Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
матызму японскай гісторыі. Падобны аргумент можа быць справядлівым і адносна іншых рэгіёнаў свету. На астравах паўднёвай часткі Ціхага акіяна азначэнне “мірны шлях” у сэнсе агульнай згоды і гармоніі цесна звязана з амбіцыямі палітычных вярхоў, якія імкнуцца задушыць крытыку і любою цаною захаваць сваю ўладу [Howard, 1991-а, с.54-55).
Стрыжнёвыя каштоўнасці хоць і ўстойлівыя да радыкальных зменаў, але іх нельга назваць статычнымі. Пры пэўных акалічнасцях яны могуць змяніцца за даволі кароткі час. Змены каштоўнасных арыентацый абумоўлены галоўным чынам зменамі сацыяльнага і навакольнага асяроддзя. Японцы, якія ставілі жанчын ніжэй за мужчын, за апошнія гады значна перамянілі свае погляды, дзякуючы эканамічнаму ўздыму Японіі, большым адукацыйным магчымасцям і большай адкрытасці для іншых культур, дзе дэкларуецца роўнасць паміж мужчынамі і жанчына.мі.
АСАБОВАСЦЬ
Светапоглад і каштоўнасці выяўляюцца ў чалавеку праз асабовасць. Пад тэрмінам асабовасць маюцца на ўвазе асабістыя перакананні, надзеі, жаданні і каштоўнасці, што сфармаваліся ў выніку ўзаемадзеяння біялагічных і навакольных фактараў. Антраполагі падыходзяць да вывучэння асабовасці, імкнучыся распазнаць значэнне і прычыны яе разнастайных складнікаў у сацыяльным кантэксце. Таму гэтыя даследаванні засяроджваюцца на фактах, абумоўленых не фізіялогіяй, а грамадствам і асяроддзем. Вялікая ўвага надаецца вывучэнню эмацыйнай сферы. Так, у сваёй працы аб жыцці інуітаў на поўначы Канады Джын Брыгз паказала, што ў імкненні прыстасавацца да жорсткіх знешніх умоў яны ўмацавалі сваю супольнасць, пазбягаючы выказваць гнеў [Briggs, 1970],
Існуюць як падсвядомыя, так і свядомыя аспекты асабовасці. Падсвядомы аспект складаюць асноўныя каштоўнасці, стаўленні і арыентацыі, якія мы пераважна не ўсведамляем. Аднак яны служаць стрыжнем свядомага аспекту нашай асобы, які ўключае агульны позірк на саміх сябе — наша самаўсведамленне Яно ўключае таксама і ўспрыманне таго, як ставяцца да нас іншыя людзі. У працэсе самаўсведамлення кожны чалавек, як правіла, аддае перавагу такім сваім рысам і якасцям, што адпавядаюць агульнай культурнай арыентацыі. Так, большасць семаяў уяўляюць сябе найперш памяркоўнымі, што адпавядае тыповай для іх культуры рысе — неагрэсіўнасці.
Тыпы асабовасці
Кожны чалавек схільны лічыць сябе асобай непаўторнай, і да нейкай ступені мы сапраўды рознімся. I ўсё ж рабіць пэўныя абагульненні і выдзяляць пэўныя тыпы асабовасці можна. Пры гэтым трэба быць асцярожнымі: пазбягаць стэрэатыпнага мыслення і абапірацца выключна на аналіз. Пры вызначэнні тыпаў антраполагі канцэнтруюць увагу на асноўных рысах даследаваных імі асабовасцяў, прызнаючы, што ў сапраўднасці кожная асабовасць нашмат складанейшая і разнастайнейшая.
Дэвід Рызмэн са Злучаных Штатаў Амерыкі вылучае тры тыпы асабовасці: традыцыйна арыентаваная, знутры арыентаваная і звонку арыентаваная [Riesman, 1953]. Традыцыйна арыентаваная асабовасць характэрная галоўным чынам для дробных грамадстваў з аднастайнымі відамі дзейнасці. Аднак яна можа сустракацца і сярод субкультур буйных грамадстваў (амішы ў ЗША). Усе каштоўнасці і, адпаведна, паводзіны ў такіх супольнасцях вынікаюць з традыцыі і лічацца законнымі менавіта на падставе традыцыі. Аднак, на думку Рызмэна, паколькі адной традыцыі недастаткова, каб людзі маглі прыстасавацца да жыцця ў вялікім грамадстве, то два другія тыпы асабовасці з’яўляюцца больш распаўсюджанымі.
Знутры арыентаваная асабовасць характарызуецца абвостранай сумленнасцю і адчуваннем слушнасці сваіх паводзін. Прыкладам могуць служыць пурытане, якія засялялі абшары Новай Англіі. Чалавек з такой натурай заўсёды імкнецца дзейнічаць. Гэта ідэальны тып у справе пашырэння межаў, у падпарадкаванні іншых людзей, у асваенні прыродных рэсурсаў. Яму ўласціва зайздросная мэтанакіраванасць у жыцці. Такі тып асабовасці характэрны для ранніх часоў амерыканскай гісторыі, калі нацыя толькі пачынала развівацца. Але схільнасць да пурытанства і дагэтуль дастаткова моцная ў амерыканскім грамадстве, што выяўляецца, напрыклад, у стаўленні да абортаў, да дзяржаўнага фінансавання сексуальнай тэмы ў мастацтве, у наяўнасці заўзятых прыхільнікаў “палітычнай цнатлівасці”. Звонку арыентаваная асобовасць, наадварот, характарызуецца няпэўным усведамленнем таго, што правільна, а што няправільна. Яна больш прыстасаваная і больш уважлівая да дзеянняў і памкненняў іншых людзей. Гэты тып людзей, як лічыць Рызмэн, лягчэй адаптуецца ў Злучаных Штатах другой паловы XX ст.
Класіфікацыя асабовасцяў паводле Рызмэна не супадае з асобамі канкрэтных людзей, а ўказвае толькі на тэндэнцыю і рысы, характэрныя для пэўнага'тыпу асабовасці, на важнасць адносін паміж асабовасцю і грамадствам з яго ўмовамі і пэўнай адаптацыйнай стратэгіяй.
Мадальная асабовасць
У межах грамадства існуюць самыя разнастайныя тыпы асабовасці. Мадальная асабовасць пэўнай групы абыймае асноўныя тэндэнцыі, якімі характарызуецца асабовасць членаў папуляцыі. Гэта ў нейкім сэнсе сярэднестатыстычны тып, і вылучыць яго можна адно на падставе ўважлівых назіранняў. Мадальная асабовасць пэўнай групы не ідэнтычная асабовасці нейкага канкрэтнага яе члена: яна толькі канцэнтруе ў сабе агульную тэндэнцыю, што асабліва зручна для параўнанняў.
Увага да мадальнай асабовасці можа быць карыснай пры спробе зразумець грамадскія адносіны паміж групамі. Індзейцы племені майя і людзі неіндзейскага паходжання Гватэмалы* могуць служыць узорам розных мадальных асабовасцяў. Жыццёвую арыентацыю майя варта ахарактарызаваць як пасіўную і фаталістычную. Адносіны ж асоб неіндзейскага паходжання да знешніх абставін і іншых людзей, наадварот, больш агрэсіўныя: яны імкнуцца падаўляць, пераадольваць усіх і ўсё, што ўспрымаецца імі як перашкоды на іх шляху.
Гэтыя адрозненні вынікаюць з абсалютна розных гістарычных і сацыяльных умоў. Майя — бездзяржаўны, заняпалы народ, між тым як больш грамадска-актыўныя людзі неіндзейскага паходжання з’яўляюцца нашчадкамі тых, хто захапіў Гватэмалу ў XVI ст. У розных мадальных асабовасцях увасабляюцца не толькі розныя сацыяльныя і гістарычныя ўмовы, але і розныя культурныя фактары, якія служаць для таго, каб замацаваць адрозненні паміж індзейцамі і прадстаўнікамі неіндзейскага паходжання — у прыватнасці, няроўнасць іх палітычнага і эканамічнага статусаў. Аднак не ўсе майя пасіўныя фаталісты, і часам некаторыя з іх нават прымянялі насілле для таго, каб абараніць сябе, палепшыць сваё становішча ў гватэмальскім грамадстве.
Фаталізм гватэмальскіх індзейцаў і неагрэсіўнасць інуітаў абумоўлены не біялогіяй, а адносінамі, набытымі ў працэсе ўзаемадзеяння з іншымі людзьмі. Каб зразумець, якім чынам у пакаленнях перадаюцца каштоўнасці, адносіны, перакананні і як фарміруецца асабовасць, ніжэй мы разгледзім сам працэс сацыялізацыі.
*Насельніцтва Гватэмалы больш чым напалову складаецца з індзейцаў; астатнія жыхары ў асноўным метысы — нашчадкі ад шлюбаў індзейцаў і еўрапейцаў. (Заўв. рэд.)
САЦЫЯЛІЗАЦЫЯ
НА ПРАЦЯГУ ЖЫЦЦЁВАГА ЦЫКЛА
Сацыялізацыя — працэс працяглы. Ён доўжыцца ад нараджэння да смерці, а згодна з некаторымі культурнымі традыцыямі, працягваецца нават пасля смерці. У любым грамадстве гэты працэс адбываецца паводле пэўнай схемы, якая звязана з жыццёвым цыклам: нараджэннем, сталеннем, старасцю і смерцю. Аднак сам жыццёвы цыкл розныя народы падзяляюць і трактуюць па-свойму.
Адны лічаць дзяцінства адзінай працяглай фазай, якая доўжыцца да наступлення полавай сталасці, другія падзяляюць яго на шэраг дакладна вызначаных фаз. Абарыгены мардуджары, напрыклад, падзяляюць ранняе дзяцінства на дакладныя стадыі, з канкрэтным вызначэннем кожнай: толькі што народжанае дзіця, здольнае сядзець, толькі пачынае хадзіць, умее хадзіць, абыходзіцца без цыцкі, не трэба насіць на руках. Да яго ставяцца як да малога, пакуль ён не стане зусім дарослым. Дакладны ўзрост, у якім канчаецца дзяцінства, таксама вызначаецца па-рознаму. У некаторых грамадствах пачатак дарослага жыцця звязваюць або з наступленнем полавай сталасці, або са шлюбам, a то і проста вызначаюць “на вока”, як у нас.
У Еўропе эпохі сярэднявечча была адзіная мяжа паміж дзіцячым узростам і сталасцю: чалавек станавіўся дарослым ва ўзросце ад сямі да дзевяці гадоў, калі набываў ужо большасць неабходных для жыцця ведаў. Рымска-каталіцкая царква сцвярджала, што гэта адбывалася ў выніку пазнання Бога. Ідэя пераходнага перыяду —■ юнацтва — узнікла разам з распаўсюджваннем друкарства і адукацыі. Якраз у гэты перыяд жыцця людзі вучыліся чытаць і пісаць і авалодвалі разнастайнымі рамёствамі. 3 гістарычных звестак незразумела, калі пачынаўся і калі канчаўся гэты пераходны перыяд. Некаторыя з аналітыкаў поп-культуры сцвярджаюць, што ўзнікненне тэлебачання і сродкаў масавай інфармацыі пазбавіла жыццё падлеткаў многіх уласцівых іх узросту ’’таямніц” і што заходняе грамадства вяртаецца да простага падзелу жыццёвага цыкла на дзяцінства і сталасць.
Нават смерць у розных грамадствах успрымаецца неаднолькава. Іудзейска-хрысціянская традыцыя разглядае яе наступным чынам: мяркуецца, што смерць прыводзіць да вечнага існавання ў бесцялесным духоўным стане. У індусаў жа смерць толькі завяршае адзін з жыццёвых цыклаў, а потым дух памерлага непазбежна адраджаецца ў новым целе.
Як бы мы ні вызначалі жыццёвыя фазы, у розныя перыяды жыцця працэс сацыялізацыі розны. Наш вопыт і патрабаванні з узростам мяняюцца. У любым грамадстве вопыт гадавалага дзіцяці абмежаваны, а яго патрэбы зводзяцца да мінімуму — ежа, ласка, догляд. На гэтым фоне сярэдні ўзрост выступае рэзкім кантрастам: калі ў чалавека за плячыма дзесяцігоддзі папярэдняга вопыту, то ў яго куды большыя колькасна і якасна сацыяльныя і псіхалагічныя патрэбы, чым у дзіцяці.. 3 пункту гледжання грамадства статусы і ролі яго ўдзельнікаў змяняюцца праз увесь жыццёвы цыкл, і кожная асоба ў працэсе сацыялізацыі павінна змяніць сваё грамадскае становішча. Ва ўмовах урбанізаванага грамадства мы сцвярджаем, што юнакам трэба вучыцца паводзіць сябе, як дарослым, і што чалавек пасля выхаду на пенсію павінен прызвычаіцца да новых умоў.
Выхаванне дзяцей, уплыў сям’і і полавая прыналежнасць
Самым важкім у фармаванні асобы чалавека і ў яго сацыялізацыі з’яўляецца вопыт, атрыманы ў раннім дзяцінстве. Г'этьг ранні вопыт цяжка акрэсліць выразна. Звычайна ранняя сацыялізацыя не з’яўляецца вынікам свядомага фармавання светапогляду дзіцяці. Працэс сацыялізацыі ў гэты перыяд адбываецца сам па сабе, па меры таго як чалавек корміць і даглядае сваё дзіця.