Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
УЗОРЫ ШЛЮБАЎ. Шлюб у межах адзінай этнічнай групы замацоўвае групавую аднароднасць (і ўскосна — групавое самавызначэнне). Шлюб, які выходзіць за этнічныя межы адной групы, наадварот, спрыяе асіміляцыі. Напрыклад, тапірапэ ў цэнтральнай Бразіліі з-за недахопу жанчын з пачатку 60-х гг. пачалі браць змешаныя шлюбы з суседнімі карахамі, паскараючы гэтым працэс страты сваёй культурнай самабытнасці [Shapiro, 1968]. Тапірапэ, якія жэняцца з жанчынамі карахаў, уступаюць у важныя сацыяльныя сувязі са сваякамі жонак: яны становяцца рыбакамі і перастаюць жыць за кошт сельскай гаспадаркі — спрадвечнага занятку ч тапірапаў. Тым не менш, і тапірапэ, і карахі застаюцца часткай адметнай этнічнай катэгорыі — індзейцаў, што вылучае іх сярод неіндзейскага насельніцтва Бразіліі.
Міжэтнічныя шлюбы садзейнічаюць не толькі асіміляцыі і ўваходжанню групы ў склад іншай, але і стварэнню новых этнічных груп. Напрыклад, у каланіяльнай Мексіцы ў выніку змешаных шлюбаў утварылася 16 этнічных катэгорый на аснове пачатковых этнасаў — іспанйаў, індзейцаў і афрыканцаў (кожная з гэтых катэгорый уяўляе сабой сінтэз некалькіх былых этнічных утварэнняў).
ПРАЦОЎНАЯ СПЕЦЫЯЛІЗАЦЫЯ, АБО КАНКУРЭНЦЫЯ Ва ўмовах шматэтнічнасці працоўная спецыялізацыя часта з’яўляецца галоўнай рысай этнічнай групы і адыгрывае значную ролю ў захаванні яе самабытнасці. I хоць такая спецыялізацыя спрыяе ўзаемазалежнасці паміж этнічнымі групамі, аднак адносіны паміж імі рэдка бываюць гарманічнымі. Напрыклад, качэўнікі балучы з паўднёвага Ірана і Пакістана гістарычна дамінуюць над іншымі некачавымі этнічнымі групамі, якія жывуць на той самай тэрыторыі. Тыя вымушаны арандаваць зямлю, што належыць балучам.
Удзельнікі розных груп могуць спаборнічаць паміж сабой у пошуках працы. Калі людзі з вёсак прыязджаюць у горад, яны часцей за ўсё шукаюць дапамогі ў сваіх землякоў. Галоўнаму герою кнігі
нігерыйскага раманіста Чынуа Ачэбэ “Непакою больш не будзе” дабрачыннае таварыства яго землякоў дапамагала вучыцца ў Англіі і садзейнічала ў атрыманні працы пасля таго, як ён вярнуўся дахаты. У той жа час у сваім даследаванні ліберыйскага горада Манровія Фрэнкель апісвае, як дабрачыннае таварыства, заснаванае на родаплемянных пачуццях, эксплуатуе суайчыннікаў і захоўвае манаполію на асобныя заняткі [Fraenkel, 1964].
ДЭМАГРАФІЯ. Дэмаграфія, ці, інакш кажучы, нараджальнасць і геаграфічнае становішча, таксама ўплывае на этнічныя адносіны. Напрыклад, хуткі рост насельніцтва можа прывесці да таго, што група пашырае межы свайго рассялечня за кошт іншых народаў. Памяншэнне групы выклікае адваротны прапэс: іншыя народы могуць скарыстаць атрыманую перавагу. Большы лік, аднак, не заўсёды азначае большую ўладу. Напружанасць можа ўзнікнуць у тым выпадку, калі адносна малыя этнічныя ўтварэнні пачынаюць займаць пануючае становішча ў палітьшы і эканоміцы за кошт значна большых груп. Яскравы прыклад таго — Паўднёвая Афрыка, дзе прыблізна 4 мільёны белых пануюць над 20 мільёнамі чорных і 2 мільёнамі людзей, класіфікаваных як “каляровыя” (змешаныя). 3 другога боку, калі большыя этнасы набываюць эканамічную і палітычную перавагу і пачынаюць супярэчыць інтарэсам меншых груп, яны, прыгнятаючы этнічныя меншасці, могуць адчуваць пэўныя дакоры сумлення.
ПАЛІТЫКА. Этнічныя адносіны як уплываюць на палітыку, так і залежаць ад яе. Калі этнічная свядомасць людзей абумоўлена іх жаданнем замацаваць сваё становішча, то этнічнасць у сваёй аснове можна разглядаць як з’яву палітычную. I саамы ў Нарвегіі, аддаючы перавагу сваёй мове ў шматэтнічным акружэнні (гл. раздзел 4), і этнічныя групы ў Манровіі (Ліберыя) у спробе захаваць манаполію на свае працоўныя заняткі — усе яны, прынамсі ўскосна, дзейнічаюць палітычнымі метадамі. Палітычная роля этнічнасці часам праяўляецца і непасрэдна. У любым выпадку этнічнасць — цэнтральная з’ява палітычнага жыцця. Гэта асабліва бачна на прыкладзе посткаланіяльных грамадстваў, дзе пад каланіяльным прыгнётам знаходзілася шмат розных народаў. На востраве Фіджы, напрыклад, этнічныя адрозненні паміж нашчадкамі індыйскіх імігрантаў і карэннымі жыхарамі — дзвюма групамі, прыкладна роўнымі па колькасці, — на працягу многіх гадоў былі галоўнай прычынай іх палітычнага спаборніцтва [Howard, 1991-а]. У такіх абставінах этнічнасць выцясняе або затушоўвае іншыя адрозненні — у прыватнасці тыя, што абумоўлены класавымі прычынамі.
У Паўднёвай Афрыцы ў пачатку гэтага стагоддзя этнічная меншасць афрыканераў (нашчадкаў ранніх галандскіх каланістаў) пачала хутка губляць свае пазіцыі на карысць англійскай абшчыны. Каб пазбегнуць гэтага, афрыканеры імкнуліся стварыць саюз белых паўднёваафрыканцаў, заснаваны на расавых перакананнях, і праводзілі палітыку па абмежаванні правоў нябелага насельніцтва. У прыватнасці, яны спрабавалі абмежаваць права нябелых на зямельную ўласнасць, пакідаючы ім ролю чорнарабочых. У 1948 г., дзякуючы саюзу з белым насельніцтвам англійскага паходжання, афрыканеры ўзялі пад кантроль дзейнасць урада. Дзякуючы антыкамуністычнаму закону 1950 г., які падтрымалі шырокія слаі белага насельніцтва, яны атрымалі магчымасць падаўляць любую арганізацыю ці асобу, якая супрацьстаяла ім або іх палітыцы. У гэты ж час афрыканеры пачалі навязваць палітыку “апартэіду”, або этнічнага падзелу і панавання, і яе палітычны поспех прывёў да эканамічнага ўздыму ўсёй белай супольнасці ў цэлым.
САЦЫЯЛЬНАЕ РАССЛАЕННЕ
На прыкладзе Паўднёвай Афрыкі відаць, што этнічнасць можа быць цесна звязана з эканамічнай і палітычнай няроўнасцю. Афрыканеры выкарысталі этнічнасць як сродак дасягнення ўлады і вызначэння адноснага сацыяльна-эканамічнага статуса пэўных груп, ставячы пры гэтым нябелых у значна ніжэйшае грамадскае становішча. Але падставай для няроўнасці ў Паўднёвай Афрыцы з’яўляецца не толькі этнічная прыналежнасць. Нават сярод белых існуе пэўная ступень няроўнасці ў сэнсе іх дабрабыту і ўлады. Фактычна ва ўсіх грамадствах пануе няроўнасць з прычыны сацыяльнага расслаення (або сацыяльнай стратыфікацыі) — падзелу членаў грамадства на слаі (страты, ці ўзроўні) з рознай ступенню дабрабыту, прэстыжу і ўлады.
Развіццё грамадства, рост яго вытворчасці і спецыялізацыя працы — усё гэта ўзмацняе працэс расслаення. Сярод збіральнікаў, паляўнічых, а таксама ранніх земляробаў існуе нязначная спецыялізацыя і застаецца адносна невялікі лішак прадуктаў. Адпаведным чынам і розніца ў дабрабыце і валоданні ўладнымі функцыямі ў іх супольнасцях мінімальная. Больш інтэнсіўныя формы сельскагаспадарчай і прамысловай вытворчасці, далейшае развіццё грамадства і падзел працы, наадварот, абвастраюць няроўнасць паміж людзьмі.
Аргументы на карысць расслаення
Сістэмы сацыяльнага расслаення абгрунтоўваюцца пэўнымі аргументамі, якія маскіруюць або ўзмацняюць няроўнасць. Гэтыя аргументы, апраўдваючы існуючую сістэму расслаення, адцягваюць увагу ад небяспечных пытанняў і націскаюць на супольныя сувязі і інтарэсы. Прыхільнасць да эгалітарных ідэалаў, шырока распаўсюджаная, напрыклад, у ЗША, змяншае адчуванне няроўнасці, што дазваляе пануючаму класу канцэнтраваць уладу ў сваіх руках. Гэты пануючы клас складае маленькую групу, якая валодае ўсім багаццем краіны і вызначае яе палітыку. У дадатак да агульных эканамічных і палітычных інтарэсаў гэтая група мае высокую ступень грамадскай і культурнай еднасці. Уільям Домхаф пры апісанні багатых сем’яў, якія (як ён сцвярджае) складаюць ядро пануючага класа ЗША, адзначае, што члены гэтых сем’яў — “частка ўзаемазалежных сацыяльных колаў, дзе ўсе ўспрымаюць адзін аднаго роўнымі: належаць да адных і тых жа клубаў, пастаянна кантактуюць і лёгка ўступаюць у шлюбы паміж сабой” [Domhoff, 1974, с.86]. У некаторых грамадствах адрозненні паміж сацыяльнымі слаямі ўспрымаюцца як звычайная з’ява: французскі кароль Людовік XIV сцвярджаў, што ён кіруе па волі бога; нацысты ў Германіі лічылі сябе прадстаўнікамі нібыта вышэйшай расы. У феадальных грамадствах людзі высокага саслоўя глядзелі на свет праз іерархічную прызму і лічылі сябе часткаю “прыроджанай” арыстакратыі; адпаведным чынам яны і сялян схілялі да таго, каб тыя прынялі сваё становішча як натуральную з’яву.
Ідэалогіі, якія абгрунтоўваюць неабходнасць расслаення, звяртаюць увагу на такі фактар, як узаемаабмен. Людзей, якія валодаюць меншымі прыбыткамі і меншай уладай, ва ўсіх грамадствах прывучаюць думаць, што за гэта яны ў сваю чаргу што-небудзь атрымліваюць узамен, што існаванне няроўнасці будзе ўраўнаважана: жанчыны-абарыгены аддаюць здабытую частку ежы шаманам, якія выконваюць неабходныя для існавання свету абрады; прыгонны селянін большасць свайго ўраджаю аддаваў свайму пану за заступніцтва.
Парушэнні стабільнасці
Магчымасць узнікнення канфліктаў існуе ва ўсіх развітых краінах. Пакуль удзельнікі грамадства захоўваюць веру ў справядлівасць пануючай ідэалогіі, датуль у пэўнай ступені магчыма і яго стабільнасць. Калі ж у асобнай катэгорыі людзей узнікае незадаволенасць жыццём, тады яны спрабуюць змяніць парадак рэчаў. У малых грамадствах верагоднасць гэтага мінімальная. Няроўнасць у іх не так кідаецца ў вочы, існуе даволі ўстойлівая звычка да канфармізму,
амаль не ўзнікае прамога сутыкнення поглядаў. У вялікіх грамадствах адрозненні паміж слаямі насельніцтва большыя і напружанасць у адносінах паміж імі выяўлена больш рэзка. Да таго ж значны дыяпазон жыццёвага вопыту, розныя ўзоры сацыялізацыі і разнастайнасць поглядаў павялічваюць верагоднасць канфлікту. Паколькі сацыяльная іерархія ў вялікіх грамадствах рэдка мяняецца карэнным чынам, то час ад часу маюць месца розныя формы грамадскага супрацьстаяння — парушэнне парадку, забастоўкі, тэрарыстычныя акты, паўстанні. Яны могуць прывесці да рэформаў і паступовых сацыяльных змен.
Падтрымка большасцю існуючай сістэмы расслаенйя абумоўлена аднолькавымі спосабамі адаптацыі. Як толькі мадэлі адаптацыі пачынаюць мяняцца, традыцыйная сістэма расслаення апынаецца пад пагрозай. Развіццё сучаснай сусветнай сістэмы, індустрыяльная рэвалюцыя, павелічэнне насельніцтва і шэраг іншых узаемазвязаных фактараў у канцы XVIII — пачатку XIX ст. аслабілі арыстакратычную іерархію, якая панавала ў Еўропе, і замянілі яе сістэмай расслаення, што грунтуецца на капіталістычным спосабе вытворчасці. Такім чынам, у працэсе развіцця адаптацыйных мадэляў і эканамічных узораў грамадства фарміруюцца і розныя шляхі яго расслаення (гл. “ Нататкі антраполага” ў канцы раздзела).