Тры таварышы
Эрых Марыя Рэмарк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
— Ну добра,— сказаў я.— Нічога не зробіш. Да пабачэння.
Яна пранікліва зірнула на мяне.
— Я не спяшаюся. Я дамовілася на дзевяць. Мы можам яшчэ прагуляцца. Цэлы тыдзень я не была на свежым паветры.
— Добра,— сказаў я з пачуццём нязгоды. Я раптам адчуў сябе змораным і спустошаным.
Мы пайшлі па вуліцы. Вечар праясніўся, паміж дахамі мігцелі зоркі. Мы праходзілі міма садка, дзе ў цені было некалькі кустарнікаў. Патрыцыя Хольман спынілася.
— Бэз,— сказала яна.— Пахне бэзам. Але ж не можа быць, яшчэ не пара.
— Я не адчуваю ніякага паху,— адказаў я.
— Няўжо?
Яна перагнулася праз агароджу.
— Гэта «дафна індзіка», шаноўная пані,— пачуўся грубы голас са змроку.
У садзе, прыхіліўшыся да дрэва, стаяў садоўнік у шапцы з латуннай бляхай. Ён падышоў, крыху хістаючыся. 3 кішэні паблісквала рыльца бутэлькі.
— Мы сёння пасадзілі яе,— заявіў ён і зрабіў магутны глыток.— Вось яна і пахне.
— Вялікі дзякуй,— сказала Патрыцыя Хольман і павярнулася да мяне.— I цяпер не адчуваеце?
— Цяпер пачуў,— адказаў я з неахвотай.— Пах добрай старой хлебнай гарэлкі.
— Адгадаў! — Чалавек у цяні па-маладзецку адрыгнуў.
Я выдатна адчуваў саладжавы водар — пах, які плыў у мяккім змроку. Але прызнавацца ў тым мне не хацелася нізашто на свеце. Дзяўчына засмяялася і пацягнулася.
— Як цудоўна — пасля працяглага палону ў пакоі! Вельмі шкада, што мне трэба ісці. Гэты Біндзінг заўсёды ў спешцы, заўсёды ў апошні момант... ён сапраўды мог бы адкласці справу на заўтра.
— Біндзінг? — спытаў я.— Вы дамовіліся з Біндзінгам?
Яна кіўнула.
— 3 Біндзінгам і яшчэ з некім. 3 гэтым некім усё і звязана. Важная справа. Можаце зразумець?
— He,— адказаў я.— Гэтага я зразумець не магу.
Яна засмяялася, працягваючы гаварыць. Але я не слухаў. Біндзінг — гэта прозвішча было для мяне як гром з яснага неба. Я не думаў пра тое, што яго яна ведае даўней, чым мяне, я толькі бачыў яго агромністы бліскучы «б’юік», дарагі касцюм і кашалёк. Мая бедная, адважная, упрыгожаная каморка! Што я ўявіў сабе! Лямпа ад Хасэ, крэслы ад
Залеўскі! Дзяўчына ўвогуле была мне не пара! Хто я такі? Пешаход, які пазычыў аднойчы «кадзілак», варты жалю п’яніца, больш нічога! Такіх процьма на кожным рагу! Я ўжо бачыў, як швейцар у «Лазе» аддае чэсць Біндзінгу, я бачыў светлыя, цёплыя, дагледжаныя пакоі, дым цыгарэт і элегантных мужчын, я чуў музыку і смех з мяне. Назад, хутчэй назад! Прадчуванне, надзея... чаго яны вартыя? Неразумна было на штосьці разлічваць. Толькі назад!
— Калі хочаце, мы можам сустрэцца заўтра ўвечары,— сказала Патрыцыя Хольман.
— Заўтра ў мяне не будзе часу,— адказаў я.
— Альбо паслязаўтра, ці ў любы дзень тыдня. У наступныя дні я вольная.
— Цяжка абяцаць,— сказаў я.— Мы сёння атрымалі заказ, відаць, прыйдзецца працаваць увесь тыдзень да позняй ночы.
Я хлусіў, але інакш не мог. Раптам я адчуў у сабе незвычайную злосць і ганьбу.
Мы перайшлі плошчу і пайшлі па вуліцы каля могілак. Я ўбачыў Розу, якая ішла ад «Інтэрнацыяналя». Яе высокія боты блішчалі. Я мог бы звярнуць некуды ўбок і пры звычайных абставінах так і зрабіў бы. Але цяпер я пайшоў ёй насустрач. Роза глядзела міма мяне, быццам мы незнаёмыя. Гэта зразумела. Ніводная з гэтых дзяўчат не пазнае цябе на вуліцы, калі ты не адзін.
— Прывітанне, Роза,— сказаў я.
Яна спачатку разгублена глянула на мяне, потым на Патрыцыю, потым паспешліва кіўнула галавой і ў неўразуменні пайшла далей. Праз некалькі крокаў ішла Фрыцы, памахваючы сумачкай. Чырвоныя вусны гарэлі, сцёгны віхляліся. Яна абыякава зірнула праз мяне, як праз шкляную шыбіну.
— Дзень добры, Фрыцы,— сказаў я.
Яна, нібы каралева, нахіліла галаву і нічым не выдала свайго здзіўлення. Але калі мы размінуліся, я пачуў, што яна наддала хады, каб абмеркаваць з Розай. Я ўсё яшчэ мог звярнуць у бакавую вуліцу, бо я ведаў, што пойдуць і астатнія — была пара першага абходу. Але заўпарціўшыся, я ішоў напрасткі. Чаму я павінен пазбягаць іх? Я іх ведаў куды лепш, чым гэтую дзяўчыну побач, з яе Біндзінгам і з яго «б’юікам». Няхай яна бачыць, няхай разгледзіць усіх грунтоўна.
Усе яны ішлі адна за адной, асветленыя ліхтарамі: прыгажуня Валі — бледная, танклявая, элегантная; Ліна на
драўлянай назе, прысадзістая Эрна, кураня Марыён, чырванашчокая Марго, падобны да жанчыны Кікі ў трусіным палітоне і нарэшце — Мімі, бабуля з хворымі нагамі, падобная да абшчыпанай савы. Я вітаўся з усімі, а калі мы потым праходзілі міма «мамкі» з сасіскамі, я ад усяго сэрца паціснуў ёй руку.
— У вас тут шмат знаёмых,— сказала Патрыцыя Хольман праз нейкі час.
— Такіх хапае,— адказаў я ўпарта.
Я заўважыў, што яна зірнула на мяне.
— Мне здаецца, што нам час вяртацца,— сказала яна праз хвіліну.
— Так,— адказаў я.— I мне здаецца.
Мы спыніліся каля дзвярэй дома.
— Усяго вам добрага,— сказаў я.— I шмат радасці.
Яна не адказала. 3 цяжкасцю я перавёў позірк з кнопкі званка на яе. I сапраўды: я не паверыў сваім вачам, яна стаяла, і замест крыўды ў вачах у яе гарэлі агеньчыкі, рот крывіўся ва ўсмешцы, а потым яна засмяялася шчыра і бестурботна, яна проста засмяялася з мяне.
— Вы — малое дзіця,— сказала яна,— божа мой, якое вы малое дзіця!
Я ўтаропіўся на яе.
— Ну добра,— сказаў я,— як бы то ні было...— і раптам зразумеў сітуацыю.— Вы, мусіць, лічыце, што я паводжу сябе як ідыёт?
Яна засмяялася. Я хутка зрабіў крок наперад і моцна прыцягнуў яе да сябе. Няхай думае, што хоча. Яе валасы дакрануліся да маёй шчакі, яе твар быў побач з маім, я адчуў слабы персікавы пах яе скуры. Потым яе вочы наблізіліся, і я адчуў слодыч яе вуснаў...
Яна пабегла, не даўшы мне апамятацца.
Я вяртаўся міма «мамкі» з сасіскамі.
— Дай мне добрую порцыю,— сказаў я, ззяючы.
— 3 гарчыцай?
Я, стоячы, з вялікай асалодай з’еў сасіску. Алоіс прынёс мне з «Інтэрнацыяналя» куфаль піва.
— Чалавек — смешнае стварэнне, праўда, мамка? — сказаў я.
— Ты, відаць, маеш рацыю,— ахвотна адказала яна.— Учора падыходзіць пан, з’ядае дзве венскія сасіскі з гарчыцай, а потым не мае чым заплаціць. I вось, ужо позна, Hi-
воднага чалавека паблізу, што тут зробіш, вядома, я яго ўпусціла. I ўяві, сёння ён з’яўляецца зноў, плаціць за ўчарашнія сасіскі і дае мне яшчэ на чай.
— Даваенная натура, мамка. А ўвогуле — як ідуць справы?
— Дрэнна! Учора сем пар венскіх сасісак і дзевяць сардэлек. Ты ведаеш, каб не мае дзяўчаты, я даўно скапыцілася б.— Яна мела на ўвазе прастытутак, якія падтрымлівалі «мамку», як толькі маглі. Калі яны падчэплівалі кавалера, то пры магчымасці праводзілі яго каля кацялка «мамкі», каб перад «справай» з’есці сардэльку і даць крыху зарабіць старой.
— Неўзабаве пацяплее,— працягвала мамка,— а вось зімой, на золі і ў холадзе... як ні апранайся, усё роўна не ўберажэшся.
— Дай мне яшчэ сардэльку,— сказаў я.— Так прыемна жыць. А як справы дома?
Яна зірнула на мяне сваімі маленькімі празрыстымі вочкамі.
— Тое ж самае. Надоечы прадаў ложак.
«Мамка» была замужам. Дзесяць год назад яе муж трапіў пад электрычку, калі хацеў ускочыць на хаду. Яму ампутавалі абедзве нагі. Няшчасце дзіўным чынам адбілася на ім. Ён так саромеўся перад жонкай свайго калецтва, што перастаў з ёй спаць. Акрамя таго, у бальніцы ён прызвычаіўся да морфію. Гэта хутка даканала яго, ён трапіў у кампанію гомасексуалістаў, і скора мужчына, які пяцьдзесят гадоў быў нармальны, нікога не прызнаваў, акрамя хлопчыкаў. Іх ён не саромеўся, бо яны былі мужчыны. Для жанчын ён быў калека, якому здавалася, што ён выклікае агіду і спачуванне, а гэтага ён вытрымаць не мог. Для мужчын ён быў усяго толькі няшчасны. Каб мець грошы на хлопчыкаў і морфій, ён забіраў у «мамкі» ўсё, што знаходзіў, і прадаваў усё, што можна было прадаць. Але «мамка» не кідала яго, хоць ён часта яе лупцаваў. Яна разам з сынам стаяла каля свайго кацялка кожную ноч да чатырох гадзін. Удзень яна мыла бялізну і прыбірала лесвіцы. У яе ўжо даўно балеў страўнік, але ніхто ніколі не бачыў яе ў дрэнным настроі. Яна лічыла, што ёй жывецца нядрэнна. Часам да яе прыходзіў муж, калі адчуваў сябе асабліва мярзотна, і плакаў. Гэта былі лепшыя хвіліны яе жыцця.
— Ты ўсё яшчэ на сваім добрым месцы? — спытала яна мяне.
Я кіўнуў.
— Так, мамка. Я добра зарабляю.
— Глядзі ж, трымайся за месца.
— Пастараюся, мамка.
Я прыйшоў дамоў. Каля пад’езда стаяла, нібы з неба звалілася, служанка Фрыда.
— Вы чароўнае дзіця,— сказаў я, адчуваючы патрэбу зрабіць нешта добрае.
Яна скрывіла твар, быццам воцату каўтнула.
— Сур’ёзна! — працягваў я.— Які сэнс вечна сварыцца! Жыццё занадта кароткае, Фрыда, яно поўнае выпадковасцей і небяспекі. Сёння трэба жыць дружна. Дамовіліся?
Яна не заўважыла маёй працягнутай рукі, прамармытала нешта пра заклятых п’яніц і, грукнуўшы дзвярыма, знікла.
Я пастукаў у дзверы да Георгі Блока. Праз шчыліну пад дзвярыма пранікала святло. Ён зубрыў.
— Пайшлі, Георгі, кусанём,— сказаў я.
Ён зірнуў на мяне. Яго бледны твар зачырванеўся.
— Я не хачу есці.
Ён падумаў, што я клічу яго ад спачування. Таму і не хацеў.
— Спачатку паглядзі,— сказаў я.— A то потым пашкадуеш. Зрабі мне ласку.
Калі мы ішлі праз калідор, я заўважыў, што дзверы ў Эрны Бёніг зачынены не шчыльна. За дзвярыма чулася ціхае дыханне. «Ага»,— падумаў я і пачуў, як у Хасэ вельмі асцярожна шчоўкнулі замком, і дзверы таксама прачыніліся на сантыметр. Увесь пансіянат, відаць, напружана чакаў маёй кузіны.
Пад зыркім святлом верхніх лямпаў стаялі парчовыя крэслы ад фраў Залеўскі. Ярка свяціла лямпа ад Хасэ, асвятляючы ананасы, дарагую пячоначную каўбасу, скрылькі судака, бутэльку чэры. Калі мы з анямелым Георгі пачалі ўплятаць яду, у дзверы пастукалі. Я ведаў, што будзе.
— Увага, Георгі,— прашаптаў я і крыкнуў:—Заходзьце!
Дзверы адчыніліся, і, згараючы ад цікаўнасці, увайшла фраў Залеўскі. Першы раз у жыцці яна сама асабіста прынесла мне пошту: нейкую рэкламу, якая тэрмінова заклікала мяне харчавацца сырымі прадуктамі. Яна прыбралася, як фея на баль, велікасвецкая дама з былых лепшых часоў — карункавая сукенка, шаль з махрамі і брошка з партрэтам нябожчыка Залеўскі. Саладжавая ўсмешка застыла раптам на яе твары, расчаравана яна ўзіралася на Георгі, які засаромеўся. Я бессардэчна зарагатаў. Яна хутка ўзяла сябе Ў РУКІ- 01