Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
АЦЭФАЛЬНЫЯ ГРАМАДСТВЫ. Першасную адзінку палітычнай арганізацыі ацэфальных грамадстваў складаюць людзі, якія жывуць і працуюць разам у абшчынах, стойбішчах і паселішчах. Прадстаўнікі гэтых першасных адзінак звычайна аб’ядноўваюцца ў добраахвотныя саюзы, вядомыя як плямёны. Племя аб’ядноўвае людзей з адметнымі моўнымі і іншымі культурнымі прыкметамі, з агульнай тэрыторыяй, якія ўсведамляюць сваё адрозненне ад суседзяў. Звычайна гэта саюз са слаба цэнтралізаванай уладай. Там, дзе плямёны становяцца больш аб’яднанымі і цэнтралізаванымі, як у многіх паўночна-амерыканскіх індзейцаў і цэнтральна-азіяцкіх пастухоў-качэўнікаў, гэта, як правіла, вынік вайсковых дзеянняў або знешняга ўплыву. Напрыклад, еўрапейскія каланіяльныя ўлады ў Афрыцы аб’ядналі многія свабодна арганізаваныя групы і стварылі для іх цэнтралізаваныя адміністрацыйныя структуры — у першую чаргу дзеля таго, каб лягчэй было імі кіраваць.
Сваяцтва ў палітычнай арганізацыі ацэфальных грамадстваў мае настолькі важнае значэнне, што яны часам разглядаюцца як грамад-
ствы, заснаваныя на сваяцкіх сувязях. Так, асноўнае палітычнае жыццё сярод нуэраў абапіраецца на кланы і роды. Там палітычная вага асобы звычайна залежыць ад яе статуса ў межах сваяцкай групы. Старэйшыны роду і клана звычайна маюць права вырашаць спрэчкі і караць зламыснікаў.-Такія сваяцкія групы, як роды (лініджы), уяўляюць сабой першасныя адміністрацыйныя адзінкі. Большасць спраў абмяркоўваецца ўнутры роду або клана, хаця апошнія могуць мець сувязі з іншымі сваяцкімі групамі. Саюзы паміж сваяцкімі групамі набываюць першачарговае палітычнае значэнне, калі ўзнікаюць міжгрупавыя спрэчкі. У такіх грамадствах асобныя людзі карыстаюцца адносна невялікай уладай, што адлюстроўвае невысокі ўзровень дабрабыту і з’яўляецца тыповай праявайэгалітарнай грамадскай арганізацыі з яе сістэмай уяўленняў. Хаця ў статусе і ўладзе паміж мужчынамі і жанчынамі або паміж дарослымі і падлеткамі можа быць прыкметная розніца, адрозненні сярод дарослых мужчын або жанчын звычайна невялікія. Кіраванне ажыццяўляецца з дапамогай рады. Такая рада можа быць спецыялізаванай, але звычайна яна займаецца цэлым шэрагам прававых, рэлігійных і іншых адміністрацыйных пытанняў. Удзел у справах рады бывае розным — усеагульным (хаця пэўныя колы насельніцтва могуць іграць дамінуючую ролю) і абмежаваным. Напрыклад, у абарыгенаў племені мардуджара ўдзельнічаць у сходах, звязаных з важнымі палітычнымі, эканамічнымі і рэлігійнымі пытаннямі, могуць толькі выбраныя асобы мужчынскага полу.
ПРАВАДЫРСТВЫ. Правадырствы адрозніваюцца ад ацэфальных грамадстваў тым, што ў іх адміністрацыйную структуру ўваходзяць абшчыны. Правадырствы могуць складацца з некалькіх адзінак (вёскі, кланы і да т.п.), кожная з якіх узначалена правадыром, яго намеснікам або радаю. Пасада правадыра дае чалавеку значна больш улады ў параўнанні з яго супляменнікамі. Сваяцкія сувязі таксама немалаважныя, а сама пасада перадаецца ў спадчыну, калі правадыр і яго род належаць да эліты. Правадыры збіраюць здабычу звычайна ў выглядзе даніны, частка якой раздаецца падчас публічных святаў як дапамога бедным. Хаця для правадырстваў у параўнанні з ацэфальнымі грамадствамі характэрна большая ступень спецыялізацыі, яны ўсё ж значна саступаюць грамадствам з дзяржаўнай структураю.
Правадырствы былі распаўсюджаны ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна напярэдадні еўрапейскага каланіяльнага праўлення. Ва ўсходняй частцы дакаланіяльнага Фіджы плямёны, вядомыя як явузы, падзяляліся на разнастайныя кланы, або матакалі. Гэтыя кланы мелі адметныя найменні і пэўны час былі носьбітамі канкрэтных
функцый. Ідэальнае племя павінна складацца з кланаў, якія выконваюць пяць розных функцый: кіруючы клан, другі па рангу — выканаўчы, дыпламатычны клан, члены якога служылі ў якасці афіцыйных вестуноў і майстроў цырыманіялу, клан святароў і вайсковы клан. Кланы ў сваю чаргу падраздзяляліся на меншыя адзінкі, якія складаліся з блізкіх сем’яў, займалі асобную тэрыторыю і прызнавалі аднаго са сваякоў галоўным. Войны паміж групамі, часткова інспіраваныя канкурэнцыяй кіруючых кланаў, вялі да стварэння канфедэрацый, вядомых як вануа. Калі вануа была трывалай, становішча старэйшага ў ёй паступова рабілася спадкаемным. Аднак такая вануа змагла ўзнікнуць толькі праз пару тысячагоддзяў пасля засялення Фіджыйскага архіпелага, і пры канцы XVIII ст. нават самая вялікая вануа займала ўсяго толькі невялікую частку ўзбярэжжа і некалькі маленькіх суседніх астравоў, а ўлада над прыналежнымі ёй народамі была вельмі нестабільнай [Howard, 1991-а, с.17-18].
Памеры і рост насельніцтва — ключавыя фактары ў пераходзе ад ацэфальных грамадстваў да правадырстваў і ад іх да дзяржаў. Большая шчыльнасць насельніцтва прыводзіць да большай ступені спецыялізацыі і інтэнсіфікацыі вытворчасці, што, у сваю чаргу, стварае большыя магчымасці для канцэнтрацыі багацця і ўлады. Ацэфальныя структуры, напрыклад, у Афрыцы, звязаны з нізкай шчыльнасцю насельніцтва, тым часам як правадырствы і іншыя шматслаёвыя сістэмы суправаджаюцца сталым ростам гэтага паказчыка.
На статус і фактычна на саму сутнасць правадырства нярэдка ўплывала каланіяльная экспансія. Еўрапейскія каланіяльныя дзяржавы ў XVIII-XIX стст. захапілі значную частку свету. Каб мець поспех у справе кіравання і пашырэння сваіх імперый, яны звычайна прызначалі правадыроў там, дзе іх не было, або мянялі статус існуючых. Калі брытанцы засялілі Аўстралію, яны прызначылі важакоў сярод абарыгенаў, у якіх дагэтуль была ацэфальная форма палітычнай арганізацыі. Хаця прызначаныя старэйшыны (або “каралі”) былі, як правіла, асобамі высокага рангу ў сваім коле, але галоўным крытэрыем была іх лаяльнасць да брытанцаў. Нярэдка прызначэнне правадыром або каралём прыводзіла чалавека да разрыву сувязяў са сваім уласным асяроддзем.
Дзяржавы: паходжанне і заняпад
Дзяржава — гэта аўтаномная цэласная палітычная адзінка, на тэрыторыі якой знаходзіцца шмат супольнасцяў і якая мае высока спецыялізаваную цэнтральную кіраўнічую ўладу. Цэнтральная ўлада прэтэндуе на манаполію ў функцыях, звязаных з захаваннем
унутранага парадку і наладжваннем знешніх зносінаў. Дзяржавы адрозніваюцца па ступені цэнтралізацыі, па моцы і характары дзяржаўнай улады, па канкрэтнай форме кіравання, па тым, як улада забяспечана законам, і па ўзроўнях і спосабах удзелу народа ў кіраванні дзяржавай.
Дзяржавы пацлягаюць зменам, і антраполагі вывучаюць як асобныя тыпы дзяржаў, так і пытанні, звязаныя з іх паходжаннем, развіццём і заняпадам. За некалькі апошніх тысячагоддзяў з’явілася мноства тыпаў дзяржаў, у тым ліку дзяржавы-гарады Старажытнай Грэцыі, такія імперыі, як Мангольская і Рымская, тэакратычныя дзяржавы, як Ватыкан або старажытны Егіпет, і ў апошні час — такія дзяржавы-нацыі, як Францьгя і Канада.
Многія гады галоўным прадметам даследаванняў і спрэчак застаецца працэс узнікнення дзяржаў. Удумлівы аналіз працэсу дзяржаўнага ўтварэння ў розныя часы паказвае, што гэты працэс ніколі не абумоўлены адной прычынай. Мэтазгодна вылучыць шэраг пераменных фактараў, якія ўзаемадзейнічаюць паміж сабой у працэсе дзяржаўнага фарміравання. Клэсэн і ван дэ Вэльдэ ў гэтай сувязі гавораць пра “комплексную мадэль узаемадзеянняў” і ўказваюць на чатыры галоўныя вызначальныя рысы дзяржаў: (1) кантроль над эканомікай, яе дамінуючая роля; (2) ідэалогія; (3) параметры грамадства, пад якімі маецца на ўвазе колькасць і шчыльнасць насельніцтва і тэрытарыяльнае размяшчэнне; (4) рухаючая сіла палітычнай арганізацыі, якой адпавядаюць усталяваныя палітычныя інстытуты [Claessen and van de Velde, 1987], Уплыў ужо існуючых дзяржаў з’яўляецца яшчэ адным істотным фактарам. Наяўнасць рэсурсаў, лішкаў вытворчасці, ролю гандлю і інфраструктуры (ірыгацыя, дарогі) мы разглядаем у рамках эканамічнага фактару. Вайна і захопніцтва — гэта следства эканамічнай і ідэалагічнай канкурэнцыі, а не першасныя фактары. Рост насельніцтва залежыць ад суадносінаў паміж колькасцю людзей і развіццём сродкаў вытворчасці, а таксама ад тэрыторыі пражывання. У гэтай сувязі важную ролю адыгрывае прыроднае асяроддзе. Яно ўплывае на вытворчыя адносіны і на размеркаванне насельніцтва паблізу прыродных рэсурсаў.
Джудзіт Толанд прасочвае ролю ідэалогіі ў дзяржаўным утварэнні на прыкладзе грамадства інкаў у Паўднёвай Амерыцы [Toland, 1987], Толанд пераканана, што першабытныя ідэі калектывізму, характэрныя для насельнікаў розных прыродных рэгіёнаў, і сталі асновай для дзяржавы інкаў з іх сістэмаю даніны і ўзнагароджання. Яна апісвае таксама, як інкі з дапамогай ідэалагічных навацый і ўвядзення адзінай мовы кечуа (Quechua) шукалі шляхі згуртавання іншых, падначаленых ім народаў пад “свяшчэннай уладай Інкі”.
Новым было тое, што інкі імкнуліся навязаць гэтым народам свае маральныя каштоўнасці і нормы і прыстасаваць мясцовыя вераванні да сваіх патрэб. Распаўсюджванне ідэалогіі інкаў звязана таксама з будаўніцтвам дарог і заснаваннем новых паселішчаў.
Раннія дзяржавы часта бываюць вельмі нестабільнымі і абапіраюцца галоўным чынам на выкарыстанне сілы. Гэта характэрна для правадырстваў, або матанітаў, якія ўзніклі ў пачатку XIX ст. на Фіджы. Яны складаліся з шэрагу вануа, злучаных на падставе вайсковага саюзу або захопу. Сталыя дзяржавы захоўваюць парадак пераважным чынам праз бюракратычны апарат — спецыялізаваную адміністрацыйную арганізацыю, занятую штодзённым дзяржаўным кіраваннем. Ступень законнасці нормаў і правілаў, уведзеных дзяржавай, цесна звязана з яе стабільнасцю.
Сучасныя маладыя дзяржавы ўзніклі не на пустым месцы. Яны былі ўтварэннямі разнастайных каланіяльных адміністрацый, а іх далейшая эвгілюцыя ўяўляла сабой удалую рэалізацыю нацыянальнай ідэі, якая спачатку была не больш чым проста ідэя. “Утварэнне нацыянальных дзяржаў” — гэта ў першую чаргу спроба стварыць нацыі з розных народаў штучным палітычным шляхам. Сучасныя меланезійскія дзяржавы папуасаў Новай Гвінеі, Саламонавых астравоў і Вануату былі створаны еўрапейскімі дзяржавамі ў XIX ст. з тым, каб размежаваць сферы ўплыву і кантролю над народамі, якія не прызнавалі агульнай палітычнай улады, акрамя як на ўзроўні суседніх вёсак, што размаўляюць на сотнях розных моваў. Сёння ўрады гэтых дзяржаў, дасягнуўшых незалежнасці зусім нядаўна, імкнуцца выхаваць пачуццё прыналежнасці да адзінай нацыі праз мову і адукацыю і праз бюракратычны апарат, які не ігнаруе нацыянальнай самабытнасці народаў.