дзе яны дасюль не выкарыстоўваліся, вядзе да істотных перамен. Так, напрыклад, замена універсальнымі грашыма жывёлы ў якасці пасагу пры заключэнні шлюбу ва Усходняй Афрыцы дала маладым людзям большую асабістую свабоду. 3 цягам часу яна панізіла ролю бацькоўскай апекі і самой палітычнай сістэмы, заснаванай на кланавай арганізацыі грамадства. Акрамя таго, гэтая замена садзейнічала разбурэнню калектыўнай сваяцкай уласнасці на статкі жывёлы. Выкарыстанне універсальных грошай у рынкавым абмене сталася важнай прыступкай і да ўтварэння сучаснай сусветнай сістэмы. Універсальныя грошы з’яўляюцца адным з найбольш дзейсных сродкаў інтэграцыі грамадстваў у сусветную эканоміку; свабоднае перамяшчэнне грашовых сродкаў мае як прамое, так і ўскоснае ўздзеянне практычна на ўсе бакі жыцця. I хоць агульныя грошы ўжо даўно ўсталяваліся ў якасці пануючага сродку абмену, спецыяльныя грошы і абмен паводле эквіваленту ўсё яшчэ захоўваюцца нават у індустрыяльна развітых грамадствах. Прыкладам можа быць абмен запчасткамі да Harley-Davidson сярод матацыклістаў у ЗША. Так, хоць матацыклісты і звязаны з агульнай эканамічнай сістэмай, абмен запчасткамі ў межах групы не страціў свайго сацыяльнага і эканамічнага значэння. Утрыманне матацыклаў — што з’яўляецца асноўным паказчыкам групавой ідэнтычнасці — у вялікай ступені абапіраецца на сістэму менавага гандлю, сістэму, якая істотна памяншае іх залежнасць ад навакольнай рынкавай эканомікі. У адной з такіх груповак у Тэхасе, Bandidos, каб адрамантаваць таварышу матацыкл, яго сябры “наведваюць іншых рокераў, нават тых, хто не належыць да Bandidos. Практычна ўсе неабходныя запчасткі выменьваюцца ў
іншых харлей-рокераў. Асобныя запчасткі, скажам, поршневыя кольцы, яны набываюць у прадстаўнікоў кампаній, але ніводзін з рокераў не рады мець з імі справу. У іх вачах агенты па продажы «Харлеяў» не нашмат лепшыя за гандляроў-піратаў” [Reaves, 1978, с.214[.
Актыўны абмен запчасткамі ў гэтых групах часткова з’яўляецца вынікам таго, што іхнія матацыклы, Harley-Davidson, у адрозненне ад іншых, можна без праблем утрымліваць незалежна ад рынку. У матацыклаў гэтай маркі існуе толькі тры віды матораў, і таму стварэнне фонду неабходных запчастак — адносна простая справа.
Рэгіянальны і сусветны гандаль
Эканамічныя сістэмы амаль не бываюць самадастатковымі. Гандаль, ці абмен таварамі паміж рознымі краінамі або рэгіёнамі — вось асноўная рыса ўсіх эканамічных сістэм. Пошук рэсурсаў і рынкаў па-за межамі пэўнага грамадства, безумоўна, з’ява не новая. Але беспрэцэдэнтнымі з’яўляюцца маштабы сучаснага сусветнага гандлю — гэтак жа, як і ступень яго ўздзеяння на жыццё людзей. Сёння нават у малых, адносна ізаляваных вёсках людзі могуць вырабляць прадукцыю для аддаленых рынкаў і карыстацца таварамі з самых розных куткоў свету.
3 даўніх часоў прадстаўнікі невялікіх супольнасцей часта ўступалі ў досыць складаныя абменныя адносіны паміж сабою. Да высокараспрацаваных сістэм абмену належала, напрыклад, сістэма “Кула” на астравах каля ўсходняга ўзбярэжжа Новай Гвінеі [Leach and Leach, 1983], Дзеля цырыманіяльнага абмену каштоўнымі каралямі і бранзалетамі з гандлёвымі партнёрамі іншых астравоў людзі выбіраліся ў цяжкія падарожжы на каноэ. Распаўсюджванне бранзалетаў і караляў ішло ў супрацьлеглых кірунках [гл. схему на с.147[, што спрыяла існаванню вялікай гандлёвай сеткі паміж астраўнымі народамі. Так, трабрыяндскія жыхары прывозілі бранзалеты на востраў Добу, а ўзамен атрымлівалі каралі. Гандлёвае партнёрства перадавалася ў спадчыну і ўсталёўвала сацыяльна і эканамічна важную сістэму сувязяў. Абмен каштоўнасцямі суправаджаўся складанымі святочнымі рытуаламі, паднясеннем падарункаў і менавым гандлем самымі рознымі таварамі.
Гандаль развітых краін характарызуепца пастаянным абарачэннем вялікай колькасці разнастайнага тавару і больш развітымі гандлёвымі сеткамі. Развіццём такіх сетак суправаджаўся рост ранніх імперый. Старажытныя фінікійцы, напрыклад, на мяжы 2-га і 1 -га тысячагоддзяў да н. э. усталявалі гандлёвыя сувязі па усім Міжзем-