Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
— Ага, адстаўка,— сказала яна з’едліва.
— Так і ёсць,— пагадзіўся я, усё яшчэ любуючыся ёй.— Якое шчасце, што з майго запрашэння нічога не атрымалася!
Фраў Залеўскі нядобра глянула на мяне.
— I вы яшчэ смяецеся? Я ж заўсёды гаварыла: у вас заместа сэрца бутэлька з гарэлкай.
— Моцна сказана,— адказаў я.— Можа, зробіце нам ласку, далучыцеся, шаноўная пані?
Яна вагалася. Але потым цікаўнасць перамагла, хацелася нешта даведацца. Я адкаркаваў бутэльку чэры.
Позна, калі ўсё заціхла, я ўзяў паліто і коўдру і праз калідор пракраўся да тэлефона. Я ўкленчыў перад сталом, на якім стаяў апарат, накрыўся коўдрай і паліто, зняў трубку, прытрымліваючы з-пад нізу левай рукой паліто. Я быў упэўнены, што так мяне ніхто не падслухае. У пансіяната былі надзвычай доўгія, цікаўныя вушы. Мне пашанцавала. Патрыцыя Хольман была дома.
— Вы даўно вярнуліся са сваёй таямнічай нарады? — спытаў я.
— Амаль гадзіну назад.
— Шкада. Каб я ведаў...
Яна засмяялася.
— He, нічога не выйшла б. Я ляжу ў пасцелі, у мяне зноў паднялася тэмпература. Вельмі добра, што я ў час прыйшла дахаты.
— Тэмпература? Што гэта за тэмпература?
— А, нічога страшнага. А што вы рабілі сёння?
— Абмяркоўваў з гаспадыняй міжнароднае становішча. А вы? Уладкавалі свае справы?
— Здаецца, усё ў парадку.
Пад маім покрывам стала горача, як у тропіках. Таму, як толькі пачынала гаварыць дзяўчына, я рабіў вентыляцыю, паспешліва ўдыхаў свежае паветра і зноў накрываўся, калі трэба было гаварыць самому.
— У вас няма знаёмага, якога завуць Роберт? — спытаў я.
Яна засмяялася.
— Здаецца, няма.
— Шкада. Мне вельмі хацелася б пачуць, як вы вымаўляеце гэтае імя. А можа, усё ж такі паспрабуеце?
Яна зноў засмяялася.
— Так проста, для смеху,— сказаў я.— Напрыклад: Роберт — асёл.
— Роберт — малое дзіця...
— У вас выдатнае вымаўленне,— сказаў я.— А цяпер паспрабуем: Робі. Давайце: Робі...
— Робі — п’яніца...— вымавіў далёкі голас павольна.— А цяпер мне трэба спаць. Я прыняла снатворнае, галава ўжо гудзіць.
— Добра, дабранач, спакойнага сну.
Я паклаў трубку і скінуў паліто і коўдру. Потым я ўстаў на ногі і аслупянеў. На крок ад мяне за спіной, як прывід, стаяў пенсіянер-схарбнік, які жыў у пакоі каля кухні. Я нешта злосна прамармытаў.
— Тсс! — зашыпеў ён і выскаліўся.
— Тсс! — зрабіў я ў адказ, узычыўшы яму пекла.
Ён узняў палец.
— Я не выдам... палітыка, так?
— Што? — здзівіўся я.
Ён падміргнуў.
— He бойцеся: я сам — крайне правы. Сакрэтная палітычная размова, праўда?
Я зразумеў.
— Самая найпалітычнейшая,— сказаў я і выскаліўся таксама.
Ён кіўнуў і прашаптаў:
— Няхай жыве Яго Вялікасць!
— Ура! Ура! Ура! — адказаў я.— А цяпер іншае пытанне: вы ведаеце, хто вынаходнік тэлефона?
Ён у здзіўленні пахітаў лысым чэрапам.
— I я не ведаю,— сказаў я.— Але гэта быў, напэўна, цудоўны хлопец...
Нядзеля. Дзень гонак. Апошні тыдзень Кёстэр трэніраваўся кожны
Т V/" дзень. Вечарамі мы да позняй ночы
/ правяралі і змазвалі «Карла» да апош-
няга вінціка, прывялі яго ў парадак. Цяпер мы сядзелі каля склада запасных частак і чакалі Кёстэра, які пайшоў на месца старту.
Сабраліся ўсе: Граў, Валянцін, Ленц, Патрыцыя Хольман, а перш за ўсіх Юп — у камбінезоне і ў гоначным шлеме з акулярамі. Ён ехаў з Кёстэрам асістэнтам, бо быў найлягчэйшы. Праўда, Ленц сумняваўся. Ён сцвярджаў, што Юпавы вялізныя вушы, якія стаялі тарчаком, будуць рабіць занадта вялікае супраціўленне, таму адно з двух: або
машына страціць дваццаць кіламетраў хуткасці, альбо яна ператворыцца ў самалёт.
— Дарэчы, як вы атрымалі англійскае імя? — спытаў Готфрыд у Патрыцыі Хальман, якая сядзела побач з ім.
— Мая маці была англічанка. Яе звалі, як і мяне,— Пат.
— А-а, Пат, гэта зусім іншая справа. Гэта вымаўляецца куды лягчэй.
Ён прынёс шклянку і бутэльку.
— Ну, тады за добрую дружбу, Пат. Мяне завуць Готфрыд.
Я ўтаропіўся на яго. У той час, калі я ўсё яшчэ пакутаваў, не ведаючы, як да яе звяртацца, ён бесцырымонна вырашыў гэтую задачу тут, сярод белага дня. I яна засмяялася і сапраўды пачала называць яго Готфрыдам.
Але гэта яшчэ нічога ў параўнанні з паводзінамі Граў. Ён быццам зусім з’ехаў з глузду і не адрываў ад яе вачэй. Ён грымотна дэкламаваў ёй вершы, а потым заявіў, што павінен намаляваць яе. I сапраўды, ён прысеў на скрынку і пачаў маляваць.
— Слухай, Фердынанд, старое пудзіла,— сказаў я і забраў у яго блакнот.— He траць свой талент на жывых. Малюй нябожчыкаў. I больш размаўляй на агульныя тэмы. Я за дзяўчыну перажываю.
— Вы прап’яце потым са мной рэшткі багатай цёткі майго гаспадара?
— Наконт усіх рэшткаў — не ведаю. Але нагу — абавязкова.
— Добра. Тады я цябе пашкадую, хлопчык.
Ляск матораў, нібы кулямётная страляніна, разнёсся ўздоўж шашы. Пахла паленым маслам, бензінам і рыцынай. Цудоўны ўзбуджальны пах, цудоўны ўзбуджальны віхор матораў! Побач, у добра абсталяваных боксах, шумелі механікі. Мы былі аснашчаны даволі сціпла. Такія-сякія інструменты, свечы запальвання, два колы з запаснымі кіхамі, якія мы задарма атрымалі ад нейкай фабрыкі, некалькі дробных запасных частак — вось і ўсё. Завод не фінансаваў Кёстэра. Мы мусілі ўсё аплачваць самі. Таму і мелі не шмат.
Прыйшоў Ота, за ім Браўмюлер, ужо апрануты для гонкі.
— Ну, Ота,— сказаў ён,— калі сёння мае свечы вытрымаюць, ты пралаў. Але яны не вытрымаюць.
■— Паглядзім,— адказаў Кёстэр.
Браўмюлер пагразіў «Карлу».
— Сцеражыся майго «Шчаўкунчыка»!
«Шчаўкунчыкам» Браўмюлер называў сваю новую, вельмі цяжкую машыну. Яна лічылася фаварытам.
— «Карл» уставіць табе ногі, Тэа! — крыкнуў яму Ленц. Браўмюлер хацеў адказаць на салдацкай мове гонару, але прыкусіў язык, калі заўважыў паміж нас Патрыцыю Хсльман. Ён вылупіў вочы, няёмка ўсміхнуўся няведама чаму і падаўся прэч.
— Поўны поспех,— з задавальненнем сказаў Ленц.
Над шашой разнёсся брэх матораў. Кёстэру пара было рыхтавацца. «Карл» быў заяўлены ў класе спартыўных машын.
— Шмат мы табе не дапаможам, Ота,— сказаў я і паглядзеў на інструменты.
Ён адмахнуўся.
— I не трэба. Калі «Карл» паламаецца, тады не дапаможа нават цэлая майстэрня.
■— Ці выставіць табе шыльды, каб ты бачыў, як ідзеш?
Кёстэр пахітаў галавой.
— Старт будзе агульны. Сам убачу. Ды і Юп будзе сачыць.
Юп старанна заківаў галавой. Ад хвалявання яго біла ліхаманка. Ён бесперапынна жаваў шакалад. Але гэта пакуль што. Як толькі прагучыць стрэл на старт, ён зробіцца спакойны, як чарапаха.
— Што ж, наперад, з богам!
Мы выпіхнулі «Карла».
— Толькі не затрымайся на старце, любая мая здыхляціна,— сказаў Ленц, гладзячы радыятар.— He расчаруй свайго старога тату, «Карл»!
«Карл» сарваўся з месца. Мы глядзелі яму ўслед.
— Зірні на смешную ламачыну,— раптам сказаў нехта побач з намі.— Ззаду цюцелька ў цюцельку страус.
Ленц горда выпрастаўся.
— Вы маеце на ўвазе белую машыну? — спытаў ён, пачырванелы, але спакойны.
— Менавіта,— пагардліва адказаў яму даўгалыгі механік з суседняга бокса, не паварочваючы галавы, і падаў свайму суседу бутэльку з півам. Ленц пачаў заікацца ад злосці і намерыўся пераскочыць праз нізкую дашчаную загародку. Дзякаваць богу, ён яшчэ не пачаў абражаць. Я адцягнуў яго назад.
— Кінь глупства,— лаяўся я.— Ты патрэбны нам тут. Навошта табе загадзя лезці ў бальніцу?
Ён вырываўся з аслінай упартасцю. ён не трываў ніводнага слова супроць «Карла».
— Бачыце,— сказаў я Патрыцыі Хольман,— вось вам і апошні рамантык, гэты звар’яцелы баран! Няўжо вы паверыце, што ён калісьці пісаў вершы?
Словы падзейнічалі імгненна. Я закрануў яго больку.
— Задоўга да вайны,— папрасіў прабачэння Готфрыд.— Акрамя таго, дзіця, звар’яцець на гонках — не ганьба. Так, Пат?
— Быць вар’ятам увогуле не ганьба.
Готфрыд аддаў чэсць.
— Мудра сказана!
Шум матораў заглушыў усё астатняе. Паветра скаланулася. Скалануліся зямля і неба. Поле праімчалася міма.
— Перадапошні,— прабурчаў Ленц.— Жывёліна спатыкнулася ўсё ж на старце.
— Нічога,— сказаў я.— Старт — слабае месца «Карла». Ён бярэ разгон паволі, затое потым яго ўжо не спыніць.
У заціхаючы гул матораў усвідраваліся гукі гучнагаварыцеляў. Мы не паверылі сваім вушам: Бургер, небяспечны канкурэнт, застаўся на старце.
Машыны, выючы, набліжаліся. Яны падскоквалі ўдалечыні, як конікі-дзёгцікі на дарозе, павялічваліся, а потым праімчаліся на процілеглым баку трыбуны, робячы вялікі віраж. Іх пакуль што было шасцёра. Кёстэр, як і раней — на перадапошнім месцы. Мы былі напагатове. To мацней, то слабей у паветры чуўся рык матораў і рэха. Потым зграя вырвалася на прамую. Адзін наперадзе... другі і трэці шчыльна за ім, потым — Кёстэр. На павароце ён выйграў і цяпер ішоў чацвёрты.
3-за воблакаў паказалася сонца. Шырокія светлыя і шэрыя палосы павіслі над шашой, пакрытай, як тыгр, плямамі святла і ценю. Па людскім натоўпе на трыбунах плылі цені ад воблакаў. Шум матораў, як д’ябальская музыка, хваляваў нашу кроў. Ленц таптаўся на месцы, пакутуючы, я дашчэнту разжаваў сваю цыгарэту, а Патрыцыя Хольман прынюхвалася да наваколля, як маладое жарабя ўранку. Толькі Валянцін і Граў спакойна сядзелі і грэліся на сонейку.
Зноў загрукала неверагоднае сэрцабіццё машын, якія набліжаліся, праляталі міма трыбун. Мы ўпіліся позіркамі ў Кёстэра. Ён пахітаў галавой, кіхі мяняць не трэба было. На наступным крузе ён ужо дагнаў трэцюю машыну і сядзеў у яе на хвасце. Так яны вырваліся на бясконцую прамую.
— Чорт вазьмі! — Ленц зрабіў глыток з бутэлькі.
— Ён трэніраваўся,— сказаў я Патрыцыі Хольман.— Віражы — яго стыхія.
— Можа, глытнёце з пляшкі, Пат? — спытаў Ленц.
Я злосна глянуў на яго. Ён вытрымаў мой позірк не міргнуўшы.
— Лепш са шклянкі,— сказала яна.— Піць з бутэлькі я яшчэ не навучылася.
— Вось як! — Готфрыд дастаў шклянку.— Гэта — недахопы сучаснага выхавання.
На наступных кругах удзельнікі расцягнуліся. Лідзіраваў Браўмюлер. Першыя тры машыны паступова вырваліся метраў на трыста. Кёстэр, шчыльна параўняўшыся з трэцяй машынай, знік за трыбунамі. Потым машыны зноў з’явіліся. Мы паўскоквалі. А дзе ж трэцяя? Ота імчаўся адзін, за дзвюма першымі. А вось, вуркочучы, з’явілася і трэцяя машына. Заднія шыны разляцеліся на шматкі. Ленц зласліва ўсміхаўся. Машына спынілася каля суседняга бокса. Даўгалыгі механік лаяўся. Праз мінуту машына зноў была гатова.