Там, дзе Уша серабрыцца
Памер: 272с.
Маладзечна 2015
У вырай каралькі ад нас не лятуць. У цяжкія суровыя зімы збіраюцца яны купкамі ў адно месца, мацней прыціскаюцца адзін да аднаго ў густых галінках ельніку, каб цяплей было, так і пераносяць маразы.
Зайчык і яго сябры
Аднойчы ўбачыў зайчык, як пад кустом вожык плача, слёзы буйныя, як гарошыны, коцяцца ў беднага з вачэй. Спыніўся зайчык і пытаецца:
Сябра вожык, чаго ты плачаш? Глянь, як сонейка свеціць. Можа, я твайму ropy дапамагу?
Як жа мне не плакаць,— гаворыць вожык,— а сам лапкай слёзы выцірае. Хадзіў я па лесе, мышак дзеткам лавіў, а вярнуўся дадому — няма маіх дзетак.
He плач, вожык. Адшукаю тваіх дзетак. Нідзе яны дзецца не маглі.
63
Сказаў гэтак зайчык і паскакаў далей па лесе.
Аж бачыць азярцо невялікае. Купаюцца ў ім, фыркаюць тры маладзенькія вожыкі.
Айяйяйяй, гэта ж яны ўтапіцца могуць! спалохаўся зайчык і паклікаў вожыкаў на бераг. Тыя і расказалі яму, як з дому сышлі.
Калі ўбачыў стары вожык, што зайчык яго дзетак вядзе, вельмі ўзрадаваўся.
Дзякуй табе, зайчык, ніколі не забуду тваю дапамогу.
Развітаўся зайчык з вожыкам і далей паскакаў. На палянцы сеў на пянёк, на сонейку грэецца. Прыслухаўся, як дрэвы гамоняць, траўка шапоча, і чуе: нехта сіратлівым галаском на ратунак кліча. Скокнуў зайчык з пянька і бачыць: на кусціку ядлоўцу ў павуцінні вісіць уніз галоўкай чмель. Ножкамі трапеча, вырвацца хоча, але нічога ў яго не атрымліваецца. Выратаваў зайчык чмяля і далей па лесе паскакаў.
Хутка ў галінах дрэў загаласіў вецер. Неба стала чорным.
"Што рабіць? — падумаў зайчык. — Навальніца будзе!"
Скокнуў ён пад густую елачку і агледзеўся. Добрае месца выбраў! Ніякі дождж не страшны.
Перачакаў зайчык пад елачкай навальніцу і далей паскакаў. Аж бачыць елку, якую навальніца паваліла. Каля елкі вавёрачка сядзіць, горкімі слязамі заліваецца. Падбег зайчык да вавёрачкі і пытаецца:
Скажы, вавёрачка, чаго ты плачаш? Можа, я твайму ropy дапамагу?
Яшчэ мацней заплакала вавёрачка:
Была ў мяне хатка на елцы і няма. Дзе я цяпер буду сваіх дзетак гадаваць?
He плач, вавёрачка, дапамагу я твайму ropy.
Сказаў так зайчык і ўзяўся хатку будаваць.
Бралася на прыцемкі, калі зайка развітаўся з вавёрачкай і дамоў паскакаў. 1 Іа дарозе ў ямку з вадой уваліўся. ІІакуль выбраўся з яе, аслаб зусім. Ледзьве дамоў дабраўся. He мог заснуць. А потым сны страшныя сніліся. To паляўнічыя за ім са стрэльбаю гоняцца, то ліса ў хатку залезці хоча. А раніцою не падняўся зайчык з пасцелі. Hi войкнуць, ні павярнуцца не можа. Усё цела як агнём смаліць. Захацелася яму піць, а вады падаць няма каму.
64
"Памру тут адзін, ніхто і ведаць не будзе",— думае зайчык.
У тэты час ў дзверы нехта ціхенька пастукаў. Узрадаваўся зайчык, калі на парозе сваёй хаткі ўбачыў знаёмага вожыка з дзеткамі. Яны прынеслі вялікі пірог з грыбамі.
He пакінула ў бядзе зайчыка і вавёрачка. Кожны дзень прыбягала да яго, гасцінцы прыносіла.
Прыхапіў з сабою кубачак мёду, прыляцеў адведаць зайчыка і чмель.
Бярозка на балконе
Распакаваў невялікі дарожны чамадан, паклаў на стол кнігі, выпіў шклянку ліманаду, выйшаў на доўгі прасторны балкон і паставіў каля сцяны, звязаныя ў пучок, вудачкі. Чуў, што на Начы ловяцца ёмкія шчупакі. А які тэта адпачынак без рыбацкай уцехі?
Высока над зямлёй насіліся хуткакрылыя ластаўкі. Крыху далей ад санаторыя роўнай стужкай разразала зялёны дыван сенажаці рака Нача. Дзень быў на зыходзе. Вялікім ружовым шарам кацілася на густую сцяну лесу сонца. I хуткакрылыя ластаўкі ў небе, і ружовы заход сонца радавалі сэрца. "Нарэшце пасля цэлага дажджлівага тыдня ўсталюецца надвор'е", — падумаў я і павярнуўся, каб ісці ў пакой. Але не паспеў зрабіць і кроку, як замёр ад здзіўлення. У кутку балкона пад акном расла ладная бярозка. Я падышоў бліжэй да дрэўца, замілавана дакрануўся да цёмназялёных лісцікаў і здзівіўся яшчэ болей. Тоненькі стволік маладзенькай бярозкі браў свой пачатак з невялікай шчылінкі ў бетоне.
Наконт таго, як папала на балкон бярозка, у мяне загадак не ўзнікала. Я ведаў, што восенню, калі ападуць з дрэва лісты, разам з імі ляціць і бярозавае насенне. Дзіўны, лёгкі самалёцік з двума малюсенькімі крыльцаміпарашуцікамі. Гарэзаветрык падхоплівае самалёцік, і плыве ён над лясамі, палямі, аж іюкуль не апусціцца на новую, незнаёмую для яго мясціну. Там, дзе ўпала насенне, вырастае бярозка.
Вось такім жа спосабам апынулася бярозка і на балконе, насенне якой трапіла ў шчылінку ў бетоне. Але колькі спатрэбілася бярозцы сілы і мужнасці, каб замацавацца там сваімі каранямі. Бярозка шалясцела лісцікамі, а я стаяў і не мог налюбавацца ёю.
5.3ак.589
65
А вечарам, калі пачало добра цямнець, дружна ўзняўся вецер. Яркімі зігзагамі распорвалі неба бліскавіцы, грукацеў гром. Неба як прарвала. Дождж ішоў цэлую ноч, безупынку. Ліў і ліў як з вядра. Такой навальніцы гэтым летам яшчэ не было. Шумелі, цяклі да рэчкі быстрыя ручайкі. А вецер гудзеў, шастаў у блізкім сасонніку, прыгінаючы долу макаўкі невялікіх дрэўцаў. Усю ноч стукалася ў акно бярозка, спалоханая моцнымі перунамі, асляпляльнаяркімі маланкамі і ліўнем. У грукаце грому сярод чорнай, як дзёгаць, ночы чуўся яе нямы сірочы крык. А калі час ад часу неба падсвечвалася маланкамі, было відаць, як па кары ручайкамі каціліся слёзы.
He, не вытрымае бярозка гэтай цяжкай і жудаснай ночы. Але раніцою, калі расчысцілася ад хмар неба і сціхла навальніца, яна зноў уся засвяцілася радасцю. Весела зашалясцелі лісцікі, абтрасаючы з сябе апошнія кроплі навальніцы.
Расці, зайка!
Пасля апошніх маразоў наступілі адлігі з туманамі. Снег увачавідкі пачаў знікаць з палёў. Заварушыліся ў сваіх падземных катакомбах краты. Яшчэ цяклі, рэзалі мёрзлую зямлю ручайкі, а ў полі то там то сям з'яўляліся невялічкія гурбянкі зямлі.
Гэта на цяпло. Краты, як барометр, рэдка памыляюцца,— гаварылі ў вёсцы старыя людзі.
Сапраўды, вясна з кожным днём набірала сілу. Расцвіла вярба, выкінуў залатыя коцікі арэшнік, набрынялі пупышкі бяроз і таполяў.
Ужо вечарэла, калі мы з дзядзькам Лявонам, лесніком, вярталіся з лесу. Фарбуючы пазалотай неба, садзілася на вершаліны дрэў сонца.
Глянь, высачыў некага! — сказаў дзядзька Лявон і паказаў рукой на каршуна, які кружыўся нізка над полем, непадалёку ад нас. Мы пашыбавалі шпарчэй. Раптам каршун спікіраваў уніз.
Хутчэй! толькі паспеў сказаць ляснік і кінуўся наперад. Я паспяшаў за ім.
66
Каб не спазніцца, мабыць, каршун зайчанё згледзеў... Дзядзька Лявон на хвіліну прыпыніўся, хуценька зняў з пляча стрэльбу і бабахнуў у верх. Моцны стрэл страсянуў наваколле.
Разразаючы крыламі павётра, крокаў за дзесяць ад нас, узмыў у неба каршун.
Ага, не ўдалося паляванне, без здабычы паляцеў, — з радасцю сказаў дзядзька Лявон, гледзячы ўслед каршуну. Мы пачалі прыглядацца да кожнага дрэўца.
Хадзі сюды,— паклікаў мяне ляснік. Я падышоў. Пад кустом ядлоўцу сядзеў маленькі шэры камячок. Зайчанё стрыгла вушамі і спалохана глядзела на нас.
У апошні час зайцоў у лесе паменела, — гаворыць дзядзька Лявон.— Асабліва часта гінуць малыя зайчаняты, вось як гэты, сакавіцкага прыплоду. З'яўляюцца яны на свет, калі яшчэ ў лесе ляжыць снег. Зайчыха не вельмі клапоціцца пра сваіх дзяцей. Пакорміць іх і пакіне адных. Добра, калі на іх натрапіць чужая зайчыха. Яна абвязкова пакорміць малых. Зайчаняткі не прападуць, вырастуць. Самі хутка навучацца здабываць корм. Абы толькі не напаткалі малых воўк ці лісіца ды не высачыў каршун. Тады зайчаняткам пагібель. А гэта зайчанё шчаслівае, у кашулі нарадзілася. Доўга жыць будзе.
Дзядзька Лявон нагнуўся, каб падняць зайчанё на рукі, але тое хуценька, як мячык, адскочылася ўбок і пакацілаея ў кусты. Толькі і згледзелі мы шэры камячок.
— Расці, зайка!
Ляціце, стрыжаняткі, ляціце...
Вялікае, нясцерпна гарачае сонца бязлітасна паліла зямлю. На небе ні хмурынкі. Змоўклі і не стракаталі на лузе конікі.
Толькі пад вечар узняўся шалёны вецер. Ен шкуматаў дрэвы, шпарка гнаў па небе невялікія ашмоцці хмар. Яны даганялі адна адну, зліваліся і плылі далей. Хутка ўсё неба закрылі цяжкія дажджавыя хмары. Яркая ўспышка маланкі разрэзала папалам неба. Ударыў, аж страсянулася наваколле, пярун, і адразу ж — яшчэ чуваць было водгулле грому — хлынуў на зямлю дождж.
67
Раніцою выглянула памаладзелае, абмытае дажджом сонца.
Хіба ў арміі на пажарніка здаў? — пажартаваў з мяне дзядзька Васіль, родны брат маёй маці, невысокі і худзенькі, як стручок пераспелага гароху, але яшчэ крэпкі стары. Я хуценька падняўся. Цётка Ганна паставіла на стол мачанку з блінамі.
Я толькі што вярнуўся са службы. Дзяцей у дзядзькі Васіля і цёткі Ганны не было. Я прыехаў да іх крыху пагасцяваць і дапамагчы па гаспадарцы. Касілі з дзядзькам каля рэчкі траву, бо старыя трымалі кароўку.
Паснедаўшы, мы з косамі выйшлі з дому. Ля гасцінца, бліжэй да рэчкі, расла старая кудлатая елка. Яе з каранямі вывернуў вецер. Над паваленым дрэвам то ўперад, то назад хутка рэзалі крыламі паветра дзве чорныя птушкі. Над елкай яны зніжаліся, і іх прарэзлівы моцны крык — взз, взз, взз, взз — зваў на дапамогу.
Гэта стрыжы, — сказаў дзядзька. Пэўна, на дрэве знаходзілася птушынае гняздо.
У елцы было дупло, але стрыжанят там не знайшлі.
Вось дзе яны! раптам сказаў дзядзька Васіль і адхіліў густую галінку елкі. На зямлі, амаль адно каля аднаго, сядзела двое стрыжанятак. Гэта былі ўжо дарослыя птушкі з доўгімі крыльцамі і маленькімі дзюбкамі. Апярэнне ў стрыжанятак бураватачорнае, з залацістым адлівам, хвосцікі кароценькія, роцікі шырокія.
Я ведаў, што стрыжы ніколі не садзяцца на зямлю. На зямлі яны бездапаможныя. У стрыжоў вельмі кароценькія ножкі. Доўгія крылы і кароценькія ножкі не дазваляюць птушцы падняцца з зямлі.
Таму большую частку дня стрыжы праводзяць у паветры. Там яны ловяць розных насякомых кормяцца.
Прылятаюць да нас стрыжы ў пачатку мая. Гнёзды, як і ластаўкі, робяць пад дахамі, селяцца ў дуплах дрэў, а таксама ў штучных дуплянках. У канцы жніўня, калі пачынае халадаць і знікаюць крылатыя насякомыя, адлятаюць ад нас і стрыжы. Шлях далёкі — гарачая Афрыка.
Я падняў з зямлі адно стрыжанятка і пасадзіў яго на далонь. Птушка, як чакаючы гэтага, хуценька падскочыла, разгарнула крылы і ўзляцела ўверх. Другому стрыжанятку памог узляцець дзядзька Васіль.