Свята для сэрца
Невялікія гісторыі для юных беларусаў
Анатоль Бензярук
Памер: 152с.
Мінск 2009
берасцейскую зямлю. У 1287 годзе, адчуваючы, што смерць ужо недалёка, валынянін вывеў на пергаменце: «Гэта я, князь Уладзімір, сын Васількаў, унук Рамана, пішу грамату, у якой даю па смерці горад Кобрынь сваёй княгіне...»
Так упершыню быў пісьмова згаданы Кобрын. Некаторыя вучоныя лічаць, што горад атрымаў імя ад ваяўнічага племені обраў (авараў), якое прыйшло з усходу.
29
Доўга обры ваявалі са славянамі. Але аднойчы згінулі, быццам ніколі іх і не было. Засталіся ў памяць пра обраў толькі назвы вёсак: Абрына паблізу Целяханаў, Абровы на Іванаўшчыне, Аброўская Вулька ў Івацэвіцкім раёне.
Кобрын узнік у сутоцы Мухаўца і Кобрынкі, на месцы рыбацкага паселішча. Пазней тут узняліся ў неба два замкі — Верхні і Ніжні, абароненыя ровамі, валамі і вежамі.
Вежкі князя Рамана
У XIV стагоддзі кіраваў Кобрынам князь Раман Фёдаравіч. Спакойна жылося ў той час тутэйшаму люду. Ды вось весткі з захаду ляцяць: збіраецца польскі кароль заваяваяць нашу зямлю. Выйшаў князь Раман да людзей:
— Бяда на нас рухаецца, кобрынцы! Трэба вокал горада вежкі будаваць, бо, калі вораг нападзе, не здолеем адбіцца.
Загадаў князь майстрам скласці ўздоўж мяжы невялікія вежы. Дзень і ноч працавалі кобрынцы, дзень і ноч.
Вось ужо рушылі палякі ў паход — нашыя землі заваяваць. Хутка да Берасця дайшлі. Адкрылі берасцейцы ім свае брамы. Узрадаваўся польскі кароль, паведаміў Раману Кобрынскаму:
— Я ўжо Берасцейскую вежу ўзяў. Здавайся!
— Вежу ты ўзяў, — адказаў князь Раман, — дык яшчэ і вежкі мае пазабірай!
Бачыць польскі кароль, што без бою не здасць горада князь Раман, а ваяваць ужо стаміўся — вярнуўся ў Берасце.
Так маленькія вежкі нашую зямлю абаранілі. А каля іх утварылася вёска, якую назвалі Вежкамі.
Здрада і вернасць
Сто гадоў таму наведаў нашыя мясціны таленавіты вучоны, збіральнік гістарычнай спадчыны Аляксандр Ельскі. Падарожнічаў колькі дзён, а спыніўся ў Гарадзішчы, што пад Баранавічамі. I не выпадкова, бо адзначыў:
30
— Мабыць, адсюль і пачыналася Вялікае Княства Літоўскае. Вось яно, сэрца Міндоўгавай Літвы.
Вучоны ведаў, што доўгі час нашу Беларусь называлі Літвою, а цяпер ён знайшоў і месцы, дзе нараджалася ЛітваБеларусь.
У XIII стагоддзі славуты князь Міндоўг стаў заснавальнікам новай дзяржавы, якая пры яго нашчадках зрабілася найбуйнейшай краінай Еўропы.
А ў самога Гарадзішча быў нялёгкі гістарычны шлях.
Вялікі князь некалі падараваў Гарадзішча Сямёну Бельскаму. Аднак той нядоўга захоўваў удзячнасць і вернасць. Склаў Бельскі змову, каб гаспадара пазбавіць жыцця і захапіць ягоны прастол. Калі здрада раскрылася, збег Сямён «пад руку» маскоўскага князя, аславіўшы сваё імя на вякі.
Пазней гаспадыняй Гарадзішча была Алена, дачка Івана Маскоўскага. Яна стала жонкай вялікага князя літоўскага Аляксандра. Калі бацька адпраўляў Алену ў ЛітвуБеларусь, дык прыставіў да яе нейкага папа, каб той ва ўсе вочы глядзеў, усё навокал. высочваў, а потым перадаваў таемныя звесткі да маскоўскага двара. Аднак Алена, як пераехала мяжу, вярнула таго наглядчыка дамоў:
— Ніякай здрады мужу свайму не прывязу і краіне ягонай няшчасця не прынясу!
Высокі Горад
Пачаткі горада Высокага сягаюць у часы, калі набірала сілы і разрасталася Вялікае Княства Літоўскае.
Аднойчы князь Гедымін аглядаў свае новыя ўладанні. I на нейкую хвіліну прыпыніўся на рацэ Пульве.
Стаяў князь на месцы, узнятым над раўнінай, і пачуў раптам, як тутэйшыя людзі спяваюць.
Быў Гедымін як гара. I на зямлі стаяў, быццам прырос. У руках меў такую сілу, а ў вачах такую моц, што і дзікі звер ягонага погляду не вытрымае, адвядзе вочы. А тут пачуў князь песню — і спыніўся зачараваны.
31
Ox, як запелі яны! Голас да голасу. Сэрцам да сэрца...
Як раней агонь здабывалі? Памятаеш? Камнем па камені. Ад крэсіва зорачкаіскра нараджалася... А калі голас да голасу, сэрцам аб сэрца?! Песня народзіцца!
Прыпыніўся ў замілаванні суровы князь. Ад тых спеваў, што душу кранулі глыбока. Ад высокай песні!
— Тут будзе Высокі Горад, — сказаў Гедымін. — Такі высокі і вольны, як гэты спеў!
Гэтак, быццам знячэўку, упершыню стары летапіс назваў «самы апошні на захадзе» Беларусі гарадок.
— Далей за ім, — як кажуць высокаўцы, — дарог няма.
Што ж гэта — «край свету»? Ці толькі пачатак краіны, горадабаронца, першы на шляху заваёўнікаў?
1. Як ты лічыш, чаму Пінск называюць сталіцай Палесся?
2. Што дрэннага і добрага зрабіў у жыцці князь Давыд?
3. За што каменчукі шануюць князя Уладзіміра і дойліда Алексу?
4. Як табе падаецца, якія словы больш старажытныя: Пінск ці Піна, Кобрын ці Кобрынка, стол ці сталіца?
5. Перакажы легенду пра Вежкі князя Рамана.
6. Чые ўчынкі табе больш падабаюцца — Сямёна Бельскага альбо княгіні Алены? Чаму?
7. Хто заснаваў горад Высокае?
ПОЛЕ ГРУНВАЛЬДА
Крыжакі
Сяброў з розных куткоў свету Берасцейшчына заўсёды сустракае хлебамсоллю, гасцінна адчыняе дзверы перад добрымі людзьмі. Але, на жаль, прыходзілі да нас не толькі сябры.
Пасяліліся ў Прыбалтыцы германскія рыцары. Былі яны ўмелыя воіны, грозныя ў баі. Былі ўзброены мячамі, дзідамі, лукамі са стрэламі. Рыцары насілі латы і доўгія белыя плашчы з нашытымі чорнымі крыжамі. За гэта іх называлі крыжакамі.
Рыцарыкрыжакі сцвярджалі, што змагаюцца за хрысціянскую веру, але нярэдкаўзнімалі меч супраць безабаронных. Вынішчылі крыжакі племя прусаў, ставарылі сваю моцную дзяржаву ў Прусіі. Толькі імя і засталося ад вольнага прускага народа. Хутка пачаліся крыжацкія напады на Беларусь.
Пабачылі заваёўнікі, што няма міру паміж унукамі Гедыміна — Ягайлам і Вітаўтам.
Ягайла — польскі кароль. Вітаўт — князь берасцейскі. Але абодва жадаюць гаспадарыць ва ўсёй ЛітвеБеларусі. He саступаюць браты адзін аднаму, змагаюцца, прыносячы незлічоныя беды нашаму краю.
А крыжакі ўсё часцей нападалі на Камянец, Гародню, Берасце, Бельск, Драгічын. Гарэла наша зямля, запаленая варожымі паходнямі.
Трэба спыніць братазабойчую вайну!
33
Сустрэча ў Берасці
Ішоў 1409 год. Завітаў Ягайла ў Берасце на спатканне з Вітаўтам. Іх воіны адклалі ў бок зброю, распалілі вогнішча. Пусцілі па крузе вялікую чашу браціну з салодкім і гаркаватым мёдам. Нездарма чаша так завецца: усе, хто з яе вып’е, становяцца братамі і не могуць больш узняць адзін на аднаго руку!
Польскі рыцар Завіша прыгубіў мёд, шырокай далонню вусны абцёр. Усміхнуўся Завіша, перадаў браціну берасцейцу Ціту:
— Мір твайму дому, русін!
— Мір твайму дому, лях! — адказвае Ціт.
Паплыла браціна па колу. Кожны пра мір згадвае, але пра вайну трывожна думае.
Моцным хорам выгукнуді ваяры:
— Каралю Ягайлу — слава! Вітаўтукнязю — слава! Хай яны замірацца, пабратаюцца. Хай ворагі дрыжаць, як лісце на асіне!
А за шырокім сталом у Берасцейскім замку сядзяць Вітаўт і Ягайла. Доўга гавораць. Ужо і месяц на неба ўзышоў. Няпростая бяседа.
— Неспакойна ў нашым краі, браце, — пачынае кароль. — Крыжакі толькі і чакаюць, калі мы загінем паасобку, каб захапіць Польшчу з Літвою.
— Згуба ўсіх чакае, калі паміж сабою не спынім барацьбу, — згаджаецца вялікі князь. —Досыць помніць благое!
Паглядзелі Вітаўт і Ягайла адзін аднаму ў вочы. Працягнулі браты рукі, крыж пацалавалі і паабяцалі ніколі больш не быць ворагамі. Дамовіліся разам пачаць вялікую вайну супраць крыжакоў.
У Белавежскай пушчы
Едзе ганец пад Столін, у Гарадную. Тут спрадвеку жывуць добрыя ганчары. А Іванаўшчына здавён славіцца цудоўнымі бондарамі. Да іх спяшаецца іншы ганец.
34
— Майстравыя людзі! Вялікі князь Вітаўт загадвае вам хутка зрабіць вялізныя гаршкі і бочкі. He для вяселля гэта патрэбна, не для забавы — вайна з крыжакамі!
Узімку ў Белавежскую пушчу пачалі звозіць безліч вялікіх бочак і гаршкоў. Воі на чале з самім каралём Ягайлам восем дзён палявалі ў пушчанскіх дубравах. Здабылі многа дзічыны. Мяса засалілі ў вялікіх бочках, паклалі ў вялізныя гаршкі і сплавілі іх на плытах па рэках да таго месца, дзе павінны сустрэцца польскія і ліцьвінскія войскі.
Плячо да пляча становяцца жыхары ўсіх земляў, каб змагацца з ворагам.
Пакрыжаваліся мячы...
Адвеку самай мірнай лічыцца праца хлебароба. Але як часта прыпынялі гэтую пачэсную працу войны! Калі вораг ідзе на Беларусь, адрываецца селянін ад сахі, бярэ ў рукі зброю — бароніць Бацькаўшчыну.
Сярэдзіна лета прыносіць вялікую спёку. Пыл курыцца да неба. Ляціць па дарозе, як вецер, вершнік. Спяшаецца, б’е каня свайго па баках. Хрыпіць конь, іржэ, пенаю пырскае. Падлятае ганец да Берасця, урываецца ў расчыненую браму.
Што ў ягоных руках? Вянок з лазы! Ведаюць гараджане, што гэты знак азначае: «Вайна! Зноў вайна ідзе!»
— 3 кім біцца? Хто да нас цяпер з мячом завітаў?
— Крыжакі! Крыжакі! — крычыць княскі пасланец і гоніць далей свайго каня.
Моцныя сілы трэба, каб спыніць крыжацкую навалу. На чале нашага войска — сам вялікі князь Вітаўт. Яму на дапамогу спяшаюцца ваяры з усёй Беларусі. Ёсць тут таксама берасцейскі і пінскі палкі. У іх змагаюцца нашыя землякі.
15 ліпеня 1410 года сустрэліся два вялікія войскі пад Грунвальдам (на поўначы Польшчы). Пачалася бітва крывавая ды ўпартая. Гул яе чуваць за некалькі кіламетраў. Воін ідзе на воіна. Звіняць мячы. Трашчаць і ламаюцца шчыты. Ідзе бітва не на жыццё, а на смерць...
35
Палову дня б’юцца праціўнікі. Дрыжыць зямля. Хіліцца гарачае сонца долу. Вось не вытрымалі крыжакі ўдару. Бягуць! Кідаюць зброю. Зламаўся крыжацкі меч аб нашыя шчыты! Перамога!
Здабылі нашыя продкі на полі Грунвальда сабе славу і незалежнасць. Вяртаецца хлебароб дамоў, бо спелае збожжа чакае гаспадара. Ён для сваёй зямлі выратавальнік. Ён на ёй працаўнік, сейбіт, хлебароб.
Зразумелі крыжакі навуку, атрыманную пад Грунвальдам. Пяць стагоддзяў не ступала нага ўзброенага германскага воіна на беларускую зямлю.
1. Што дапамагала крыжакам заваёўваць беларускія гарады?
2. Як сустрэліся Вітаўт з Ягайлам?
3. У чым вялікаму князю дапамаглі столінцы і іванаўцы?
4. Што рабіў у пушчы Ягайла?
5. Раскажы, як нашыя продкі змагаліся з крыжакамі на Грунвальдскім полі.
6. Якую навуку атрымалі крыжакі пад Грунвальдам?
ГАРАДЫ ПРЫ ДАРОЗЕ
Пра месты, мястэчкі ды Магдэбургскае права
Мы часта ўжываем слова горад. Яно звыклае і зразумелае. Але вось аднойчы ў старой кні