Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Продка-скіраваны падыход робіць магчымым утварэнне груп, блізкіх да тых, што сфарміраваны на аснове адналінейнай пераемнасці, але толькі пры захоўванні сваякамі пэўных умоў. Часцей за ўсё гэтыя ўмовы зводзяцца да пастаяннага месца жыхарства — чалавек мае права быць удзельнікам шэрагу груп, але выкарыстоўвае членскія правы толькі тады, калі жыве на тэрыторыі пэўнай групы. Маоры Новай Зеландыі, напрыклад, могуць мець вялікую колькасць адвольна вызначаных продкаў і належаць пры гэтым да шэрагу розных сваяцкіх груп, але фактычна чалавек жыве толькі ў адной з іх — для мужчын гэта звычайна бацькава група.
ЗНАЧЭННЕ СВАЯЦТВА
Розныя народы па-рознаму ўспрымаюць сваяцтва, аднак пры гэтым можна сказаць, што яго значэнне падае па меры росту грамадстваў і іх інтэграцыі ў сусветную сістэму. Нават у межах аднаго грамадства сваяцтва можа мець рознае значэнне як для асобных людзей, так і для асобных супольнасцяў.
Роля, якую адыгрывае сваяцтва ў заходніх грамадствах, залежыць ад абставін і светапогляду кожнай сям’і і кожнага чалавека. Сваяцтва для многіх з нас — гэта “набор” дзядоў, бабуль, цётак, дзядзькоў. стрыечных братоў і сясцёр, з якімі мы сустракаемся толькі ў вельмі рэдкіх выпадках, а некаторых увогуле ў вочы не бачылі. Важную ролю ў нашым жыцці могуць ці маглі адыгрываць толькі некалькі сваякоў — нашы бабулі і дзядулі, якіх мы наведвалі на выхадныя,
стрыечны брат — сябра дзяцінства, дзядзька, які аднойчы ўладкаваў нас на летнюю працу, — але ў большасці выпадкаў сваякі з’яўляюцца дастаткова чужымі для нас людзьмі. Безумоўна, гэта справядліва не да кожнага чалавека. Тыя з нас, што жывуць у адным горадзе ці мясцовасці побач з дзядамі і прадзедамі, будуць мець хутчэй за ўсё многа сваякоў, часта сустракацца, раіцца з імі, мець з імі агульныя інтарэсы. Калі мы належым да багатай сям’і, і ў выпадку смерці нашага далёкага стрыечнага брата нам застаецца што-небудзь у спадчыну, то мы пачынаем разумець, што сваяцтва — рэч сур’ёзная. Сваяцкія сеткі белых сем’яў нярэдка служаць мэце размеркавання багацця і ўлады.
Але значэнне сваяцтва ў заходніх грамадствах нельга зразумець, засяроджваючы ўвагу толькі на багацці, уладзе ці ўзаемадапамозе. Надзейнасць, трываласць сваяцкіх сувязяў — вось што надае сваяцтву асаблівую вагу. Як і іншыя грамадскія інстытуты, сваяцтва характарызуецца пастаянствам, што дазваляе яму выходзіць за межы прыватнага жыцця. Яно спрыяе адчуванню бяспекі, яно — наша апірышча ў зменлівым свеце, які бывае падчас такім нядобрым і адчужаным. Нам падабаецца адчуваць еднасць з дзесяткамі людзей у іншых частках краіны, нават калі мы нічога пра іх не ведаем. Хтосьці любіць праглядаць у пошуках аднафамільцаў тэлефонныя даведнікі ў незнаёмых гарадах ці аэрапортах — магчыма, каб затым патэлефанаваць і ў рэшце рэшт упэўніцца, ці не з’яўляюцца яны сваякамі. Усе гэтыя патэнцыяльныя родзічы могуць быць карыснымі. Калі, скажам, наш легкавік зламаўся за Джыла Бэнд, мы паспрабуем знайсці свайго стрыечнага брата і паклікаць яго на дапамогу. Праўда, існуе няшмат шанцаў, што сваяк знойдзецца і дапаможа нам.
Праз сваяцтва і нашых продкаў мы цесна звязаны з мінулым, што таксама стварае пачуццё бяспекі. Ці не кожная сямейная група лічыць сябе нашчадкамі якогась нацыянальнага героя, хоць гэта рэдка адпавядае сапраўднасці. Многія сем’і заказваюць па пошце ў спецыялізаваных фірмах гербы, дапаўняючы іх буклетамі, у якіх гаворыцца пра іх знакамітых продкаў. Хоць такія гербы з прэтэнзіямі на сувязь з некалі багатым і вядомым чалавекам маюць малую практычную карысць, але яны надаюць людзям пачуццё ўпэўненасці ў сабе. Зрэшты, ад продкаў можа быць і практычная карысць. Быць нашчадкам аднаго з першых пасяленцаў у ЗША ці Канадзе, нават калі твой продак пакінуў аб сабе не вельмі добрую славу,— гэта акалічнасць, якую можна з выгадай скарыстаць у грамадстве. ’’Дочкі Амерыканскай Рэвалюцыі” і шмат іншых падобных арганізацый надаюць вялікае значэнне сваім сваяцкім сувязям. Пахо-
джанне важнае, калі чалавек прад’яўляе правы на валоданне зямлёй на паўднёвым захадзе Злучаных Штатаў, дзе некалі продкам раздавалі землі іспанцы.
Якой бы значнай ні была роля сваяцтва ў заходнім свеце, яна, безумоўна, саступае той значнасці, якую надаюць сваяцтву ў іншых грамадствах. Сваяцтва — гэта аснова ўзаемадачыненняў сярод шматлікіх афрыканскіх, азіяцкіх і мясцовых народаў абедзвюх Амерык. Сваяцтва застаецца ці не самым важным фактарам, што ўплывае на жыццё мільёнаў людзей ва ўсім свеце, паколькі так ці інакш яно вызначае іх ролю і грамадскі статус. У некаторых грамадствах страціць сваяцтва азначае стаць ізгоем без надзеі на нармальнае жыццё, шлюб, адэкватнае забеспячэнне сваіх жыццёвых патрэб ці догляд у старасці. Усё гэта чалавек можа атрымаць, абапіраючыся на сваяцкія сувязі. У малых грамадствах традыцыйна прынята падзяляць усіх людзей на сваякоў і чужынцаў. Сваяцтва там утварае аснову палітычнага, эканамічнага і нават рэлігійнага жыцця грамадства. Як і ў многіх вялікіх грамадствах, у Афрыцы і Усходняй Азіі адно з самых важных месцаў у грамадскім жыцці займаюць продкі. Напрыклад, лічыцца, што “дзяды” ўсяляк спрыяюць сваім нашчадкам і прыносяць ім шчасце, калі тыя шануюць іх, і наадварот — няшчасце, калі продкаў ігнаруюць ці абыходзяцца з імі без пашаны.
Розніца паміж роляю сваяцтва на Захадзе, дзе яно з’яўляецца карысным, але не самым важным фактарам грамадскага жыцця, і ў тых грамадствах, дзе на ім грунтуецца ўсё, адлюстроўвае прынцыповыя адрозненні ў спосабах адаптацыі. Напрыклад, у грамадствах, якія часам называюць сваяцкімі, гэты інстытут надзвычай істотны пры вытворчасці тавараў і паслуг. Людзі сумесна працуюць і абменьваюцца вырабленым згодна са сваяцкімі сувязямі і, больш таго, робяць гэта ў адпаведнасці з мадэлямі паводзін, якія таксама грунтуюцца на сваяцтве. Такім чынам, паміж уласна сваяцкімі і эканамічнымі ролямі вялікай розніцы не існуе.
У буйных урбанізавана-прамысловых грамадствах Захаду пры вытворчасці і абмене не на ўзроўні сям’і сваяцтва адыгрывае нязначную ролю. Прынцыпы, адпаведна якім арганізуюцца і кантралююцца вытворчая дзейнасць і абмен, непасрэдна са сваяцтвам не звязаны. Людзей наймаюць на працу пераважна ў адпаведнасці з іх ведамі і навыкамі, хоць сваяцкія сувязі таксама могуць мець месца. Разам з тым ёсць адчуванне, што сям’я і эканамічныя ролі павінны разглядацца асобна — людзі пазбягаюць прыносіць на працу свае асабістыя праблемы альбо праяўляць апякунства ў дачыненні да сваяка. Аднак часта гэтыя ролі сумяшчаюцца, і сваяцкія сувязі, безумоўна, уплываюць на нашу працоўную сферу.
Роля сваяцтва там, дзе яна традыцыйна служыла асновай адаптацыйнай стратэгіі, пачала змяншацца з далучэннем да сучаснай сусветнай сістэмы. Так, на большай тэрыторыі Афрыкі перад усталяваннем еўрапейскага каланіяльнага ладу жылі невялікія земляробчыя і пастаральныя плямёны, і кожнае з іх было ўтварэннем з некалькіх сваяцкіх груп. Характар працы членаў групы быў пераважна калектыўным. Групам належалі зямля і іншыя віды ўласнасці, а адміністрацыйныя функцыі выконвалі старэйшыны груп. Пры каланіяльным ладзе ў шматлікіх рэгіёнах Афрыкі гэты парадак быў заменены сістэмай, заснаванай на наёмнай працы і рыначнай вытворчасці замест натуральнай гаспадаркі ў межах групы. Імкненне людзей да набыцця ўласнасці, да асабістага багацця паклала канец салідарнасці сваяцкіх груп і тым самым зменшыла ролю сваяцтва ў жыцці афрыканцаў.
Уключэнне ў сусветную сістэму не скасавала цалкам значнасці гэтага інстытута, аднак выкананне яго правілаў стала менш абавязковым. Там, дзе далучэнне да сусветнай эканомікі прывяло да галечы, сваяцтва з яго механізмам узаемадапамогі працягвае заставацца адным з нешматлікіх даступных сродкаў у забеспячэнні ўмоў для існавання. Апроч гэтага, эліты грамадстваў разглядаюць сваяцтва як карысны сродак захавання ўлады, бяспекі і памнажэння свайго багацця.
КАРОТКІ ЗМЕСТ
Хоць само існаванне сваяцтва тлумачыцца біялагічна, тое, як яно ацэньваецца і выкарыстоўваецца людзьмі, залежыць ад соцыякультурных умоў. У розных грамадствах па-рознаму вызначаюцца нават кроўныя адносіны — дачыненні бацькоў, братоў/сясцёр, стрыечных братоў/сясцёр.
У мэтах даследавання разнастайных сваяцкіх сістэм найперш неабходна прасачыць, як разглядаюць сваяцтва ў розных грамадствах. Адны з іх вызначаюць сваяцкую пераемнасць унілінейна — толькі па мужчынскай (патрылінейна) ці жаночай (матрылінейна) лініях продкаў і нашчадкаў. Другія прытрымліваюцца білінейнай пераемнасці (у залежнасці ад абставін — альбо патрылінейна, альбо матрылінейна), амбілінейнай, або адвольнай, пераемнасці (калі дазваляецца выбар паміж патрылінейным і матрылінейным відамі) ці паралельнай пераемнасці (мужчыны вызначаюцца патрылінейна, a жанчыны — матрылінейна). У вялікіх грамадствах, як 4 ў шэрагу дробных, распаўсюджана кагнатычная пераемнасць, калі чалавеку
дазваляецца вызначаць пераемнасць праз усіх продкаў як мужчынскага, так і жаночага полу.
Гэтак жа па-рознаму ў розных народаў могуць звацца і “адны і тыя ж сваякі”. Так, кожны з нашых шматлікіх родзічаў, якіх мы называем “стрыечнымі братамі/сёстрамі” (кузенамі), у іншых сваяцкіх сістэмах атрымлівае асобнае найменне. Галоўнымі сваяцкімі сістэмамі з’яўляюцца эскімоская, гавайская, суданская, амаха, кро і іракезаў.
У кожным грамадстве сваяцтва выконвае дзве галоўныя функцыі: спадкаемства і фарміравання'груп. У залежнасці ад сваіх памераў групы, сфарміраваныя паводле прынцыпу унілінейнай пераемнасці, падзяляюцца на роды, кланы, фратрыі і паловы. Родам з’яўляецца група сваякоў, якія вызначаюць сваю пераемнасць ад агульнага продка — мужчыны ці жанчыны — праз дакладныя сувязі. Клан — гэта група сваякоў, якія вераць у тое, што з’яўляюцца нашчадкамі агульнага продка, але не могуць прасачыць сапраўдных сувязяў з гэтым продкам. Фратрыя — гэта сваяцкая група, якая аб’ядноўвае пэўную колькасць адносна блізкіх кланаў з неакрэсленымі сувязямі. Тэрмін палова абазначае асобныя лінейна-пераемныя групы, што выконваюць у дачыненнях адна да адной дапаўняльную функцыю. У тых грамадсгвах, дзе ўжываюць прынцыпы кагнітыўнай пераемнасці, могуць утварацца продка-скіраваныя кагнітыўна-пераемныя групы ці эга-скіраваныя сваяцкія сеткі.