Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Нормы мусяць мяняцца, каб не адстаць ад новай грамадскай сітуацыі. Паводзіны герояў у кінафільмах 20-х, 30-х гг. падкрэсліваюць тыповыя ўяўленні белых амерыканцаў таго часу наконт узаемаадносін паміж чорнымі і белымі. Сёння ў амерыканскіх кінастужках такога няма, у іх адлюстраваны змены ў адносінах паміж прадстаўнікамі адпаведных этнічных груп, а таксама і ў іх паводзінах. Нормы невялікіх грамадстваў значна перамяніліся пасля каланізацыі і інтэграцыі апошніх у сучасныя нацыянальныя дзяржавы. Скажам, у многіх рэгіёнах Афрыкі, напрыклад, вернасць галоўнай сваяцкай групе ўступіла ў канфлікт з новымі ідэямі, якія заахвочваюць моцную сям’ю і сацыяльна-эканамічную незалежнасць асобы. Гэты канфлікт часта прыводзіў да расколу ў сваяцкіх групах і да парушэння звыклага парадку вакол іх.
ЗАКОНЫ
Грамадствы звычайна сістэматызуюць нормы і ўзводзяць іх у ранг закона. Закон — абавязковае правіла, звычаёвае або ўсталяванае свядома, якое вызначае правільныя і разумныя паводзіны. Звычайна за выкананнем законаў сочаць суды або такія параўнаўча легітымныя групы, як, напрыклад, старэйшыны ў абарыгенаў. Прававыя сістэмы стала мяняюцца па меры таго, як мяняюцца і самі грамадствы. Яны з’яўляюцца часткай усеагульнай грамадскай адап-
тацыі. Важным аспектам любой прававой сістэмы з’яўляецца адкрытая ці прыхаваная пагроза выкарыстання сілы з боку ўлады для забеспячэння парадку або для пакарання парушальнікаў.
Законы не з’яўляюцца выключнаю рысаю толькі сучасных развітых грамадстваў, хаця ў іх ёсць спецыяльныя формы захавання законаў і іх сістэматызацыі. У аўстралійскіх абарыгенаў была традыцыйная сістэма законаў, паводле якой усталёўваліся ўзаемаадносіны са звышнатуральным, з фізічным светам, з іншымі асобамі. Закон абарыгенаў прадугледжваў адказнасць за выкананне рытуалаў, звязаных з міфічнымі падзеямі, і вызначаў правілы паводзінаў сярод сваякоў. Гэта былі няпісаныя законы, але настолькі ж важныя і сістэматызаваныя, як і нашы пісаныя.
Легітымнасць
Закон — гэта норма, у якой з адноснай дакладнасцю сцвярджаецца чаканая або апраўданая форма паводзінаў у спецыфічнай сітуацыі. Усе прававыя сістэмы ў рэшце рэшт абапіраюцца на больш агульныя нарматыўныя паняцці, такія, як богам дадзенае права караля ўладарыць або права дзяржавы ахоўваць парадак. Якраз гэтыя агульнейшыя нормы і надаюць законам легітымнасць. Легітымнасць грунтуецца на традыцыйнай маральнай сістэме грамадства. Абгрунтаванасць, напрыклад, закону аўстралійскіх абарыгенаў вынікае з міфалогіі, у якой даводзіцца, што законы былі дадзены звыш — міфічнымі істотамі з Мройнага Часу. Зварот да звышнатуральнага ў падтрымцы прававой сістэмы — звычайны факт, ён характэрны для многіх прававых сістэм сучасных заходніх нацый (“народ, адзіяы перад Богам” — “one nation under God").
Прававая сістэ.ма знаходзіць апору і ў спасылцы на больш свецкія ідэі маральнасці або дабрабыту. Напрыклад, многія прававыя сістэмы ўключаюць у сябе паняцце “разумны чалавек” (reasonable man) — агульнапрынятыя погляды наконт таго, што ўяўляюць сабой разумныя паводзіны ў дадзенай сітуацыі [Saltman,1991]. Як зазначае Макс Глюкман, “разумны чалавек прызнаецца цэнтральнай фігурай ва ўсіх развітых заканадаўчых сістэмах”, даводзячы, што гэта не менш важна і для незаходніх сістэм, такіх, як у племені бароцэ з Замбіі, якое ён даследаваў [Gluckman, 1973, c.83]. Ён таксама зазначае, што адсутнасць паняцця “разумная жанчына” ў многіх грамадствах адлюстроўвае ніжэйшы прававы статус жанчыны. У апошнія гады ў многіх заходніх краінах пытанне аб падобнай няроўнасці полаў у прававой сістэме набыло значную вагу, пра што гаварыў на канфірмацыйных слуханнях суддзя Вярхоўнага Суда Злучаных Штатаў Амерыкі Кларэнс Томас у 1991 г.
Эвалюцыя законаў
Законы і прававыя сістэмы паступова мяняюцца ў адказ на змяненні сацыяльных і навакольных умоў. Напрыклад, законы аб ахове навакольнага асяроддзя былі ўведзены ў апошнія дзесяцігоддзі як вынік усведамлення грамадствам праблем экалогіі і свядомага жадання зрабіць нешта карыснае ў плане захавання прыроды. Але такія змены адбываюцца на падставе агульнапрызнаных прынцыпаў у рамках усеагульнай прававой структуры, якая мяняецца мала. Для зменаў ў прававой структуры патрабуюцца фундаментальныя пераўтварэнні ў адаптацыйнай стратэгіі грамадства, што адбываюцца пры пераходзе грамадства на новы ўзровень або пры змяненні яго дзяржаўнага ладу (калі, напрыклад, манархію змяняе рэспубліка). Але нават у такіх выпадках прававыя сістэмы не заўсёды мяняюцца радыкальна, і, як правіла, застаецца сувязь новай сістэмы са старой.
Перакрыццё прававых сістэм
Існаванне дзвюх і больш прававых традыцый у рамках адзінай дзяржавы — звычайная з’ява. У многіх сваіх калоніях Брытанія праводзіла палітыку “ўскоснага кіравання”, што дазваляла народам захаваць многія рысы сваіх уласных прававых сістэм. Брытанскі закон, калі ўзнікаў канфлікт, заўсёды меў прыярытэт над “карэнным” законам, а “карэнны” закон хоць і змяніўся ў выніку свайго развіцця, але захаваў пэўную сувязь з даўнейшым. Такая дваістасць прысутнічае ў розных ступенях у многіх заходніх заканадаўствах, дзе карэнныя народы захоўваюць пэўную частку сваіх традыцыйных прававых нормаў. Напрыклад, навахі, якія жывуць у рэзервацыі на паўднёвым захадзе Амерыкі, маюць сваю ўласную паліцэйскую і судовую сістэму, якая забяспечвае выкананне навахскага і амерыканскага законаў у іх спалучэнні.
Многія дзяржавы сёння стаяць перад праблемай супрацьлеглых поглядаў на тое, што павінна стаць прававой асновай грамадства. У наш час шарыят, або ісламскі закон, дзейнічае толькі ў Саудаўскай Аравіі, шахствах Персідскага заліва і ў рэвалюцыйным Іране. Але іншыя дзяржавы з вялікаю доляю мусульманскага насельніцтва неахвотна падпарадкоўваюць свае законы ісламскім канонам ці інтэрпрэтуюць іх па-свойму. Канстытуцыя Пакістана не прытрымліваецца духу іслама, і ў юрыдычнай практыцы там часцей выкарыстоўваюць афіцыйныя нормы, а не шарыят. Пад уціскам ісламскіх фундаменталістаў урад Пакістана быў вымушаны ў 1991 г. увесці закон аб шарыяце, паводле якога ісламскі рэлігійны кодэкс набыў прававы статус. Артыкулы гэтага закону агульныя, яны заклікаюць
да развіцця ісламскіх каштоўнасцяў і да ісламізацыі адукацыі; але атэісты занепакоены тым, што гэта стварае падмурак для адмаўлення дзяржавы ад сваёй канстытуцыйнай улады на карысць фундаменталістаў. У апазіцыі да ісламізацыі законаў краіны знаходзяцца людзі, якія атрымалі адукацыю на Захадзе, абаронцы правоў жанчын, і нават некаторыя ісламскія групы занепакоены тым, якія тлумачэнні можа займець шарыят [Weiss, 1988].
ВЫКАНАННЕ ЗАКОНАЎ
I ЎРЭГУЛЯВАННЕ СПРЭЧАК
Ажыццяўляць законы заўсёды цяжка. У кожным грамадстве можна знайсці людзей, чые дзеянні выходзяць за ўсталяваныя прававыя рамкі. Акрамя таго, законы могуць па-рознаму трактавацца і ўвогуле не прымацца пэўнымі асобамі. Таму грамадствы ствараюць фармальныя і нефармальныя механізмы ажыццяўлення сваіх законаў і ўрэгулявання спрэчак.
Стаўленне да законаў
Хаця ўсе грамадствы валодаюць паняццямі наконт таго, якія паводзіны лічацца правільнымі, а якія — не, і сродкамі забеспячэння пэўнай ступені канфармізму, але менавіта стаўленне да спосабаў захавання парадку можа быць розным. Па-першае, у грамадствах існуюць значныя адрозненні па ступені трансфармацыі маральных уяўленняў у збор законаў. Напрыклад, каманчы традыцыйна не мелі абстрактных правілаў наконт адпаведнасці паводзінаў ідэалу [Ноеbel, 1940|. У іх не было недахопу нормаў, але тыя не былі сфармуляваны і ўведзены ў рэестр агульных законаў. Грама.іствы адрозніваюцца таксама па ступені згоды грамадзян з законамі або нормамі. Адны з іх патрабуюць абсалютнага паслушэнства, яно там уяўляецца неабходным для выжывання або для дасягнення пэўнай мэты (напрыклад, каб супрацьстаяць знешняй пагрозе або каб стварыць імперыю). Другія грамадствы больш талерантныя, схільныя да гандлю і прадпрымальніцтва. Ёсць адрозненні і ў відах талерантных паводзінаў. Інуіты, напрыклад, у спробе пазбёгнуць сварак і насілля, у імкненні да міру і гармоніі даходзяць да крайнасці. Другой крайнасцю з’яўляюцца сварлівасць і агрэсіўнасць — звычайная з’ява ў грамадствах з ухілам да індывідуалізму. Усё гэта асаблівасці розных спосабаў адаптацыі.
Законы захоўваюцца больш строга, калі яны абапіраюцца на агульнапрынятыя нормы. Большасць людзей на Захадзе пагаджаец-
ца з артыкуламі закона супраць забойства дарослага або дзіцяці, тым часам як законы, звязаныя з абортам, успрымаюцца неадназначна. Так адбываецца таму, што ў грамадстве не існуе маральных нормаў у дачыненні да правоў зародка на жыццё. Падобным чынам і сухі закон не меў поспеху ў Злучаных Штатах, бо там не было агульнапрызнаных правілаў адносна ўжывання алкагольных напояў. У абодвух гэтых прыкладах законы па-рознаму ўздзейнічаюць на розныя грамадскія слаі. Гэта датычыцца найперш грамадстваў з вялікай сацыяльнай і культурнай шматстайнасцю. Законы аб абортах больш датычацца жанчын, і стаўленне да іх часта звязана з рэлігійнымі логлядамі. Сухі закон больш хвалюе людзей, якія стаяць перад выбарам: ужываць або не ўжываць алкаголь, і не кранае тых, хто па рэлігійных меркаваннях не п’е ніколі і ні ў якіх выпадках.
Урэгуляванне спрэчак
у паляўнічых і збіральнікаў
Паколькі законы не выконваюцца аўтаматычна, кожнае грамадства мае механізмы ўздзеяння на тых, хто парушае законы або не згаджаецца з імі. Вялікая патрэба ў такіх механізмах адчуваецца найперш у буйных грамадствах, але нават малыя, адносна аднародныя грамадсгвы маюць свае сродкі ўрэгулявання антыграмадскіх паводзінаў і канфліктаў.
Два галоўныя моманты напружанасці ў паляўнічых і збіральнікаў — гэта полавыя адносіны і харчаванне. Усе качавыя супольнасці маюць пэўныя правілы размеркавання ежы, але рэальны працэс раздзялення на долі звычайна праходзіць у атмасферы падазронасці і заклапочанасці, бо кожны баіцца не атрымаць належнага. Спрэчкі з-за нявернасці і рэўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі ў некаторых грамадствах зведзены да мінімуму за кошт лібералізацыі полавых адносін, але шмат дзе яны з’яўляюцца галоўнай крыніцай напружанасці і сутычак. У большасці качавых народаў націск робіцца на захаванне грамадскай раўнавагі. Паколькі такія грамадствы невялікія і кампактныя, то многія канфлікты там уладжваюцца на міжасабовым узроўні шляхам сварак ці боек. Іншыя суграмадзяне спрычыняюцца да іх нефармальна — праз асуджэнне і кпіны.