Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Натуралістычныя сістэмы, наадварот, тлумачаць хваробу безасабовымі прычынамі. Добрае здароўе тлумачыцца захаваннем раўнавагі ў арганізме. Хваробы ўзнікаюць, калі знешнія прыродныя фактары (напрыклад, цяпло або холад) ці ўнутраныя сілы (напрыклад, моцныя эмоцыі) парушаюць гэты баланс. Большасць сучасных натуралістычных сістэм паходзіць з медыцынскіх традыцый класічных старажытных цывілізацый, асабліва Грэцыі, Індыі і Кітая. Так, некаторыя з гэтых сістэм грунтуюцца на канцэпцыі “цялесных сокаў” — гэты погляд узнік у Старажытнай Грэцыі. Грэкі лічылі, што ў целе ёсць чатыры сокі, або вадкасці: кроў, флегма, чорная жоўць (меланхолія) і жоўтая жоўць (холер). Кожнаму соку адпавядалі пэўныя якасці: кроў асацыіравалася з цяплом і вільгаццю, флегма — з холадам і вільгаццю, чорная жоўць — з холадам і сухасцю, а жоўтая — з цяплом і сухасцю. Хвароба ўзнікала, калі якога-небудзь соку рабілася зашмат ці замала або калі яны не маглі як трэба змешвацца. Лячэнне заключалася пераважна ў аднаўленні раўнавагі.
У сучасным лацінаамерыканскім варыянце гумаральнай паталогіі хвароба тлумачыцца нераўнавагай цяпла і холаду. Гэта можа датычыцца сапраўднай тэмпературы рэчываў, з якімі кантактуе чалавек (вады, паветра і ежы), але часцей за ўсё фізічная тэмпература не мае значэння, і “гарачае” з “халодным” выступаюць як умоўныя катэгорыі. Асаблівае значэнне ў падтрыманні балансу цяпла і холаду мае ежа, якая класіфікуецца паводле “тэмпературы”. У мексіканскай абшчыне, даследаванай Маргарэт Кларк, белая фасоля, часнок і чылійскі перац лічацца “вельмі гарачымі”, соль, свініна і цыбуля — “гарачымі”, маісавыя праснакі, бараніна і радыс — “халоднымі”, а агуркі і памідоры — “вельмі халоднымі” [Clare, 1970, с.166]. Хваробу часта выводзяць з таго, што чалавек з’еў замнога гарачай ці халоднай ежы, і лечаць яе дыетай, якая павінна аднавіць раўнавагу.
Пошук прычыны захворванняў рэдка тлумачыць усе хваробы ці
няшчасці якойсьці адной прычынай. Нават азандэ не прыпісваюць асобныя дзіцячыя захворванні чарадзеям ці ведзьмарам; зрэшты, прычыны іх яны ўяўляюць сабе даволі цьмяна. Часткова гэта адлюстроўвае статус дзяцей у грамадстве азандэ. Дзіцячая смяротнасць там высокая, і малыя дзейі амаль не лічацца членамі грамады, бо іх будучыня ў гэтую пару яшчэ вельмі праблематычная.
ЛЯЧЭННЕ
Спосабы лячэння хвароб абумоўлены ў першую чаргу сацыяльнымі і культурнымі фактарамі, а не нейкімі прыроднымі ўласцівасцямі саміх гэтых хвароб. Натуральна, што прынятыя ў пэўнай культуры меркаванні аб іх прычынах уплываюць на тое, як іх будуць лячыць. Калі прычына хваробы — дысбаланс сокаў, то лячэнне будзе заключацца ў аднаўленні раўнавагі. Ацтэкі лічылі, што галава баліць ад лішку крыві ў ёй, і стараліся выклікаць чханне і крывацёк з носа, каб вывесці гэты лішак. Калі гэта не давала вынікаў, можна было выпусціць больш крыві, зрабіўшы надрэз абсідыянавым лязом [Ortiz de Montellano, 1990], Калі прычынай хваробы лічацца бактэрыі ці іншыя мікраарганізмы, лячыць яе будуць, напэўна, антыбіётыкамі. Калі вінавата чараўніцтва, трэба нешта зрабіць з чараўніком.
Эфектыўнасць лячэння
Ацэньваць эфектыўнасць розных сістэм лячэння не так проста, як можа падацца. Усе сістэмы лекавання выглядаюць дзейснымі — прынамсі, у многіх выпадках, і ўсе яны маюць на што спісаць сваю бездгпаможнасць. Пры існаванні псіхалагічнага і культурнага аспектаў хваробы і яе лячэння неэфектыўнасць нейкага лячэння ў адной культуры не азначае, што яно не “спрацуе” ў іншай. Калі абарыген вострава Уэлзлі на поўначы Аўстраліі захварэе на мальгры (сімптомы — санлівасць і боль у жываце, найчасцей звязваецца з парушэннем харчовых табу), то лекар-абарыген укленчвае і пачынае ўціраць пот са сваёй падпахі ў цела хворага. Пасля ён распускае травяны ці валасяны пояс і прывязвае яго да нагі хворага. Канец спускаецца ў ваду, каб паказаць духу-ўварванцу дарогу назад. Лекар пачынае спяваць і спявае да позняй ночы, пакуль не ўбачыць знічку (увасабленне вока малыры), што паказвае месцазнаходжанне духа і азначае яго выгнанне. Канец пояса тады адрываюць, і надыходзіць папраўка [Cawte, 1974, с.110], Наўрад ці ўдалося б такім чынам вылечыць чалавека з падобнымі сімптомамі ў нашай культуры, і наўрад ці
гэтае лячэнне будзе дзейсным у выпадку любога іншага захворвання, але ад гэтай канкрэтнай хваробы яно дапамагае.
Кожная сістэма здольная лячыць (прынамсі, асобныя хваробы), але не ўсе сістэмы аднолькава эфектьгўныя. Вядома, што адны метады лячэння дзейнічаюцьлепш за іншыя, а другія ўвогуле не “працуюць”. Але ацэнка метадаў лячэння ў розных сістэмах — справа нялёгкая, і практыка навучыла шмат каго з заходніх лекараў не адкідаць адразу лячэбныя вартасці іншых сістэм. Яшчэ не так даўно яны смяяліся з акупунктуры, якая цяпер на Захадзе лічыцца эфектыўным сродкам ад мноства захворванняў. Заходнія лекары таксама пачалі надаваць болыіі увагі лекам з так званых прымітыўных медычных сістэм. Вартасць многіх зёлак і прэпаратаў з іх, што ўжываюцца ў гэтых сістэмах, магчыма, і невысокая, але некаторыя з іх надзвычай карысныя як аснова для сучасных лекаў. Батанік Майкл Балік сцвярджае, што з 265 000 вядомых відаў раслін дасканала вывучана толькі каля 1100, і паводле яго падлікаў лекавыя ўласцівасці могуць мець яшчэ каля 40 000 раслін [Linden, 1991, с.52|. Шукаючы лекаў ад рака, СНІДу і іншых захворванняў, Балік і іншыя навукоўцы сабралі разам з лацінаамерыканскімі шаманамі тысячы раслін.
Неадназначнасць любой лекарскай сістэмы і сама колькасць гэтых сістэм ствараюць для лекара і пацыента як цяжкасці, так і зручнасці. Лекар, які сумленна стараецца вылечыць пацыента, рэдка выстаўляе дыягназ і прызначае лячэнне аўтаматычна, але і тады не выключана верагоднасць памылкі, якую можна растлумачыць асаблівасцю захворвання або недасведчанасцю самога лекара. Радзей ставіцца пад сумненне эфектыўнасць самой сістэмы лячэння. Калі ёсць магчымасць выбару паміж некалькімі сістэмамі, то пры няўдалым выкарыстанні адной з іх падыент можа звярнуцца да альтэрнатыўнай. Часта вылечыцца ўдаецца толькі пасля звароту да іншай сістэмы. Зрэшты, шукаючы лекавання, хворы застаецца безабаронным перад шарлатанамі. Большасць медычных сістэм дапускае магчымасць існавання шарлатанства сярод лекараў, хоць гэтая з’ява больш распаўсюджана ў буйнамаштабных грамадствах насуперак існаванню ў іх пэўных кваліфікацыйных стандартаў.
Сістэмы аховы здароўя
Сацыяльныя складнікі лекавання — гэта аспекты агульнай сацыяльнай структуры, якія ўплываюць на яго працэс і ў больш вузкім сэнсе — на так званую сістэму аховы здароўя [Colson and Selby, 1974, с.254-257]. Яна забяспечвае сродкамі догляд хворых. I пацыент, і лекар, і дапаможны персанал вымушаны паЬодзіць сябе згодна са
сваімі сацыяльнымі ролямі. У сістэму аховы здароўя ўваходзяць таксама адпаведныя (або даступныя) тэхніка і ўмовы, якія спрыяюць лекаванню.
У кожнай сістэме аховы здароўя могуць існаваць стандарты догляду хворага і ўмоў яго знаходжання. Аднак у межах адной і той жа сістэмы патрабаванні да месцалячэння могуць вар’іравацца паводле двух прынцыпаў — адасобленасці і спецыялізаванасці. У азандэ дыягностыка адбываецца публічна. Дыягназы пацыентаў абвяшчаюцца пад акампанемент бубнаў і лічацца “досыць важнымі мясцовымі падзеямі”, на якія сыходзіцца народ з усёй акругі [Evans-Pritchard, 1937, c.154], Цырульнік-хірург з народу хаўса ў Ібадане (Нігерыя) ставіць свой аперацыйны стол паддрэвам, на вачах у публікі [Maclean, 1971, с.65[. У заходніх медычных сістэмах, наадварот, дыягностыку і лячэнне пажадана праводзіць у асобным, недаступным чужым вачам месцы.
Шмат у якіх незаходніх сістэмах лекаванне адбываецца ў неспецыялізаваных умовах — у цэнтры вёскі, напрыклад, або ўласным доме пацыента ці лекара. У індзейцаў майя з паўднёвага Беліза пацыенты з сур’ёзнымі хваробамі часта па традыцыі перабіраюцца на ўвесь час лячэння ў дом лекара, часам нават з усёй сям’ёю. У заходніх медычных сістэмах лячэнне адбываецца ў спецыялізаваных установах, напрыклад, у шпіталі. Шпіталі з цягам часу развіліся ў досыць складаныя структуры, якія функцыянуюць як малыя грамадствы з уласнымі культурнымі традыцыямі. Таму кожны шпіталь можна вывучаць амаль гэтак жа, як вёску майя ці астравы паўднёвых мораў, прасочваючы ўзаемадзеянні паміж знешнім светам і лакальнай супольнасцю шпіталя.
Ствараючы для лячэння адпаведныя ўмовы, любое грамадства прызнае здольнасць лячыць хваробы толькі за нямногімі. Насуперак пашыранаму меркаванню, самая старажытная і самая распаўсюджаная прафесія — гэта, мабыць, усё ж прафесія лекара. Аднак у розных грамадствах роля лекара розная. Там, дзе прыняты персаналістычныя погляды на прычыну хваробы, нехта павінен вызначыць, хто і чаму яе наслаў; звычайна такі чалавек мусіць мець сувязь са звышнатуральным. У такіх грамадствах лекарам звычайна бывае шаман, чараўнік або знахар. У грамадствах з натуралістычнымі поглядамі патрэбны “дактары”, якія навучыліся лекарству шляхам практыкі і назірання за хваробамі і ўласцівасцямі лекаў.
У большасці дробных супольнасцяў лекарства не бывае прафесіяй, і лекар там звычайна заняты той жа будзённай працай, што і іншыя члены грамады, — паляваннем ці земляробствам. У буйных грамадствах лекарства — занятак прафесійны.
У межах медычнай прафесіі большасці грамадстваў існуе своеасаблівая спецыялізацыя. У заходніх медычных сісгэмах яна даволі высокая, але нават дробныя незаходнія грамадствы звычайна маюць рознага тыпу лекараў [Worsley, 1982, с.330-331 ]. У філіпінскіх сялян ёсць павітухі, кастаправы 1 лекары-універсалы [Lieban, 1962, C.512J. Індзейцы майя на поўдні Беліза размяркоўваюць ролі згодна з майстэрствам і спецыялізацыяй лекараў. На ніжэйшым узроўні майстэрства — павітухі і тыя, хто лечыць змяіныя ўкусы, на вышэйшым — іерархія лекараў-універсалаў.
Гаворачы пра лекараў, мы павінны разглядаць не толькі іх ролю, але і фактары, звязаныя з іх кар’ерай: чаму ідуць у лекары, як набываюць майстэрства і якая ў іх рэпутацыя. У персаналісгычных сістэмах лекарам можна стаць, убачыўшы сон або зазнаўшы фізічнае няшчасце (напрыклад, эпілепсію). У іншых выпадках у лекары ідуць на падставе асабістых схільнасцяў, здольнасцяў ці сацыяльнага статуса. Дзе-нідзе ў лекары бяруць толькі з сем'яў лекараў або з пэўных сацыяльна-эканамічных класаў. Назіраецца і спалучэнне гэтых фактараў.