Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
— Я ўмею размаўляць,— нахабна заявіла Фрыда.— A ўвечары дома вас амаль ніколі няма.
— Гэта вас зусім не датычыцца,— лаяўся я.— Наступным разам раскажыце, ці ёсць у мяне дзірка ў шкарпэтках.
— Можна,— адказала Фрыда і з’едліва паглядзела на мяне чырвонымі запаленымі вачыма. Мы былі застарэлыя ворагі.
Лепш за ўсё я тыркнуў бы яе галавой у каструлю з супам, але я авалодаў сабой, выцягнуў з кішэні марку і ўціснуў ёй у руку, міралюбна пытаючыся:
— Жанчына не назвала свайго імя?
— He,— сказала Фрыда.
— А які ў яе быў голас? Крыху прыглушаны і нізкі і як быццам хрыплаваты?
— He ведаю,— адказала Фрыда так флегматычна, быццам я і не даваў ёй маркі. -
— Цудоўны пярсцёнак у вас на пальцы, сапраўды прыгожы,— сказаў я.— Ну, падумайце добра, ці не прыпомніце...
— He,— адказала Фрыда. Зласлівасць адбівалася на яе твары.
— Каб ты павесілася, чортаў венік,— вылаяўся я і пайшоў.
Роўна ў шэсць гадзін вечара я быў дома. Калі я адчыніў дзверы, я ўбачыў нязвыклую сцэнку. У калідоры стаяла медсястра фраў Бэндэр у акружэнні ўсіх жанчын пансіёна.
— Падыдзіце да нас,— сказала фраў Залеўскі.
Прычынай сходу было ўпрыгожанае банцікамі немаўля, якому было не больш за паўгода. Фраў Бэндэр прывезла дзіця са свайго прыюта ў дзіцячым вазку. Гэта было нармальнае дзіця. Але жанчыны нахіляліся над ім у такім вар’яцкім захапленні, быццам гэта было першае немаўля на свеце. Яны булькалі, пстрыкалі пальцамі перад вочкамі маленькай істоты і складвалі вусны ў трубачку. Нават Эрна Бёніг у кімано з драконамі ўдзельнічала ў гэтай оргіі платанічнага мацярынства.
— Прывабнае стварэнне? — пыталася фраў Залеўскі, паглядаючы з замілаваннем.
— Пра гэта можна будзе сказаць дакладна праз гадоў дваццаць — трыццаць,— выказаў я меркаванне, скоса пазіраючы на тэлефон. Я спадзяваўся, што ён не зазвоніць зараз, калі тут усе ў зборы.
— Вы паўзірайцеся на яго як след,— прапанавала мне фраў Хасэ.
Я паглядзеў. Немаўля як немаўля. Што там можна было заўважыць асаблівага? У крайнім выпадку — надзвычай маленькія ручкі. Няўжо і я быў калісьці такі?
— Бедны чарвячок,— сказаў-я.— Ён і не ўяўляе, што яго чакае. Хацелася б ведаць, на якую вайну ён якраз паспее...
— Грубы чалавек,— запратэставала фраў Залеўскі.— Няўжо ў вас няма сэрца?
— Яшчэ якое,— адказаў я.— Інакш бы ў мяне не з’явіліся такія думкі.— Я падаўся ў свой пакой.
Праз дзесяць хвілін зазваніў тэлефон. Я пачуў сваё прозвішча і выйшаў. Канечне, уся кампанія была яшчэ тут.
Яна не адступіла і тады, калі я паднёс да вуха трубку і пачуў голас Патрыцыі Хольман, якая дзякавала за кветкі.
А дзіця, якое, відаць, было самае разумнае з усіх прысутных і якому абрыдда гэтае крыўлянне, раптам зараўло.
— Прабачце,— сказаў я з адчаем у трубку.— Я вас не разумею, тут раз’юшана крычыць дзіця. Але яно не маё.
Дамы зашыпелі, як гняздо гадзюк, каб супакоіць дзіця. Яны дамагліся толькі таго, што яно раз’юшылася яшчэ больш. Толькі цяпер я заўважыў, што гэта сапраўды было незвычайнае немаўля. Відаць, яго лёгкія даставалі аж да ног, інакш чым можна было растлумачыць яго грымучы голас? Я трапіў у цяжкае становішча. Вачыма я злосна пазіраў на кола мацярок перада мной, а ў трубку стараўся вымаўляць зычлівыя словы. Ад галавы да пят ува мне бушавала бура, ад носа да падбародка — сонечны вясенні пейзаж. Заставалася загадкай, як насуперак усяму я змог дамовіцца на сустрэчу назаўтра ўвечары.
— Вам трэба ўстанавіць гукаізаляваную тэлефонную будку,— сказаў я фраў Залеўскі.
Яна таксама за словам у кішэнь не лазіла.
— Навошта? — спытала яна з іскрамі ўваччу.— У вас столькі сакрэтаў?
Я замаўчаў і адступіў. Нельга пачынаць спрэчку з чалавекам, які расхваляваны ад мацярынскага пачуцця. На яго баку мараль усяго свету.
Мы дамовіліся сустрэцца вечарам у Готфрыда. Я павячэраў у маленькім шынку і пайшоў да яго. Каб адзначыць гэты дзень, па дарозе ў магазіне мужчынскага моднага адзення я купіў шыкоўны гальштук. Я ўсё яшчэ дзівіўся, як гладка ўсё атрымалася, і даў сабе зарок быць заўтра сур’ёзным, як генеральны дырэктар інстытута пахавальных спраў.
Каморка Готфрыда была славутасцю. Яна ўся была завешана сувенірамі, якіх ён навёз з Паўднёвай Амерыкі. Стракатыя цыноўкі на сценах, некалькі масак, засушаны чалавечы чэрап, незвычайныя гліняныя збаны, дзіды, а галоўнае — выдатная калекцыя фатаграфій, якая займала ўсю сцяну: дзяўчаты — індыянкі і крэолкі, прыгожыя, смуглявыя, гнуткія істоты выключнай прывабнасці і пяшчоты.
Акрамя Ленца і Кёстэра былі яшчэ Браўмюлер і Граў. Тэа Браўмюлер з загарэлай, чырвонай, як медзь, лысінай прыладзіўся на валік канапы і з захапленнем разглядаў фотакалекцыю Готфрыда. Ён быў гоншчыкам-выпрабаваль-
нікам аўтазавода і даўно сябраваў з Кёстэрам. Шостага ён удзельнічаў у гонках, на якія Ота заявіў «Карла».
Фердынанд Граў, ужо на падпітку, сядзеў за сталом — масіўны і азызлы. Калі ён убачыў мяне, шырокай лапай падцягнуў да сябе.
— Робі,— сказаў ён, запінаючыся.— Што табе трэба тут сярод страчаных людзей? Табе тут няма чаго рабіць. Ідзі адсюль. Ратуйся. Ты яшчэ можаш уратавацца.
Я зірнуў на Ленца. Ён падміргнуў мне.
— Фердынанд у лепшай форме. Ён ужо два дні прапівае дарагую нябожчыцу. Прадаў партрэт і адразу атрымаў грошы.
Фердынанд Граў быў мастак. Але ён даўно памёр бы з голаду, калі б не знайшоў сабе спецыялізацыі. Ён па фатаграфіях маляваў вельмі жывыя партрэты памерлых. 3 гэтага ён жыў, нават вельмі добра. Яго выдатных пейзажаў ніхто не купляў. Гэта надавала яго выказванням крыху песімістычнае адценне...
— На гэты раз я атрымаў заказ ад шынкара, Робі,— сказаў ён.— У шынкара памерла цётка, якая гандлявала воцатам і алеем.— Ён здрыгануўся.— Жахліва.
— Слухай, Фердынанд,— запярэчыў Ленц.— He варта ўжываць такія рэзкія выразы. Тыж жывеш з аднаго з выдатнейшых чалавечых пачуццяў — з жалобы.
— Лухта,— заявіў Граў.— Я жыву з пачуцця абавязку. Жалоба — гэта не што іншае, як пачуццё абавязку. Людзі хочуць апраўдацца за тое, чаго яны жадалі і што яны прычынілі нябожчыкам пры жыцці.— Ён паволі правёў рукой па полымнай лысіне.— Як ты думаеш, колькі разоў мой шынкар жадаў смерці сваёй цёці — а за гэта ён заказвае яе лірычны партрэт і вешае яго над канапай. Так яна яму падабаецца больш. Жалоба! Чалавек прыпамінае пра свае нешматлікія добрыя якасці толькі тады, калі ўжо позна. Тады ён крануты думкай, які высакародны мог бы ён быць, і лічыць сябе дабрадзейным. Зычлівасць, дабрыня, высакародства,— ён махнуў сваёй магутнай лапай,— гэтыя рысы пажадана бачыць у іншых, каб узяць верх над імі.
Ленц з’едліва ўсміхнуўся.
— Ты падрываеш асновы чалавечага грамадства, Фердынанд!
— Асновы чалавечага грамадства — сквапнасць, страх і карупцыя,— адказаў Граў.— Чалавек — злосны, але ён любіць дабрыню, калі ёй надзелены іншы.
Ён падставіў Ленцу сваю чарку.
— Вось так, а цяпер налі мне і не балбачы ўвесь вечар... дай і іншым слова сказаць.
Я пералез да Кёстэра. Мне раптам прыйшла ідэя.
— Ота, зрабі ласку. Заўтра вечарам мне патрэбны «кадзілак».
Браўмюлер перапыніў уважлівае вывучэнне амаль голай крэолк іта нцоўшчыцы.
— А ты ўжо ўмееш рабіць паварот? — пацікавіўся ён.— Да гэтага часу я думаў, што ты ўмееш ездзіць толькі па прамой, калі хто іншы сядзіць за рулём.
— Супакойся, Тэа,— адказаў я.— Шостага на гонках мы зробім з цябе шашлык.
Браўмюлер булькнуў, засмяяўшыся.
— Ну дык як, Ота? — спытаў я нецярпліва.
— Машына не застрахаваная, Робі,— сказаў Кёстэр.
— Я буду паўзці, як чарапаха, і сігналіць, як гарадскі аўтобус. Мне трэба праехаць толькі некалькі кіламетраў па горадзе.
Ота прыжмурыў вочы і ўсміхнуўся.
— Добра, Робі, я не супроць.
— Табе, відаць, не хапае машыны да новага гальштука? — спытаў Ленц, падышоўшы.
— Заткніся,— сказаў я і адштурхнуў яго ўбок.
Але ён не адступаўся.
— Пакажы, пакажы, хлопец! — Ён памацаў шоўк.— Цудоўна. Наша дзіця робіцца піжонам. Мне здаецца, што ты адпраўляешся на агледзіны.
— Сёння ты мяне не можаш пакрыўдзіць, ты — майстар пераўвасаблення,— адказаў я.
— Агледзіны? — Фердынанд Граў падняў галаву,— А чаму б і не? — Ён ажывіўся і павярнуўся да мяне.— He слухай яго, Робі. У цябе для гэтага яшчэ ўсё ёсць. Для кахання патрэбна пэўная праставатасць. У цябе яна ёсць. Зберажы яе. Яна — божы дар. Страціш — больш не знойдзеш.
— He бяры блізка да сэрца,— пасміхваўся Ленц.— Нарадзіцца дурнем — не ганьба. Ганьба памерці дурнем.
— Маўчы, Готфрыд.— Граў адмёў яго адным рухам сваёй магутнай лапы.— Пра цябе гаворка не ідзе, абозны рамантык. Цябе не шкада.
— Выгаварыся спакойна, Фердынанд,— сказаў Ленц.— Як выгаварышся, заўсёды лягчэй на душы.
— Ты — сімулянт,— заявіў Граў.— Высакапарны сімулянт.
— Усе мы такія,— усміхнуўся Ленц.— Мы жывём толькі ілюзіямі і крэдытамі.
— Так і ёсць,— сказаў Граў і па чарзе зірнуў на кожнага з нас з-пад кусцістых броваў.— Ілюзіямі мінулага і крэдытамі на будучыню.— Потым ён зноў звярнуўся да мяне: — Я сказаў: праставатасць, Робі. Толькі зайздроснікі называюць яе дурасцю. He крыўдзіся на іх. Гэта не недахоп, a — талент.
Ленц хацеў запярэчыць. Але Фердынанд працягваў гаварыць.
— Ты ведаеш, што я маю на ўвазе. Просты настрой, яшчэ не з’едзены скепсісам і занадта вялікім розумам. Парцыфаль быў дурны. Калі б ён быў разумны, ён ніколі не захопліваў бы кубак святога Граля. Толькі дурні перамагаюць у жыцці. Іншы ж бачыць зашмат перашкод і няўпэўнены, ці варта пачынаць. У цяжкія часы праставатасць — дарагі скарб, чароўны плашч, які хавае небяспеку, на якую разумнік бяжыць як загіпнатызаваны.
Ён пацягнуў глыток і паглядзеў на мяне вялізнымі сінімі вачыма, якія свяціліся на зморшчаным твары, як кавалачак неба.
— He старайся ведаць занадта шмат, Робі! Чым менш ведаеш, тым прасцей жыць. Веды прыносяць волю — але і няшчасце. Хадзем, вып’ем са мной за праставатасць, дурасць і ўсё, што звязана з ёй — за каханне, веру ў будучыню, мары аб шчасці... за цудоўную дурасць, страчаны рай...
Ён сядзеў важка і масіўна, раптам пагрузіўшыся ў свае думкі і свой хмель, як адзінокі курган недатыкальнай жалобы. Яго жыццё было разбіта, і ён ведаў, што ўжо не выкараскаецца. Ён жыў у сваёй вялікай майстэрні і быў блізкі са сваёй эканомкай. Жанчына была ўстойлівая і грубая, a Граў, наадварот, нягледзячы на сваё магутнае цела, адчувальны і бездапаможны. Ён не мог пакінуць яе, і яму, відаць, было ўжо ўсё роўна. Яму было сорак два гады.