Сучасная культурная антрапалогія  Майкл Говард

Сучасная культурная антрапалогія

Майкл Говард
Выдавец: Беларускі Фонд Сораса
Памер: 478с.
Мінск 1995
143.9 МБ
Зразумела, што вынішчэнне джунгляў — надзвычай сур'ёзная і важная праблема. Празмерныя высечкі, няправільнае вядзеннелясной гаспадаркі, марнатраўная жывёлагадоўля, міграцыя і яе вынік — перанаселенасць, дарожнае будаўніцтва і такія камерцыйныя віды дзейнасці, як здабыча карысных выкапняў, прамысловае земляробства і гідраэлектрастанцыі, руйнуюць жыццё карэнных народаў і даводзяць іх землі да поўнай непрыдатнасці. Ад парушэнняў тонкай экалагічнай раўнавагі буйных рэгіёнаў гіне шмат відаў раслін (у тым ліку карысных для медыцыны) і жывёлы. У апошнія гады ў раёнах найбольшых высечак пашырэнне эрозіі глебы выклікае затапленні, праз якія гіне шмат людзей і маёмасці.
Даследаванні паказалі, што высечка лясоў парушае і лакальныя, і глабальныя кліматычныя мадэлі, у тым ліку тэмпературныя і дажджавыя. Адна з прычын тая, што лясы вяртаюць у атмасферу значную частку вільгаці і перапрацоўваюць двухвокіс вугляроду ў кісларод. Навукоўцы лічаць, што памяншэнне гэтай перапрацоўкі і павелічэнне ўзроўню двухвокісу вугляроду ад лясных пажараў служаць асноўнай прычынай парніковага эфекту — пацяплення атмасферы. На вялікай частцы паўночнага ўмеранага пояса, у тым ліку ў амерыканскай і канадскай зоне вырошчвання збожжа, парніковы эфект можа прывесці да пацяплення. Раставанне лёду на полюсах можа павысіць узровень мора, якое затопіць тады шмат прыбярэжных тэрыторый і прывядзе да знікнення такіх астраўных дзяржаў, як Кірыбаці ці Тувалу.
Клопат аб праблемах асяроддзя ставіць перад беднымі краінамі свету важныя пытанні. Імкнучыся палепшыць узровень жыцця, такія краіны сутыкаюцца з невырашальнымі супярэчнасцямі. Як ім узгадніць патрэбу ў развіцці з неабходнасцю ў экспарце драўніны са сваіх лясоў, прадуктаў са сваіх слабых глебаў і неўзнаўляльных мінеральных і нафтавых рэсурсаў? А спрабуючы абмежаваць развіццё такіх крыніц энергіі, як гідраэлектрастанцыі, яны рызыкуюць яшчэ больш збядніць свае лясы як крыніцу паліва. Бяднейшым
краінам цяжэй, чым развітым, палепшыць стан навакольнага асяроддзя. Утылізацыя смецця, якога набралася ўжо шмат, і ачышчальныя збудаванні каштуюць дорага, а строгае выкананне прымусовых пастаноў накладвае на абмежаваныя бюджэты ўрадаў дадатковы цяжар.
ДА РАЗВЯЗАННЯ ПРАБЛЕМ
Праблемы людзей па ўсім свеце цяпер такія разнастайныя, што не дзіва, калі многія проста ігнаруюць іх, апускаюць рукі або ставяцца да іх даволі цынічна. Але над іх вырашэннем працуюць тысячы арганізацый, агенцтваў і паасобных людзей. Тое, што праблем не меншае, сведчыць не так пра бясплённасць гэтай працы, як пра маштабы цяжкасцяў і складанасць пошуку адаптацыйнай стратэгіі, якая забяспечыла б адносна справядлівы жыццёвы ўзровень у сусветным маштабе.
Ад самага пачатку соцыякультурная антрапалогія ўважліва даследуе з’яву слабаразвітасці і прыкладае намаганні па яе ліквідацыі. Гэтая галіна антрапалогіі адыграла важную ролю ў паляпшэнні дыялогу і паразумення культур. Напрыклад, калі спецыялісты па соцыякультурнай антрапалогіі забяспечваюць адпаведныя ўстановы інфармацыяй пра погляды і настроі абяздоленых, іх праца робіцца больш сугучнай патрэбам супольнасцяў, якім яны імкнуцца дапамагчы.
Дастасоўная антрапалогія
Хоць шмат антраполагаў займаецца праблемамі чалавека тэарэтычна — праз сваю выкладчыцкую і навуковую працу, некаторыя з іх актыўна спрычыняюцца да грамадскіх змен. Гзта дастасоўныя антраполагі. Дастасоўнай антрапалогіяй называюцца тыя даследаванні і тая дзейнасць, якія накіраваны на стварэнне аптымальнага для пэўнай людской супольнасці соцыякультурнага стану. Падчас гэта проста ўратаванне людзей ад вынішчэння ці страшэннай галечы.
Тэрмін “дастасоўная антрапалогія ” ўпершыню ў 1881 г. выкарыстаў брытанскі антраполаг Лэйн Фокс Піт-Рыверс. Гэтая субдысцыпліна ўзнікла як “род сацыяльнай працы і намаганняў па грамадскім развіцці нябелых народаў” [James, 1973, с.41]. Так, брытанскія антраполагі займаліся адукацыяй каланіяльных чыноўнікаў і даследавалі для каланіяльных урадаў юрыдычныя сістэмы, землеўладанне, рэлігійныя рухі, харчаванне і міграцыю абары-
генаў. Антраполагам часам даручалася правядзенне этнаграфічных даследаванняў на крызісных тэрыторыях, каб там лягчэй усталёўвалася каланіяльная ўлада.
У 30-я гады XX ст. у ЗША Бюро па справах індзейцаў і Служба аховы глебы наймалі антраполагаў дзеля распрацоўкі праблем індзейскага насельніцтва рэзервацый. Падчас другой сусветнай вайны антраполагі вывучалі праблемы прымусовага высялення з заходняга ўзбярэжжа амерыканцаў японскага паходжання і японскіх імігрантаў і выпрацоўвалі адпаведныя рэкамендацыі. Пасля вайны яны супрацоўнічалі з адміністрацыяй новых амерыканскіх калоній у Мікранезіі на Ціхім акіяне.
Заняпад каланіяльнай сістэмы пасля другой сусветнай вайны дазволіў распачаць нападкі на антрапалогію, асабліва дастасоўную. Нацыяналістычныя лідэры, якія шмат дзе замянілі каланіяльную адміністрацыю, атаясамлівалі антраполагаў з былымі рэжымамі і разглядалі іх як абаронцаў каланіяльнага прыгнёту. Хоць такое стаўленне ў асобных выпадках і было апраўданым, але ў цэлым гэта выглядала як празмернае спрашчэнне і скажэнне праблемы. Асобныя антраполагі сапраўды падтрымлівалі каланіяльную сістэму, але большасць з іх імкнулася як мага палепшыць умовы жыцця карэннага насельніцтва.
Пасля сканчэння каланіяльнай эры, калі дастасоўная антрапалогія апынулася ў такім незайздросным становішчы, спецыялісты гэтай галіны навукі засталіся толькі ў каледжах і універсітэтах. Некаторыя з іх працягвалі працу ў міжнародных агенцтвах развіцця, дзяржаўных і прамысловых установах, але гэтая праца ўжо была далёкай ад асноўнага рэчышча антрапалагічных даследаванняў. Дастасоўная антрапалогія пасля крушэння каланіялізму найлепш захавалася ў ЗША. Так сталася з прычыны адносна вялікай колькасці карэннага насельніцтва краіны і ў выніку глабальнага геапалітычнага значэння Амерыкі. У гэты перыяд антраполагі займаліся ў асноўным такой жа працай, як і пры каланіялізме, аддаючы перавагу вырашэнню канкрэтных праблем перад фундаментальнымі.
У канцы 60-х — пачатку 70-х гадоў дастасоўная антрапалогія ў Амерыцы перажывала крытычны перыяд. Працуючы на бізнес і ўрад, антраполагі рызыкавалі стаць абаронцамі інтарэсаў багатых і моцных, а не тых, хто сапраўды патрабуе дапамогі. Асабліва палкія спрэчкі выклікала роля антраполагаў у ваенных дзеяннях Амерыкі ў Паўднёва-Усходняй Азіі.
Пакуль доўжацца спрэчкі аб этыцы дастасоўнай працы антраполагаў, колькасць навукоўцаў, чые інтарэсы поўнасцю або часткова ляжаць у гэтай сферы, за апошнія гады значна павялічылася. Іх
дзейнасць вельмі разнастайная — гэта і дапамога ў ажыццяўленні адукацыйных праграм, у якіх улічваецца культура пэўных народаў, і вывучэнне сацыяльнага ўздзеяння аўтастрад і нафгаправодаў, і дапамога карэнным народам у іх тэрытарыяльных прэтэнзіях. Уся іх праца падзяляецца ў асноўным на дзве катэгорыі: планаванне развіцця і прапаганда на карысць пэўных культурных груп.
Планаванне развіцця
Антраполагі ўдзельнічаюць у фармулёўцы і ажыццяўленні планаў па развіцці адсталых краін. Найчасцей яны ўваходзяць у шматгаліновую каманду разам з іншымі экспертамі — аграномамі, інжынерамі, медыкамі, эканамістамі і географамі. Падрабязныя веды антраполага пра насельніцтва пэўнага краю і яго цэласны, інтэгральны падыход да праблемы звычайна бываюць незаменнымі.
Адна з самых важных задач для антраполагаў, якія ўдзельнічаюць у праектах развіцця, — гэта ажыццяўленне дыялогу паміж праектантамі і мясцовым насельніцтвам. Як правіла, мясцовае насельніцтва ім не давярае. I такі недавер часам слушны, бо прыезджым часта нестае ведаў аб мясцовай культуры і спецыфічных патрэбах і імкненнях карэннага насельніцтва. Пітэр Вейль называе дзве рэчы, якія павінен зрабіць антраполаг дзеля збліжэння з народам: 1) вызначыць і прааналізаваць працэс прыняцця рашэнняў у мясцовай супольнасці; 2) дапамагчы і жыхарам, і праектантам прыстасаваць мясцовыя структуры да патрэб развіцця краю з улікам інтарэсаў мясцовага люду [Weil, 1980, с.315]. Тады ўжо відаць, з кім сярод жыхароў трэба гутарыць. Гэтыя захады дапамагаюць таксама забяспечыць (наколькі магчыма) захаванне мясцовых звычаяў і ўлічыць патрэбы людзей.
Антраполагі складаюць і ажыццяўляюць праграмы развіцця не толькі для нацыянальных і міжнародных устаноў, але і для пэўных супольнасцяў або заказчыкаў на мясцовым узроўні. Некаторыя карэнныя супольнасці ў Канадзе, ЗША і Аўстраліі наймаюць антраполагаў як дарадцаў па мясцовых праблемах і кантактах з дзяржаўнымі ўстановамі. У краінах, што развіваюцца, антраполагі працуюць таксама з няўрадавымі арганізацыямі. Так, пры супрацоўніцтве з кааператывамі веданне мясцовых умоў дазваляе антраполагам садзейнічаць справе развіцця і ажыццяўляць пасрэдніцкую місію.
Антраполагі не толькі распрацоўваюць паасобныя праекты, але і вывучаюць асаблівасці развіцця, разглядаючы планаванне ў кантэксце іншых соцыякультурных феноменаў. Пры гэтым даследуюцца культура і сацыяльная арганізацыя саміх праектан гаў. Яны разглядаюцца як кгінкрэтныя асобы, на дзейнасць якіх уплывае іх асярод-
дзе. Так, працу міжнароднай арганізацыі — напрыклад, Сусветнага банка — нельга зразумець, не ведаючы жыцця яго супрацоўнікаў (палітычнага кантэксту іх працы, іх кар’ерных мэтаў, шляхоў атрымання інфармацыі і яе практычнага скарыстання).
Жанчыны і развіццё
Асабліва важнае значэнне набывае праца антраполагаў у вызначэнні ролі жанчын у працэсе развіцця. У апошнія дзесяцігоддзі спецыялісты па развіцці ўсё больш усведамляюць, наколькі цяжка жанчынам у сувязі з праблемамі слабаразвітасці і якое значнае іх месца ў грамадстве. Антрапалагічныя даследаванні паказалі, што ўклад жанчын у эканоміку куды большы, чым меркавалася раней [Bossen, 1984; Leacock and Safa, 1986; Nash and Safa, 1986], Адзначана i тое, да якой ступені сацыяльныя і культурныя фактары — такія, як догляд дзяцей і іншая хатняя праца, — перашкаджаюць удзелу жанчын у вытворчасці. Дастасоўная вартасць гэтых даследаванняў спрыяе ажыццяўленню праектаў, якія ўлічваюць пытанні полу, дапамагаюць вырашыць асобныя жаночыя праблемы, у тым ліку ўдзел жанчын у эканамічным жыцці.
Прапаганда
Кожны, хто плануе ці ажыццяўляе змены, фактычна прапагандуе пэўныя мэты і пэўны лад жыцця. У дастасоўнай працы адкрытая прапаганда звычайна не вядзецца. Да дастасоўнага антраполага ставяцца звычайна як да тэхнічнага спецыяліста, які выкарыстоўвае свае веды для выканання пэўнай нейтральнай задачы. Але не кожны антраполаг прэтэндуе на нейтральнасць і не абавязкова імкнецца да яе. Беднасць і бяспраўе тых, з кім даводзіцца працаваць, шмат каго абавязвае выступіць на іх баку. Пра гэта нагадаў Томас Мэлвіл сваім заклікам у абарону гватэмальскіх майя: “Мы, антраполагі, сядзелі з гватэмальскімі індзейцамі за адным сталом, елі іх нішчымную ежу, смяяліся, пілі і курылі з імі — і зараблялі на жыццё, пішучы пра іх культуру. Ганьба нам, калі мы пасля гэтага пакінем іх моўчкі” [Melville, 1981, c.l], Такі прапагандысцкі падыход, аднак, не азначае, што мясцовае насельніцтва быццам бы няздатнае гаварыць само за сябе. Наадварот, гэтым даводзіцца думка аб грамадскім абавязку антраполагаў абараняць тых, каму кепска, і змагацца за асноўныя правы чалавека.