Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Паколькі хвароба лічыцца “ганебнай”, а распазнаць яе тэхнічна складана, дакладныя лічбы яе распаўсюджанасці ў свеце вызначыць цяжка. Напрыклад, урад Замбіі, дбаючы аб міжнародным іміджы сваёй краіны, да 1986 г. адмаўляўся прызнаць у сябе гэтае захворванне.
Палітыка ўрада змянілася, калі ад СНІДу памёр адзін з сыноў прэзідэнта Кенета Куанды. Але афіцыйныя лічбы для Замбіі і дагэтуль не адлюстроўваюць сапраўднай карціны. Да 1989 г. было зафіксавана толькі 1300 выпадкаў СНІДу, паўафіцыйныя падлікі паказваюць каля 70 000, а носьбіты ВІЧ, згодна з гэтымі дадзенымі, складаюць 350 000 чалавек з сямімільённага насельніцтва краіны.
Антраполагаў і іншых спецыялістаў па грамадскіх навуках цікавяць не толькі суадносіны захворванняў з соцыякультурнымі фактарамі, але і сацыяльныя наступствы гэтых захворванняў. Цяжкія эпідэміі — гэта бяда кожнага грамадства. Так, адна папулярная тэорыя даводзіць, што распад індзейскіх імперый Новага Свету, у прыватнасці імперый ацтэкаў і інкаў, быў вынікам спусташэнняў ад завезеных еўрапейцамі эпідэмій. Для некаторых краін на поўдзень ад Сахары да такіх жа катастрафічных вынікаў можа прывесці і эпідэмія СНІДу. Сваю ролю адыгрываюць і ўскосныя наступствы захворванняў. Эпідэмічнай малярыяй у свеце заражана каля 300 млн чалавек, і калі нават у пэўным рэгіёне ад яе памрэ невялікі працэнт жыхароў, нашмат больш людзей яна аслабіць, што, у сваю чаргу, паўздзейнічае на ўсе бакі жыцця.
Хваробы развіцця
Чарльз Х’ю і Джон Хантэр назвалі “хваробаміразвіцця” “паталагічныя станы, выкліканыя, як правіла, непрадбачанымі вынікамі ажыццяўлення праектаў развіцця” (Hughes and Hunter, 1972, с.93|. Такія захворванні можна падзяліць на тры асноўныя катэгорыі. Папершае, тыя, што вынікаюць з інтэграцыі ў буйныя індустрыяльныя грамадствы: дыябет, атлусценне, высокі крывяны ціск і г.д. Так, у насельніцтва вострава Науру на поўдні Ціхага акіяна ў 60—70-х гадах выраслі заробкі ад працы на фасфатных рудніках і завялося больш свабодных грошай [Howard, 1991 -b]. У сувязі з гэтым узрасло і спажыванне ежы (яна практычна ўся была прывазная, часта змяшчала шмат цукру і солі і мела нізкую харчовую вартасць): у сярэднім на чалавека прыпадала каля 6000 калорый за дзень. К. 1983 г. з 5000 жыхароў вострава каля 400 пакутавалі на дыябет, а на самой справе, напэўна, і больш. Падобна на тое, што дыябету спрыяе атлусценне. A запушчаны дыябет можа прыводзіць да такіх ускладненняў, як рэспіраторныя захворванні, хваробы сэрца і нырак, слепата, гангрэна, нараджэнне мёртвых дзяцей і прыроджаныя анамаліі. Калі ўрад Науру ў 1983 г. распачаў праграму медыцынскага абследавання дыябетыкаў, некаторыя былі ўжо настолькі хворыя, што не маглі самі прыйсці ў шпіталь.
Другую катэгорыю складаюць інфекцыйныя і паразітычныя хваро-
бы, якія цесна звязаны з прыродным асяроддзем. Так, онхацэркоз (афрыканская рачная слепата) традыцыйна пашкоджваў зрок у жыхароў басейна ракі Вольты ў Заходняй Афрыцы. Ён пераносіцца дробнай чорнай мошкай (Simulium) і выклікае паніжэнне або поўную страту зроку. У 40-х гадах XX ст. захворванне “перасекла” Атлантыку і было адзначана ўжо ў Мексіцы. У 1974 г. з’явіліся звесткі аб яго пашырэнні па ўсім паўночным захадзе басейна Амазонкі, дзе ажыццяўляліся праекты развіцця. Асабліва ўспрымальным да яго аказалася індзейскае насельніцтва. У некаторых групах індзейцаў янамамі заразілася каля 100%. Двое амерыканскіх навукоўцаў, Роберт Гудланд і Говард Ірвін, адкрылі там папуляцыю чорнай мошкі [blackfly]; яна распладзілася ў расчышчаныхадлесураёнахуздоўж новазбудаванай Паўночнай шашы, якая прайшла па тэрыторыі гэтых плямён [Goodland and Irwin, 1975],
У трэцюю катэгорыю ўваходзяць захворванні, абумоўленыя беднасцю, недаяданнем і антысанітарнымі ўмовамі жыцця. Яны сведчаць аб неэфектыўнасці праектаў развіцця, якія служаць мэце інтэграцыі.
Хваробы развіцця ставяць перад намі шмат праблем, і каб вырашыць іх, трэба ведаць, чым выкліканы гэтыя хваробы. Антрапалогія набывае вялікае значэнне пры аналізе адпаведнага комплексу сацыяльных, культурных і прыродных фактараў. Зрэшты, такія хваробы, як дыябет ці онхацэркоз, не выкараніць новымі цуда-лекамі або пестыцыдамі. Каб перамагчы хваробу, трэба бачыць яе ва ўсіх аспектах.
НЕДАЯДАННЕ
Недаядае адзін мільярд людзей на Зямлі — прыблізна кожны пяты. Чаму людзі недаядаюць і як вырашыць гэтую праблему — вось адно з найважнейшых пытанняў, якія сёння стаяць перад навукоўцамі. Лёгкае недаяданне можа замінаць чалавеку ў нармальных штодзённых справах, яно памяншае супраціўляльнасць хваробам. Больш цяжкія выпадкі выклікаюць устойлівае парушэнне працы мозгу або нават смерць. Прычыны недаядання бываюць сацыяльныя — такія, як эканамічная адсталасць (яны абумоўліваюць колькасць і якасць даступнай ежы), і культурныя — гэта ўяўленні людзей аб тым, што можа лічыцца ежай, а што не [Foster, 1992],
Выбар ежы — пытанне з найважнейшых. К.алі б усё чалавецтва перайшло на вегетарыянскую дыету, то сусветнай харчовай прадукцыі хапіла б на 120% сучаснай чалавечай папуляцыі. Калі б агульны рацыён змяшчаў столькі мяса, колькі яго звычайна спажываюць у Лацінскай Амерыцы (выключаючы змеяў, яшчарак і насякомых), дык
і тады можна было б пракарміць 80% насельніцтва зямнога шара. Калі ж забяспечваць людзей харчаваннем, рэкамендаваным сусветнымі органамі аховы здароўя, то ежы, якая вырабляецца на зямным шары, будзе дастаткова толькі для 50% яго насельніцтва.
Недахоп ежы і мадэлі харчавання
Фрэдэрык Дан у сваёй працы аб збіральніках [Dunn, 1968, c.233] падае шматлікія звесткі аб адносна добрым харчаванні ў традыцыйных збіральніцкіх супольнасцях. Голад у іх здараецца рэдка, дзіцячая смяротнасць нізкая, а іх здабычы звычайна хапае на харчовыя патрэбы. Голаду не бывае і ў дробных земляробчых абшчынах, якія маюць дастаткова зямлі. Аднак Натан Коэн адзначае, што змяншэнне ў рацыёне жывёльнага пратэіну і большая ўдзельная вага збожжа як вынік пераходу ад збіральніцтва да земляробства панізілі якасць харчавання, і ў людзей пагоршылася здароўе, пачасціліся фізіялагічныя стрэсы. Так, у Новым Свеце пераход ад жывёльнага пратэіну да маісу стаў прычынай недаразвітасці і анеміі. Тым не менш насельніцтва павялічвалася дзякуючы найперш павышэнню ўраджайнасці [Cohen, 1989]. У сучасных збіральнікаў недаяданне бывае вынікам спаборніцтва з незбіральнікамі за рэсурсы 1 няўдалай інтэграцыі ў сучасныя дзяржавы. Вывучаючы харчаванне аўстралійскіх абарыгенаў з паселішча Эдвард Рывер на паўвостраве Кейп-Ёрк, Джон Тэйлар адзначыў: з таго часу як абарыгены ў 50-х гадах адмовіліся ад свайго традыцыйнага качавога існавання, пры якім яны спажывалі шмат натуральных прадуктаў, іх рацыён пазбавіўся найважнейшых складнікаў. У большасці аседлых плямён ён складаецца з праснакоў (мука з вадою), чорнага чаю і мяса пры нагодзе. У такой ежы найбольш нестае пратэіну, кальцыю, вітамінаў A і С. Пры такім недастатковым харчаванні жанчыны нараджаюць дзяцей з паніжанай вагой і аслабленым імунітэтам. Праблемы са здароўем працягваюцца ўсё жыццё, і сёння ў абарыгенаў куды вышэйшы ўзровень хвароб і смерцяў, чым у астатніх аўстралійцаў [Taylor, 1977],
Але самае значнае ў даследаваннях Тэйлара, бадай, тое, што паляпшэнне эканамічных умоў абарыгенаў з Эдвард Рывер не палепшыла іх харчавання. Зусім наадварот: заробкі павялічыліся, але дадатковыя грошы ідуць пераважна на нехарчовыя спажывецкія тавары. Праблема ў тым, што самі абарыгены лічаць сваю ежу нармальнай: мука з чаем даюць галоўнае — адчуванне сытасці. У выніку такога стаўлення да свайго рацыёна і згаданых эканамічных зменаў харчаванне там настолькі пагоршылася, што некаторыя проста мораць сябе голадам, хоць іх матэрыяльнае становішча, здаецца, і не з горшых.
Харчовыя праблемы невялікіх земляробчых супольнасцяў абвас-
трыліся пасля іх інтэграцыі ў буйныя рынкавыя дзяржавы. Сялянеземляробы заўважылі, што вялікі працэнт іх прадукцыі прысвойваецца неземляробамі, а рэшты (разам з платай за гэтую прадукцыю) ледзьве хапае, каб пракарміцца. Пачынаюць паніжацца і якасць, і разнастайнасць харчавання. Асабліва рэзка змяншаецца паступленне пратэіну. Так, у Эквадоры большасць сялян спажывае менш за палову пратэіну ў параўнанні з племенем ачуара хівара з джунгляў на ўсходзе краіны, дзе захоўваюцца элементы традыцыйнай харчовай адаптацыі.
Буйныя грамадствы з іх сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікай могуць вырабляць велізарную колькасць ежы, але і пракарміць там трэба мноства народу. У краінах, якія развіваюцца, нягледзячы на ўсе спробы павышэння прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, цяжка бывае ўгнацца за ростам насельніцтва. Але часта праблема заключаецца не толькі ў тым, каб вырабіць дастаткова ежы, але і ў інфраструктурных цяжкасцях пры яе захаванні, кансерваванні і размеркаванні. Адносная сацыяльна-эканамічная няроўнасцьтолькі абвастрае становішча. Перад гэтай праблемай стаяць не толькі бяднейшыя краіны. У ЗША, дзе ежы дастаткова, а сярэдні і вышэйшы класы перакормленыя і пакутуюць на лішнюю вагу, на ніжэйшых эканамічных ступенях грамадства недаядаюць мільёны людзей.
Успрыманне ежы ў культуры
Недаяданне можа развіцца і ва ўмовах дабрабыту, бо тое, што людзі ядуць, абумоўлена іх культурай. Аб недахопе ў сваім харчаванні жыццёва важных кампанентаў не ведаюць не толькі адносна бедныя і неадукаваныя людзі — скажам, абарыгены з Эдвард Рывер, але і шмат адукаваных і заможных жыхароў Паўночнай Амерыкі.
У кожным грамадстве з усяго выбару вядомых раслінных і жывёльных “страў” толькі паасобныя прызнаюцца “ежай”. У многіх культурах у склад харчавання ўваходзіць такое, што большасць заходнікаў ніколі б не прызнала за ежу — напрыклад, мяса сабак, якіх дзе-нідзе ядуць у Азіі і на Ціхім акіяне (Ішыгэ падае панапейскі рэцэпт, як смажыць сабаку ў земляной печы [Ishige, 1977]). Разнастайная жамяра і пустазелле выклікаюць яшчэ больш сумненняў у сваёй “спажыўнасці”. Іх усюды хапае, але шмат у якіх грамадствах, дзе яны не лічацца ежай, людзі будуць недаядаць і нават галадаць, жывучы, на погляд іншых, сярод сапраўдных прысмакаў. Так, племя бама [Ignatius, 1990] у правінцыі Гуансі на поўдні Кітая, якое можа ганарыцца найвышэйшай у свеце канцэнтрацыяй людзей звыш стогадовага веку, лічыць, што яны жывуць так доўга, бо ядуць дзікую траву, змеяў і яшчарак.