• Газеты, часопісы і г.д.
  • Тры таварышы  Эрых Марыя Рэмарк

    Тры таварышы

    Эрых Марыя Рэмарк

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 367с.
    Мінск 1994
    81.45 МБ
    Але і Блюменталь ведаў, што пісьмовы стол — яго апора. Ён зняў акуляры і ўзяўся за мяне ўсур’ёз. Мы змагаліся, як тыгр з пітонам. Блюменталь быў пітон. He паспеў я азірнуцца, як ён ужо вытаргаваў у мяне паўтары тысячы марак.
    Я спужаўся. Я палез у кішэнь і моцна сціснуў у руцэ Готфрыдаў амулет.
    — Пан Блюменталь,— сказаў я, трацячы сілы,— ужо гадзіна дня. Вам, пэўна, пара палуднаваць.— Любой цаной я хацеў вырвацца з памяшкання, дзе цэны раставалі, як снег.
    — Я ем толькі ў дзве гадзіны,— заявіў Блюменталь непарушна.— Але ведаеце што? Мы можам зрабіць зараз пробную паездку.
    Я з палёгкай уздыхнуў.
    — Потым мы яшчэ пагаворым,— дадаў ён. У мяне зноў заняло дыханне.
    Мы паехалі да яго дома. На маё здзіўленне, у машыне яго як падмянілі. Ён зычліва расказаў стары, даўно вядомы мне анекдот пра кайзера Франца Ёзэфа. Я адплаціў яму анекдотам пра трамвайнага кандуктара. Ён мне — пра саксонца, які заблудзіў. Я адразу ж — пра саксонскую пару закаханых... Толькі перад домам мы загаварылі зноў сур’ёзна. Ён папрасіў мяне пачакаць і пайшоў па жонку.
    — Мой любімы таўстун-«кадзілак»,— сказаў я і паляпаў машыну па радыятары. — За гэтымі анекдотамі, Ha­nada, хаваецца нейкая д’ябальшчына. Але будзь спакойны: мы знойдзем табе прытулак. Ён купіць цябе, будзь упэўнены — калі яўрэй вяртаецца, то купляе. Калі вяртаецца хрысціянін, то гэта не значыць, што ён купіць. Ён робіць з паўдзесятка пробных паездак, каб зэканоміць на таксі, а потым ён раптам прыпамінае, што яму патрэбна не машына, а абсталяванне для кухні. He, не, яўрэі талковыя людзі, яны
    ведаюць, чаго хочуць. Але я клянуся табе, дарагі таўстун: калі я ўступлю гэтаму непасрэднаму нашчадку ўпартага Юды Макавея яшчэ хоць адну сотню марак, я да скону не вып’ю ні чаркі гарэлкі.
    З’явілася фраў Блюменталь. Я прыпомніў усе парады Ленца і з байца ператварыўся ў кавалера.
    Блюменталь толькі подленька ўсміхаўся з гэтага. Гэта быў жалезны чалавек. Яму трэба было б прадаваць лакаматывы, а не трыкатаж.
    Я паклапаціўся пра тое, каб ён сеў ззаду, а яго жонка — побач са мной.
    — Куды вас павезці, шаноўная пані? — спытаў я саладжавым голасам.
    — Куды хочаце,— адказала яна, усміхаючыся мне памацярынску.
    Я пачаў размову. Якая асалода размаўляць з такім нявінным чалавекам! Я гаварыў так ціха, каб Блюменталь нічога не чуў. Так мне было лягчэй. Хапала і таго, што ён сядзеў ззаду.
    Мы спыніліся. Я вылез і цвёрда зірнуў на майго непрыяцеля.
    — Усё-такі вы павінны пагадзіцца, што машына бяжыць бездакорна, пан Блюменталь.
    — Якая радасць з той бездакорнасці, малады чалавек,— запярэчыў ён мне надзвычай ветліва,— калі падаткі паглынаюць цябе. Падаткі на машыну занадта высокія. Гэта я вам кажу.
    — Пан Блюменталь,— сказаў я, імкнучыся не змякчыць тон,— вы дзелавы чалавек, з вамі можна гаварыць шчыра. Гэта — не падаткі, а выдаткі. Скажыце самі, чаго сёння патрабуе камерцыя? Вам гэта добра вядома: не капіталу, як раней,— патрэбны крэдыт! А як атрымаць крэдыт? Толькі праз уменне паказаць сябе. «Кадзілак» — машына салідная і хуткая, утульная, але не старамодная. Здаровы буржуазны лад жыцця — жывая рэклама вашай фірмы.
    Блюменталь весела павярнуўся да сваёй жонкі.
    — У яго яўрэйскія мазгі, праўда? Малады чалавек,— сказаў ён потым, тым жа самым фамільярным тонам,— самая лепшая рэклама саліднасці сёння — паношаны касцюм і паездка на аўтобусе. Калі б у нас з вамі былі тыя грошы, якія яшчэ не выплачаны за элегантныя машыны,, што пралятаюць міма, мы маглі б спакойна сядзець, нічога не робячы. Гэта я вам кажу. 3 даверам.
    Я з недаверам зірнуў на яго. Што азначае гэтая зычлі-
    васць? Што ён задумаў? Ці прысутнасць жонкі прытупіла яго баявітасць? Я вырашыў стрэліць з пісталета.
    — «Кадзілак» — гэта не «эсекс», ці не так, шаноўная пані? Сын Маера ездзіць на «эсексе», але ён мне і дарма не патрэбны... гэтыя чырвоныя, яркія сані...
    Я пачуў, як засоп Блюменталь, а сам хутка працягваў:
    — Колер абіўкі вельмі вам да твару, шаноўная пані,— прыглушаны сіні кобальт для бландзінкі...
    Раптам Блюменталь заўсміхаўся — здавалася, я ўбачыў лес, поўны вясёлых малпаў.
    — Маер і сын — здорава, здорава...— аж застагнаў ён,— а цяпер яшчэ гэтыя тары-бары... тары-бары!
    Я зірнуў на яго. Я не паверыў сваім вачам. Ён смяяўся непадробна.
    Я адразу ж ударыў па тых самых струнах.
    — Пан Блюменталь, дазвольце мне растлумачыць. У размове з жанчынай тары-бары — не тары-бары. Гэта кампліменты, якія ўсё радзей пачуеш у наш варты жалю час. Жанчына — не металічная мэбля. Яна — кветка! Ёй непатрэбна дзелавітасць. Ёй патрэбна стракатае сонца слоў. Лепш гаварыць ёй кожны дзень штосьці прыгожае, чым з бычынай настойлівасцю працаваць на яе. Гэта я вам скажу. Шчыра. А акрамя таго, я не разводзіў тары-бары, а выкарыстаў фізічны закон. Сіні колер добра пасуе бландзінкам.
    — Добра спяваеш, пташка,— сказаў Блюменталь, ззяючы.— Паслухайце, пан Локамп... Я ведаю, што магу збіць яшчэ тысячу марак...
    Я адступіў на крок.
    «Вераломны сатана,— падумаў я,— гэта той удар, якога я чакаў». Я ўжо ўявіў сваё жыццё без адзінай чаркі алкаголю і, як зацкаванае аляня, зірнуў на фраў Блюменталь.
    — Але, бацька...— сказала яна.
    — Пакінь, маці,— адказаў ён.— Дык вось: я мог бы зрабіць гэта, але не раблю. Мне, камерсанту, ваша праца прынесла задавальненне. Крыху зашмат фантазіі, але ўсё ж ваш аргумент наконт Маера і сына быў удалы. У вас маці яўрэйка?
    — He.
    — Вы працавалі ў магазіне гатовага адзення?
    — Так.
    — Вось бачыце, стыль адтуль. У якім аддзеле?
    — У аддзеле «Душа»,— адказаў я.— Я хацеў стаць настаўнікам.
    — Пан Локамп,— сказаў Блюменталь.— Вы — малайчына! Калі страціце месца, званіце мне.
    Ён выпісаў чэк і аддаў яго мне. Я не паверыў сваім вачам. Задатак — дзіва!
    — Пан Блюменталь,— узрушана сказаў я,— дазвольце мне дадаць да машыны дзве крышталёвыя попельнічкі і першакласны гумавы дыванок пад ногі.
    — Выдатна,— сказаў ён.— Вось і старому Блюменталю перапаў падарунак...
    Затым ён запрасіў мяне назаўтра павячэраць. Фраў Блюменталь па-мацярынску ўсміхнулася мне.
    — Будзе фаршыраваны шчупак,— мякка вымавіла яна.
    — Далікатэс,— заявіў я.— Тады заўтра ж прыганю вам машыну. Зранку мы яе зарэгіструем.
    У майстэрню я вяртаўся як на крылах. Але Ленц і Кёстэр пайшлі палуднаваць. Я вымушаны быў пакуль што стрымаць сваю радасць. Быў толькі Юп.
    — Прадалі? — спытаў ён.
    — I табе трэба ведаць, ты — жэўжык,— сказаў я.— Вось табе талер. Пабудуй сабе на яго самалёт.
    — Значыць, прадалі,— заўсміхаўся Юп.
    — Я паеду палуднаваць,— сказаў я.— Але глядзі, нікому ні слова пра маё вяртанне.
    — Пан Локамп,— заверыў ён і падкінуў манету ў паветра,— магіла.
    — Можна паверыць,— сказаў я і націснуў на газ.
    Калі я вярнуўся, Юп падаў мне знак.
    — Што здарылася? — спытаў я.— He ўтрымаў язык за зубамі?
    — Пан Локамп! Жалезна! — Ён выскаліўся.— Але «фордаў» дзядзька прыйшоў.
    Я пакінуў «кадзілак» у двары і пайшоў у майстэрню.
    Булачнік быў тут. Ён якраз схіліўся над каталогам колераў. На ім было паліто ў клетку з поясам і шырокай жалобнай стужкай на рукаве. Побач з ім стаяла сімпатычная істота з чорнымі гарэзлівымі вачыма, у расшпіленым палітончыку з аблямоўкай з вылінялага зайца і ў вельмі маленькіх лакірках. Чарнявая істота настойвала на яркім сурыку, але булачнік устрымліваўся ад чырвонага колеру, бо быў у жалобе. Ён выступаў за бляклы жоўта-шэры колер.
    — Глупства,— бурчала чарнявая.— «Форд» павінен быць яркі. Інакш — ніякага фасону.
    Заклінаючы, яна зыркала на нас, паціскала плячыма, калі булачнік схіляўся над каталогам, крывіла рот і падміргвала нам. Вясёлае дзіця! Нарэшце яны сышліся на зеленаватым колеры. Дзяўчыне хацелася, каб быў светлы верх. Але тут булачнік упёрся: недзе павінна быць жалоба. Ён адстаяў чорны скураны верх. Ён і на гэтым выйграў: верх жа ён атрымліваў бясплатна, а скура даражэйшая за тканіну.
    Яны пайшлі. Але ідучы праз двор, спыніліся. Як толькі чарнявая ўбачыла «кадзілак», яна кінулася да яго.
    — Паглядзі, пупсік, вось дык машына! Як з казкі! Яна мне вельмі падабаецца!
    У наступны момант яна ўжо адчыніла дзверцы і ўселася, у захапленні страляючы вачыма.
    — Вось гэта сядзенні! Каласальна! Крэслы, як у клубе! He тое, што наш «форд»!
    — Ну, пайшлі,— незадаволена сказаў пупсік.
    Ленц падштурхнуў мяне: я мусіў выйсці на арэну і навязаць машыну булачніку. Я глянуў на Готфрыда, але не сказаў ні слова. Ён штурхануў мяне мацней. Я штурхануў яго і адвярнуўся.
    Булачнік з цяжкасцю выцягнуў з машыны свой чарнявы скарб і, крыху прыгнуўшыся, у моцным расстройстве падаўся з двара.
    Мы пазіралі парачцы ўслед.
    — Рашучы чалавек! — сказаў я.— Адрамантаваў машыну, ажаніўся — малайчына!
    — I праўда,— сказаў Кёстэр.— Ён яшчэ парадуецца з яе.
    Толькі яны завярнулі за рог, як Готфрыд раз’юшыўся.
    — Ты што, Робі, зусім звіхнуўся? Правароніць такую магчымасць! Гэта ж была задача для першакласніка!
    — Унтэр-афіцэр Ленц! — адказаў я.— Падцягніце жывот, калі размаўляеце са старшым! Што я — прыхільнік дваяжонства, каб аддаваць машыну замуж двойчы?
    Трэба было бачыць, як аслупянеў Готфрыд. Вочы ў яго сталі па талеры кожнае.
    — He жартуй са святынямі,— прамямліў ён.
    He звяртаючы на яго ўвагі, я загаварыў з Кёстэрам.
    — Ота, развітвайся з нашым дзіцем — «кадзілакам». Ён ужо не наш. 3 гэтага часу ён будзе надаваць бляску аддзелу, дзе прадаюцца споднікі. Будзем спадзявацца, што яго там чакае шчаслівая доля. He такая гераічная, як у нас, затое — больш надзейная.
    Я дастаў чэк. Ленц як не разваліўся на часткі.
    — He можа быць! I ўжо аплочаны? — хрыпата прашаптаў ён.
    — А як вы думалі, жаўтароцікі? — спытаў я і памахаў чэкам.— Гадайце — колькі.
    — Чатыры! — крыкнуў Ленц, заплюшчыўшы вочы.
    — Чатыры з паловай,— сказаў Кёстэр.
    — Пяць! — крыкнуў ад калонкі Юп.
    — Пяць з паловай,— адрэзаў я.
    Ленц выхапіў чэк у мяне з рук.
    — Немагчыма! Пэўна, не аплоціць!
    — Пан Ленц,— сказаў я з пачуццём годнасці,— чэк настолькі надзейны, наколькі ненадзейны вы. У майго сябра Блюменталя хопіць грошай на дваццаць такіх чэкаў. Гэта мой сябра — вы разумееце? Заўтра ўвечары я буду есці ў яго фаршыраванага шчупака. Бярыце прыклад! Пасябраваць, атрымаць задатак і быць запрошаным на вячэру! Вось як трэба прадаваць! Так, цяпер вольна! — Готфрыд з цяжкасцю прыходзіў да памяці. Але ён не здаваўся.