Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Поспех батакаў на рынку відавочны, калі мець на ўвазе дызайн і разнастайнасць узораў адзення, але ў гісторыі гандлю ён падаецца не настолькі значным у параўнанні з іх еўрапейскімі канкурэнтамі. Замацаванне на мясцовьш рынку — адна з асноўных задач для ткачоў, бо ніводны з іх не мае доступу да больш танных матэрыялаў ці больш эфектыўнай тэхналогіі, каб пацясніць прадукцыю суседзяў. Разам з тым, яны добра разумеюць, што любы, хто знойдзе такія магчымасці і здолее наладзіць рыначную вытворчасць батацкага тэкстылю, зможа пакінуць усіх іх без працы і давесці да галечы.
Раздзел 7
ГРАМАДСТВА
Дзеці-маўглі, пустэльнікі, людзі, асуджаныя на адзіночнае турэмнае зняволенне і выкінутыя на бязлюдны востраў... Але большасць з нас праводзіць сваё жыццё разам з іншымі людзьмі. Менавіта ў складзе групы мы адаптуемся да наваколля і забяспечваем сабе ўмовы жыццядзейнасці. Тое, як мы ўспрымаем свет і што мы ў ім робім, адлюстроўвае пераважна характар нашых узаемаадносінаў з іншымі. Грамадства ёсць структурна аформленая сістэма ўзаемадзеянняў паміж людзьмі.
У папярэднім раздзеле мы разгледзелі, як людзі вырабляюць, размяркоўваюць і абменьваюць тавары. У гэтым раздзеле мы засяродзімся на сацыяльным вымярэнні адаптацыйнага працэсу: як, якім чынам людзі ладзяць свае адносіны з грамадскім асяроддзем.
ПОГЛЯД НА ГРАМАДСТВА
Каб зразумець, як функцыянуе грамадства, антраполагі вывучаюць і яго структуру, і функцыі ўсіх яго ўзаемазвязаных частак. Яны звяртаюць увагу на розныя ўзроўні ўзаемадзеянняў — ад узроўню цэлых грамадстваў, звязаных сусветнай сістэмай, да ўзроўню ўзаемадачыненняў паміж дзвюма асобамі.
Аналіз сацыяльнай структуры
Тэрмін сацыяльная структура адносіцца да аформленай сістэмы ўзаемадзеяння асобных частак грамадства ў межах адзінага цэлага. Калі мы зірнем на будову грамадстваў, то ўбачым, што групы з падобнымі стратэгіямі выжывання звычайна маюць і падобныя сацыяльныя структуры. Мясцовыя ўмовы, такія як даступнасць рэсурсаў і клімат, і гістарычныя абставіны таксама будуць уплываць на ступень іх падабенства. Так, майянскія супольнасці індзейцаў кекчы ў гарах Гватэмалы і на раўнінах паўднёвага Беліза маюць падобныя сістэмы сваяцтва, эканамічнага і рэлігійнага жыцця. Але паколькі ў паўднёвым Белізе большая тэрыторыя, там сацыяльныя структуры больш гнуткія, чым у Гватэмале. Нягледзячы на адрозненні, у гэтых супольнасцях, як і ва ўсіх астатніх дробных грамадст-
вах, існуе спецыфічны спосаб арганізацыі людзей у сацыяльныя адзінкі, спосаб, які адрознівае іх ад грамадстваў буйных.
Найперш адзначым, што дробныя грамадствы выяўляюць высокую ступень унутранай згуртаванасці. Апошняе тлумачыцца тым, што людзі там узаемадзейнічаюць пераважна ў форме асабістага кантакту, што мае сваім следствам абмежаванасць падзелу працы. Усе ведаюць усіх, кожны робіць у асноўным тое ж, што і астатнія, і мае такі ж, як і ва ўсіх, жыццёвы досвед. У дадатак да гэтай гамагеннасці, ці падабенства сярод людзей, існуе значнае падабенства і адзінгк сацыяльнай арганізацыі. У шашонаў, напрыклад, сям’я і група збіральнікаў ёсць фактычна адно і тое ж.
I наадварот, калі грамадства расце. яно страчвае сваю гамагенную прыроду, і яго структура пачынае разгаліноўвацца за кошт спецыялізаваных адзінак. У традыцыйнай індзейскай вёсцы басейна Амазонкі пераважная частка вытворчасці і абмену ежы ажыццяўляецца ў межах адной сям’і. У ЗША, наадварот, працэс вытворчасці ежы ахоплівае фермерскія гаспадаркі, ранча, мноства іншых дапаможных інстытутаў. Транспартаваннем харчу і яго абменам займаецца шэраг іншых спецыялізаваных службаў.
Аналіз сацыяльных функцый
Пад функцыяй мы маем на ўвазе мэты і вынікі, запланаваныя і рэальныя наступствы пэўных перакананняў і дзеянняў. Хаця адна функцыя можа мець першаснае значэнне, усё ж большасць перакананняў і дзеянняў у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі служыць самым розным функцыям. Шлюб, напрыклад, выконвае розныя функцыі для маладых, для іх бацькоў і для грамадства ў цэлым.
Сацыёлагі адрозніваюць два віды грамадскіх функцый: яўную і латэнтную. Яўная функцыя — гэта найбольш відавочныя і дакладна вызначаныя мэты або вынікі. Так, яўная функцыя мыцця адзення — каб яно стала чыстым. За латэнтнай функцыяй стаяць менш відавочныя мэты. Мыццё адзення жанчынамі можа выконваць латэнтную функцыю — выяўляць майстэрства і працавітасць, якія вызначаюць сацыяльнае становішча жанчыны сярод яе раўні, а як форма цяжкай працы можа сімвалізаваць існуючы грамадскі погляд, што жанчыны ніжэйшыя за мужчын.
Асоба і грамадства
Свой разгляд адзінак грамадства мы можам пачаць з асобы. Асоба — гэта будаўнічая цаглінка грамадства, паколькі кожнае грамадства ў пэўнай ступені з’яўляецца прадуктам дзейнасці яго
членаў. Але апошнія не дзейнічаюць паасобку. Асобы — гэта сацыяльныя дзейнікі, на чые паводзіны ўплывае грамадскае асяроддзе. Таму больш правільным будзе разглядаць грамадства як выяўленне калектыўных паводзін яго членаў. Гэтыя калектыўныя паводзіны ў значнай ступені вызначаюцца пэўнымі ўзорамі і абумоўлены сацыяльнымі варункамі, якія ствараюцца людзьмі і на людзей уплываюць.
Паколькі грамадства (у гэтым аспекце) — паняцце досыць абстрактнае, то ўстойлівасць яго залежыць ад паўтаральнасці людскіх учынкаў. Грамадства ўвесь час як бы ўзнаўляецца. Мадэль сялянскай сям’і ў Японіі, напрыклад, будзе існаваць датуль, пакуль кожны асобны японец будзе прытрымлівацца пэўнага ладу жыцця і паводзіць сябе адпаведна з пэўнай мадэллю сямейнай арганізацыі.
Грамадства — гэта вынік рашэння людзей наконт таго, з кім, калі і як яны будуць узаемадзейнічаць. На такія дамовы ўплывае цэлы шэраг фактараў, частка з якіх можа засноўвацца на існуючых грамадскіх мадэлях паводзін. Адным з такіх фактараў з’яўляецца індывідуальнае ўспрыняцце: як чалавек разглядае сваё асяроддзе і тую сітуацыю, у межах якой ён мусіць дзейнічаць, і як ацэньвае магчымыя варыянты паводзін. Другі фактар — гэта гістарычны прэцэдэнт, паколькі на тое, што робіць чалавек, амаль заўсёды ўплываюць звычкі і традыцыі мінулага. Важнасць, якую людзі надаюць гэтай пераемнасці, залежыць ад ацэнкі імі папярэдняга вопыту, яго адпаведнасці сучасным умовам і ад пастаянства іх кантактаў і фізічнага асяроддзя. Трэці фактар — гэта індывідуальныя або групавыя мэты. Мы ўзаемадзейнічаем з іншымі для таго, каб дасягнуць якойнебудзь мэты. Калі мяняюцца нашы асабістыя ці групавыя мэты, мяняюцца і ўзоры нашых грамадскіх паводзін.
Сацыяльныя дачыненні
Мы выкарыстоўваем слова дачыненні (або адносіны) для абазначэння любой упарадкаванай мадэлі ўзаемадзеяння паміж індывідуумамі. Калі мы разглядаем такія мадэлі ў кантэксйе грамадства, то прыходзім да паняцця сацыяльных дачыненняў. Узаемаадносіны паміж жанчынай і яе дачкой можна назвапь адносінамі маці і дачкі, і яны пэўным чынам урэгуляваны ў тым ці іншым грамадстве. Аднак замесг таго каб разглядаць адносіны канкрэтнай маці са сваёй дачкою, мы павінны адзначыць існаванне мноства відаў адносін паміж мацяркамі і дочкамі, якія будуць залежаць ад самых розных характарыстык дзвюх асоб і ладу іх жыцця. У такіх грамадствах, як ЗША. адносіны маці і яе дачкі-дашкольніцы будуць мяняцца
з ростам і сталеннем апошняй. Ступень варыятыўнасці залежыць ад памераў грамадства, але ў любым выпадку яна будзе мець месца.
У сувязі з паняццем “сацыяльныя дачыненні” ўзнікаюць два галоўныя пытанні: “Паміж кім яны ўзнікаюць?” і “Чаго яны датычаць?” [Beattie, 1964, с.36]. Адказы на гэтыя пытанні часта фармулююцца ў тэрмінах статуса і ролі. Статус, ці сацыяльнае становішча, абазначае, кім з’яўляюцца людзі адносна адзін аднаго. Скажам, існуюць статусы настаўніка і студэнта. Сацыёлагі адрозніваюць прадвызначаны і набыты статусы. Прадвызначаны статус чалавек звычайна атрымлівае ад нараджэння. Дзяўчынка, народжаная ў бацькоў нуэраў, аўтаматычна становіцца нуэркай. Набыты статус дасягаецца праз індывідуальную дзейнасць і на падставе асабістага выбару. У нашым грамадстве чалавек становіцца настаўнікам у выніку самастойна прынятага рашэння, паспяховага заканчэння навучальнага курсу і ў рэшце рэшт — удалага працаўладкавання. Статус можа быць як прадвызначаным, так і набытым. Факт нараджэння пераемніка трона яшчэ не азначае, што прынц абавязкова стане каралём. Паводзіны, якіх грамадства ад нас чакае ў дадзенай сістэме дачыненняў,— гэта наша роля: кола дзеянняў, якія атрымліваюць у канкрэтным кантэксце пэўныя мэты і функцыі. Кароль павінен кіраваць, падданы — быць пакорлівым уладзе караля. Такую “павіннасць”, аднак, нельга зразумець па-за межамі грамадства. Канкрэтную манеру паводзін караля ці падданага будуць вызначаць гістарычная традыцыя і іх становішча на дадзены момант. Сваяцкія сувязі пры гэтым таксама фактар немалаважны. Кароль да ўсяго можа не толькі кіраваць, але і прасіць за сваіх падданых перад багамі ці “даваць дабро” на пэўныя гатункі пячэння ці гарбаты. Але мадэлі паводзін, як і патрабаванні да іх, могуць мяняцца. Як статус, так і роля каралевы Элізабет II вельмі адрозніваюцца ад статуса і ролі Генры VIII; адрозненні сталі вынікам зменаў у эканоміцы, новых формаў сацыяльнага расслаення і трансфармацыі ўсяго англійскага грамадства.
Такія ролі бываюць не абавязкова парнымі. Каралі маюць кантакты не толькі з уласнымі падданымі, але і з іншымі суб’ектамі, Гў залежнасці ад гэтага мяняюцца ролі і караля, і суб’ектаў. Больш таго, звычайна асоба мае некалькі статусаў і выконвае шэраг роляў, кожная з якіх можа ўплываць на астатнія. Кароль можа быць яшчэ бацькам, членам каманды па крыкету, мужам ці пілотам самалёта.
Важным фактарам у вызначэнні статусаў і роляў з’яўляюцца маштабы грамадства. У дробных, з параўнальна невялікай спецыялізаванасцю грамадствах выбар вызначаных і даступных для асобы статусаў і роляў куды больш абмежаваны, чым у буйных. Такія
качавыя народы, як шашоны, адрозніваюць сваіх супляменнікаў толькі па ўзросту, полу і сваяцтву. Больш таго, статусы і ролі могуць спалучацца і ўтвараць новыя статусна-ролевыя варыянты. Так, усе мужчыны-шашоны сярэдняга ўзросту, хутчэй за ўсё, будуць мець адзін і той жа статус і выконваць аднолькавыя ролі. Гэта рэзка кантрастуе са становішчам мужчыны такога ж узросту ў развітым індустрыяльным грамадстве, дзе ён можа быць абсалютна ўсім — ад славутага бізнесмена да бадзягі-жабрака.