Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Сучасныя класавыя грамадствы: вытворчасць, дабрабыт і класавая свядомасць
Развіццё і распаўсюджванне капіталістычных адносін на Захадзе абумовіла ўзнікненне чацвёртай сістэмы грамадскага расслаення, заснаванай на свабоднай працы і прыватнай уласнасці. Такія грамадствы падзелены на класы, адпаведна адносінам да сродкаў вытворчасці. У агульным сэнсе класы вызначаюцца паводле іх адносін да працэсу вытворчасці ў межах развітай капіталістычнай сістэмы.
Класы ўзніклі яшчэ ў перыяд неаліту, калі пачыналі фарміравацца цывілізацыі, і былі звязаны з развіццём земляробства і жывёлагадоўлі. Сяляне не карысталіся лішкамі сваёй працы, а ўлада належала пэўнаму класу людзей, якія размяркоўвалі гэтыя лішкі і забяспечвалі дзейнасць у межах самой абшчыны і паміж абшчынамі. Класы ў сучасным іх разуменні ўзніклі ў сувязі з экстэнсіўным пашырэннем гандлю ў межах і па-за межамі Еўропы — пераважна ў перыяд паміж XV і XVII стст. — і яшчэ большае значэнне набылі ў пачатку XVIII ст. з развіццём прамысловай вытворчасці. Першы перыяд можна назваць эпохай меркантыльнага капіталізму, другі — прамысловым капіталізмам. Сістэма расслаення, заснаваная на капіталістычных адносінах, сфарміравалася і замацавалася ў многіх краінах свету.
Класавыя адносіны ўзніклі найперш паміж тымі, хто кантраляваў камерцыю і валодаў фабрыкамі, і наёмнымі работнікамі, якія атрымлівалі заработную плату. На працягу апошніх двух стагоддзяў развіццё сучасных класаў суправаджалася распаўсюджваннем прамысловай вытворчасці ў Заходняй Еўропе, Паўночнай Амерыцы і астатнім свеце.
Прыналежнасць да пэўнага класа вызначаецца паводле адносін да сродкаў, праз якія людзі набываюць багацце, а не па колькасці самога багацця. У капіталістычным прамысловым грамадстве існуюць два асноўныя класы: адзін прадае сваю вытворчую працу за пэўны заробак, другі валодае сродкамі вытворчасці. Да першага класа належаць працоўныя, занятыя ў вытворчасці сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі, у тым ліку і пралетарыят — работнікі буйных заводаў, фабрык, фермаў і да т.п. Да яго належаць таксама людзі, чыя праца звязана з перавозкай або распаўсюджваннем прадукцыі. Да гэтай групы належаць і канцылярскія работнікі, вадзіцелі, грузчыкі. Другі-асноўны клас. капіталісты, складаецца з тых, хто валодае сродкамі вытворчасні: ён прысвойвае прыбытак і кантралюе яго абарот.
Цесна звязаны з капіталістычным класам служачыя ў ролі на-
глядчыкаў або арганізатараў. Нямала людзей занята таксама ў разнастайных тэхнічных галінах (напрыклад, інжынеры). Ёсць людзі, чыё класавае становішча вызначыць значна цяжэй з прычыны складанага падзелу працы ў сучасных прамысловых грамадствах. Усіх гэтых людзей часам называюць сярэднім класам.
Яшчэ адзін значны слой сучасных класавых грамадстваў складаюць людзі, якія знаходзяцца на мяжы або наогул па-за межамі класаў. Яны ўяўляюць сабою рэзервовую працоўную сілу, якая выкарыстоўваецца толькі пры неабходнасці. Браверман характарызаваў рэзервовую сілу наступным чынам: “У сучасных грамадствах яна досыць стракатая. Гэта беспрацоўныя, што не маюць сталага месца працы; людзі, якія працуюць няпоўны рабочы дзень; жанчыны — хатнія гаспадыні, якія з'яўляюцца рэзервам жаночай працоўнай сілы; мігранты, якія працуюць як у сельскай гаспадарцы, так і ў прамысловасці; чорнае насельніцтва з неверагодна высокім узроўнем беспрацоўя; замежныя працоўныя рэзервы” [Braverman, 1974, с.386|.
Асабліва значная роля хатняй (пераважна жаночай) бясплатнай працы ў межах гэтай рэзервовай сілы, бо заробак астатніх членаў сям’і бывае вельмі нізкім. Здараецца, што сям’ю падтрымлівае сувязь са сваякамі-вяскоўцамі. Калі не хапае працы, а значыць і грошай на пражыццё, то работнікі могуць вярнуцца да натуральнай гаспадаркі.
Прадстаўнікі капіталістычнага класа, як правіла (але не заўсёды), багацейшыя за служачых. Акрамя таго, існуе розніца ў заможнасці і ў межах самога класа. Дабрабыт служачых вызначаецца галоўным чынам памерамі заработнай платы. На іх заробак уплывае шэраг фактараў: ацэнка працы прамыслоўцамі, адносная патрэба ў дадзенай прафесіі, палітычная ўлада, якая дасягаецца праз прафесійныя аб’яднанні або шляхам лабіравання.
Высокакваліфікаваныя работнікі ў параўнанні з некваліфікаванымі звычайна атрымліваюць большы заробак. У краінах, дзе існуе лішак працоўнай сілы, дзе рабочыя не маюць палітычных правоў, заработная плата значна меншая ў параўнанні з краінамі, дзе адчуваецца недахоп рабочай сілы і дзе працоўныя карыстаюцца большай палітычнай вагой. Работніцы тэкстыльнай прамысловасці ў многіх азіяцкіх і лацінаамерыканскіх краінах, напрыклад, атрымліваюць менш як адзін даляр за гадзіну, у той час як у ЗША яны маглі б атрымліваць дзесяць і больш даляраў за гэткі ж час.
Але нават самы высокі заробак у такой галіне куды меншы за той, што атрымлівае менеджэр буйной карпарацыі. Заработная плата рабочых звычайна ніжэй, чым у прадстаўнікоў такой галіны, як,
скажам, медыцына. Суадносіны заработнай платы пралетарыяў і сярэдняга класа ў розных краінах розныя. Так, у многіх краінах трэцяга свету прадстаўнікі сярэдняга класа зарабляюць значна болыл, чым працоўныя на заводах. У развітых краінах гэтая розніца значна меншая з прычыны лепшага становішча заводскіх рабочых.
Багацце капіталістаў паходзіць з прыбытку — розніцы паміж коштам вытворчасці тавараў і той цаной, па якой іх можна прадаць. У сапраўднасці багацце залежыць ад здольнасці капіталістаў знайсці крыніцы прыбытку і правільна імі распарадзіцца. Адным можа не пашанцаваць у гэтых адносінах, другія здолеюць знайсці толькі нязначныя крыніцы прыбытку. Звышбагацеі, у адрозненне ад іх, атрымліваюць велізарныя прыбыткі. Дзесяць звышбагатых асоб — чатыры японцы, тры амерыканцы, два канадцы і адзін швед — разам са сваімі сем’ямі валодаюць асабістым капіталам, які перавышае 100 мільярдаў даляраў. Японскі бізнесмен Тайкіхіра Моры, самы багаты ў свеце чалавек, валодае асабістым капіталам, заробленым на інвестыцыях у чыгункі і пляцоўкі для гольфа, у 15 мільярдаў даляраў. Амерыканец Сэм Уолтан пасля сваёй смерці ў 1992 г. пакінуў пяці членам сваёй сям’і капітал прыблізна ў 18,5 мільярдаў даляраў.
У той час як у рангавых, каставых і феадальных грамадствах людзі дакладна ведаюць сваё месца ў сацыяльнай іерархіі, у сучасных класавых грамадствах няма такой пэўнасці. Класавая свядомасць узнікае праз усведамленне агульных інтарэсаў. Напрыклад, для служачых і для людзей, занятых у прамысловасці, класавая свядомасць узнікла галоўным чынам праз стварэнне і дзейнасць прафесійных саюзаў. Класавая свядомасць сярод капіталістаў падтрымліваецца такімі ўстановамі, як камерцыйная палата. Для сярэдняга класа ўсё выглядае больш складана, але і ў ім таксама час ад часу ўзнікаюць таварыствы ў падтрымку спецыфічных інтарэсаў — такія, напрыклад, як таварыства спажыўцоў або домаўладальнікаў.
Людзі не заўсёды ўсведамляюць сваю прыналежнасць да пэўнага класа. Некаторыя лічаць сябе вольнымі творцамі або адносяць сябе да карпаратыўных колаў са сваімі ўласнымі інтарэсамі — банкіраў, юрыстаў або электрыкаў. 3 самавызначэння розных людзей складваюцца важныя ідэалагічныя каштоўнасці капіталістычнага грамадства, якія падкрэсліваюць індывідуальныя дасягненні кожнага. Класавай свядомасці спрыяюць і міжкласавыя сувязі, заснаваныя на агульных інтарэсах. I шмат у якіх краінах досыць цеснымі з’яўляюцца сувязі паміж класам капіталістаў і вайскоўцамі. За належнае захаванне аптымальных умоў для прыросту прыбытку (напрыклад, шляхам падаўлення хваляванняў) вайскоўцы атрымліваюць высокія
заробкі, у іх лепшыя ўмовы жыцця і няма недахопу ў вайсковым рыштунку.
Адносіны паміж двума асноўнымі класамі — гэта выразнае супрацьстаянне вакол размеркавання матэрыяльных здабыткаў. У прамысловых капіталістычных грамадствах гэтая напружанасць прыхавана знешняй стабільнасцю: там даволі рэдка выбухаюць адкрытыя канфлікты. Выключэннем стала Расійская рэвалюцыя 1917 г., калі рабочыя, сяляне, прадстаўнікі сярэдняга класа і іншыя паўсталі супраць расійскай арыстакратыі і цесна звязаных з ёй прадстаўнікоў класа капіталістаў.
Камуністычныя грамадствы
Расійская рэвалюцыя 1917 г. прывяла да стварэння першага ў свеце сучаснага камуністычнага грамадства, заснаванага на агульнай уласнасці на сродкі вытворчасці і роўным размеркаванні. У XX ст. камуністычныя ўрады ўзніклі амаль у трыццаці краінах. Гэтыя краіны значна адрозніваліся паводле колькасці насельніцтва, узроўню эканамічнага развіцця і палітычнага ўладкавання. Сярод іх былі такія гіганты, як Кітай і Савецкі Саюз, і такія невялікія дзяржавы, як Конга і Манголія (з насельніцтвам не больш як два мільёны кожная); адносна развітыя краіны Усходняй Еўропы і самыя бедныя краіны свету, такія, як Эфіопія, Лаос і Камбоджа. 3 аднаго боку, на чале іх палітычнай структуры стаялі адносна ліберальныя ўрады Югаславіі і Венгрыі, а з другога — высокааўтарытарныя рэжымы Паўночнай Карэі і Румыніі. На мяжы 80—90-х гадоў у большасці ўсіх гэтых краін адбыліся драматычныя змены, якія паклалі канец камуністычнаму панаванню.
Нягледзячы на некаторыя адрозненні, усе камуністычныя грамадствы мелі агульную тэарэтычную базу. Галоўнай іх мэтай было стварэнне грамадства з мінімальнай няроўнасцю адносна маёмаснага становішча і ўлады. Яны абапіраліся пераважна на дзяржаўнае планаванне і на іншыя формы дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку. Прыватная ўласнасць на сродкі вытворчасці, характэрная для капіталістычных грамадстваў, была заменена пераважным чынам на дзяржаўную або калектыўную ўласнасць.
На практыцы камуністычныя грамадствы не былі эгалітарнымі. Аднак курс на камунізм унёс важныя змены ў працэс сацыяльнага расслаення. Былыя кіруючыя класы — як зямельныя арыстакраты, так і буйныя капіталісты — былі знішчаны. Большасць камуністычных грамадстваў атрымала ў спадчыну экстэнсіўны спосаб сельскай гаспадаркі. Калектывізацыя аднаасобных гаспадарак і індустрыялізацыя прымусілі мноства сялян у гэтых краінах выправіцца ў гарады
і стаць рабочымі. У тых, хто застаўся на вёсцы і ўступіў у калгасы, жыццё стала іншым, бо яны, як і ўсе, адчувалі на сабе моц ідэалагічнага ўціску. Што датычыць сярэдняга класа, то па меры развіцця дзяржаўнага кіравання ўзнікла патрэба ў адпаведных спецыялістах. Большыя адукацыйныя магчымасці таксама спрыялі павелічэнню колькасці тэхнічна адукаваных, кваліфікаваных прадстаўнікоў сярэдняга класа.