Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Змяніць успрыманне ежы — цяжкая задача: чым удасканальваць
звычаі людзей, прасцей забяспечыць іх альтэрнатыўнымі тыпамі ежы. Няма сэнсу казаць дзіцяці (або ў нашым выпадку — даросламу): “Еш, бо гэта карысна”. Уводзіць міжкультурныя інавацыі асабліва цяжка ва ўмовах прадузятасці супраць пэўных прадуктаў (“Гэтым у нас свіней кормяць!”). Мала таго: спробы паляпшэння харчавання на справе могуць пагоршыць яго якасць, калі не ўлічваюцца традыцыйныя мадэлі. Так, праграмы па распаўсюджванні дзіцячага харчавання, распрацаваныя транснацыянальнымі карпарацыямі накшталт “Nestle”, зза беднасці, неадукаванасці і неахайнасці многіх маці ў слабаразвітых краінах часта маюць адваротны эфект.
ПСІХІЧНЫЯ ХВАРОБЫ
Усім народам знаёмыя псіхічныя станы, якія ўспрымаюцца як ненармальнасць і лічацца хваробамі. У паняцце псіхічнай хваробы ўваходзяць расстройствы, выкліканыя як фізіялагічнымі прычынамі, так і няўдалым індывідуальным прыстасаваннем да соцыякультурных умоў. У апошнім выпадку псіхічная хвароба выклікаецца стрэсам пры спробе адаптавацца ў новым асяроддзі.
Стрэс існуе ва ўсіх грамадствах. Яго могуць выклікаць прыродныя фактары — землятрус ці выбух вулкана, але ён можа мець і штучнае паходжанне, калі, напрыклад, чалавека б’юць. “Нармальную” частку жыпцёвага цыкла складаюць стрэсы ад нараджэнняў, смерцяў, вяселляў і г.д. Іншыя абумоўлены сацыяльным становішчам у самім грамадстве — гэта стрэсы ад паездак на работу (з прыгарада ў горад), беспрацоўя ці, наадварот, празмернай працы.
Віды стрэсавых расстройстваў
Глыбокі аналіз псіхічных хвароб у розных культурах на працягу дзесяцігоддзяў дае падставу меркаваць, што асноўныя мадэлі гэтых хвароб, вядомыя заходнім псіхіятрам, паўсюль аднолькавыя [Kennedy, 19731. Аднак паколькі мадэлі стрэсавых сітуацый абумоўлены абставінамі і адносіны да стрэсаў у розных культурах таксама розныя, то і формы псіхічных хвароб у розных грамадствах размеркаваны па-рознаму. На існаванне пэўных відаў стрэсу ўплываюць такія фактары, як навакольнае асяроддзе, эканамічныя ўмовы, метады выхавання дзяцей, рэлігійныя традыцыі і г.д. Таму псіхічныя хваробы трэба вывучаць (хоць гэта і нялёгка) і з эпідэміялагічнага пункту гледжання, г. зн. вызначаць мадэлі іх распаўсюджання і шукаць у асяроддзі тыя пераменныя, якія ўплываюць на іх.
Поруч з універсальнымі формамі псіхічных хвароб існуюць і уні-
кальныя разнавіднасці, абумоўленыя пэўным асяроддзем і культурнымі традыцыямі. Іх звычайна называюць культурна абумоўленымі сіндромамі (culture-bound syndromes). Да такіх парушэнняў належаць, у прыватнасці, “арктычная істэрыя”, вядомая шматякім каляпалярным народам, “амок” — шалёная лютасць у мужчын некаторых азіяцкіх краін [Spores, 1988] або “кора” — боязь, каб пеніс або грудзі і вульва не ўцягнуліся ў цела, якая сустракаецца ў кітайцаў. Большасць гэтых парушэнняў грунтуецца на універсальных формах псіхічных хвароб, але ёсць і пэўныя асаблівасці.
Для арктычнай істэрыі характэрна чаргаванне перыядаў маўчання з прыпадкамі, калі чалавек скідвае з сябе адзенне, кідаецца наўцёкі і бегае па снезе. Арктычная істэрыя — варыянт агульнапашыранага стану, вядомага як агарафобія (паталагічны страх перад адкрытай прасторай), але пэўныя яе рысы унікальныя ў арктычным асяроддзі і ў культуры інуітаў. У сувязі з гэтым Эдвард Фоулкс піша: “Арктычную істэрыю часткова можна растлумачыць праз агульнапсіхалагічныя тэрміны, але, каб лепш яе зразумець, трэба ўзяць пад увагу унікальнасць культуры эскімосаў”[Рой1к5, 1985, с.307|. Энтані Уолес [Wallace, 1972] адзначае важную ролю дэфіцыту кальцыю і кліматычных фактараў у развіцці арктычнай істэрыі, бо ў зімовых умовах небяспека хваробы ўзмацняецца.
Даследаванні Фоулкса арктычнай істэрыі паказалі, як на такія сіндромы ўплываюць культурныя змены. У сучасных інуітаў стрэс нярэдка здараецца ад ужывання алкаголю. Фоулкс паказаў, што гэты трансфармаваны варыянт арктычнай істэрыі, звязаны з алкаголем, сустракаецца ў традыцыйных колах інуіцкага грамадства, між тым як у іншых іх суродзічаў паводзіны бліжэй да амерыканскіх мадэляў.
Стрэс у грамадстве
Шмат для якіх людзей асноўнай крыніцай стрэсу бываюць хуткія змены ў грамадстве. Часта такое напружанне бывае часовым, але стрэс, тым не менш, можа выклікаць цяжкія псіхічныя парушэнні. Значныя стрэсы звычайна выклікае міграцыя. У адной са сваіх ранніх прац Маргарэт Мід [Mead, 1974] паказала, што мігранты часта страчваюць культурную арыентацыю і праз тое маральна пакутуюць, a дзейсных спосабаў, каб здымаць напружанне, нестае. Яшчэ горш бывае, калі мігрант вымушаны фізіялагічна прыстасоўвацца да новых варункаў. Перуанскія індзейцы, перабіраючыся з Андаў на ўзбярэжжа ў горад Ліму, на новым месцы сутыкаюцца не толькі з сацыяльнымі і культурнымі праблемамі, але і з цяжкасцю прыстасоўваюцца да большай насычанасці паветра кіслародам. Напачатку іх жыцця ў Ліме
спалучэнне гэтых фактараў выклікае сіндром, які характарызуецца неспакоем, дэпрэсіяй і шматлікімі цыркуляторнымі, рэспіраторнымі, неўралагічнымі і страўнікава-кішачнымі сімптомамі [Fried, 1959].
Міграцыя і іншыя формы хуткіх сацыяльных зменаў могуць выклікаць аномію — дэзарганізацыю асобы і пачуццё адчужанасці. У сваёй вядомай працы аб самазабойствах Эміль Дзюркгейм акрэсліў аномію як вынік адмаўлення ад мэтаў супольнасці і агульна прынятых сродкаў іх дасягнення [Durkheim, 1951], У цеснай вясковай грамадзе людзі жывуць традыцыйна арганізаваным і стала адрэгуляваным жыццём. Там ёсць прымус, але ёсць і пачуццё бяспекі. Пераезд у горад вызваляе чалавека ад многіх формаў прымусу вясковага жыцця, але тут яму даводзіцца пачынаць жыццё нанава, у незнаёмым г.сяроддзі, без ведання, як у новых абставінах дасягаецца пачуццё душэўнага камфорту.
Для карэнных народаў хуткія грамадскія змены, як правіла, азначаюць разбурэнне існуючага грамадскага ладу і замену яго іншым, заснаваным на збядненні і эксплуатацыі. Псіхалагічныя наступствы гэтых працэсаў часам даводзяць да самазабойства ці абыякавасці да жыцця. Нават самых моцных людзей стрэс ад новых умоў можа прывесці да псіхічных хвароб, што спалучаюць рысы расстройстваў, характэрных і для старой, і для новай культурных мадэляў.
КАНЦЭПЦЫІ ПРЫЧЫН ХВАРОБЫ
Спосабы лячэння хваробы грунтуюцца на ўяўленні аб яе прычынах. Кола такіх ўяўленняў надзвычай шырокае. Разнастайнасць поглядаў на лячэнне, якая мае месца ў буйнамаштабных грамадствах, — вынік складанасці гэтых грамадстваў. Такая разнастайнасць называецца медычііым плюралізмам; гэта наяўнасць шэрагу медычных сістэм, якія спаборнічаюць паміж сабою, дапаўняюць адна адну і паміж якімі мы можам выбіраць.
Дуалізм свядомасці і цела
Заходнія медычныя традыцыі адрозніваюць хваробы, якія ўзнікаюць у свядомасці і ў целе, г.зн. псіхічныя і фізіялагічныя. Іншыя сістэмы трымаюцца больш цэласнага падыходу і разглядаюць здароўе і хваробу як праявы ўсяго чалавечага жыцця. Так, большасць незаходніх медычных сістэм не вылучае “псіхічныя хваробы” ў асобную катэгорыю — яны разглядаюцца нароўні з фізіялагічнымі. Племя авандэ з паўднёвага Судана ставіцца да псіхічных хвароб у значнай меры так, як да малярыі ці воспы: зыходнай прычынай іх усіх лічыцца чараўніцтва. Падзел хвароб на псіхічныя і фізіялагічныя ў заходніх
медычных сістэмах аддюстроўвае, у прыватнасці, большую спецыялізацыю ў адпаведных грамадствах.
Самі заходнія лекары ўсё часцей ставяць пад сумненне традыцыйны для заходняй медыцыны падзел на цела і свядомасць. Цяпер на Захадзе прызнаецца цесная сувязь паміж псіхічнымі і фізіялагічнымі парушэннямі. Відавочна, што многія фізіялагічныя хваробы (напрыклад, рак) звязаны з псіхалагічнымі праблемамі, на якія ўплывае асяроддзе. 3 іншага боку, даследаванні паказалі, што многія псіхалагічныя працэсы знаходзяцца пад уплывам біяхімічных фактараў. Гэта, напрыклад, некаторыя формы дэпрэсіі, “апантанасць” і, магчыма, шызафрэнія.
Персаналістычныя і натуралістычныя падыходы
Сучасныя канцэпцыі прычын захворванняў пачалі распрацоўвацца толькі з XVI ст. Шмат дзе ў свеце людзі і сёння трымаюцца альтэрнатыўных меркаванняў. Гэтыя меркаванні, пры ўсёй іх адрознасці, грунтуюцца на агульных прынцыпах. Фостэр і Андэрсан вызначылі дзве асноўныя пазанавуковыя сістэмы поглядаў на прычыны захворванняў: персаналістычную і натуралістычную [Foster and Anderson, 1978, с.53|.
Згодна з персаналістычным падыходам, хваробы мэтанакіравана выклікаюцца звышнатуральнымі істотамі (напрыклад, зданню або злым духам) ці чалавекам (ведзьмай або чараўніком). Персаналістычныя сістэмы поглядаў мы знаходзім у дробных супольнасцях большай часткі Афрыкі на поўдзень ад Сахары, па ўсіх ціхаакіянскіх астравах і ў плямён Усходняй Азіі. Згодна з гэтай сістэмай, хворы — ахвяра чыёйсьці агрэсіі ці кары, скіраванай асабіста на яго. У такой сістэме поглядаў уяўленне пра няшчасны выпадак адсутнічае. Калі чалавек зваліцца з дрэва і заб’ецца насмерць, лічыцца, што да гэтай смерці спрычыніліся нейкі чалавек або істота. Гэта не азначае, што прыхільнікі такіх поглядаў не заўважаюць непасрэдных прычын хваробы ці калецтва, але яны вераць у тое, што па-за прыроднымі з’явамі дзейнічаюць і іншыя сілы. Як праяўляецца такое мысленне, відаць на прыкладзе племені азандэ.
Азандэ прыпісваюць кожную хваробу, незалежна ад яе прыроды, чараўніцтву або вядзьмарству. “Другасныя” прычыны не застаюцца без ўвагі, але яны таксама лічацца спараджэннем вядзьмарства і магіі. Аднак тлумачэнне хваробы звышнатуральнымі прычынамі не перашкаджае азандэ лячыцьяе сімптомы — падобна таму, што хоць смерць на рагах быка і ўспрымаецца як вынік вядзьмарства, аднак
людзі ўсё ж вымушаны ўцякаць ад гэтага быка. Вось чаму азандэ маюць велізарную фармакапею. Звычайна яны спадзяюцца на лекі і пачынаюць змагацца з першаснымі — паводле іх уяўленняў, звышнатуральнымі — прычынамі толькі тады, калі захворванне ўскладняецца. Тым не менш, апісваючы класіфікацыю захворванняў і спосабы іх лячэння, прынятыя ў азандэ, мы вымушаны памятаць, што ўзнікненне хваробы ў іх заўсёды можа быць растлумачана вядзьмарствам. I калі азандэ не заўсёды і не адразу раяцца са сваімі аракуламі, каб знайсці вінаватую ў пэўнай хваробе ведзьму, то толькі таму, што гэтая хвароба лічыцца лёгкай, нявартай іх клопату і выдаткаў на аракула [Evans­Pritchard, 1937, с.479].