Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
— Хочацца. Калі цямнее, на душы робіцца ніякавата.
Я разарваў пачак.
— Амерыканскія. Вам падабаюцца?
— Так. Нават больш, чым нейкія іншыя.
Я даў ёй прыкурыць. На імгненне блізкае цёплае святло запалкі асвятліла яе твар і мае рукі, і ў мяне раптам з’явілася вар’яцкая думка, што мы ўжо даўно блізкія.
Я апусціў шыбу, каб даць выйсці дыму.
— Вы хочаце павесці машыну? — спытаў я.— Вам, пэўна, было б прыемна.
Яна павярнулася да мяне.
— Хацелася б. Але не ўмею.
— Сапраўды?
— He ўмею. Ніколі не вучылася.
Тут я вырашыў скарыстаць выпадак.
— Біндзінг жа даўно мог навучыць вас,— сказаў я. Яна засмяялася.
— Біндзінг занадта закаханы ў сваю машыну. Ён нікога не падпускае да руля.
— Гэта неразумна,— заявіў я, задаволены, што магу
ўпікнуць таўстуна.— Я даю вам праехаць без усялякіх ваганняў. Садзіцеся.
Я насуперак усім папярэджанням Кёстэра вылез, каб памяняцца месцамі. Яна захвалявалася.
— Але ж я сапраўды не ўмею кіраваць.
— Умееце,— запярэчыў я.— Вы ўсё ўмееце. Толькі не ведаеце пра гэта.— Я паказаў ёй пераключэнні.
— Вось,-— сказаў я.— А цяпер — наперад!
— Хвілінку! — Яна паказала на аўтобус, які адзінока каціўся па вуліцы.— Можа, прапусцім яго спачатку?
—Hi ў якім разе!
Я імгненна ўключыў хуткасць і адпусціў педалю счаплення. Яна сутаргава ўхапілася за руль, напружана ўзіраючыся ў вуліцу.
— О божа, мы едзем занадта хутка.
Я зірнуў на спідометр.
— Зараз вы едзеце з хуткасцю 25 кіламетраў у гадзіну. На самай справе гэта толькі дваццаць. Нармальная хуткасць для марафонца.
— А мне здаецца, што восемдзесят.
Праз некалькі хвілін першы страх знік. Мы ехалі ўніз па шырокай роўнай вуліцы. «Кадзілак» крыху вадзіла ў бакі, як быццам ён быў запраўлены не бензінам, каньяком. Часам ён праходзіў падазрона блізка ад бардзюра, але паступова справа наладзілася, і ўсё атрымлівалася так, як я і думаў: я атрымаў перавагу, бо мы раптам сталі настаўнікам і вучаніцай, і я гэта выкарыстаў.
— Увага,— сказаў я.— Там стаіць паліцэйскі.
— Спазніліся.
— А што будзе, калі ён мяне заловіць? У мяне ж няма правоў.
— Мы ўдваіх трапім у турму.
— О святы божа! — Яна спуджана пачала нагой шукаць тормаз.
— Газу! — крыкнуў я ёй.— Газу! Мацней націснуць. Нам трэба праскочыць горда і хутка. Найлепшы сродак супроць закона — нахабства.
Паліцэйскі не звярнуў на нас ніякай увагі. Дзяўчына ўздыхнула з палёгкай.
— А я і не ведала, што паліцэйскія могуць быць падобны да вогненных драконаў,— сказала яна, калі мы аддаліліся на некалькі сотняў метраў.
— Яны плююцца агнём толькі тады, калі на іх наедзеш.— Я паволі прытармазіў.— Вось тут у нас шыкоўная
пустая бакавая вуліца. Тут мы і павучымся як след. Спачатку зрушваць з месца і спыняцца.
У Патрыцыі некалькі разоў глух матор. Яна расшгнліла куртку.
— Мне горача. Але я навучуся! — Седзячы за рулём, яна старанна і ўважліва сачыла, што я паказваю. Потым, усхвалявана коратка ўскрыкваючы, яна рабіла першыя павароты і, як д’ябла, баялася сустрэчных фараў, але і вельмі ганарылася, калі машыны ўдала раз’язджаліся. Неўзабаве ў невялічкай кабіне, слаба асветленай лямпачкай шчытка, з’явілася пачуццё таварыскасці, якое ўсталёўваецца пры занятках тэхнікай альбо камерцыяй. I калі мы праз паўгадзіны зноў селі на свае месцы, і я павярнуў назад, мы бальш ведалі адно пра аднаго, чым калі б мы падрабязна расказалі свае аўтабіяграфіі.
Непадалёк ад Нікалайштрасэ я зноў спыніў машыну. Мы стаялі якраз пад чырвоным святлом кінарэкламы. Асфальт мігцеў матавым святлом, як выцвілая пурпурная тканіна. Каля бардзюра блішчала вялікая чорная масляная пляма.
—Так, цяпер мы законна зарабілі чарку. Дзе мы яе перакулім?
Патрыцыя Хольман на хвілінку задумалася.
— Давайце зноў пойдзем у сімпатычны бар з паруснікамі,— прапанавала яна.
Я адразу занепакоіўся. У бары цяпер, напэўна, сядзеў апошні рамантык. Я ўжо нібы бачыў яго твар...
— Ах,— паспешна прамовіў я,— што там асаблівага. Ёсць больш прыстойныя месцы.
— Я не ведаю... там мне здалося тады вельмі прыстойна.
— Праўда? — спытаў я збянтэжана.— Бар вам здаўся прыстойным?
— Сапраўды,— адказала яна са смехам.— Нават вельмі...
«Вось як! — падумаў я.— А я так дакараў сябе!»
— Толькі мне здаецца, што ў гэты час там перапоўнена,— зрабіў я яшчэ адну спробу.
— Можна ж паглядзець.
— Вядома, можна.— Я задумаўся, што рабіць.
Калі мы пад’ехалі, я імкліва выскачыў з машыны.
— Я хуценька зазірну. Зараз вярнуся.
Там не было ніводнага знаёмага, акрамя Валянціна.
— Скажы,— спытаў я.— Готфрыд быў ужо тут?
Валянцін кіўнуў.
— 3 Ота. Пайшлі з паўгадзіны назад.
— Шкада,— сказаў я, уздыхнуўшы з палёгкай.— 3 радасцю пабачыў бы іх.
Я вярнуўся да машыны.
— Можна рызыкнуць,— заявіў я.— Выпадкова сёння тут не так і цесна.— Але з перасцярогі я пакінуў «кадзілак» у цені за рогам.
Але не праседзелі мы і дзесяці хвілін, як перад стойкай з’явілася саламяная галава Ленца. «Д’ябалыпчына! — падумаў я.-— Нарваўся. Няхай бы лепш гэта здарылася цераз пару тыдняў».
Здавалася, што ў Готфрыда не было намеру заставацца. Ужо мне здалося, што выратаваны, але тут я заўважыў, што Валянцін паказвае яму на мяне. Гэта была адплата за хлусню. Твар Готфрыда, які ўбачыў нас, мог бы паслужыць цудоўным узорам для кінаакцёра-пачаткоўца. Вочы ў яго выкаціліся і зрабіліся падобнымі да яечні, і я ўжо спужаўся, што ў яго адваліцца сківіца. Шкада, што ў гэты час у бары не было рэжысёра. Я цвёрда ўпэўнены, што Ленца адразу запрасілі б у кіно. Напрыклад, на такія ролі, дзе перад матросам, які пацярпеў крушэнне, раптам з рыкам з’яўляецца марскі гад.
Готфрыд хутка зноў узяў сябе ў рукі. Я кінуў на яго позірк, які маліў знікнуць. Ён адказаў на яго мярзотнай усмешкай, абцягнуў пінжак і падышоў да нас.
Я ўжо ведаў, што будзе, і таму паспрабаваў захапіць ініцыятыву.
— Ты ўжо праводзіў дадому фройляйн Бомблят? — спытаў я, каб адразу нейтралізаваць яго.
— Праводзіў,— адказаў ён, вокам не міргнуўшы, хоць да пошняй секунды ён пра фройляйн Бомблят не чуў — не ведаў.
— Яна перадала табе прывітанне і прасіла, каб зранку адразу пазваніў ёй.
Гэта быў моцны контрудар. Я кіўнуў.
— Пазваню. Спадзяюся, яна купіць машыну.
У Ленца зноў разявіўся рот. Я штурхнуў яго ў нагу і зірнуў так, што ён замоўк, усміхаючыся.
Мы выпілі па некалькі чарак. Я піў толькі кактэйль з лімонам, каб зноў не зляцець з тармазоў.
Готфрыд быў у цудоўным настроі.
— Толькі што я заходзіў да цябе,— сказаў ён.— Хацеў
забраць цябе. А потым я быў на плошчы. Там паставілі выдатную новую каруселю. Сходзім туды? — Ён зірнуў на Патрыцыю Хольман.
— Неадкладна! — падтрымала яна.— Больш за ўсё на свеце я люблю каруселі.
— Тады пайшлі! — сказаў я, рады, што выходзім адсюль. На волі будзе прасцей.
Катрыншчыкі — фарпосты луна-парку. Меланхалічнасалодкае гудзенне. На старых аксамітных накідках катрынак — часам папугай ці замерзлая маленькая малпачка ў чырвонай суконнай куртачцы. Потым рэзкія галасы гандляроў, якія прадаюць клей для фарфору, алмазы на нарэзку шкла, турэцкі мёд, паветраныя шары і адрэзы на касцюмы. Халоднае сіняе паветра і пах ад карбідных лямп. Варажбіткі, астролагі, палаткі з пірагамі, арэлі-лодка, будкі з атракцыёнамі і, нарэшце, аглушальная музыка, стракаты бляск — асветленыя, як палац, вежы каруселяў.
— Наперад, сябры! — Ленц з чупрынай, што раскудлацілася на ветры, кінуўся да амерыканскіх горак. Там іграў самы вялікі аркестр. 3 кожнай з пазалочаных ніш выходзілі шэсць трубачоў, яны паварочваліся на ўсе бакі, ускідвалі, потым апускалі свае інструменты і вярталіся назад. Гэта выглядала велічна.
Мы селі ў гандолу ў форме лебедзя і загайдаліся. Свет праплываў у пералівах агню, ён уздымаўся ўверх і зноў падаў у чорны тунель, праз які мы імчалі пад барабанны грукат, а потым нас зноў сустракалі бляск і фанфары.
— Далей! — Готфрыд накіраваўся да лётаючай каруселі з дырыжаблямі і самалётамі. Мы залезлі ў цэпелін і зрабілі тры кругі.
Крыху задыхаючыся, мы зноў стаялі ўнізе.
— А цяпер на чортава кола! — заявіў Ленц.
Гэта быў вялікі гладкі круглы дыск з невялічкім узвышэннем пасярэдзіне, які кружыўся ўсё хутчэй і на якім трэба было ўтрымацца. Сярод іншых дваццаці чалавек на дыск стаў Готфрыд. Ён як ашалелы вытанцоўваў і атрымаў апладысменты. Нарэшце ён застаўся на дыску з нейкай кухаркай. Задніца ў яе была як у ламавіка. Яна схітрыла: калі ўжо зусім стала нявыкрутка, яна проста села ў цэнтры шайбы, а Готфрыд скакаў перад ёй. Астатніх усіх ужо знесла. Нарэшце лёс напаткаў і апошняга рамантыка. Ён упаў у абдымкі кухаркі, і яны, абняўшыся, скаціліся з дыска.
Яны падышлі да нас пад ручку. Ён зваў яе проста Ліна. Ліна сарамліва ўсміхалася. Ён спытаў, чым яе пачаставаць. Ліна заявіла, што піва добра наталяе смагу. Яны зніклі ў палатцы.
— А мы? Куды пойдзем цяпер? — спытала Патрыцыя Хольман. Вочы ў яе блішчалі.
— У лабірынт прывідаў,— сказаў я і паказаў на вялікую будку. .
Лабірынт быў поўны нечаканасцяў. Ужо з першых крокаў зямля пад намі захісталася, мы натыкнуліся ў цемры на нечыя рукі, з цёмных куткоў з’яўляліся страшэнныя пысы, галасілі прывіды... Мы смяяліся, але раптам дзяўчына спужалася і адхіснулася — перад ёй з’явіўся асветлены чэрап зялёнага колеру. На адно імгненне яна апынулася ў маіх абдымках, я адчуў на твары яе дыханне, зусім блізка каля вуснаў былі яе валасы. Яна тут жа засмяялася, і я выпусціў яе.
Я выпусціў яе, але нейкай часцінкай сваёй істоты я ўтрымліваў яе. Калі мы ўжо былі на волі, я ўсё яшчэ адчуваў яе плечы, яе мяккія валасы, лёгкі персікавы пах яе скуры... Я баяўся зірнуць на яе. Яна раптам стала для мяне інакшай.
Ленц ужо чакаў нас. Ён быў адзін.
— А дзе Ліна? — спытаў я.
— П’е,— адказаў ён і паказаў галавой на палатку.— 3 нейкім кавалём.
— Спачуваю,— сказаў я.
— Глупства,— адказаў Готфрыд.— Давай лепш зоймемся сапраўднай мужчынскай справай.
Мы падышлі да будкі, дзе накідвалі гумавыя колцы на крукі. Былі прызначаны розныя прызы.
— Так,— звярнуўся Ленц да Патрыцыі Хольман і збіў свой капялюш на патыліцу.— Зараз мы выйграем вам пасаг.
Ён кінуў першы і выйграў будзільнік. Я кінуў за ім, і мне дастаўся мядзведзь. Гаспадар атракцыёна, аддаючы нам выйгрышы, нарабіў з гэтага шмат шуму, каб прывабіць паболей кліентаў.