Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Міфы выконваюць шэраг функцый. Яны могуць служыць гісторыяй культуры, нагадваючы аб сучасных і даўнейшых падзеях і звычаях — міграцыях, формах сацыяльнай арганізаць.іі, прыродных з’явах (накшталт метэарытных дажджоў або паводак). Але міф можа апісваць і неверагодныя падзеі. Пры ўсёй гістарычнай каштоўнасці міф не проста ілюстрацыя да мінулага. Гісторыя ў ім падпарадкуецца сацыяльным і рэлігійным мэтам.
Міфы сакральнай гісторыі могуць абгрунтоўваць прывілеі пэўных груп і апраўдваць існаванне асобных сацыяльных інстытутаў. Параўноўваючы сучасны грамадскі лад з мінулым, міфы вымагаюць ад людзей паводзінаў, пажаданых для пэўнай сацыяльнай групы. Абарыгены перадаюць моладзі міфалагічную традыцыю не толькі дзеля забавы. Яны фарміруюць належныя погляды на свет, на існуючае грамадства і на тых, хто адказвае за захаванне гэтага грамадства. Міфы часта “выконваюць кансерватыўную сацыяльную функцыю — асвячаюць існуючыя інстытуты ўлады і замацоўваюць пэўныя сацыяльныя каштоўнасці” | Hiatt, 1975, с. 5|.
Падзеі, апісаныя ў міфах, адлюстроўваюць фундаментальныя пытанні чалавечага існавання ва ўмовах пэўнага грамадскага ладу, тлумачаць навакольны свет і дапамагаюць вырашаць яго супярэч-
насці. Сюжэты, якія зноў і зноў паўстаюць у міфах, звязаны з найважнейшымі філасофскімі пытаннямі жыцця і смерці, паходжання чалавека і арганізацыі грамадства, адвечнымі праблемамі бацькоў і дзяцей і г.д.
Мастацтва
Сімвалічнае адлюстраванне пэўных пастулатаў рэлігіі нярэдка адбываецца праз мастацтва. Тэрмін мастацтва азначае спробы адлюстраваць або інтэрпрэтаваць рэальнасць праз эстэтычныя вобразы. Мастацкае выяўленне можа ўвасабляцца ў форме матэрыяльных аб’ектаў — малюнкаў, разьбы, ткацтва і інш., а таксама праз развіццё драмы, музыкі, паэзіі, прозы. Кожны від мастацтва абумоўлены пэўным сацыяльным кантэкстам. Ён вызначае стыль, успрыманне рэальнасці і саму эстэтыку. У тым грамадстве, дзе свет успрымаецца пераважна цераз прызму рэлігіі, мастацтва набывае пераважна рэлігійныя формы. У больш секулярным грамадстве, такім, як наша, уплыў рэлігіі на мастацтва не такі ўсебаковы.
У большасці дробных грамадстваў мастакі і іх творчасць традыцыйна звязаны з рэлігіяй [Layton, 1991, с. 35-40], Мастак часта выступае памочнікам шамана ці святара, увасабляючы ў сваіх творах міфы, сакральныя істоты і рэлігійныя прынцыпы. У гэтым выпадку мастацтва можа існаваць у выключна рэлігійным кантэксце (напрыклад, падчас рытуалаў), а таксама ў больш свецкіх абставінах (пры аздабленні хатняга посуду рэлігійнымі сімваламі); яно можа нагадваць аб сакральным і ажыццяўляць сувязь з ім.
Рэлігійнае мастацтва ў невялікіх супольнасцях выконвае разнастайныя функцыі і набывае рознае значэнне, у тым ліку і палітычнае. Так, пры цырымоніях і святах меланезійцаў Новай Ірландыі адбываецца дэманстрацыя заможнасці і раздаюцца розныя рэчы, а мастацтва павышае прэстыж патрона (бігмэна), які фінансуе святы [Lewis, 1969, с. 231.
У дробных грамадствах мастацтва знаходзіцца пад непасрэдным уплывам навакольнага асяроддзя і спосабаў адаптацыі. У матэрыяльна бедных народаў рэлігійнае мастацтва рэдка бывае асабліва вытанчаным, а чалавек там практычна пазбаўлены магчымасці стаць прафесійным мастаком. Так, моцна адрозніваецца па ступені прафесійнасці мастацтва абарыгенаў з пустыняў цэнтральнай Аўстраліі і трапічнага поўдня, а таксама збіральніцкіх плямён Вялікага Басейна і паўночна-заходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі.
3 развіццём грамадства ў мастацтве адбываліся важныя змены. Старажытныя імперыі і гарады-дзяржавы ўжо маглі ўкладваць у яго такія сродкі, якія стваралі магчымасці для большай спецыялізацыі
майстроў. У выніку фундатарства ўзнікалі больш секулярныя формы мастацтва, якія адлюстроўвалі пэўныя інтарэсы ўладароў і дзяржавы. Але да нядаўняга часу рэлігія і мастацтва найчасцей існавалі ў даволі цесным адзінстве. У еўрапейскім сярэднявеччы, напрыклад, мастацкія творы дастасоўваліся да рэлігіі, якая займала цэнтральнае месца ў тагачасным грамадстве, і рэлігійныя тэмы ў ім пераважалі.
3 усталяваннем капіталізму і ўзнікненнем сучаснай сусветнай сістэмы мастацтва ўсё больш і больш секулярызуецца. Яшчэ ў перыяд Рэнесансу, а тым больш падчас палітычных і эканамічных рэвалюцый у Еўропе XVII—XVIII стст. мастакі аб’ядноўваліся з тымі, хто прагнуў пакласці канец старому феадальнаму ладу і панаванню адданай яму дзяржаўнай царквы: “Мяняючы мастацкія тэмы і ўводзячы новыя, мастацтва выкрывала збуцвелы свет і ўслаўляла новы" [Vazquez, 1973, с. 164], Тагачасныя буйныя грамадствы сталі больш індывідуалістычнымі, а мастакі — менш залежнымі ад рэлігійных інстытутаў і багатых арыстакратаў-фундатараў, што выклікала ўсё большую індывідуалізацыю самога мастацтва. Але і зараз мастацтва да пэўнай ступені суадносіцца з падставовымі сацыяльнымі фактарамі, і таму абедзве яго разнавіднасці — і секулярная, і сакральная — арыентуюцца на гэты агульны для іх кантэкст.
Мастацтва невялікіх супольнасцяў актывізуе працэсы іх далучэння да буйных грамадстваў. Мастацтва гэтых анклаваў Нельсан Грэбёрн падзяляе на тое, што мае ўнутранае прызначэнне, г.зн, “існуе для людзей, якія цешацца і карыстаюцца ім у межах сваёй грамады”, і тое, якое існуе для знешняга, дамінуючага свету [Graburn, 1976, с. 4-5]. Мастацтва ўнутранага прызначэння змяняецца ў адпаведнасці з трансфармацыямі свайго грамадства. Яго рэлігійны аспект можа захоўваць сваю значнасць, але на яго істотна ўплываюць традыцыі і сімвалы іншых грамадстваў. Так, калі племянныя групы пераходзяць у хрысціянства, у творчасці іх мастакоў вялікае месца звычайна займаюць хрысціянскія тэмы.
Мастацтва знешняга прызначэння служыць і для атрымання прыбытку, прымаючы форму так званага турысцкага мастацтва, і для таго, каб народ “паказаў сябе навакольнаму свету” [Graburn, 1976, с. 5], Рэлігійная сімволіка можа ўжывацца ў такім мастацтве, але па сваёй прыродзе яно не абавязкова рэлігійнае. Мастаіхсва знешняга прызначэння значна ўплывае і на ўласнае грамадства. Творчасць Біла Рэйда, мастака племені хайда, можна лічыць прызначанай для шырокага свету, тым не менш яна адыграла важную ролю ў культурным адраджэнні яго народа і ў яго змаганні за суверэнітэт астравоў Каралевы Шарлоты (Хайда-Гуаі). У шматлікіх вырабах Рэйда, як і ў кедравым каноэ, якое ў 1989 г. ён выразаў і
размаляваў для выставы ў Парыжы [Jennings, 1989], выкарыстана традыцыйная рэлігійная сімволіка, якая застаецца дамінуючай у культуры хайда.
ЗВЫШНАТУРАЛЬНЫЯ СІЛЫ I ІСТОТЫ
Наяўнасць такіх сіл або істот прызнаецца ва ўсіх рэлігійных вераваннях. Гэтыя істоты надзвычай разнастайныя, і нават у межах адной і той жа традыцыі іх можа існаваць вялікае мноства. Асноўныя іх тыпы мы сцісла разгледзім паводле Анэмарыі дэ Валь Малефейт [Maiefijt, 1968, с. 146-162].
Нябачная сіла
Шмат людзей вераць у існаванне нейкай безасабовай звышнатуральнай сілы, нябачнай і ўсюдыіснай. Р. Р. Марэт [Marett, 1909] назваў веру ў такую сілу аніматызмам. Яна разглядаецца як агромністая крыніца сілы, якая можа напаўняць людзей, багоў, прыроду і нават прадметы; ёю можна валодаць і карыстацца. Аніматызм сустракаецца ў грамадствах з рознымі адаптацыйнымі стратэгіямі. На ціхаакіянскіх астравах, напрыклад, аніматызм азначаецца паняццем мана, агульным для многіх рэлігійных традыцый. У Індыі — гэта брахма, у Старажытнай Грэцыі — дзюнаміс, а на Захадзе, бліжэй да нас, — elan vital Анры Бергсана. Але людзі ўсё ж рэдка спадзяюцца на такую няпэўную існасць, і ўяўленне пра нешта безасабовае амаль паўсюдна суправаджаецца верай у больш канкрэтныя звышнатуральныя істоты.
Духі
Шмат у якіх грамадствах вераць у існаванне духаў, якія жывуць у жывёлінах, мясцінах або проста блукаюць па зямлі. Гэтую веру мы называем анімізмам. 3 прычыны вялікай колькасці духаў іх звычайна разглядаюць як штосьці зборнае і не надаюць і\ індывідуальных рысаў.
Колькасць і катэгорыі духаў, у якіх вераць у пэўным грамадстве, могуць быць рознымі. Племя гурурумба з Папуа Новая Гвінея адрознівае толькі два тыпы духаў: адны жывуць на лясістых узгорках, другія насяляюць даліны рэк [Newman, 1965, с. 62-63|. Яванцы, наадварот, вылучаюць цэлы шэраг духаў: духі-страхапуды, духі маёмасці, духі сям’і, духі мясцін і духі-ахоўнікі. Асобныя духі могупь мець імёны, але і яны разглядаюцца толькі як частка больш шыро-
кай катэгорыі аналагічных істот, якія яшчэ не дасягнулі той ступені індывідуальнасці, каб лічыць іх багамі.
Абарыгены часам вераць у тое, быццам існуюць духі, падобныя да людзей. Духі дзяцей складаюць своеасаблівы фонд, з якога нараджаюцца новыя людзі. Гэтыя духі цесна звязаны з насельніцтвам. Шмат у якіх народаў існуе ўяўленне пра душы нябожчыкаў. Гэта звышнатуральныя істоты чалавечага паходжання. Некаторы час пасля смерці іх успрымаюць асобна — як зданяў, а пазней яны губляюцца ў безаблічнай зборнасці. Цэнтральна-аўстралійскае племя уальбіры верыць, што пасля смерці дух чалавека пераўвасабляецца ў манбараба — “бясплотны, бляклы дух, чые рысы нагадваюць аблічча іх ранейшага ўладальніка” [Meggitt, 1962, с. 192]. Дух застаецца на дрэве, куды кладуць труп, пакуль за яго смерць не адпомсцяць (натуральнай смерці, на думку жыхароў гэтага племені, не бывае). Тады здань рассейваецца, а дух далучаецца да бацькоўскіх духаў, звязаных з паасобнымі сваяцкімі групамі.
Нябожчыкі могуць захоўваць сваю індывідуальнасць і надалей выконваць актыўную ролю ў грамадстве. Тады іх называюць душамі продкаў, або духамі продкаў. Пакланенне продкам сустракаецца даволі часта. Нават зараз шмат у якіх кітайскіх і японскіх дамах ёсць алтар продкаў, дзе ім штодня прыносяцца ахвяраванні і да іх звяртаюцца з малітвамі. У народа свазі з Паўднёвай Афрыкі пры нараджэнні чалавека, вяселлі, смерці, будаўніцтве новага дома ці пры якім няшчасці ў сям’і выконваюцца пэўныя абрады, каб улагодзіць продкаў.
Багі
Продкі могуць уздымацца на вышэйшую ступень рэлігійнай іерархіі, атрымліваючы статус бога. Тэрміны “бог”, “багіня” і “боства” (бажышча) азначаюць звышнатуральную істоту з індывідуальнай адметнасцю і пазнавальнымі атрыбутамі, якой пакланяюцца як уладару прыроды і чалавечых лёсаў. Большасць багоў ва ўяўленні абарыгенаў — звышчалавечага паходжання. Аднак падчас і людзі абвяшчаюць сябе багамі, і мноства вернікаў пакланяецца ім, як багам. Так, растафарыйцы вераць, што апошні эфіопскі імператар Хайле Селасіе быў жывым боствам. Такія погляды часта абумоўліваюцца існаваннем сістэмы сацыяльнага расслаення, калі, напрыклад, уладар прэтэндуе на боскасць, спасылаючыся на сваё паходжанне ад багоў. Да 1947 г. боствам лічыўся японскі імператар, бо яго дынастыя быццам бы паходзіла ад багіні сонца Аматэрасу Амікамі. Канчаткова афіцыйны боскі статус імператар страціў пасля пара-