Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Інстытуты
Інстытутамі называюцца заснаваныя на агульных прынцыпах сферы жыццядзейнасці з той ці іншай ступенню ўпарадкаванасці. Існуе шмат прынцыпаў, паводле якіх могуць быць арганізаваны інстытуты, але антраполагі ў якасці галоўных вылучаюць чатыры з іх [Beattie, 1964]. Адны інстытуты займаюцца пытаннямі эканомікі і ўласнасці — спосабамі вытворчасці і размеркавання тавараў. Сярод гэтых інстытутаў — сельская гаспадарка, банкі і рынкі. Існуюць інстытуты, што забяспечваюць грамадскі кантроль праз палітыку і права. Пад іэтую катэгорыю падпадаюць урады, суды і паліцыя. Трэцюю катэгорыю складаюць інстытуты, якія займаюцца сфераю звышнатуральнага — магіяй і рэлігіяй. Да іх адносяцца храмы, манастыры і да т. п. Да чацвёртай катэгорыі належыць такі інстытут, як сям’я, заснаваны на кроўным сваяцтве — адносінах спадкаемства і шлюбу. Апошні асабліва цікавіць антраполагаў, паколькі яму належыць асноўная роля ў дробных грамадствах. Больш падрабязна мы разгледзім катэгорыю сваяцтва ў наступным раздзеле.
Цалкам верагодна, што ў любым інстытуце можа быць задзейнічана некалькі арганізацыйных прынцыпаў. Сям’я, напрыклад, можа быць звязана з грамадскім кантролем, з эканамічнымі адносінамі, a ў шэрагу грамадстваў — і са сферай звышнатуральнага. Але ўсе яны будуць хутчэй другаснымі, а не галоўнымі прынцыпамі арганізацыі сям’і.
Працэс стварэння ўпарадкаваных мадэляў называецца інстытуцыяналізацыяй, або стандартызацыяй мадэляў сумеснай дзейнасці. Калі, напрыклад, прарок ці рэлігійны лідэр здолее ўпарадкаваць перакананні і звычаі людзей згодна свайму вучэнню, дык можна сказаць, што гэтае рэлігійнае вучэнне і сфарміраваная на яго аснове грамадская група прайшлі інстытуцыяналізацыю. Універсальная форма інстытуцыяналізацыі — праз сваяцтва.
Сацыяльныя сувязі
Нягледзячы на існаванне сацыяльна абумоўленых адносін, жыццё людзей не можа быць цалкам змадэлявана і зведзена да стандарту. Асоба ніколі не бывае адно пасіўным акцёрам, які выконвае сваю сацыяльную ролю. Людзі могуць дзейнічаць творча, і гэтая іх творчасць часткова выяўляецца ў выкарыстанні людзьмі іх сацыяльнага асяроддзя. Каб лепш зразумець, як людзі ўзаемадзейнічаюць з грамадскім акружэннем, антраполагі звяртаюцца да сацыяльных сетак, ці сістэмы грамадскіх сувязяў, у межах якой мы дзейнічаем (гл. “Нататкі антраполага” аб групах і сетках у канцы гэтага раздзела).
Спрабуючы знайсці новую працу або адшукаць сабе пару, мы ўвесь час актывізуем патэнцыяльныя сувязі асабістай сацыяльнай сеткі. Аналіз гэтага вымярэння грамадскага жыцця — міжасабовых сувязяў — з’яўляецца істотным аспектам даследаванняў інстытуцыяналізаваных адносін. Ён дазваляе нам падняцца над узроўнем фармальных структур — бюракратыі, сваяцкіх груп і да т.п. — і больш падрабязна разгледзець, якім чынам функцыянуюць такія інстытуты.
Мадэлі фармавання грамадскіх сетак бываюць рознымі. У майя паўднёвага Беліза сацыяльныя сеткі грунтуюцца перш за ўсё на сваяцт’ве і “кампадразга” (compadrazgo — грамадскія сувязі, усталяваныя праз апекаванне над дзецьмі ў выніку хрышчэння або канфірмацыі; кумаўство) і, у меншай ступені, на сяброўстве. Часта сувязі, якія утвараюцца ў такіх вясковых асяроддзях, бываюць складанымі (multiplex). Напрыклад, чалавек можа быць звязаны з іншымі на аснове сваяцтва, “кампадразга” і сяброўства. Чым больш кропак судакранання, тым мацней сувязі, тым большая ступень адказнасці і большая свабода выкарыстоўваць закладзеныя ў аснову гэтых сувязяў правы [Mitchell, 1969, с.27]. Майя паўднёвага Беліза больш упэўнена просяць дапамагчы ў сельскагаспадарчай працы людзей, з якімі злучаны многімі сувязямі, чым тых, з якімі звязаны менш.
У буйных грамадствах чалавечыя сувязі таксама досыць складаныя, але асабістыя сеткі часцей прадугледжваюць аднамерныя сувязі, напрыклад, адміністратар — служачы. Такія сувязі мы называем простымі (simplex). Простыя сувязі маюць месца таксама і ў малых грамадствах, але там існуе тэндэнцыя да іх умацавання з дапамогаю дадатковых крытэрыяў. Майя з паўднёвага Беліза звычайна шукаюць патрона сярод гандляроў і дзяржаўных чыноўнікаў, каб тыя дапамагалі ім у гандлёвай сферы і адносінах з урадам [Howard, 19771Яны імкнуцца да больш блізкіх адносін праз “кампадразга” і
просяць свайго заступніка быць хросным бацькам дзіцяці. Гэтая сувязь, аднак, не мае такога значэння, як у межах паселішча. Бо ніхто не дадумаецца папрасіць свайго ўплывовага кума папрацаваць на полі ці перакрыць трысняговы дах хаціны. Можна сказаць, што змест “кампадразга” ў гэтых дзвюх сітуацыях розны.
САЦЫЯЛЬНЫЯ ГРУПЫ
Звычайна мы ўжываем слова “група” ў шырокім сэнсе, але антраполагі больш асцярожныя ў выкарыстанні гэтага тэрміна. Калі яны гавораць пра групу, то, як правіла, маюць на ўвазе тое, што лепш было б назваць карпаратыўнай групай. Карпаратыўная група ў ідэале — пастаяннае ўтварэнне; яе члены набіраюцца на аснове агульнапрызнаных прынцыпаў, маюць агульныя інтарэсы ці ўласнасць, прызнаюць нормы і законы, якія замацоўваюць іх правы і абавязкі ў адносінах адзін да аднаго, да іх уласнасці або інтарэсаў. Карпаратыўнай групай з’яўляецца патрыярхальны род, дзе членства фарміруецца на аснове сваяцтва і прынцыпу спадкаемства па мужчынскай лініі ад агульнага продка (гл. раздзел 8). Прафесійны саюз — таксама карпаратыўная група, але яна збірае людзей дзеля спецыфічных задач, згодна з іх прафесійнай прыналежнасцю і пры ўмове следавання пэўным нормам паводзін.
Хоць і патрыярхальны род, і прафесійны саюз — карпаратыўныя групы, але членства ў псршай з’яўляецца абавязковым, у другім — добраахвотным. Гэта істотнае адрозненне робіць групы прынцыпова рознымі па сваім характары.
Прадвызначаныя групы
Да прадвызначанай групы чалавек належыць ад нараджэння, тут выбару быць не можа. Аб’яднанне людзей з рознымі мэтамі на аснове прадпісаных правіл з’яўляецца галоўным прынцыпам фарміравання груп у дробных грамадствах. 3 ростам грамадства групы становяцца больш адвольнымі і спецыялізаванымі. Самыя р,аспаўсюджаныя з ліку прадвызначаных шматмэтавых груповак заснаваны на прынцыпах узросту, полу і сваяцтва.
УЗРОСТАВЫЯ ГРУПЫ. Сацыяльныя паводзіны ў найбольшай ступені залежаць ад такога фактару, як узрост. Ва ўсіх грамадствах існуе шэраг агульнапрызнаных і заснаваных на ўзросце катэгорый — узроставых перыядаў. Большасць грамадстваў падзяляе сваіх жыхароў на катэіорыі згодна з іх узростам — юнацтвам, сталасцю і старасцю. Шмат дзе ўзроставыя катэгорыі ўдасканалены, і кожная
з іх абумоўлівае пэўныя формы паводзін асобы, яе “павіннасць”. Дзеля адбыцця гэтай “павіннасці” прадугледжаны спецыяльныя правы і прывілеі; аднак не абавязкова, каб асобы аднаго ўзросту ўтваралі карпаратыўную групу.
У шэрагу грамадстваў, асабліва ў Афрыцы, карпаратыўныя групы складаюцца з людзей адных і тых жа ўзроставых катэгорый. У такія ўзроставыя групы ўваходзяць аднаполыя асобы прыкладна аднаго ўзросту, якія ўсведамляюць сваё падабенства і падтрымліваюць цесныя адносіны на працягу ўсяго свайго жыцця. Структуры ўзроставых груп у розных грамадствах розныя. У адных прытрымліваюцца лінейнай прагрэсіі, калі дзеці пэўны перыяд належаць да асобнай групы і разам праходзяць праз шэраг узроставых перыядаў. У іншых распаўсюджана цыклічная мадэль, якая дапускае магчымасць перыядычнага папаўнення групы. Шмат дзе роля ўзроставых груп параўнальна невялікая, а іх уплыў на грамадскія працэсы — нязначны. Ньякуса з Паўднёва-Усходняй Афрыкі маюць добра распрацаваную сістэму ўзроставых груп [Wilson, 1963]. Хлопцы, якія разам раслі і працавалі, у 12 гадоў пакідаюць дамы сваіх бацькоў і пасяляюцца ў асобнай вёсцы. Пакуль не ажаніліся і не стварылі ўласнай гаспадаркі (прыкладна ў 25 гадоў), яны харчуюцца дома ў сваіх бацькоў і працуюць на іхняй гаспадарцы. Малодшыя браты неўзабаве ідуць следам за старэйшымі, папаўняючы супольнасць, пакуль яна не стане дастаткова вялікай. Прыкладна праз дзесяцігоддзе, калі ў рэгіёне будзе існаваць цэлы шэраг новых узроставых паселішчаў, бацькі ладзяць цырымонію перадачы ўсёй улады сваім сынам.
АДНАПОЛЫЯ ГРУПЫ. Ва ўсіх гра.мадствах, разам з узроставым, існуе падзел людзей паводле полу. У дробных грамадствах, дзе людзі зыходна падзелены на групы, такі падзел мае свой сэнс, і функцыя жыццезабеспячэння можа быць перадаверана прадстаўнікамі аднаго полу другому. Групы, сфарміраваныя паводле полавай прыкметы, ёсць і ў буйных індустрыяльных грамадствах (напрыклад, Ліга жанчын-выбаршчыц. хлопчыкі-скаўты, брацтвы і жаночыя клубы), але членства ў іх звычайна добраахвотнае, і служаць яны пэўным спецыялізаваным мэтам. За апошнія дзесяцігоддзі ўзніклі тысячы спецыялізаваных і добраахвотных груп, што займаюцца такімі праблемамі, як палітычная няроўнасць жанчын, іх празмерная працоўная нагрузка, становішча мацярок-адзіночак і неаднолькавыя правы мужчын і жанчын пры найманні на працу.
Структура і значэнне аднаполых груп, зноў-такі, могуць быць вельмі рознымі нават у межах дробных грамадстваў. У мундуруку бразільскай Амазоніі хатнімі справамі займаецца група цесна звязаных паміж сабой жанчын двух пакаленняў. Як правіла, гэта жанчы-
ны з адной вёскі, якія разам раслі. На іх плячах ляжыць большая частка гаспадарчых клопатаў — сумесны догляд пасеваў, перапрацоўка маніёкі і гатаванне ежы. Такая група адрозніваецца ўстойлівасцю і ў значнай ступені — самадастатковасцю.
Мужчыны-мундуруку ў выніку шлюбу прыходзяць 3 іншых вёсак. Свой вольны час яны бавяць у вялікім мужчынскім доме, што ўвогуле характэрна для дробных грамадстваў. Мужчынскія групы не такія згуртаваныя, як жаночыя, паколькі мужчыны прыйшлі з розных вёсак і розных сваяцкіх груп. Мужчынскія саюзы не моцныя і таму, што гаспадаркай (паляваннем) мужчыны займаюцца аднаасобна ці ў складзе малых груп.	.
Інтэграцыя ў больш развітыя грамадствы зменшыла ролю аднаполых груп. Апошнім часам становішча такіх плямён, як мундуруку, перш-наперш залежыць ад збору каўчуку як сродку існавання. Каўчукавыя дрэвы раскіданы на вялікіх плошчах, і цяпер шмат мундуруку жывуць ізаляванымі нуклеарнымі сем’ямі, каб быць бліжэй да месца збору каўчуку. Некаторыя з іх перайшлі жыць у паселішчы місіянераў. Такія перамяшчэнні прывялі да разбурэння асобных аднаполых груп і замены іх на новыя формы грамадскай арганізацыі.