Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
нілася да арганізацыі перавароту, пры якім Ардэнс быў скінуты і ўлада перайшла да вайскоўцаў.
Становішча карэнных народаў
Мабыць, найбольш пацярпелі ад наступу заходняй цывілізацыі карэнныя народы каланізаваных або інкарпараваных рэгіёнаў — індзейцы ЗША і Канады, аўстралійскія абарыгены, амазонскія індзейцы і інш. Заваяваныя і ўключаныя ў сусветную сістэму гэтыя народы страцілі сваю зямлю, аўтаномію, а часам і само жыццё. Шмат якія з іх адбіваліся, і іншы раз ім удавалася ненадоўга выправіць свой лёс. Але ў рэшце рэшт тых, хто выжыў, або сагналі ў рэзервацыі, дзе яны апынуліся пад апекай дзяржавы, або, збяднелых і даведзеных да адчаю, асудзілі на маргінальнае існаванне на некалі іхняй зямлі.
Як гінуць такія народы, паказвае гісторыя бразільскага племені кайнганг. На мяжы стагоддзяў кайнгангі вялі паўвандроўнае жыццё ў глыбіні краіны на захад ад Сан-Паўлу. Калі н.а іх тэрыторыі пачалося будаўніцтва чыгункі і на іх зямлю сталі прыходзіць пасяленцы, высякаючы лясы і саджаючы кававыя дрэвы, кайнгангі мусілі пачаць барацьбу за выжыванне. Спачатку яны стараліся замірыцца з асаднікамі, але дарма. Тады яны пачалі нападаць на чыгуначных рабочых і пасяленцаў, так што ў Сан-Паўлу ўжо пачалі рыхтавацца да знішчэння племені, якое стала на шляху цывілізацыі. Служба аховы індзейцаў уратавала кайнгангаў ад поўнага знішчэння, але колькасць іх у 1912-1916 гг. зменшылася з 700 да 200 — найбольш праз смерць ад завезеных хвароб — такіх, як інфлюэнца (грып) і адзёр [Ribeiro, 1970].
Рэшткі заміраных кайнгангаў пасялілі ў невялікай рэзервацыі, між тым як чалавек, які завалодаў іх ранейшымі землямі, разбагацеў. У 1949 г. дзяржаўны чыноўнік адабраў палову рэзервацыі і перадаў яе тром бізнес-фірмам, атрымаўшы пры гэтым немалы барыш. У наступныя два дзесяцігоддзі прыватныя кампаніі і адно дзяржаўнае агенцтва па індзейскіх справах высеклі лес на астатняй частцы рэзервацыі. Большасць прыбыткаў ад высечкі пайшла камйаніям і чыноўнікам агенцтва; кайнгангам вярнулі толькі малую долю.
У 70-х гадах кайнгангі і іншыя мясцовыя індзейцы пачалі арганізоўваць рух супраціўлення і ў 1977 г. здолелі выгнаць са сваёй зямлі 2200 неіндзейскіх сем’яў. У адказ урад з дапамогай замежных місіянераў пачаў ствараць школы, каб выхоўваць больш лаяльных да сябе індзейскіх лідэраў. У 1980 г. адзін з лідэраў кайнгангскага руху супраціўлення быў забіты, на іншых таксама рабілі замахі.
Аслабіўшы супраціўленне індзейцаў, урад распачаў будаўніцтва ГЭС, якая ў далейшым затапіла вялікую частку кайнгангскай рэзервацыі. Астатнюю тэрыторыю і далей працягвалі захопліваць сквотэры.
К канцу 1984 г. кайнгангі разам з іншымі групамі карэннага насельніцтва па ўсёй Бразіліі зноў пайшлі ў наступ [Howard, 1987, с.61 -63]. Члены кайнгангскай супольнасці правялі галадоўку і прымусілі ўлады прызнаць іх правы на частку іхняй жа зямлі, якую ўвогуле маглі адабраць. Але выкананне дамовы зацягвалася. Тады група кайнгангаў у кастрычніку 1984 г. правяла марш у сталіцу краіны, а ў сакавіку 1985 г. быў арганізаваны і нацыянальны паход да яе. Нарэшце ў студзені 1986 г. урад абвясціў аб стварэнні індзейскай рэзервацыі Кайнганг.
Праблемы, з якімі сутыкнуліся кайнгангі, агульныя амаль для ўсіх карэнных народаў свету. Пацярпелыя ад нападаў і завезеных хвароб, яны зразумелі: хто нажываецца за іх кошт, можа адабраць і тую драбніцу, якая ў іх засталася. Спробы супраціўлення падаўляюцца рознымі шляхамі, у тым ліку і вайсковай сілай.
ГЕНАЦЫД. Супраць многіх карэнных народаў праводзілася палітыка генацыду — свядомага і сістэматычнага вынішчэння пэўнай палітычнай ці культурнай групы. Напрыклад, з XVII ст. аж да пачатку XIX ст. каланісты Ньюфаўндленда высочвалі і забівалі мясцовых тубыльцаў — беатукаў: “спачатку таму, што разглядалі іх як перашкоду, а пасля дзеля спартыўнага інтарэсу ўпаляваць такую няўлоўную дзічыну” [Horwood, 1969, с.72]. Мірныя прапановы беатукаў заўжды натыкаліся на жорсткасць, і пасяленцы часта збіралі атрады, каб страляць па іх, як па драпежніках.
Пасля заканчэння эпохі ранняй каланізацыі генацыд не спыніўся. Аўстралійскія абарыгены зазналі яго нават у 20-х гадах нашага стагоддзя: арганізаваныя банды белых нападалі на іх стаянкі, a фермеры нават даходзілі да таго, што падкідвалі ім атручаную муку. Рэйды арганізаваных неіндзейскіх груп на мірныя абшчыны індзейцаў здараюцца дзе-нідзе ў Паўднёвай Амерыцы яшчэ і зараз.
Калі карэнныя меншасці, якім адмоўлена ў мірных сродках вырашэння канфлікту, у адчаі спрабуюць пратэставаць, гэткая “ваяўнічасць” служыць апраўданнем для іх вынішчэння. Напрыклад, калі індзейцы эмбэра ў Калумбіі пачалі адстойваць залаты прыіск, які ў канцы 70-х ацкрыў адзін іх супляменнік, мясцовыя землеўладальнікі і золатанг<кальнікі пачалі скрозь нападаць на Lx. Пад ціскам з боку землеўладальнікаў і праз чуткі, нібы эмбэра вядуць падрыўную дзейнасць, урад на пачатку 1981 г. прыслаў паліцыю. У бойцы
некалькі эмбэраў былі забіты, іншых узялі ў палон. Падобным чынам нанятыя багатымі землеўладальнікамі бандыты пазабівалі ў іншых частках Калумбіі дзесяткі індзейскіх лідэраў, і ніколі справа не даходзіла да суда.
ЭТНАЦЫД. Нават калі этнічныя меншасці фізічна не знішчаюцца, то могуць разбурацца іх культурныя традыцыі. Ва ўмовах распаўсюджвання заходняй цывілізацыі карэнным народам цяжка захаваць адметнасць сваіх культур. У такіх народаў, пазбаўленых рэсурсаў і прыгаломшаных новай тэхналогіяй, літаральна адбіраецца з-пад ног зямля. Сістэматычнае разбурэнне культуры народа называецца этнацыдам.
Этнацыд — вынік экстрэмісцкай палітыкі, скіраванай на інкарпарацыю меншасцяў у дамінуючую культуру праз іх заахвочванне ці прымусам. Ён грунтуецца на меркаванні, што культура карэннага народа ніжэйшая, і вышэйшая дамінуючая культура павінна яе выцесніць. Этнацыд — гэта жорсткі этнацэнтрызм. Звычайны шлях яго ажыццяўлення — калі бацькоў прымушаюць пасылаць дзяцей за блізкі свет у школы, дзе тых далучаюць да вартасцяў новай культуры. Іншая тактыка — матэрыяльна ўзнагароджваць першых рэнегатаў, каб заахвоціць да здрады і іншых. Забараняюцца таксама традыцыйныя звычаі. У абарону такой палітыкі звычайна гаворыцца, што яна ідзе на карысць карэнным народам — “пераносіць іх з каменнага веку ў касмічны”. Але куды большая тая карысць, якую маюць “носьбіты цывілізацыі”, — набыццё зямлі і да т.п. Дамінуючая культура ў такіх выпадках атрымлівае значна больш.
Адны карэнныя народы з гатоўнасцю ідуць на страту сваёй культуры, спадзеючыся пры новым ладзе атрымаць матэрыяльную кампенсацыю. Другія ўспрымаюць гэта як непазбежнасць, трэція адчайна супраціўляюцца. Нават сярод тых, хто перакананы ў звышкаштоўнасці індустрыяльнай культуры, не кожны прымае яе з захапленнем: шмат людзей хутчэй аддадуць жыццё, чым пагодзяцца з “дабрадзейнасцю” заходняй цывілізацыі. Адна з галоўных болевых кропак сённяшняга свету — гэта змаганне карэнных народаў за права захоўваць сваю адметнасць і выкарыстоўваць свае рэсурсы на ўласны одум. У Канадзе, ЗША, Бразіліі і Аўстраліі гэтая барацьба засяроджваецца вакол права на зямлю — права кожнага карэннага народа кантраляваць тое, што робіцца на спрадвечных яго тэрыторыях, а таксама — на кампенсацыю за страчаныя землі.
Хоць сёння ў Канадзе і ЗША барацьба за зямельныя правы адбываецца пераважна ў судовым парадку, пачуццё несправядлівасці і выкліканы ім гнеў часам вядуць да жорсткіх сутычак. Пратэсты
індзейцаў сіў з Уаўндэд Hi (Паўднёвая Дакота) супраць адабрання ў іх дагаворных правоў перайшлі ў 1973 г. ва ўзброены канфлікт з федэральнымі ўладамі — са стралянінай і заложнікамі. У ліпені 1990 г. падчас атакі на барыкады магаўкаў з Ока (Квэбэк) быў забіты афіцэр паліцыі.
Жорсткасць у барацьбе за справядлівасць — звычайная з’ява ў краінах, дзе тубыльцы амаль не спадзяюцца на дапамогу суда. Напрыклад, плямёны карэнаў, качынаў і іншыя ваююць з бірманскім урадам ад 1948 г., калі краіна атрымала незалежнасць. Меланезійцы з Ірыян-Джая таксама змагаюцца за незалежнасць з пачатку 60-х гадоў, калі іх тэрыторыю занялі інданезійцы. Такое супраціўленне абумоўлена і культурнымі, і эканамічнымі падставамі. Спыніць барацьбу — гэта не проста перастаць скакаць па-свойму ці насіць свае строі. Гэта азначае апынуцца на самым дне чалавечай супольнасці і ўслед за кайнгангамі прыйсці да жудаснай галечы.
Разбурэнне асяроддзя
Пры пашырэнні урбанізацыі і індустрыялізацыі забруджанне навакольнага асяроддзя набывае нябачаныя маштабы. Такія катастрофы, як аварыі на хімічным заводзе ў Бхапале (Індыя) у 1984 г. і на Чарнобыльскай АЭС у СССР у 1986 г., не маюць гістарычных паралеляў. Зараз у паветра, глебу і ваду выкідваецца болей бруду, чым калі-небудзь раней. У мінулым нельга было б і ўявіць такую якасць паветра, як у Мехіка з яго буйной прамысловасцю і 3 млн аўтамабіляў. Сённяшнія пустыні і бязлесыя ландшафты — жахлівы вынік разбурэння асяроддзя, звязаны з павелічэннем колькасці насельніцтва планеты. ІДяпер жа мы знішчаем нашу прыроду куды больш хуткімі тэмпамі.
Раней нас супакойвала думка, што рэсурсаў заўсёды будзе шмат, а атмасфера, акіяны і глеба паглынуць увесь бруд, які мы туды выкідваем. Але сёння, калі асяроддзе апынулася ў страшэннай небяспецы, людзі пачынаюць разумець, што такія меркаванні былі наіўнымі: 400 гадоў таму 90% зямлі на Гаіці было занята лясамі, a сёння пад лесам толькі 5% яго тэрыторыі. Моцна забруджаны паветра і вада, а праз разбурэнне ў атмасферы ахоўнага азонавага слоя адкідамі сучаснай тэхналогіі нас усё больш апраменьвае небяспечная сонечная радыяцыя.
Адна з самых сур’ёзных экалагічных праблем — масавае вынішчэнне трапічных джунгляў. Калі захаваюцца цяперашнія тэмпы гэтага вынішчэння, то праз два-тры дзесяткі гадоў у выніку высечкі, пажараў, кіслотных дажджоў і іншага трапічныя джунглі могуць
практычна знікнуць. Цяперашнія тэмпы абязлесення відаць на прыкладзе Суматры: там з 1982 да 1990 г. знікла трэцяя частка ўсіх лясоў. Гэта мае непасрэднае дачыненне да ўсіх лясных жыхароў. Пад пагрозай знаходзяцца і многія археалагічныя помнікі ў джунглях. У Паўднёвай Мексіцы кіслотныя дажджы, да якіх спрычыніліся, між іншым, нафтаперапрацоўчыя заводы і турысцкія аўтобусы, пагражаюць цяпер мільёнам акраў трапічных джунгляў, дакалумбаўскім руінам і лясным жыхарам, такім, як тыя ж лакандоны. A паколькі свет складае адзіную вялізную экалагічную сістэму, то страта такога найважнейшага яе складніка, як трапічныя лясы, можа мець непрадказальныя наступствы.