Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Напрыклад, на востраве Ньюфаўндленд шлюб можа аб’ядноўваць амаль усё насельніцтва сельскай абшчыны, а таксама жыхароў суседніх абшчын. Больш таго, гэтыя людзі становяцца сацыяльным асяродкам для тых, хто ўзяў шлюб. У сучасных гарадскіх умовах, як, напрыклад, у Таронта або ў Нью-Ёрку, такія аб’яднанні звычайна разрозненыя і нешматлікія; узаемаадносіны могуць зводзіцца да простага абмену віншаваннямі з імянінамі і Нараджэннем Хрыстовым. Але ва ўсіх грамадствах сацыяльныя сувязі, што ўзнікаюць у выніку шлюбу, могуць мець патэнцыяльнае значэнне для шэрагу задач: для стварэння эканамічных саюзаў (тыпу рыбацкіх брыгад у
Ньюфаўндлендзе), для ўмацавання саюзаў палітычных (як у выпадку з сямейным кланам Кенэдзі), для пашырэння кола людзей, якія могуць дапамагчы з грашыма, працай або начлегам падчас падарожжа.
ШЛЮБ ЯК СРОДАК АБМЕНУ. Калі падыходзіць да шлюбу з пункту гледжання групавога ўзаемадзеяння, то ён з’яўляецца сродкам абмену людзьмі і багаццем у ходзе стварэння саюзаў, заснаваных на ўзаемных правах і прывілеях. Ён не проста зводзіцца да аднаразовага абмену гасцямі і вясельнымі падарункамі, а звычайна прадугледжвае далейшае ўзаемадзеянне паміж усімі, хто мае дачыненне да шлюбу. Яно можа зводзіцца да простага абяцання дапамагаць пры патрэбе або выступаць у якасці гаранта дапамогі ў вайсковай ці палітычнай барацьбе. Такое ўзаемадзеянне можа прывесці к дамове стварыць у будучым яшчэ адну шлюбную пару.
Антраполаг Клод Леві-Строс лічыць. што шлюб у невялікіх супольнасцях выкарыстоўваецца ў межах агульнай сістэмы абмену, дзе асноўным з’яўляецца абмен жанчынамі [Levi-Strauss, 19691. ЛевіСтрос робіць адрозненне паміж тым, што ён называе элементарнымі і комплекснымі сістэмамі. Элементарныя сістэмы маюць правілы, па якіх рэкамендавана або не рэкамендавана абіраць пару ў асяродку людзей пэўнай катэгорыі або групы. Напрыклад, у мардуджараў абавязковымі з’яўляюцца шлюбы паміж стрыечнымі братамі і сёстрамі. Для мужчыны гэта можа быць дачка матчынага брата або бацькавай сястры; для жанчыны — сын матчынага брата або бацькавай сястры. Жаніцьба з іншымі катэгорыямі асоб не ўхваляецца і, магчыма, лічыцца кровазмяшальнай [Tonkinson, 1978, с.48-49], У комплексных сістэмах правілы вызначаюць тых, з кім нельга жаніцца, аднак не абавязваюць жаніцца на пэўнай асобе. Комплексная сістэма можа забараняць шлюбы паміж пэўнымі сваяцкімі катэгорыямі і грамадскімі слаямі, але ў астатнім выбар пакідаецца за чалавекам.
Леві-Строс робіць далейшае размежаванне паміж сістэмамі з прамым і ў большай меры ўскосным абменам. Самая простая сістэма з прамым абменам, калі група А дае жанчын групе Б, а група Б забяспечвае жонкамі групу А. Такі абмен можа адбывацца як на працягу жыцця аднаго пакалення, так і праз пакаленні: група А дае групе Б жонак у адным пакаленні, а група Б вяртае кампенсацыю ў наступным. Ускосны абмен адбываецца, калі жанчыны рухаюцца толькі ў адным кірунку. Група А дае жонак групе Б. а група Б забяспечвае жонкамі групу В, і ўжо група В забяспечвае жонкамі групу А, што стварае цэлае кола шлюбных абменаў. Такія народнас-
ці Паўднёва-Усходняй Азіі, як батакі з Суматры, служаць прыкладам супольнасцяў, дзе ўскосны абмен адыгрывае важную сацыяльную ролю. У іх вялікае значэнне маюць уручэнне і атрыманне дарункаў у межах пэўнай групы і паміж сацыяльнымі групамі. У духоўным і рытуальным плане род, які дае жонку, мае перавагу над родам, які яе атрымлівае. I той, хто дае, і той, хто атрымлівае, залежаць адзін ад аднаго: іх звязвае працэдура ўзаемных падарункаў у выглядзе жанчын, ежы, тканін, каштоўных аздабленняў і скаціны. Утварэнне такіх саюзаў з’яўляецца цэнтральнай падзеяй у грамадскім жыцці вёскі.
ЭНДАГАМІЯ I ЭКЗАГАМІЯ Эндагамія азначае, што асоба павінна браць шлюб у рамках сваёй сацыяльнай групы або катэгорыі. Экзагамія — гэта звычай браць шлюбы за межамі пэўнай сацыяльнай групы або катэгорыі. Экзагамія, як правіла, аб’ядноўвае групы, у той час як эндагамія раз’ядноўвае і захоўвае іх адметнасць.
Выбар паміж эндагаміяй і экзагаміяй залежыць ад кожнай канкрэтнай групы. У нашым грамадстве мы звычайна жэнімся за межамі сваёй сваяцкай групы, але ў межах свайго сацыяльнаэканамічнага асяроддзя. Заможнага камерсанта не асудзяць, калі ён возьме жонку з асяроддзя “белых каўнерыкаў”, але практыка жыцця і грамадскі ціск прыводзяць да захавання эндагаміі ў межах пэўнага слоя. Сям’я (нуклеарная або вялікая) у нашым грамадстве з’яўляецца першаснай экзагамнай адзінкаю, і паміж сем’ямі аднаго грамадскага слоя і адбываюцца, як правіла, шлюбныя абмены.
Грамадскія слаі не з’яўляюцца нечым цэласным. У межах кожнага грамадскага слоя існуе шмат разнастайных груп, і шлюб служыць сродкам іх аб’яднання. Гэта можна праілюстраваць на прыкладах шлюбаў паміж заможнымі элітарнымі сем’ямі ў Злучаных Штатах і Еўропе на працягу канца XIX і пачатку XX ст., якія былі эндагамнымі адносна грамадскіх слаёў і экзагамнымі адносна нацыянальнасці. Элітарныя сем’і глядзелі на суайчыннікаў-амерыканцаў, што раптоўна разбагацелі, звысоку. Таму нуварышы стараліся знайсці бедных арыстакратак у Еўропе, а тым толькі і трэба, каб прадаць сваё імя за кавалак амерыканскага багацця. I галоўным гандлёвым рынкам была Рыўера.
Тут гандлявалі дочкамі новых амерыканскіх багацеяў за магчымасць парадніцца са знакамітымі сем’ямі з зямельнымі ўладаннямі і тытулам, а магчыма, і адным толькі тытулам. Гэты просты крок даваў магчымасць новаму багаццю набыць рэспектабельнасць даўніны. А патомная арыстакратыя атрымлівала грошы — тое, што заўсёды можна выкарыстаць. Такія здзелкі адбываліся сотнямі і
былі з’явай звычайнай, перамовы дапамагалі весці брокеры — небагатыя жанчыны няпэўнага сацыяльнага становішча. Па некаторых дадзеных, да 1909 г. на экспарт для паляпшэння сямейнага іміджу пайшло 500 амерыканскіх спадкаемніц, а разам з імі і 220 мільёнаў даляраў [Galbraith, 1977, с.68].
Магчыма, самы знакаміты абмен адбыўся паміж сем’ямі Вандэрбільтаў і Чэрчыляў. Карнэліюс Вандэрбільт зрабіў усё, каб яго дачка ўвайшла ў сям’ю Чэрчыляў — адну з самых ганаровых у брытанскай гісторыі — за пачатковую плату ў 2,5 мільёна даляраў. За гэтую суму (а потым і яшчэ за 7,5 мільёна) ён здолеў пазбавіць сваю сям’ю кляйма “баронаў-рабаўнікоў” і невымерна падвысіць яе рэпутацыю.
Аўстралійскія абарыгены таксама шукаюць шлюбных партнёраў за межамі сваіх уласных груп з пэўных стратэгічных меркаванняў. Саюзы, створаныя дзякуючы такім шлюбам, дапамагаюць займець доступ да большых тэрыторый для палявання і збірання ежы. Такая стратэгія мае асаблівы сэнс для жыхароў пустынь: над імі заўсёды навісае пагроза голаду.
Сем’і і сацыяльныя групы не заўсёды вітаюць стварэнне шлюбных саюзаў з іншымі сем’ямі. Яны могуць прытрымлівацца вузкай абарончай эндагамнай стратэгіі — як правіла, у намаганні захаваць еднасць і маёмасць групы. Адным са шляхоў дасягнення гэтай мэты з’яўляецца правіла браць шлюбы з пэўнымі катэгорыямі стрыечных братоў і сясцёр. Сярод мусульманскіх народаў Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, дзе асноўным з’яўляецца радавод бацькі, мужчыны аддаюць перавагу шлюбам са стрыечнымі сёстрамі па бацькавай лініі (дочкамі брата бацькі). Практыка такіх шлюбаў дае магчымасць захоўваць маёмасць у межах адносна вузкага кола сваякоў і адначасова прытрымлівацца ісламскіх законаў, якія падкрэсліваюць значэнне сямейных традыцый і заклікаюць да перадачы іх у спадчыну сынам і дочкам. Яна таксама стварае моцную з’яднаную групу братоў і іх дзяцей, што асабліва істотна ў атмасферы варожасці і раздробленасці, уласцівай для гэтых рэгіёнаў. Такая грамадская атмасфера ў пэўнай ступені з’яўляецца прадуктам сепаратызму, паводле якога гэтыя групы былі створаны і адасобіліся. У выніку атрымліваецца замкнёнае кола, калі практыка заключэння шлюбаў паміж стрыечнымі братамі і сёстрамі па бацькавай лініі заахвочвае сепаратызм, які, у сваю чаргу, заахвочвае менавіта такі від шлюбаў.
Колькасць сужэнцаў
Грамадства дае прадпісанні не толькі наконт таго, з кім можна жаніцца, але і з якой колькасцю асоб можна браць шлюб. У нашым грамадстве асоба, якая адначасна мае больш за адну жонку ці больш
за аднаго мужа, называецца бігамнай; і калі такое выкрываецца, то ёй або яму пагражае турма. Аднак у многіх супольнасцях мужчынам дазваляецца мець не адну жонку, а ў некаторых і жанчыны могуць мець не аднаго мужа. Практыка, якая дазваляе мець больш за адну жонку ці аднаго мужа, шмат дзе гістарычна прызнана, аднак яе нельга тлумачыць з пункту гледжання біялогіі. Тое, што грамадства прадпісвае мець аднаго мужа або адну жонку ці, наадварот, заахвочвае людзей да мнагажонства, залежыць ад асаблівасцяў яго развіцця. Са зменай навакольных умоў такая практыка можа мяняцца. У супольнасцях, дзе раней дазвалялася мець некалькі шлюбаў, зараз такой звычкі няма, і адна з прычын гэтага — распаўсюджванне еўрапейскага каланіялізму і хрысціянскай маралі, якая яго суправаджала.
МАНАГАМІЯ. Для шлюбаў у Злучаных Штатах Амерыкі і іншых развітых дзяржавах Захаду ўласціва манагамія — звычай мець у шлюбе адну жонку ці аднаго мужа. Манагамія — не проста норма ў гэтых грамадствах, а закон. Мнагажэнства і мнагамужства супрацьзаконныя. Пры існаванні разводаў людзі могуць уступаць у шэраг шлюбных саюзаў — жаніцца, разводзіцца, зноў жаніцца, — але, тым не менш у пэўны прамежак часу яны могуць мець толькі адну жонку ці аднаго мужа. Мы называем такі від шлюбу паслядоўнай манагаміяй
ПАЛІПНІЯ I ПАЛІАНДРЫЯ. У некаторых іншых грамадствах колькасць жонак і мужоў, якіх можна мець адначасова, не абмяжоўваецца. Практыка, калі асоба мае больш за адну жонку ці аднаго мужа, называецца палігаміяй Існуе два асноўныя тыпы палігаміі: палігінія і паліандрыя.
Тэрмін палігінія абазначае шлюб паміж адным мужчынам і дзвюма або некалькімі жанчынамі. Гістарычна палігінія была распаўсюджанай з’явай ва ўсім свеце. Магчымасць уступаць у палігінныя шлюбы ў пэўным грамадстве, аднак, не азначае, што там кожны дарослы мужчына будзе мець больш за адну жонку. Такое ў большасці выпадкаў проста немагчыма з пункту гледжання дэмаграфіі. Пры даследаванні абарыгенаў джыгалонга Заходняй Аўстраліі Тонкінсан (Tonkinson, 1974, с.46-47) устанавіў: нягледзячы на схільнасць мужчын да дваяжонства, толькі 11 з 40 даследаваных жанатых мужчын мелі палігінныя шлюбы. У племені ціві з Паўночнай Аўстраліі (Goodale, 1971; Hart and Pilling, 1979] больш сталыя мужчыны могуць мець ад адной да двух дзесяткаў жонак, у той час як астатнія маюць толькі адну, а маладзейшыя мусяць чакаць да сарака гадоў, каб мець магчымасць ажаніцца. Мужчыны-ціві не абавязаны да