Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
Зараз ты супакоішся,— зласліва ўсміхнуўся Готфрыд і выйграў патэльню. Я — яшчэ аднаго мішку.
— Глядзі ты, як шанцуе,— толькі і сказаў гаспадар і аддаў нам рэчы.
Чалавек не здагадваўся, што яго чакае. Ленц лепш за ўсіх у роце кідаў гранаты, а зімой, калі рабіць амаль што не было чаго, мы цэлымі месяцамі практыкаваліся, закідваючы капелюшы на ўсялякія крукі. Гэтыя колцы былі проста
дзіцячай забавай. У наступны заход Готфрыд лёгка забраў сабе крышталёвую вазу. Я — паўтузіна грамафонных пласцінак. Гаспадар моўчкі сунуў іх нам, а потым праверыў крукі. Ленц прыцэліўся, кінуў і выйграў кафейны сервіз — другі прыз. Сабралася процьма «балельшчыкаў». Я кінуў тры колцы запар на адзін крук. Вынік: святая Магдаліна ў залатой рамцы.
Гаспадар скрывіўся, як ад зубнога болю, і сказаў, што хопіць. Мы гатовы былі спыніцца. Але ўзнялі шум гледачы. Яны запатрабавалі, каб ён даў нам пагуляць яшчэ. Ім хацелася бачыць, як яго раздзяваюць. Больш за ўсіх шумела Ліна, якая раптам з’явілася тут са сваім кавалём.
— Прамахвацца можна,— хрыпата крычала яна,— a трапляць — не? — Каваль штось гугніў у падтрымку.
— Добра,— вырашыў Ленц.— Яшчэ па разе.
Я кінуў першы. Тазік, кубак і мыльніца. Затым падышоў Ленц. Ён узяў пяць колцаў. Чатыры ён кінуў запар на адзін крук. Перад пятым ён зрабіў штучную паўзу і дастаў цыгарэту. Тры чалавекі падалі яму прыпаліць. Каваль паляпаў яго па плячы. Ліна ад хвалявання кусала хусцінку. Потым Готфрыд прыцэліўся і лёгка, каб апошняе колца не адскочыла, накінуў яго на чатыры першыя. Колца павісла. Усе бурліва зашумелі. Ён адхапіў галоўны прыз — дзіцячы вазок з ружовай коўдрай і падушачкамі.
Гаспадар, лаючыся, выкаціў яго. Мы ўсё ўпакавалі і паехалі да наступнай будкі. Ліна штурхала вазок. Каваль адпускаў такія жарты, што я з Патрыцыяй Хольман вырашыў крыху адстаць. Каля наступнай будкі колцы накідваліся на рылцы бутэлек. Той, хто трапляў, забіраў бутэльку. Мы выйгралі шэсць бутэлек. Ленц паглядзеў на этыкеткі і аддаў бутэлькі кавалю.
Была яшчэ адна будка такога тыпу. Але гаспадар ужо пранюхаў пра нас і, калі мы падышлі, заявіў, што яна закрыта. Каваль хацеў узняць вэрхал, бо ён убачыў, што прызы тут — бутэлькі з півам. Але мы ўтрымалі яго. Гаспадар будкі быў аднарукі.
У суправаджэнні вялізнага натоўпу мы вярнуліся да «кадзілака».
— Што цяпер? — спытаў Ленц і пачухаў патыліцу.— Найлепш — прывязаць вазок ззаду да машыны.
— Выдатна,— сказаў я.— Але ты сядзеш у яго і будзеш кіраваць, каб не перакуліўся.
Патрыцыя Хольман запратэставала. Яна збаялася, што Ленц так і зробіць.
— Цудоўна,— выказаўся Готфрыд.— Давайце тады разбяромся. Двух мішак вам абавязкова трэба пакінуць сабе. Грамафонныя пласцінкі таксама. Як наконт патэльні?
Дзяўчына пахітала галавой.
— Тады пераходзіць ва ўласнасць майстэрні,— заявіў Готфрыд.— Вазьмі яе, Робі, стары майстра яечні. Кафейны сервіз?
Дзяўчына кіўнула на Ліну. Кухарка зачырванелася. Готфрыд перадаў ёй прадметы, нібы ўручаючы прыз. Потым ён дастаў тазік.
— Гэтую ўмывальную прыладу? Пану суседу, ці не так? Прыгадзіцца ў рабоце. Будзільнік таксама. Кавалі спяць моцна.
Я перадаў Готфрыду вазу. Ён уручыў яе Ліне. Яна, запінаючыся, адмаўлялася. Яе вочы неадрыўна глядзелі на Магдаліну, якая каялася. Ёй здавалася: калі яна возьме вазу, то кавалю аддадуць карціну.
— Я захапляюся мастацтвам,— вымавіла яна. Яна стаяла, хвалюючыся ад жадання, і кусала чырвоныя пальцы.
— Шаноўная паненка,— сказаў Ленц з велікадушным жэстам і павярнуўся да нас,— як ваша думка?
Патрыцыя Хольман узяла карціну і аддала яе кухарцы.
— Гэта вельмі прыгожая карціна, Ліна,— сказала яна з усмешкай.
— Павесь яе над ложкам і помні,— дадаў Ленц.
Ліна забрала яе са слязьмі на вачах. Ад удзячнасці яна аж заікала.
— А цяпер цябе,— у роздуме сказаў Ленц, звяртаючыся да дзіцячага вазка. Вочы Ліны, нягледзячы на шчасце ад валодання Магдалінай, зноў загарэліся прагным агнём. Каваль сказаў, што ніколі не ведаеш, калі такая рэч можа спатрэбіцца, і засмяяўся так, што ўпусціў бутэльку з віном. Але Ленц не аддаў ім вазок.
— Хвілінку, я там нешта ўбачыў,— сказаў ён і знік.
Праз некалькі хвілін ён узяў вазок і пацягнуў яго некуды.
— Усё ў парадку,— сказаў ён, вярнуўшыся без яго. Мы селі ў «кадзілак».
— Як на каляды,— шчасліва сказала Ліна, трымаючы падарункі і падаючы нам чырвоную лапу на развітанне.
Каваль адвёў нас яшчэ на хвілінку ўбок.
— Слухайце,— сказаў ён.— Калі вам спатрэбіцца каго адлупцаваць... я жыву на Лейбніцштрасэ, 16, задні двор, на
другім паверсе справа. Калі іх, магчыма, будзе некалькі чалавек, я збяру сваю кампанію.
— Дамовіліся,— адказалі мы і паехалі.
Калі мы ад’ехалі ад плошчы, Готфрыд паказаў у акно. Мы ўбачылі свой дзіцячы вазок, сапраўднае жывое дзіця ў ім, а побач бледную расстроеную жанчыну, якая разглядала вазок.
— Добра, праўда? — спытаў Готфрыд.
— Занясіце ёй яшчэ і мішак,— усклікнула Патрыцыя Хольман.— Яны там будуць дарэчы.
— Можа, аднаго,— сказаў Ленц.— Аднаго пакінем сабе.
— He, абодвух.
— Добра.— Ленц выскачыў з машыны, кінуў плюшавых лялек жанчыне ў ахапак і, не даўшы ёй вымавіць ні слова, быццам наўцёкі, заспяшаўся да машыны.— Так,— сказаў ён, уздыхнуўшы з палёгкай.— Цяпер мне ад майго высакародства аж дрэнна зрабілася. Высадзіце мяне каля «Інтэрнацыяналя». Мне абавязкова трэба выпіць чарку каньяку.
Ён вылез, а я павёз дзяўчыну дадому. Сёння было не так, як мінулы раз. Яна стаяла ў дзвярах, і ліхтар кідаў водбліскі на яе твар. Яна выглядала выдатна. Мне вельмі хацелася пайсці з ёй.
— Дабранач,— сказаў я.— Спакойнага сну.
— Дабранач.
Я пазіраў ёй услед, пакуль не пагасла святло. Потым я паехаў. У мяне было дзіўнае пачуццё. Я адчуваў сябе не так, як звычайна, калі вечарам захочацца дзяўчыны. Было куды больш пяшчоты. Пяшчоты і жадання пазбавіцца нечага ў самім сабе. Пусціць, каб паляцела, няведама куды.
Я паехаў да Ленца ў «Інтэрнацыяндль». Ён быў амаль пусты. У кутку сядзела Фрыда са сваім сябрам, кельнерам Алоісам. Яны спрачаліся. Готфрыд сядзеў з Мімі і Валі на канапе каля стойкі. Ён быў далікатны, не пакідаў без увагі нават Мімі, бедную старую кабету.
Дзяўчаты неўзабаве пайшлі. Ім трэба было на працу. Цяпер была самая пара. Мімі вохала і ўздыхала — балелі ногі. Я падсеў да Готфрыда.
— Ну, выказвайся! — сказаў я.
— Навошта, хлопец,— адказаў ён на маё здзіўленне.— Усё правільна, так і дзейнічай.
Мне стала лёгка ад таго, што ён успрыняў усё так проста.
— Мог бы і раней добрае слова сказаць,— сказаў я.
Ён махнуў рукой.
— Глупства.
Я заказаў рому.
— Ты ведаеш,— сказаў я потым.— У мяне ніякага ўяўлення, хто яна і што. He ведаю, што ў яе з Біндзінгам. Ці гаварыў ён табе тады што-небудзь?
Ён зірнуў на мяне.
— Цябе гэта трывожыць?
— He.
— Я так і думаў. Між іншым, паліто табе добра пасуе.
Я пачырванеў.
— Няма чаго чырванець. Усё нармальна. Я хацеў бы, каб і ў мяне так было.
Я хвіліну памаўчаў.
— Чаму, Готфрыд?—спытаў я нарэшце.
Ён глянуў на мяне.
— Таму што ўсё астатняе — дзярмо, Робі. Таму што сёння няма нічога, што мела б вартасць. Прыпомні, што табе ўчора гаварыў Фердынанд. Ён мае рацыю, гэты стары таўстун, які малюе нябожчыкаў. Ну, давай, сядзь да скрынкі ды сыграй некалькі старых салдацкіх песень.
Я сыграў «Тры лілеі» і «Аргонскі лес». У пустым шынку песні прагучалі прывідна, калі мець на ўвазе той час, у які мы іх спявалі...
VII
Праз два дні Кёстэр паспешліва выбег з майстэрні.
— Робі, званіў твой Блюменталь. Прасіў цябе прыехаць у адзінаццаць
на «кадзілаку». Ён хоча зрабіць пробную паездку.
Я шпурнуў адвёртку і гаечны ключ.
— Браце, Ота... Няўжо нешта будзе?
— А што я вам казаў! — пачуўся голас Ленца з ямы пад «фордам». — Я казаў, што ён вернецца. Слухайцеся Готфрыда!
— Прытрымай язык, становішча сур’ёзнае,— крыкнуў я ўніз.
— Ота, наколькі можна збавіць цану?
— У крайнім выпадку саступі дзве тысячы. У самым крайнім — дзве дзвесце. Калі ўжо іншага выйсця не будзе — дзве пяцьсот. Калі ўбачыш, што перад табой
вар’ят — дзве шэсцьсот. Але скажы яму, што мы будзем яго вечна праклінаць.
— Добра.
Мы адцёрлі машыну да бляску. Я сеў у яе. Кёстэр паклаў мне руку на плячо.
— Робі, памятай, што ты быў салдатам і рабіў і не такое. Абарані гонар нашай майстэрні, не шкадуючы крыві. Памры, але не выпускай з рук кашалёк Блюменталя.
— Дамовіліся,— усміхнуўся я.
Ленц выцяглуў з кішэні нейкі медаль і паднёс яго мне да твару.
— Дакраніся да майго амулета, Робі!
— Давай.— Я дакрануўся.
— Абракадабра, вялікі Шыва,— заклінаў Готфрыд.— Дай гэтаму баязліўцу мужнасці і сілы. Стой! Лепш за ўсё вазьмі яго з сабой. А цяпер плюнь тры разы.
— Парадак,— сказаў я, плюнуў яму пад ногі і паехаў міма Юпа, які ўсхвалявана вітаў мяне, узняўшы ўгору шланг.
Па дарозе я купіў некалькі гваздзікоў і ўпрыгожыў імі машыну. Я разлічваў зрабіць уплыў на фраў Блюменталь.
На жаль, Блюменталь прыняў мяне не дома, а ў канторы. Мне давялося хвілін пятнаццаць чакаць. «Даражэнькі,— падумаў я,— гэты фокус мне знаёмы, гэтым ты мяне не выб’еш з каляіны». У пачакальні я як след распытаў сімпатычную машыністку пра фірму, падкупіўшы яе гваздзіком. Трыкатажныя вырабы, збыт добры, дзевяць супрацоўнікаў, ціхі кампаньён, зацятая канкурэнцыя з «Маерам і Сынам», сын Маера ездзіць у чырвоным двухмесным «эсексе» — вось што мне ўдалося даведацца, пакуль мяне запрасіў Блюменталь.
Ён адразу гахнуў з цяжкой артылерыі.
— Малады чалавек,— сказаў ён.— У мяне мала часу. Мінулы раз вы назвалі цану, пра якую вы можаце толькі марыць. Але руку на сэрца — колькі каштуе машына?
— Сем тысяч марак,— адказаў я.
Ён рэзка адвярнуўся ад мяне.
— Тады няма размовы.
— Пан Блюменталь,— сказаў я,— паглядзіце машыну яшчэ раз.
— Няма патрэбы,— перабіў ён мяне.— Я ўжо паглядзеў.
— Можна па-рознаму глядзець,— заявіў я.— Трэба паглядзець дэталёва. Лак высокага гатунку, ад «Фоля і Рурбэка», кошт — 250 марак, шыны новыя, цана 600 марак, ужо 850. Абіўка сядзенняў, тонкі корд...
Ён адмахнуўся. Я пачаў спачатку. Я запрашаў яго паглядзець. Шыкоўны набор інструментаў, выдатны скураны верх, храміраваны радыятар, сучасныя бамперы — шэсцьдзесят марак пара. Я імкнуўся вярнуцца да машыны, як дзіця да маці, угаворваючы Блюменталя спусціцца ўніз. Я ведаў, што зямля надасць мне, як Антэю, новых сіл. Калі ёсць што паказаць, цэны перастаюць выклікаць абстрактны жах.