Сучасная культурная антрапалогія
Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
ЭПІДЭМІЯЛОГІЯ
Эпідэміялогія — галіна медычнай навукі, якая займаецца фактарамі, што вызначаюць частату і распаўсюджанасць захворванняў у грамадствах і барацьбу з імі. У сусветным маштабе найбольш людзей памірае ад сардэчна-сасудзістых, дыхальных, інфекцыйных, паразі-
тычных і ракавых захворванняў. Але параўнаўшы больш развітыя краіны з бяднейшымі, мы пабачым значныя адрозненні ў адноснай частаце гэтых відаў захворванняў. У развітых краінах забойцамі нумар адзін застаюцца сардэчна-сасудзістыя захворванні, другое месца займае рак. Заразныя хваробы распаўсюджаны тут адносна мала, затое яны пераважаюць у краінах трэцяга свету. Але і ў развітых краінах назіраюцца значныя адрозненні па частотнасці хвароб. Найвышэйшыя паказчыкі смяротнасці ад хвароб сэрца адзначаюцца ў Шатландыі і Фінляндыі — звыш 700 і 600 смерцяў адпаведна на 100 000 насельніцтва на год. Аналагічная лічба для Францыі складае крыху больш за 150, адля Японіі — толькі каля 50.
Эпідэміялагічныя мадэлі абумоўлены таксама полам і ўзростам. Прыгледзімся яшчэ раз да смяротнасці ад хвароб сэрца. У Канадзе і ЗША гэты паказчыкдля мужчын складае звыш 300, а для жанчын — толькі каля 100 (такая прапорцыя захоўваецца і ў іншых краінах). Што да ўзросту, то сардэчныя хваробы забіваюць найперш дарослых. У дзяцей эпідэміялагічная карціна іншая. У сусветным маштабе асноўная прычына дзіцячай смяротнасці — дыярэя (панос): каля 5 млн смерцяў штогод. Дарослых ад яе памірае параўнапьна мала.
У бяднейшых краінах людзі часта паміраюць ад захворванняў, звязаных з галечай, беднасцю і антысанітарыяй, у развітых краінах прычыны смяротнасці больш складаныя. Чаму шатландцы паміраюць ад сардэчных захворванняў часцей, чым французы? Асноўнымі прычынамі сардэчных захворванняў звычайна лічацца курэнне, высокі крывяны ціск і павышаны ўзровень халестэрыну. Эпідэміёлагі супастаўляюць звычаі насельніцтва гэтых краін, звязаныя з курэннем і харчаваннем, і шукаюць іх карэляцыю з адпаЕеднымі ўзроўнямі сардэчных захворванняў. Зрэшты, апошнія даследаванні называюць яшчэ адзін выключна важны фактар — тып асобы [Eysenck and Grossarth-Maticek, 1989]. Увогуле інтэрпрэтацыя адрозненняўу паказчыках смяротнасці ад сардэчных захворванняў патрабуе ад эпідэміёлага разгляду цэлага комплексу культурных, сацыяльных і псіхалагічных фактараў.
Адзін з найбольш вядомых прыкладаў удзелу антраполагаў у эпідэміялагічных даследаваннях — гісторыя з хваробай куру. Гэтае захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы было адкрыта ў 50-х гадах XX ст. у племені паўднёвых фора з Усходніх ор Папуа Новая Гвінея. Куру не вылечваецца ніякімі вядомымі лекамі: смерць звычайна надыходзіць праз 6-12 месяцаў. Захворванне сустракалася толькі ў гэтым племені і амаль выключна ў жанчын і дзяцей, зрэдку ў маладых мужчын.
Першыя ж даследаванні паказалі, што куру перадаецца па сямейнай
лініі. Было прапанавана шмат гіпотэз аб прыродзе захворвання — генетычная, інфекцыйная, сацыялагічная і харчовая, але ніводная з іх не задаволіла даследчыкаў [Hunt, 1978|. Надзею далі эксперыменты над авечкамі і шымпанзэ: была адкрыта “марудная вірусная інфекцыя”, якая праяўляеццатолькі пасля доўгага інкубацыйнага перыяду. Куру стала першай вядомай хваробай чалавека, якую выклікае вірус замаруджанага дзеяння.
Але адкрыццё гэтага віруса не растлумачыла ўсіх эпідэміялагічных характарыстык куру. Чаму хвароба сустракалася толькі ў паўднёвых фора? Чаму толькі сярод абмежаванага кола насельніцтва? I чаму частата захворвання з цягам часу змянілася? Куру ўпершыню з’явілася на пачатку XX ст., стала часцей сустракацца к канцу 50-х гадоў, а затым пайшла на спад.
Ключ да таямніцы адшукалі антраполагі Роберт і Шырлі Глас [Lindenbaum 1979]. Яны звярнулі ўвагу на тое, што каля 1910 г., прыблізна тады ж, калі з’явіліся першыя выпадкі хваробы, у жанчын паўднёвых фора ўзнік звычай канібалізму: у прыватнасці, у жалобныя абрады ўвайшло з’яданне мазгоў нябожчыц-сваячак. Гатавалі і елі іх галоўным чынам жанчыны, часам патроху давалі дзецям. Выявілася, што вірус перадаваўся падчас гатавання: жанчыны дакраналіся да слізістай абалонкі мозгу і падхоплівалі хваробу або ядучы [Gajdusek, 1977], або “тручы заражанымі рукамі вочы сабе і дзецям” [Steadman and Merbs, 1982, с.619|. Знікненне куру было абумоўлена забаронай рытуальнага канібалізму ў 60-х гадах. У 1986 г. было зафіксавана толькі шэсць выпадкаў гэтай хваробы.
Эндэмічныя захворванні
Захворванні, характэрныя для пэўнага грамадства, цесна звязаны з яго прыродным асяроддзем і культурнымі звычаямі. Адаптацыя насельніцтва да пэўнага асяроддзя азначае і біякультурнае прыстасаванне да мясцовых хваробатворных фактараў. Калі насельніцтва і яго спосабы адаптацыі дастаткова стабільныя, узнікае адносна трывалая эпідэміялагічная мадэль. Для яе характэрны эндэмічныя захворванні. Яны сустракаюцца адносна рэдка, але пастаянна прысутнічаюць у пэўнай супольнасці. У нашым грамадстве гэта, напрыклад, звычайная прастуда, грып ці вятранка.
Факты сведчаць, што на працягу тысячагоддзяў, пакуль нашы продкі займаліся збіральніцтвам, мадэлі захворванняў заставаліся даволі ўстойлівымі [Dunn, 1968]. Першыя пасяленцы ў Новым Свеце, перасекшы Берынгаў праліў, прынеслі з сабой няшмат захворванняў і ў сваёй ізаляцыі добра прызвычаіліся да мясцовых хваробатворных фактараў. Адной з эндэмічных хвароб, што развіліся ў Новым Свеце, быў
сіфіліс — сіндром распаўсюджанай па ўсім зямным шары хваробы трэпанематозу, які ў Новым Свеце не ствараў асабліва сур’ёзных праблем. Толькі пасля прыбыцця Калумба ў 1492 г. сіфіліс пашырыўся на Еўропу і Азію (першая ў Еўропе эпідэмія адбылася ў Італіі ў 1494— 1495 гг.) і набыў больш цяжкія формы, якімі вызначаўся і надалей [Crosby, 1972, с.122-164],
Эпідэмічныя захворванні
Галоўныя прычыны эпідэмій — міграцыі і кантакт паміж ізаляванымі дагэтуль чалавечымі папуляцыямі. Эпідэмічнае захворванне ў супольнасці звычайна адсутнічае. Аднак калі яно ўжо з’явіцца, то для яго характэрны высокая частата, імклівае і шырокае распаўсюджванне. Самыя спусташальныя эпідэміі ў сусветнай гісторыі — напэўна, тыя, што адбыліся пасля 1492 г. у сувязі з пачаткам рэгулярных кантактаў паміж Новым Светам і Еўропай. Доўгая ізаляцыя Новага Свету зрабіла яго насельніцтва асабліва ўспрымальным да занесеных звонку захворванняў. Адным з галоўных забойцаў была воспа. У Старым Свеце яна была прадказальным эндэмічным захворваннем, якое выклікала менш як 10% смерцяў штогод. Але тыя, хто раней з ёй не сустракаўся, маглі заразіцца выключна ўсе. За 10 гадоў кантактаў з еўрапейцамі колькасць насельніцтва цэнтральнай Мексікі зменшылася з 25 да 16,8 млн чалавек, і перш за ўсё — з прычыны прамых і ўскосных наступстваў эпідэмічных захворванняў накшталт воспы. Іспанец Тарыбія Маталінія адзначаў у XVI ст., што мексіканскія абарыгены ад такіх эпідэмій “мерлі, як клапы” [Motolinia, 1950],
Мекка на працягу стагоддзяў была месцам збору мноства паломнікаў з усяго ісламскага свету. Такая плойма людзей стварала ідэальныя ўмовы для пашырэння эпідэмічных захворванняў. Так, у 1865 г. караваны занеслі ў Мекку чуму, і адтуль яна разышлася па розных краінах свету. У Егіпце ад эпідэміі памерла 60 000 чалавек. Выпадкі чумы былі зафіксаваны нават у Нью-Ёрку. Эпідэмія спынілася толькі ў 1874 г. Пазней чума з’яўлялася ў Меццы яшчэ ў 1893 і ў 1902 гг.
Эпідэміі — з’ява не толькі мінулага, і далёка не ўсе жыхары развітых краін маюць да іх імунітэт. Так, у апошнія гады эпідэмічнымі тэмпамі пашыраецца рак скуры (злаякасная меланома і рак эпідэрмісу). У ЗША штогод адзначаецца звыш 500 000 выпадкаў раку скуры, і гэтая лічба неўзабаве можа вырасці да мільёнаў (аналагічная лічба для Канады складае каля 50 000, што ў пераліку на колькасць насельніцтва таксама нямала).
Існаванне гэтай эпідэміі абумоўлена і асаблівасцямі навакольнага
асяроддзя, і соцыякультурнымі акалічнасцямі. У 1922 г. мадэльерка Како Шанель вярнулася з адпачынку ў Парыж “з прыгожым загарам”. У хуткім часе лілейна-белы колер скуры выйшаў з моды і стаў папулярным загар, на які раней глядзелі няўхвальна, бо ён асацыіраваўся з цяжкай працай на адкрытым паветры. Папулярнасць загару на Захадзе настолькі ўзрасла, што яго нават сталі лічыць прыкметай добрага здароўя, хоць цяпер і вядома, што ён выклікае рак скуры. Нават у Японіі, дзе гэтая хвароба сустракалася дагэтуль вельмі рэдка, мода на плякны адпачынак і загар выклікала, як і ў іншых развітых краінах, рост захворванняў ракам скуры [Elwood, 1989]. Акрамя моды, да пашырэння раку скуры спрычыніліся і змены ў асяроддзі — найперш патанчэнне азонавага слоя як вынік хімічнага забруджання.
Найбольш вядомая з сучасных эпідэмій звязана са СНІДам (сіндромам набытага імунадэфіцыту), які выклікаецца вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). СНІД перадаецца праз сексуальны кантакт, пры ўнутрывенным увядзенні наркотыкаў заражанымі шпрыцамі і пры ўжыванні ў шпіталях брудных шпрыцаў і заражанай крыві. Захворванне смяротнае. Верагодна, СНІД упершыню з’явіўся ў Афрыцы і гадамі распаўсюджваўся як “незаўважная эпідэмія”. Распазналі яго толькі ў 1981 г. Эпідэмія найбольш пашырылася ў Афрыцы, затым у Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе. У Азіі, Усходняй Еўропе і Лацінскай Амерыцы яна знаходзіцца на пачатковых стадыях развіцця. У 1991 г. прыблізна ў 120 краінах было адзначана каля 350 000 выпадкаў СНІДу, з іх каля 170 000 — у ЗША. 3 афрыканскіх краін на поўдзень ад Сахары самую вялікую лічбу дала Уганда (каля 18 000).
3 1981 г. каля паловы хворых памерла. Сусветная Арганізацыя Аховы Здароўя ацэньвае фактычную колькасць інфіцыраваных ВІЧ у 6—8 млн чалавек і прадказвае, што к 2000 г. іх будзе 15—20 млн; іншыя ацэнкі даходзяць да 40 млн.
Пакуль па агульнай колькасці хворых на СНІД лідзіруюць развітыя краіны, але новых выпадкаў фіксуецца больш у трэцім свеце. Асабліва востра паўстала праблема ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары, дзе колькасць захворванняў вырасла з 383 у 1985 г. да 91 114 у 1990 г. У сапраўднасці сітуацыя ў гэтых краінах куды горшая: спецыялісты лічаць, што ў Афрыцы, напэўна, заражаны ВІЧ каля 5 млн дарослых, a ў некаторых частках Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі — 20—30%. Хвароба хуткімі тэмпамі распаўсюджваецца ў Паўднёва-Усходняй Азіі, дзе цяпер, як сцвярджаюць, заражана ВІЧ каля 1 млн чалавек.