• Газеты, часопісы і г.д.
  • Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

    Сучасная культурная антрапалогія

    Майкл Говард

    Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
    Памер: 478с.
    Мінск 1995
    143.9 МБ
    НЕФАРМАЛЬНАЯ I ФАРМАЛЬНАЯ АДУКАЦЫЯ. У слабаразвітых грамадствах адукацыйны працэс абапіраецца на простае назіранне і імітаванне дзеянняў сваякоў, аднагодкаў і суседзяў. Дзеці бачаць, як дарослыя жывуць і як паводзяць сябе. Спачатку імітаванне адбываецца ў форме гульні — дзеці робяць лук і стрэлы, каб пастраляць у якую-небудзь драбязу, або “пякуць” пірагі з пяску. Па меры таго як дзіця пачынае далучацца да працы, гульні адыходзяць. 3 ранняга ўзросту дзеці становяцца сведкамі штодзённых заняткаў сваіх бацькоў. Спачатку яны проста назіраюць, а потым дапамагаюць ім, пакуль самі не навучацца выконваць такія ж дзеянні, што і дарослыя. Некаторыя віды адукацыі ў невялікіх супольнасцях носяць больш фармальны характар. Гэта, у прыватнасці, навучанне магіі, лекаванню, валоданню музычнымі інструментамі. У некаторых выпадках фармальная адукацыя набывае і больш універсальны характар. Напрыклад, усіх дзяцей мужчынскага полу ў племені мардуджара ізалююць на шмат тыдняў, каб з мэтай падрыхтоўкі да пасвячэння ў дарослыя выкласці ім веды пра рэлігію і традыцыі.
    У вялікіх грамадствах фармальная адукацыя распаўсюджана ў большай ступені. Асноўныя прадметы спецыяльна выкладаюцца, і асоба значны час праводзіць у школе. Гэта акалічнасць не абавязкова вынікае з колькасці навучальнага матэрыялу. Яна прымушае задумацца аб тым, якім чынам ажыццяўляецца навучанне, хто за яго адказвае і як забяспечыць яго высокі ўзровень. У большасці буйных грамадстваў дзяржаўныя органы або іншыя інстытуты, не звязаныя з сям’ёй (царква, напрыклад), надаюць адукацыі першасную ролю, у выніку манаполія сям’і ў гэтай сферы траціцца. У інтарэсах дзяржавы, якая імкнецца вынішчыць адчуванне персанальнай або лакальнай прыналежнасці, навучальны працэс наладжаны так, каб не толькі даць веды, але і стварыць калектыў аднадумцаў, выхаваць пачуццё гонару за сваю дзяржаву.
    Урады шмат якіх незалежных дзяржаў, што ўзніклі пасля 40-х гадоў, надаюць фармальнай адукацыі вялікае значэнне. Праз адукацыю яны імкнуцца ўзняць тэхнічны ўзровень сваіх краін, паслабіць залежнасць ад іншаземцаў і стварыць умовы для паспяховага эканамічнага развіцця. Болыпасць насельніцтва гэтых дзяржаў —нашчадкі адметнай гістарычнай спадчыны, таму школа выкарыстоўваецца і для таго, каб узмацніць пачуццё патрыятызму і паменшыць культурныя адрозненні паміж людзьмі.
    АДУКАЦЫЯ I ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ. Для грамадзян няразвітых краін і для незаможных жыхароў буйных прамысловых
    дзяржаў адукацыя служыць набыццю матэрыяльнага дастатку і больш высокага сайыяльнага статуса. Нават у самых бедных краінах сацыяльныя і маёмасныя прывілеі больш даступныя для людзей адукаваных, доля ж іншых — жыць у галечы.
    У многіх слабаразвітых краінах праца “белых каўнерыкаў”, якая дае магчымасць жыць у адносным дабрабыце (як і іх калегам у развітых прамысловых краінах), даступная толькі адукаваным людзям. Аднак такога сацыяльнага статуса дасягнуць цяжка, бо надта вялікі кошт адукацыі, якая б дазволіла чалавеку яго займець. Год вучобы і пражывання ў пачатковай школе можа каштаваць болей, чым гадавы заробак большасці бацькоў, а вучоба ва універсітэце яшчэ болей. Тым не менш, патэнцыяльны плён адукацыі падштурхоўвае многіх бацькоў да таго, каб выкарыстаць усе свае магчымасці і даць дзецям адукацыю. У некаторых выпадках цэлыя абшчыны абагульняюць свае прыбыткі, спадзеючыся, што іх намаганні будуць узнагароджаны пазней, калі зямляк зойме ўплывовае становішча. Герой рамана нігерыйскага пісьменніка Чынуа Ачэбэ “Спакою больш не будзе” (No Longer at Ease) адзначае: “Універсітэцкі дыплом — гэта філасофскі камень. Ён пераўтварыў клерка трэцяга гатунку з заробкам у сто пяцьдзесят у старшага чыноўніка з заробкам у пяцьсот семдзесят, з аўтамабілем і раскошна мэбляванымі апартаментамі за памяркоўную плату... Ён узняў чалавека з натоўпу да эліты, дзе на вечарынках за кактэйлем можна пачуць няспешную размову: “Як сябе адчувае твой аўтамабіль?” [Achebe, 1960, с.91|.
    3 павелічэннем у краіне колькасці адукаваных грамадзян, асабліва калі выпускнікоў універсітэтаў больш, чым адпаведных рабочых месцаў, людзям з вышэйшай адукацыяй усё цяжэй і цяжэй знайсці прыдатны занятак. Гэта часткова вынікае з таго, што спадзяванне на лепшае сацыяльна-эканамічнае становішча апярэджвае вытворчыя магчымасці грамадства ў забеспячэнні працай “белых каўнерыкаў”. Краіны трэцяга свету яшчэ сутыкнуцца з такой праблемай, a пакуль што кваліфікаванага персаналу ім не хапае.
    УЗДЗЕЯННЕ АДУКАЦЫІ НА ТРАДЫЦЫЙНЫЯ КАШТОЎНАСЦІ. Заходняя адукацыйная сістэма часта ўваходзіць у супярэчнасць з традыцыйнымі каштоўнасцямі народаў, што не належаць да Захаду, і гэта часам выклікае сур’ёзныя сацыяльныя праблемы. На універсітэцкім узроўні адукацыйная сістэма, створаная паводле заходніх узораў, выхоўвае пэўную адукацыйную эліту, светапогляд якой шмат у чым адпавядае заходнім стандартам, а не патрабаванням іх суайчыннікаў. Такая адукацыя адыгрывае станоўчую ролю ў працэсе развіцця краіны, але яна адначасна падштурхоўвае эліту да
    высакамернасці, да ўспрыняцця суайчыннікаў — носьбітаў тутэйшага светапогляду — як нецывілізаваных варвараў. Сістэма адукацыі ў грамадствах Усходу з адметнымі культурнымі традыцыямі таксама часам прыводзіць да сацыяльна-культурнай маргінальнасці, іншымі словамі, да таго, што навучэнцы перастануць шанаваць уласную традыныйную культуру, але не ўвойдуць у новую і апынуцца паміж старым і новым ладам жыцця.
    Да нядаўніх часоў у сельскіх рэгіёнах Аўстраліі існавала агульная практыка, калі хрысціянскія місіянеры і ўрадавыя чыноўнікі забіралі дзяцей абарыгенаў ад бацькоў і аддавалі іх у школы, якімі яны звычайна і кіравалі. У школах дзяцей адлучалі ад сваёй культурнай спадчыны і прывівалі ім чужыя погляды. Ніхто нават не спрабаваў падпарадкаваць навучальную праграму культурным патрэбам мясцовых народаў. Дзеці вучыліся дрэнна і мала спазнавалі з таго, што маглі б выкарыстаць як у асяродку белых людзей, так і сярод супляменнікаў. У выніку такога фармальнага навучання многія з іх страцілі сваю прыналежнасць да традыцыйнай культуры абарыгенаў. I паколькі носьбітамі культуры белых людзей яны так і не сталі, то апынуліся ўвогуле па-за межамі культуры [Sackett, 1978, с.39-40],
    Заходняя адукацыйная сістэма спрычынілася да крызісу паскоранай урбанізацыі, што ахапіў многія краіны, якія стаяць на шляху развіцця. Пры апісанні маршаў, іракскіх арабаў, Уілфрэд Тэзігер распавядае, як людзі імкнуцца ў горад, спадзеючыся на тое, што іх “мізэрная адукацыя” дазволіць ім уладкаваць свой лёс [Thesiger, 1985], Яны не ўсведамляюць таго, што ў спаборніцгве за нешматлікія рабочыя месцы сутыкнуцца з сотнямі тысяч іншых людзей, якія валодаюць аналагічнай кваліфікацыяй. Школьнікаў арабскіх маршаў ужо не цікавяць сельская гаспадарка і рыбалоўства: яны мараць стаць пілотамі самалётаў ці інжынерамі [Dobbs. 1987). Але такое становішча нельга цалкам лічыць негатыўным. Майкл Добс цытуе аднаго афіцыйнага іракскага прадстаўніка, які папракае Тэзігера за тое, што ён з’яўляецца прыхільнікам спрадвечнага ладу жыцця арабскіх маршаў. Сапраўды, мары і амбіцыі дазволяць некаторым з іх дзяцей стаць пілотамі і інжынерамі. Хіба гэта блага?
    У апошнія гады для выкладчыкаў сталі відавочнымі недахопы традыцыйнай заходняй сістэмы адукацыі па-за межамі заходняга асяроддзя. Асветнікі-рэфарматары здолелі распрацаваць альтэрнатыўныя падыходы, якія лепш адпавядаюць патрэбам канкрэтных рэгіёнаў. Такая рэформа патрабуе скарыстання традыцыйнай мясцовай навучальнай практыкі і дасканалага ведання патрэб таго народа, які атрымлівае адукацыю. Антраполагі з іх разуменнем культуры і ўвагай да ўзаемадзеяння соцыякультурных фактараў імкнуцца дапамагчы ў правядзенні гэтай рэформы.
    Сацыялізацыя ў сталым узросце
    Самы плённы перыяд у фарміраванні асобы і яе светапогляду прыпадае на раннія гады. Але працэс сацыялізацыі на гэтым не спыняецца. У сталым узросце асаблівае значэнне набываюць тры віды сацыялізацыі: замацаванне каштоўнасцяў, звязаных з пэўным грамадствам, здольнасць прыстасоўвацца да новых жыццёвых этапаў і да навакольнага асяроддзя.
    ЗАМАЦАВАННЕ КАШТОЎНАСЦЯЎ. На ранняй стадыі працэсу сацыялізацыі мы засвойваем стрыжнёвыя грамадскія каштоўнасці. Па меры сталення наша ўспрыманне пашыраецца, перад намі часцей паўстае праблема выбару, а жыццё становіцца болыл разнастайным. Гэта схіляе да пераацэнкі каштоўнасцяў. Але такім тэндэнцыям супрацьстаіць працяглы ўплыў нашай папярэдняй сацыялізацыі, агульны сацыяльны ўхіл да канфармізму і іншыя формы дзейснай сацыялізацыі.
    Адным са сродкаў замацавання стрыжнёвых каштоўнасцяў і поглядаў з’яўляюцца грамадскія сходы. Групавое ўспрыманне рэчаіснасці прымушае асобу ўсведамляць сябе часткай калектыву. Сярод аўстралійскіх абарыгенаў перыядычныя сходы для правядзення рэлігійных цырымоній — самы галоўны сродак нагадаць людзям пра асноўныя каштоўнасці іх грамадства. Падчас прадстаўлення міфічных сюжэтаў удзельнікі групы адчуваюць сябе часткай касмічнай дзеі, у выніку якой утварыўся сусвет. Сходы ў заходнім грамадстве таксама служаць падобным мэтам. Напрыклад, на парадзе, які адбываецца 4 ліпеня*, мільёны людзей яднаюцца ў пачуцці амерыканскага патрыятызму.
    Схільнасць людзей да прадпісаных культурных мадэляў і поглядаў можа быць замацавана і іншымі шляхамі. У штодзённых людскіх узаемадачыненнях грамадскія каштоўнасці і адносіны заўсёды знаходзяцца на першым плане. У большасці сучасных грамадстваў працэс замацавання каштоўнасцяў адбываецца дзякуючы газетам, часопісам, радыё і тэлебачанню. Пэўны падбор навін, артыкулы, музыка — усё гэта ўплывае на нас і звычайна замацоўвае каштоўнасці, якія пераважаюць у грамадстве. Сродкі масавай інфармацыі навязваюць нам пэўны лад мыслення, вымушаюць нас спаборнічаць і да нечага імкнуцца, г.зн. засвойваць пэўную мадэль паводзінаў.
    *4 ліпеня 1776 г. 2-м Кантынентальным кангрэсам была прынята Дэклараныя незалежнасці ЗША, якая абвясціла ўтварэнне самастойнай дзяржавы ЗША. (Заўвага рэд.)
    ПРЫСТАСАВАННЕ ДА ЗМЕНАЎ ЖЫЦЦЁВАГА ЦЫКЛА. Па меры сталення мы мусім прыстасоўвацца да новых этапаў жыццёвага цыкла, абумоўленых нашымі новымі ролямі і зменамі ў становішчы. Часам такія змены бываюць нязначнымі — як, напрыклад, невялікае павышэнне па службе, але могуць быць ; вельмі істотнымі: скажам, калі чалавек выходзіць на пенсію і застаецца без работы, якая на працягу 40 гадоў была сэнсам яго жыцця. Чым большыя змены, тым цяжэй прыстасоўвацца да іх.